Жадаючых удзельнічаць у дэбатах сярод кандыдатаў у дэпутаты пакуль няшмат
28.08.2012
—
Новости Политики
|
Жадаючых удзельнічаць у дэбатах сярод кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання пакуль няшмат, паведаміў сакратар Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік. Сакратар ЦВК прывёў у прыклад Гомельскую вобласць, дзе нават у абласным цэнтры ў большасці акруг або зусім няма жадаючых дэбатаваць, або толькі адзін кандыдат у дэпутаты заявіў аб сваім намеры прыняць удзел у дэбатах. У сельскіх выбарчых акругах удзельнікаў дэбатаў, хутчэй за ўсё, будзе яшчэ менш, лічыць Мікалай Лазавік. Ён дадаў, што спачатку кандыдаты ў дэпутаты выступяць у тэле- і радыёэфіры з перадвыбарнымі праграмамі, дэбаты ж пачнуцца пазней. Як расказаў намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Марат Маркаў, канчатковы графік тэледэбатаў пакуль не гатовы. Колькасць кандыдатаў у дэпутаты, а значыць і магчымых удзельнікаў дэбатаў можа змяніцца — з улікам пададзеных у ЦВК скаргаў на адмову ў рэгістрацыі. Марат Маркаў звярнуў увагу, што на сайце Белтэлерадыёкампаніі ў прысвечаным выбарам раздзеле прэтэндэнты на дэпутацкае крэсла могуць знайсці спецыяльнае палажэнне, у якім агавораны тэрміны і ўмовы правядзення, парадак удзелу, рэгламент і іншыя пытанні арганізацыі і правядзення дэбатаў. У сваю чаргу галоўны дырэктар Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Антон Васюкевіч удакладніў, што на бягучым рабочым тыдні трэба будзе актыўна папрацаваць з выступленнямі кандыдатаў у дэпутаты. "Далей будзе больш свабодна, ёсць акругі, дзе кандыдатаў няшмат, таму будзе магчымасць правесці і запісаць дэбаты. Разлічваем, што на першым рабочым тыдні верасня пачнём", — сказаў Антон Васюкевіч. Закранаючы арганізацыю перадвыбарных выступленняў, ён адзначыў, што паслядоўнасць прэзентацый кожнага кандыдата ў дэпутаты распісана літаральна памінутна. Зроблена гэта для таго, каб яны маглі паведаміць сваім выбаршчыкам аб дакладным часе выступлення. Згодна з палажэннем ЦВК аб парадку выкарыстання СМІ пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, кандыдаты ў дэпутаты маюць права на адно бясплатнае выступленне па дзяржаўным ТБ і адно — па дзяржаўным радыё. Кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў агучаць свае перадвыбарныя праграмы з 27 жніўня па 14 верасня. Цэнтрвыбаркам прадугледзеў, каб выступленні прыпадалі на прайм-тайм: па тэлебачанні — з 19.00 да 20.00, па радыё — з 18.00 да 19.00. Тэле- і радыёдэбаты будуць праходзіць у гэты ж час, эфір для іх таксама будзе прадастаўлены бясплатна. Прэтэндэнты на дэпутацкія мандаты, якія вылучаюцца ў Мінску, змогуць агучыць сваю перадвыбарную праграму і паўдзельнічаць у дэбатах у эфіры тэлеканала "Беларусь 2" і на хвалях радыёстанцыі "Сталіца". Кандыдаты, зарэгістраваныя па абласцях, акрамя Мінскай, выступяць па мясцовым тэле- і радыёвяшчанні. Асобам, якія балатуюцца ад Мінскай вобласці, эфірны час прадаставяць "СТБ" і "Сталіца". Кожнай тэлерадыёкампаніі, якой трэба будзе арганізоўваць дэбаты, ЦВК прапанаваў зарэзерваваць эфірны час з разліку пяць хвілін на кожнага кандыдата і пяць хвілін вядучаму. Калі з перадвыбарнымі праграмамі павінны выступаць толькі самі кандыдаты ў дэпутаты, то ў дэбатах таксама могуць удзельнічаць іх давераныя асобы. На месца ў ніжняй палаце парламента прэтэндуюць 363 кандыдаты. З дня рэгістрацыі і па 22 верасня ўключна яны могуць весці ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах перадвыбарную агітацыю. Датэрміновае галасаванне ў Беларусі пройдзе з 18 па 22 верасня ўключна. Асноўны дзень галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў назначаны на 23 верасня 2012 года. Тым часам некаторыя кандыдаты ў дэпутаты злоўжываюць правам на перадвыбарную агітацыю, заявіў Мікалай Лазавік, каментуючы выпадкі, калі праграмныя выступленні прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат змяшчалі заклікі да байкоту выбараў. Запісваць перадвыбарныя выступленні кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пачалі ў канцы мінулага тыдня. Тым не менш ад акруговых выбарчых камісій паступаюць ужо звароты ў сувязі з тым, што некаторыя кандыдаты падмяняюць перадвыбарную агітацыю агітацыяй па зусім іншых матывах. "Знаходзяцца грамадзяне, якія хочуць за дзяржаўны кошт агітаваць за антыдзяржаўнае мерапрыемства, за зрыў выбарчай кампаніі. Гэта супярэчыць выбарчаму заканадаўству, што прадугледжвае перадвыбарную агітацыю, якая павінна быць накіравана на заахвочванне выбаршчыкаў да ўдзелу ў выбарах, у галасаванні, а не наадварот", — падкрэсліў сакратар ЦВК. Ён спаслаўся на артыкул 155 Выбарчага кодэкса, які дакладна дае азначэнне, што такое перадвыбарная агітацыя. Гэта дзейнасць грамадзян Рэспублікі Беларусь, палітычных партый, іншых грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў, кандыдатаў, іх давераных асоб, маючая на мэце заахвоціць або заахвочвае выбаршчыкаў да ўдзелу ў выбарах, галасаванні за тых ці іншых кандыдатаў або супраць іх. "Калі дзесьці хтосьці агітуе за байкот, гэта, можа быць, не з'яўляецца парушэннем грамадзянскага, адміністрацыйнага, крымінальнага заканадаўства. Да самога кандыдата ў дэпутаты ніякіх санкцый прымяняцца не будзе, але яго выступленне ў эфір не пойдзе", — растлумачыў Мікалай Лазавік. Як праінфармаваў сакратар ЦВК, паступіўшыя ад акруговых камісій звароты разгледзіць сёння Наглядальны савет па кантролі за выкананнем парадку і правіл правядзення перадвыбарнай агітацыі ў СМІ. Гэты савет створаны рашэннем Цэнтральнай камісіі. У яго ўваходзяць першы намеснік міністра інфармацыі Лілія Ананіч, прадстаўнікі вядучых тэлевізійных, радыёканалаў і друкаваных СМІ. "Эксперты прааналізуюць матэрыялы, якія паступілі з акруговых камісій, старшыні якіх сумняваюцца ў тым, што выступленні кандыдатаў адпавядаюць патрабаванням выбарчага заканадаўства", — расказаў Мікалай Лазавік. БЕЛТА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жадаючых удзельнічаць у дэбатах сярод кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пятага склікання пакуль няшмат, паведаміў...
|
|