Беларусь гатова стаць для Казахстана "заходнімі варотамі" на шляху ў Еўропу. 21.by

Беларусь гатова стаць для Казахстана "заходнімі варотамі" на шляху ў Еўропу

15.05.2012 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Напярэдадні афіцыйнай часткі візіту Нурсултана Назарбаева ў Беларусь кіраўнікі дзяржаў сустрэліся ў нефармальнай абстаноўцы ў Белавежскай пушчы. Аляксандр Лукашэнка прымаў свайго казахстанскага калегу ў рэзідэнцыі "Віскулі". "Лідары дзвюх краін, якіх звязвае даўняя дружба, цёпла паразмаўлялі, агледзелі выдатныя і запаведныя мясціны нацыянальнага парку", — расказалі ў прэс-службе.

Унікальны прыродны патэнцыял Беларусі, яе запаведнікі і нацыянальныя паркі, як было адзначана, з'яўляецца добрай асновай для развіцця супрацоўніцтва ў сферы турызму і аздараўлення.

Прэзідэнты Беларусі і Казахстана ў нефармальнай абстаноўцы абмеркавалі шырокае кола пытанняў двухбаковых адносін напярэдадні афіцыйных перагавораў у Мінску.

Як паведамлялася, афіцыйная частка візіту Прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева ў Беларусь пачалася вечарам 13 мая.

Беларусь і Казахстан маюць абсалютна ідэнтычныя погляды на Адзіную эканамічную прастору. Гэты факт асабліва адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, сустракаючыся ў Мінску са сваім казахстанскім калегам Нурсултанам Назарбаевым.

"Недалёкі час, калі ваша добрая ідэя, якую вы выказалі, напэўна, ужо дзясяткі два гадоў таму, атрымае не проста контуры, а напоўніцца зместам", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што ў краін вялікія перспектывы ў гэтым аб'яднанні, і запэўніў, што Беларусь будзе і далей працаваць у гэтым напрамку.

Прэзідэнт Беларусі падзякаваў свайму калегу за тое, што ён цвёрда прытрымліваецца свайго слова. "Мы дамовіліся, што кожны год знойдзем час сустрэчы, каб пракантраляваць выкананне нашых дамоўленасцяў", — растлумачыў ён.

На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, гэта прывяло да таго, што Беларусь і Казахстан ушчыльную наблізіліся да ўзроўню тавараабароту ў памеры $1 млрд. Казахстан займае 3-е месца ў СНД пасля Расіі і Украіны ў гандлі з Беларуссю. "Калі б Казахстан быў побач, як Украіна, я ўпэўнены, што быў бы значна большы тавараабарот і Беларусі было б значна лягчэй", — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што эканомікі дзвюх краін узаемадапаўняльныя.

Аляксандр Лукашэнка падзякаваў казахстанскаму боку за тыя дзяржаўныя праграмы, каля дзясятка, у якіх Беларусь прымае ўдзел у Казахстане.

Прэзідэнт Казахстана адзначыў добрую дынаміку сумесных сустрэч з кіраўніком беларускай дзяржавы. "Мы штогод сустракаемся, маем вялікую праграму ўзаемадзеяння. Беларусь для Казахстана з'яўляецца стратэгічным партнёрам, блізкім сябрам і саюзнікам", — адзначыў Нурсултан Назарбаеў.

Паводле яго слоў, супрацоўніцтва Беларусі і Казахстана тым больш важнае таму, што абедзве краіны з'яўляюцца членамі Адзінай эканамічнай прасторы "тройкі". "Гэта нас яшчэ больш збліжае", — падкрэсліў Прэзідэнт Казахстана.

Нурсултан Назарбаеў разлічвае, што яго цяперашні візіт у Беларусь дасць магчымасць узняць супрацоўніцтва Беларусі і Казахстана, асабліва ў гандлёва-эканамічнай сферы, на новы ўзровень, а тавараабарот павінен перасягнуць $1 млрд.

Ён адзначыў, што на тэрыторыі Казахстана ўжо створаны дзясяткі сумесных прадпрыемстваў, у тым ліку ў сферы прамысловай кааперацыі. Яшчэ большыя перспектывы адкрываюцца для развіцця супрацоўніцтва са стварэннем АЭП. "На постсавецкай прасторы бліжэйшых саюзнікаў, чым Беларусь, Расія і Казахстан, няма. І гэтым усё сказана", — заўважыў казахстанскі лідар.

Ён таксама канстатаваў, што ў міждзяржаўным і міжнародным плане Казахстан і Беларусь прытрымліваюцца адзіных пазіцый.

Нурсултан Назарбаеў павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з Днём Перамогі і асабліва падкрэсліў гераізм беларускага народа ў барацьбе супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Беларусь разглядае Казахстан у якасці апорнай пляцоўкі для ўмацавання эканамічнай прысутнасці ў рэгіёне Цэнтральнай Азіі і гатова стаць для Казахстана "заходнімі варотамі" на шляху ў Еўропу, заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Беларусь зацікаўлена ў тым, каб у бліжэйшы час выйсці на буйныя сумесныя праекты не толькі ў прамысловай кааперацыі, але і ў энергетычнай сферы, транспарце, лагістыцы, галіне новых тэхналогій, тэлекамунікацый, аграпрамысловым комплексе. Усе гэтыя напрамкі супрацоўніцтва абмяркоўваліся ў час сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў сам-насам.

Беларусь разлічвае таксама, што новыя ўмовы дадуць магчымасць значна актывізаваць інвестыцыйнае супрацоўніцтва. "Спадзяёмся, што казахстанскі капітал будзе ўдзельнічаць у працэсах прыватызацыі ў нашай краіне", — сказаў Прэзідэнт Беларусі. У сваю чаргу для беларускіх прадпрыемстваў цікавасць мае больш актыўнае ўключэнне ў рэалізацыю казахстанскіх дзяржаўных праграм, у тым ліку па мадэрнізацыі эканомікі гэтай краіны.

"Сёння важна эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці Адзінай эканамічнай прасторы, а ў перспектыве і Еўразійскага эканамічнага саюза. Гэта дасць магчымасць вывесці нашы адносіны на больш высокую, якасна новую ступень", — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі лічыць, што свабоднае перамяшчэнне тавараў, паслуг, капіталу, працоўных рэсурсаў дасць магчымасць максімальна задзейнічаць патэнцыял як Беларусі, так і Казахстана. "Гэта павінна забяспечыць устойлівы эканамічны рост у нашых дзяржавах", — адзначыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на агульнасць поглядаў і падыходаў дзвюх краін. "Беларусь і Казахстан не маюць рознагалоссяў у рамках палітычнага дыялогу. У нас падобныя погляды на актуальныя праблемы міжнароднага парадку дня, адзіныя падыходы да прынцыпаў развіцця еўразійскай інтэграцыі. Абедзве дзяржавы нацэлены ў першую чаргу на выкананне сацыяльна арыентаваных задач і павышэнне дабрабыту нашых народаў", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка з задавальненнем адзначыў сістэмны характар двухбаковых адносін. Па ўсіх ключавых напрамках — у эканоміцы, навукова-тэхнічнай сферы, культурна-гуманітарных сувязях у краін вызначана стратэгія сумеснай работы на сярэднетэрміновую перспектыву. На міжурадавым узроўні зацверджана "дарожная карта" супрацоўніцтва на 2012-2013 гады.

Падводзячы вынікі праведзеных перагавораў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што бакі намецілі вялікія планы па ўзаемадзеянні ў галіне сельскай гаспадаркі, транспарту, лагістыкі. Сярод іншых абмяркоўваўся праект стварэння транспартнага калідора ад Кітая да ўзбярэжжа Атлантычнага акіяна. "Мы будзем заўтра весці размову з Прэзідэнтам Расіі, каб утрох мадэрнізаваць, а дзе неабходна і пабудаваць, дарогі. Мы зможам амаль напалову скараціць шлях тавараў з Еўропы ў Казахстан і наадварот", — сказаў беларускі лідар.

Беларускі бок запрасіў казахстанскі капітал удзельнічаць у інвеставанні ў беларускія прадпрыемствы. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь гатова аказаць прыярытэтную падтрымку інтарэсам інвестараў з Казахстана. Акрамя таго, Беларусь гатова прымаць казахстанскі бізнэс, які захоча ўдзельнічаць у працэсах прыватызацыі.

Усе дасягнутыя дамоўленасці былі адлюстраваны ў сумеснай заяве, падпісанай учора лідарамі дзвюх краін, а таксама іншых заключаных у час візіту казахстанскай дэлегацыі ў Беларусь дакументах.

"Перакананы, што рэалізацыя дамоўленасцяў будзе садзейнічаць умацаванню нашага стратэгічнага партнёрства", — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуўся да казахстанскага народа, адзначыўшы, што ён "павінен ведаць, помніць і разумець, што тут, на заходняй граніцы Мытнага саюза, Еўразійскага эканамічнага саюза ёсць надзейныя сябры, якія з высокай адказнасцю гатовы прадстаўляць вашы інтарэсы ў любой кропцы Еўрапейскага кантынента".

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напярэдадні афіцыйнай часткі візіту Нурсултана Назарбаева ў Беларусь кіраўнікі дзяржаў сустрэліся ў нефармальнай абстаноўцы ў Белавежскай пушчы. Аляксандр...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика