Венесуэльская нафта на паўдарозе
13.04.2010
—
Новости регионов
|
Танкер з 80 тыс. тонаў венесуэльскай нафты, прызначанай для перапрацоўкі на Мазырскім НПЗ, выйшаў з Венесуэлы 2 красавіка, паведамляе Reuters са спасылкай на прадстаўніка МНПЗ. Па словах крыніцы, сыравіна будзе плыць 28 дзён.У сваю чаргу, крыніца ў адэскім порце паведаміла, што сустрэча танкера з венесуэльскай нафтай чакаецца 23 красавіка.
Беларускія ўлады сцвярджаюць, што гэтая партыя нафты з’яўляецца пробнай — яна дазволіць адпрацаваць лагістыку паставак і вызначыць тэхнічныя магчымасці беларускіх НПЗ па яе перапрацоўцы. Аднак сёння ўжо ніхто не сумняецца ў тым, што асноўная мэта пробнай пастаўкі зводзіцца да аднаго — зразумець і прадбачыць магчымую рэакцыю Расіі на такое супрацоўніцтва Беларусі і Венесуэлы. Да тэхнічных магчымасцяў беларускіх НПЗ пытанняў няма — у Беларусь будзе пастаўляцца лёгкая «санта‑барбара» з нізкім утрыманнем серы. Няма пытанняў і да лагістыкі. Імпарцёрам венесуэльскай нафты выступіць ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія». Па словах прадстаўніка БНК, цана венесуэльскай нафты будзе вызначацца зыходзячы з біржавых катыровак і пастаўляцца ў адэскі порт на ўмовах аплаты кошту фрахта і страхоўкі. «Цяпер спецыялісты кампаніі адпрацоўваюць максімальна эфектыўныя схемы на кожным з этапаў», — сказаў прадстаўнік БНК. Калі, праўда, не задумвацца, а што ж насамрэч яшчэ трэба адпрацоўваць. Фрахты вядомыя. Адэскі порт даў больш чым ільготныя расцэнкі на перавалку нафты. Няўжо прадстаўнікі БНК збіраюцца па секундамеры засякаць час праходу танкера праз перагружаны Басфорскі праліў? Ці, можа быць, хочуць рулеткай памерыць даўжыню чыгуначнага перагону з Адэсы ў Мазыр? Але і ў гэтым сэнсу няма — Украіна паабяцала зніжкі на чыгуначныя тарыфы аж да моманту запуску ў аверсе нафтаправоду Адэса‑Броды. Усё ўжо пралічана, пераправерана і сумленна падзелена. Не прыснілася ж першаму віцэ‑прэм’еру У. Сямашку лічба ў 61 даляр чыстага прыбытку на тоне венесуэльскай нафты — гэтую лічбу ён агучыў у эфіры беларускага ТБ. Навар нядрэнны, але яго велічыня дазваляе зрабіць выснову аб тым, што пра біржавыя катыроўкі і гаворкі быць не можа. Бясспрэчна, беларускі сябар Уга Чавес — яшчэ той рыбак («вось такі вось шчупак» — разводзіць рукі шырэй). Але ж ён таксама не на пустым месцы вяшчаў на ўвесь свет пра гатоўнасць з мая пастаўляць у Беларусь па 11 тыс тонаў нафты ў суткі, выйшаўшы да канца году на 4 млн тонаў. Хутчэй за ўсё, удзел БНК у пастаўках венесуэльскай нафты носіць часовы характар — да таго часу, пакуль не будзе створанае беларуска‑венесуэльскае СП па пастаўцы нафты ў Беларусь. А СП будзе створанае толькі пры наяўнасці гарантый, што Расія ў адказ на практычную рэалізацыю беларуска‑венесуэльскай дружбы не перагледзіць аб’ёмы нафты, якая пастаўляецца ў Беларусь без мытаў, з 6,3 млн. да 2,3 млн. тон. Такія гарантыі А. Лукашэнка вельмі хоча атрымаць на хуткай сустрэчы з прэзідэнтам РФ Дз. Мядзведзевым. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Танкер з 80 тыс. тонаў венесуэльскай нафты, прызначанай для перапрацоўкі на Мазырскім НПЗ, выйшаў з Венесуэлы 2 красавіка, паведамляе Reuters са спасылкай на прадстаўніка МНПЗ. Па словах крыніцы, сыравіна будзе плыць 28 дзён.
|
|