У сярэдзіне 20-га стагоддзя на змену калодзежу прыйшла водаразборная калонка, зручнасць якой была тут жа ацэнена жыхарамі. Вадой з яе і зараз паліваюць агароды, напаўняюць міні-пруды, мыюць машыны. Але час змяніўся. Жыццё за дзяржаўны кошт, да якога так прывыклі за гады савецкай улады, закончылася. Усё, што спажываем, патрабуе ўліку і за ўсё трэба плаціць, у тым ліку і за ваду, калі хочам, каб нашым дзецям штосьці дасталася.
– У адпаведнасці з рашэннем Віцебскага аблвыканкама № 194 ад 26 сакавіка 2015 года “Аб выніках работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі вобласці ў 2014 годзе і задачах па павышэнні эфектыўнасці работы галіны ў 2015 годзе” зараз актыўна праводзяцца работы па дэмантажы калонак на тых участках водаправоднай сеткі, дзе ёсць тэхнічная магчымасць падключэння жылых дамоў да цэнтралізаванага водазабеспячэння, – гаворыць дырэктар філіяла “Докшыцыводаканал” Андрэй Шнітко. – Астатнія ж калонкі будуць абсталяваны прыборамі ўліку альбо ўстройствамі, якія абмяжуюць іх прапускную здольнасць. Гэта дазволіць павысіць эфектыўнасць функцыянавання водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі. Узятыя ж без дагавораў і неаплачаныя аб’ёмы вады з вулічных калонак павялічваюць уцечкі і неўлічаныя расходы, што прыносіць страты нашаму прадпрыемству. Завастраю ўвагу, што філіял не дэманціруе ўсе калонкі падрад. Пад дэмантаж трапляюць толькі тры іх катэгорыі, якія выяўляюцца ў час маніторынгу. Іх убіраем там, дзе жылыя дамы падключаны да цэнтралізаванай сістэмы водазабеспячэння, дзе няма карыстальнікаў калонкі ў радыусе дзеяння 100 метраў. Дэманціруем калонкі, карыстальнікі якіх не пажадалі заключыць дагавор з “Докшыцыводаканалам”.
– Андрэй Веньямінавіч, домаўладальнікі, у якіх падведзена вада ў дом, нярэдка просяць не адключаць калонку.
– У такім выпадку мы гатовы пакінуць яе, толькі пры ўмове, што калонка будзе падключана да прыбору ўліку, – удакладняе дырэктар. – Яго нашы спецыялісты ўстановяць у калодзежы на ўрэзцы. Паслуга разам з правядзеннем земляных работ каштуе каля 100 рублёў. Калі ж патрабуецца яшчэ і ўстаноўка жалезабетонных кольцаў, то за работу трэба будзе аддаць мінімум 600 рублёў. Дарэчы, калі кліент не мае магчымасці аплаціць усю суму адразу, то яму прадастаўляецца растэрміноўка плацяжу тэрмінам на паўгода.
– Якія правілы дзейнічаюць для тых, для каго калонка працягвае заставацца адзінай крыніцай пітной вады?
– Па-ранейшаму будзем іх абслугоўваць, але для гэтага абавязкова трэба заключыць дагавор з водаканалам. Зараз да разгляду рыхтуецца праект рашэння райвыканкама, у якім будуць адлюстраваны нормы спажывання вады для паліву прысядзібнага ўчастка, паення жывёлы, мыцця аўтатранспарту і іншае. Пры гэтым нагадваю, што выкарыстанне палівачнага шлангу, распыляльнікаў для паліву газонаў строга забараняецца. Таго, хто праігнаруе забарону, чакае штраф – 856 рублёў. Згодна з правіламі, усе спажыўцы вады, у тым ліку і дачнікі, абавязаны арганізаваць уліковае спажыванне вады, незалежна ад перыяду пражывання ў доме.
– Як прымаюць грамадзяне кантралёраў водаканала?
– На жаль, не заўсёды адэкватна. Абвінавачваюць ва ўсіх сваіх бедах з вадой, лічаць увядзенне правілаў нашай прыхамаццю. Таму нагадваем аб Правілах карыстання цэнтральнымі сістэмамі водазабеспячэння і водаадвядзення ў населеных пунктах, зацверджаных Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 788 ад 30 верасня 2016 года, якія абавязваюць уладальніка водаправода прадастаўляць доступ работнікам водаканалізацыйнай гаспадаркі для агляду сетак і вузлоў уліку. У іншым выпадку мы маем права весці налічэнні за ваду з разліку сячэння трубы ўводу, пра што і папярэджваем домаўладальнікаў.
Як бы ні было, але трэба прызнаць, што водаразборныя калонкі адыходзяць у мінулае і не толькі з-за павышэння бытавога ўзроўню жыцця. Ёсць яшчэ такое пытанне, як рацыянальнае выкарыстанне вады, запасы якой небязмежныя. Так, кожны з нас мае законнае права на доступ да прыроднага багацця, аднак безкантрольнае яго выкарыстанне абыходзіцца вельмі дорага.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
НА ЗДЫМКУ: безуліковая калонка ў агр. Крулеўшчына.
Фота аўтара.