Як толькі прыгрэла сонца і сышоў снег, механізатары жвавым рухам накіраваліся ў поле. Прыступаць да пасяўной кампаніі яшчэ рана, а вось уносіць мінеральныя ўгнаенні самы час. Менавіта гэтай сельскагаспадарчай работай заняты працаўнікі ДП “Лукі-Агра”.
– Сёння мы працуем толькі з калійнымі ўгнаеннямі і ўносім іх пад яравы сеў. Ужо ўнесена больш 340 тон угнаенняў на плошчы 425 гектараў, падкормлена 1566 гектараў шматгадовых траў, 480 га – сенажацей і пашы. Увогуле, гаспадарка на 85% забяспечана мінеральнымі ўгнаеннямі: на 103% – азотнымі, 92% – калійнымі, 31% – фосфарнымі. Апошняя лічба невялікая ў сувязі з высокім коштам. Гродзенскім занальным інстытутам раслінаводства НАН Беларусі ў г. Шчучыне распрацавана сістэма прымянення ўгнаенняў для кожнай культуры, якой мы карыстаемся, – расказвае галоўны аграном ДП “Лукі-Агра” Анатолій Канстанцінавіч Анікій.
Уся тэхніка для ўнясення мінеральных угнаенняў у спраўным стане і працуе на палях: 3 невялікія навясныя раскідвальнікі тыпу Kuhn і Amazone, а таксама пяцітонны прычапны агрэгат Amazone.
Пра ўраджай будучага года ў гаспадарцы пачалі клапаціцца з восені. У аптымальныя тэрміны, да 1 кастрычніка, былі пасеяны азімыя, якія адышлі на зімоўку падрыхтаванымі, а гэта значыць, што яны назапасілі неабходную колькасць мінеральных элементаў і раскусціліся.
– Дакладна сказаць, як увойдуць у вясну азімыя, яшчэ нельга. У сярэдзіне красавіка мы ўбачым, ці патрэбна штосьці перасяваць. Увогуле, надвор’е спрыяла лёгкай зімоўцы культур: не было чаргавання моцных маразоў з адлігай, што магло нашкодзіць азімым, – адзначае галоўны аграном.
Па словах Алега Канстанцінавіча, механізатары гаспадаркі засумавалі без актыўнай працы. Адпачыўшы і набраўшыся сіл за зімовыя месяцы, яны з лёгкім напружаннем слухаюць прагноз надвор’я: калі ж начныя тэмпературы зменяць мінус на плюс і можна будзе заняцца любімай справай.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.