Працаваць з большай аддачай, працаваць на максімальны вынік. 21.by

Працаваць з большай аддачай, працаваць на максімальны вынік

21.12.2012 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У.П. на закрыцці першай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання

Паважаныя дэпутаты, запрошаныя, журналісты!

У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь сёння, 20 снежня 2012 года, завяршае работу першая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання.

Парадак дня вычарпаны. Усе арганізацыйныя пытанні вырашаны аператыўна. Сфарміраваны рабочыя органы Палаты прадстаўнікоў. Пры ўтварэнні пастаянных камісій у першую чаргу ўлічваліся прафесійная падрыхтоўка і практычны вопыт дэпутатаў. Наладжана ўзаемадзеянне з усімі ўдзельнікамі заканатворчага працэсу. Гэта дало магчымасць дэпутацкаму корпусу хутка ўвайсці ў рабочы рэжым і пачаць вырашэнне пастаўленых перад Парламентам задач з улікам прыярытэтаў, абазначаных кіраўніком дзяржавы.

У ходзе сесіі разгледжана 30 законапраектаў. Зразумела, колькасць не галоўны крытэрый парламенцкай дзейнасці. Але для першай сесіі, улічваючы яе арганізацыйны характар, гэта немалаважна, тым больш што шэраг прынятых дакументаў мае прынцыповае значэнне для краіны.

Адным з ключавых напрамкаў унутранай палітыкі дзяржавы з'яўляецца вырашэнне дэмаграфічнай праблемы. І дэпутаты ўносяць важны ўклад у рэалізацыю комплексу мерапрыемстваў, накіраваных на паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў краіне.

Праект Закона "Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей" закранае інтарэсы практычна кожнай беларускай сям'і. Пагадзіцеся, што значнае павелічэнне памераў дапамог па цяжарнасці і родах, па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў — гэта добрая прыбаўка да сямейнага бюджэту.

Прыярытэтная ўвага на сесіі была ўдзелена законапраектам эканамічнага блока. Перад рэальным сектарам эканомікі сёння як ніколі востра стаяць пытанні паскарэння тэхналагічнага пераўзбраення, пашырэння выкарыстання мясцовых сыравінных рэсурсаў, стварэння высокаэфектыўных рабочых месцаў. Вырашэнне гэтых задач залежыць непасрэдна ад аб'ёму прыцягнутых інвестыцый. На гэта накіраваны праект Закона "Аб канцэсіях", прыняты на гэтай сесіі ў першым чытанні. Неабходна таксама ў самыя кароткія тэрміны завяршыць работу і над праектам Закона "Аб інвестыцыях", які ўзмоцніць абарону правоў і інтарэсаў інвестараў, забяспечыць празрыстасць і прастату ўмоў іх дзейнасці.

Яшчэ адна задача — рацыянальнае расходаванне энергарэсурсаў, што дасць магчымасць значна знізіць сабекошт вырабленай прадукцыі. На гэта неаднаразова ўказваў кіраўнік дзяржавы, наведваючы праблемныя прадпрыемствы.

Дзейсным стымулам па зніжэнні энергаёмістасці беларускай эканомікі павінен стаць прайшоўшы стадыю першага чытання праект Закона "Аб энергазберажэнні". Улічваючы, што 2013 год аб'яўлены Годам беражлівасці, завяршыць работу над ім трэба ў самыя сціслыя тэрміны.

Упершыню на ўзроўні закона ўрэгуляваны такія сферы грамадскіх адносін, як выдавецкая дзейнасць, ахова камерцыйнай тайны. Мы імкнуліся максімальна напоўніць гэтыя прававыя акты нормамі прамога дзеяння. На тых жа прынцыпах грунтавалася і наша работа па карэкціроўцы заканадаўства аб міжнародных дагаворах, свабодных эканамічных зонах, рэкламнай дзейнасці. Дарэчы, мы нарэшце вырашылі пытанні скарачэння часу тэлевізійнай рэкламы, зніжэння ўзроўню гучнасці яе гуку, увядзення абмежаванняў на рэкламу піва і слабаалкагольных напіткаў.

У міжсесійны перыяд нас чакае таксама не менш сур'ёзная і адказная работа. Паколькі кожная новая норма павінна не проста адлюстроўваць змяненні, якія адбыліся. Мы павінны бачыць перспектыву, улічваць уплыў такіх фактараў, як развіццё еўразійскай інтэграцыі і наша імкненне стаць членам Сусветнай гандлёвай арганізацыі.

Пры падрыхтоўцы праектаў законаў "Аб племянной справе ў жывёлагадоўлі", "Аб насенняводстве" і "Аб патэнтах на сарты раслін" неабходна дакладна расставіць акцэнты з улікам развіцця Адзінай эканамічнай прасторы, максімальна выкарыстоўваць усе яго перавагі і прадугледзець дзейсныя меры абароны беларускіх суб'ектаў гаспадарання. У такім жа ключы трэба працаваць і над абнаўленнем антыманапольнага заканадаўства.

Важкі пакет дакументаў звязаны з забеспячэннем рэфармавання судовай сістэмы. Асноўная ўвага тут будзе ўдзелена канстытуцыйнаму судаводству, інстытуту медыяцыі, натарыяту і натарыяльнай дзейнасці. Сярод задач, якія нам трэба будзе вырашаць у галіне дзяржаўнага будаўніцтва, я вылучыў бы карэкціроўку выбарчага заканадаўства. Акрамя таго, у нашых планах разгляд пытання, звязанага з удасканаленнем дзейнасці палітычных партый і грамадскіх аб'яднанняў.

У Палаце прадстаўнікоў таксама знаходзяцца законапраекты па пытаннях рэгулявання працоўных адносін, удасканалення аховы працы, міграцыйнай палітыкі. Пры іх падрыхтоўцы варта не толькі забяспечыць абарону інтарэсаў працоўных, але і не затармазіць пры гэтым развіццё бізнэсу, у першую чаргу малога і сярэдняга. Без дэталёвай прапрацоўкі гэтых пытанняў з прадстаўнікамі дзелавых колаў, прафсаюзамі, экспертамі вырашыць гэту задачу на належным узроўні будзе вельмі праблематычна і складана.

І ў цэлым патрабаванні да якасці заканадаўчай дзейнасці будуць толькі павышацца. Таму асаблівую ўвагу трэба звярнуць на праект Закона "Аб прававых актах Рэспублікі Беларусь", прызначанага стаць своеасаблівай канстытуцыяй для ўсіх удзельнікаў заканатворчага працэсу. Не менш важная і карэкціроўка Рэгламенту Палаты прадстаўнікоў. Ад таго, наколькі прынцыпова, зацікаўлена, удумліва мы паставімся да падрыхтоўкі гэтых дакументаў, будзе залежаць эфектыўнасць усёй нашай далейшай работы.

Пераходзячы да іншых напрамкаў парламенцкай дзейнасці, хачу адзначыць, што дэпутаты арганічна, без разварушвання ўключыліся ў міжнародную дзейнасць. Сфарміраваны 13 дэлегацый Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у міжнародных парламенцкіх арганізацыях, 50 рабочых груп па супрацоўніцтве з парламентамі замежных дзяржаў, а таксама міжпарламенцкія камісіі па супрацоўніцтве з Нацыянальным Сходам Рэспублікі Арменія і Вярхоўнай Радай Украіны.

Такім чынам, у нас ёсць патэнцыял для вырашэння задач, якія стаяць у гэтай сферы перад Парламентам. Але гэта не значыць, што мы будзем працаваць на стыхійнай аснове. Мы дзейнічаем планава, у агульным рэчышчы знешняй палітыкі беларускай дзяржавы.

Безумоўным прыярытэтам тут з'яўляецца Саюзная дзяржава. І таму адным з важнейшых міжнародных мерапрыемстваў для нас стала сорак трэцяя сесія Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, праведзеная ў г. Маскве. Саюзныя парламентарыі прынялі ключавыя рашэнні па дакументах бюджэтнага блока. Нягледзячы на няпростыя эканамічныя ўмовы, параметры бюджэту Саюзнай дзяржавы на 2013 год захоўваюцца на ранейшым узроўні і складаюць практычна 5 млрд расійскіх рублёў. Гэтыя значныя сродкі плануецца накіраваць на фінансаванне сумесных праграм і мерапрыемстваў у перспектыўных сферах беларуска-расійскага ўзаемадзеяння.

У плане двухбаковых адносін нельга не адзначыць візіт дэлегацыі Расійскай Федэрацыі на чале з першым намеснікам старшыні Дзяржаўнай Думы Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі Мельнікавым Іванам Іванавічам для ўдзелу ў першым пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў. У сваю чаргу намеснік старшыні Палаты прадстаўнікоў Гумінскі Віктар Аляксандравіч прыняў удзел у першым Міжнародным парламенцкім форуме "Сучасны парламентарызм і будучыня дэмакратыі", які прайшоў у сталіцы Расіі.

У час сесіі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў актыўна ўдзельнічалі ў мерапрыемствах па лініі Міжпарламенцкай Асамблеі дзяржаў — удзельніц СНД, Парламенцкай Асамблеі АДКБ і Парламенцкай асамблеі Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва, у міжнародным назіранні за парламенцкімі выбарамі ва Украіне.

У Палаце прадстаўнікоў праведзена каля дзясятка сустрэч з парламентарыямі, дэлегацыямі дзяржаўных органаў і прадстаўнікамі дыпламатычных місій замежных дзяржаў.

Міжнародная праграма на міжсесійны перыяд таксама ахоплівае ўвесь спектр міжпарламенцкага ўзаемадзеяння. Яна будуецца на прыярытэтах дзяржавы, задачах, пастаўленых Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь, у тым ліку развіццё адносін з дзяржавамі АСЕАН.

Ужо сёння вядзецца падрыхтоўка візіту парламенцкай дэлегацыі Рэспублікі Беларусь у Камбоджу. Плануецца, што нашу краіну наведаюць парламенцкія дэлегацыі Інданезіі, шэрагу іншых замежных дзяржаў.

Дэпутаты прымуць удзел у зімовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, планавых мерапрыемствах парламенцкіх арганізацый, створаных на постсавецкай прасторы. Прадоўжыцца работа і па лініі Міжпарламенцкага саюза, Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя, парламенцкай структуры Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятывы, іншых міжнародных арганізацый.

Сесійны перыяд быў адзначаны даволі інтэнсіўнай работай дэпутатаў у выбарчых акругах. Яе вынікі знайшлі свой працяг у актыўным дыялогу з урадам тут, у Авальнай зале. Было ўзнята шмат вострых, надзённых пытанняў, закранаючых інтарэсы як рэгіёнаў, так і краіны ў цэлым.

І такую практыку трэба прадаўжаць. Пры гэтым наш прамы абавязак — прыкласці максімум намаганняў для таго, каб вырашэнне кожнай узнятай праблемы незалежна ад яе значнасці было даведзена да канца. Кожнае наша слова павінна падмацоўвацца рэальнай справай. Працаваць з яшчэ большай аддачай, працаваць на максімальны вынік — менавіта гэтага чакаюць ад нас выбаршчыкі.

На заканчэнне, паважаныя калегі, дазвольце падзякаваць вам за плённую працу і павіншаваць усіх прысутных у гэтай зале з надыходзячым Новым годам і каляднымі святамі.

Традыцыйна Новы год лічаць сямейным святам. А хіба мы з вамі тут не сям'я? Няхай парламенцкая, але сям'я! І чатыры гады мы будзем працаваць разам адным дружным калектывам, каб апраўдаць хоць крыху тых чаканняў, якія людзі звязваюць з гэтымі светлымі святамі.

І кожны з нас поўны такіх чаканняў. Жадаю вам моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў у працы на карысць беларускага народа.

Шчасця вам і вашым блізкім!

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Выступленне Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У.П. на закрыцці першай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика