Беларусь—Інданезія: закрытых тэм для супрацоўніцтва няма. 21.by

Беларусь—Інданезія: закрытых тэм для супрацоўніцтва няма

20.03.2013 — Новости Политики |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Перагаворы прэзідэнтаў Беларусі і Інданезіі Аляксандра Лукашэнкі і Сусіла Бамбанга Юдаёны ў вузкім і пашыраным складзе прайшлі ўчора ў Джакарце, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі асноўныя пытанні двухбаковага парадку дня, вызначылі магчымасці і перспектывы супрацоўніцтва, якія адкрываюцца ў сферы прамысловасці, сельскай гаспадаркі, навукі, адукацыі, культуры, абароны інвестыцый. Беларусь зацікаўлена ў паглыбленні адносін з дзяржавамі Паўднёва-Усходняй Азіі, пры гэтым Інданезія з'яўляецца адной з ключавых краін для пашырэння беларускіх інтарэсаў у гэтым вялікім рэгіёне.

Да пачатку перагавораў лідараў дзвюх краін прайшла цырымонія афіцыйнай сустрэчы Прэзідэнта Беларусі каля Палаца Мердэка. Аляксандра Лукашэнку сустрэў кіраўнік інданезійскай дзяржавы Сусіла Бамбанг Юдаёна. У час выканання гімнаў быў зроблены 21 гарматны залп.


Беларусь і Інданезія маюць грандыёзны нерэалізаваны патэнцыял, і ў бліжэйшыя год-два краінам па сілах патроіць аб'ём узаемнага гандлю, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Інданезіі. "Упэўнены, што калі сёння мы правільна вызначым пункты росту і закладзём аснову для развіцця адносін на доўгатэрміновую перспектыву, то ў бліжэйшыя год-два нам удасца патроіць аб'ёмы ўзаемнага гандлю. Гэта задача-мінімум", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы і выказаў упэўненасць, што пагадненні і кантракты, якія сёння падпісваюцца, з'яўляюцца толькі першым крокам у напрамку дасягнення гэтай мэты. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што гэта першы візіт кіраўніка беларускай дзяржавы ў Інданезію ў гісторыі двухбаковых адносін. "І тое, што мы яго рыхтавалі больш як дзесяць гадоў, у сучасным дынамічным свеце з'яўляецца значным недахопам, перш за ўсё, з нашага, беларускага, боку", — сказаў беларускі лідар. "Мы маем грандыёзны нерэалізаваны патэнцыял узаемадзеяння. І цяпер нам многае трэба аператыўна навёрстваць", — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што для Беларусі Інданезія — важны і перспектыўны партнёр у Паўднёва-Усходняй Азіі. "Ваша краіна — уплывовы і аўтарытэтны ўдзельнік міжнародных адносін, адзін з лідараў дзяржаў АСЕАН", — сказаў Прэзідэнт. Кіраўнік беларускай дзяржавы выказаў упэўненасць, што падобнасць пазіцый дзвюх краін па ключавых пытаннях сусветнага парадаку дня павінна быць дапоўнена інтэнсіўным гандлёва-эканамічным узаемадзеяннем. Ён адзначыў, што тавараабарот у аб'ёме $133 млн. і нават $250 млн., як гэта было ў лепшы год, відавочна не адпавядае магчымасцям дзвюх краін.

Аляксандр Лукашэнка назваў некалькі напрамкаў супрацоўніцтва, дзе краіны, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, з'яўляюцца натуральнымі партнёрамі. У галіне машынабудавання з улікам магчымасцяў Інданезіі павялічыць аб'ёмы здабычы вугалю Беларусь гатова пастаўляць надзейныя і сучасныя кар'ерныя самазвалы. З мінулага года гэтыя машыны паспяхова эксплуатуюцца на вугальным радовішчы ва Усходнім Калімантане. Аналагічная прапанова і па аўтамабільнай тэхніцы (цягачы, самазвалы, аўтобусы), мадэлі якой спецыяльна распрацаваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі інданезійскага боку. "Важна, што ў пакеце мы прадастаўляем экспартнае крэдытаванне на прывабных умовах і сэрвіснае абслугоўванне", — адзначыў Прэзідэнт. Акрамя таго, Беларусь гатова да паглыбленай прамысловай кааперацыі і стварэння адпаведных сумесных прадпрыемстваў. Беларусь паспяхова рэалізуе такія праекты не толькі ў суседніх краінах, але і на іншых кантынентах: ад Расіі да Венесуэлы.

Аналагічна Беларусь гатова дзейнічаць і ў сферы ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва. Тут Беларусь прапануе цэлы комплекс паслуг — ад паставак сучасных узбраенняў і мадэрнізацыі існуючых узораў да падрыхтоўкі адпаведных спецыялістаў. "Закрытых тэм для нашага супрацоўніцтва няма", — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што самастойнай часткай двухбаковага ўзаемадзеяння павінна стаць супрацоўніцтва ў навукова-тэхнічнай сферы, дзе Беларусь прапануе найноўшыя распрацоўкі ў самых розных галінах. "Дыстанцыйнае зандзіраванне Зямлі, здабыўная прамысловасць, лазерная тэхніка і тэхналогіі, нанатэхналогіі, металаапрацоўка і тэхналогіі металаў, машынабудаванне, у тым ліку вытворчасць сельгастэхнікі. Гэта толькі невялікая крыха таго, чым мы гатовы падзяліцца з нашымі інданезійскімі сябрамі", — сказаў Прэзідэнт.

Асаблівую цікавасць уяўляе рэалізацыя сумесных праектаў у сферы бія- і інфармацыйных тэхналогій, аграрных навук, харчовай прамысловасці, а таксама павышэння нафтааддачы пластоў. Беларусь гатова забяспечыць для Інданезіі падрыхтоўку навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі, а таксама пачаць работу па стварэнні ў Інданезіі адукацыйных структур. Прыярытэтным напрамкам тут можа стаць падрыхтоўка высокакваліфікаваных рабочых і тэхнікаў машынабудаўнічых, тэхнічных і будаўнічых спецыяльнасцяў.

"Упэўнены, што разам мы нададзім значны імпульс развіццю двухбаковых адносін, культурных і адукацыйных абменаў, узаемнага турызму. Іншымі словамі — устанаўленню сувязяў паміж народамі дзвюх краін", — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Прэзідэнтам Інданезіі заявіў, што запрашае інданезійскі бізнэс да інвесціравання ў Беларусь. Ён адзначыў, што дадатковыя перавагі да прыходу інданезійскага бізнэсу ў Беларусь стварае ўдзел краіны ў Адзінай эканамічнай прасторы Беларусі, Казахстана і Расіі, дзе ў трох дзяржаў няма мытных граніц і тарыфаў. "У нашай краіне для інвестараў спрыяльныя і прывабныя ўмовы для вядзення бізнэсу, абсалютная абарона прыватнай уласнасці і дакладная заканадаўчая база. Ствараючы ў Беларусі вытворчасці, ёсць магчымасць выходзіць на вялікі рынак з насельніцтвам 170 млн чалавек", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Прэзідэнт Беларусі звярнуў увагу на тое, што беспрэцэдэнтныя льготы ў краіне прадастаўляюцца інвестарам, якія гатовы размясціць высокатэхналагічныя прадпрыемствы ў індустрыяльным парку, стварэнне якога пачалося на тэрыторыі Беларусі сумесна з партнёрамі з Кітая. "Наогул, у нас няма ніякіх перашкод для рэалізацыі самых амбіцыйных сумесных праектаў", — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка запрасіў свайго інданезійскага калегу Сусіла Бамбанга Юдаёна наведаць у бліжэйшы час Беларусь з візітам у адказ. Кіраўнік інданезійскай дзяржавы прыняў запрашэнне. Акрамя таго, у бліжэйшы час у Беларусь прыбудуць прадстаўнікі інданезійскага бізнэсу, якія вызначаць дадатковыя напрамкі супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі.

"У гэтым годзе Беларусь і Інданезія адзначаюць 20-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Мой візіт і, я спадзяюся, хуткі візіт у адказ майго калегі адкрыюць новую старонку нашай сумеснай гісторыі", — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

У сваю чаргу Прэзідэнт Інданезіі назваў гэты візіт кіраўніка беларускай дзяржавы гістарычным, паколькі дзякуючы яму краіны змогуць значна паглыбіць двухбаковыя адносіны.

"Я вельмі ўражаны, што заключаны шэраг кантрактаў на пастаўку інданезійскай прадукцыі ў Беларусь і беларускай — у Інданезію, пачынаючы ад калійных угнаенняў і завяршаючы сферай сельскай гаспадаркі", — сказаў журналістам Прэзідэнт Беларусі пасля перамоў. Усяго заключана кантрактаў на $400 млн, а дамоўленасцяў — на яшчэ большую суму. "Гэта каласальны крок наперад", — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на значны патэнцыял супрацоўніцтва Беларусі і Інданезіі. Паводле яго слоў, разглядаецца шэраг буйных інвестыцыйных праектаў у сферах нерухомай маёмасці і сельскай гаспадаркі.

"У цэлым вынікам цяперашніх перагавораў можна лічыць тое, што Беларусь і Інданезія пашырылі дыялог па ўсіх пытаннях, маючых узаемны інтарэс", — сказаў беларускі лідар.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Перагаворы прэзідэнтаў Беларусі і Інданезіі Аляксандра Лукашэнкі і Сусіла Бамбанга Юдаёны ў вузкім і пашыраным складзе прайшлі ўчора ў Джакарце, перадае...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Политики)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика