Амаль адразу пасля фашысцкай акупацыі, у 1944 годзе, была заснавана Хойніцкая машынна-трактарная станцыя. Праз 17 гадоў прадпрыемства ператворана ў Хойніцкае аддзяленне «Белсельгастэхніка». У далейшым прадпрыемства некалькі разоў пераназывалася, хаця і па сёння многія старажылы сельскагаспадарчай галіны называюць сваім месцам працы «сельгастэхніку». У снежні 2003 года падчас рэфармавання было створана адкрытае акцыянернае таварыства «Хойніцкі Аграсэрвіс».
Агульная колькасць сельгасугоддзяў прадпрыемства налічвае 3464 гектараў, у тым ліку 1447 гектараў раллі. На жывёлагадоўчых фермах утрымліваецца 2334 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 740 кароў.
Вольга Уладзіміраўна Кісліцкая, дырэктар ААТ «Хойніцкі Аграсервіс»
Ад Дубровіцы да райцэнтра з астраўкамі каля Паселіч раскінуліся ўладанні гэтага сельгаспрадпрыемства. Узначальвае яго малады кіраўнік – Вольга Уладзіміраўна Кісліцкая. Як гэта звычайна і бывае, заспець кіраўніка на рабочым месцы ў канторы практычна немагчыма. Усе дамовы, як і многія дзелавыя людзі, робіць па тэлефоне за лічаныя хвіліны. Інакш проста нельга – работа ў сельскай гаспадарцы забірае літаральна ўвесь час, у тым ліку выхадныя. Усё трэба пракантраляваць, а лепей – пабачыць на свае вочы, каб на 100% быць упэўненай у выніку.
Жыццё склалася так, што пасля заканчэння сельгасакадэміі Вольга Уладзіміраўна пачынала з пасады агранома ў тагачасным агракамбінаце «Віць». Паміж першым месцам працы да сённяшняга звання «дырэктар» прайшоў значны час, і можна дакладна сказаць – увесь папярэдні вопыт пайшоў на карысць. Тым больш, як пацвярджае Вольга Уладзіміраўна, усё ж дома і сцены дапамагаюць, маючы на ўвазе, што ў родных мясцінах і працаваць прыемна.
Вопыт так званай мэнэджарскай працы (кіраванне людзьмі) давёў, што перспектыва перш-наперш крыецца ў саміх работніках, калектыве. Бясспрэчна, тэхнічнае аснашчэнне адыгрывае важную ролю, але без сумленнай работы і непасрэднай зацікаўленасці саміх людзей светлая будучыня сама сабой не наблізіцца.
Самай галоўнай каштоўнасцю кіраўнік лічыць сваіх работнікаў – у большасці сваёй неабыякавых і адказных. І ў першую чаргу гонар і павага менавіта тым, хто забяспечвае ўстойлівыя паказчыкі на палях і фермах.
Менавіта старанныя работнікі забяспечваюць добрыя вынікі. І кіраўнік прыкладае ўсе намаганні, каб у гаспадарку прыходзілі толькі старанныя і адказныя.
Войцех Альфонсавіч Карповіч, ветэран працы ААТ «Хойніцкі Аграсервіс»
У 2014 годзе вадзіцель ААТ «Хойніцкі Аграсервіс» Войцех Альфонсавіч Карповіч пайшоў на заслужаны адпачынак. Першы запіс у яго дастаткова тоўстай працоўнай кніжцы датуецца аж 1958 годам! Неверагодна, але сапраўды ён спазнаў нялёгкую працу ў 10-гадовым узросце, калі праводзіў летнія канікулы ў якасці палявода. Ураджэнец в. Рэуты Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці, Войцех Альфонсавіч трапіў на Хойнікшчыну дзякуючы жонцы Вользе Канстанцінаўне – гэта яе малая радзіма, сюда і прапанавала мужу хаця б на паўгода прыехаць пажыць. Так і засталіся.
«Аграсервіс» – пастаяннае месца работы майго суразмоўцы. Кажа, што мяняліся толькі назвы – у 1977 годзе прыйшоў у «Сельгастэхніку» вадзіцелем, працаваў у «Райаграпрамсервісе», а на пенсію ішоў з «Хойніцкага Аграсервісу».
Працоўны лёс Войцеха Альфонсавіча нагадвае прыгодніцкі раман. Ды і сам мужчына з задавальненнем успамінае, з якім азартам тады ахінуўся ў першую сваю ўборачную кампанію. У 1970-я быў створаны першы эксперыментальна-ўборачны атрад – на Хойнікшчыне і ў Тураве. У кожны ўваходзіла па 6 экіпажаў. Каманда камбайнераў курсіравала ад адной гаспадаркі да другой, дзе патрэбна была дапамога дадатковай тэхнікі. Як толькі завяршалі работы ў адным раёне, імгненна пераязджалі ў наступны. Так за адно лета Войцех Альфонсавіч праехаў з поўдня нашай вобласці да роднай Віцебшчыны, а сям’ю сваю і нованароджанага сына пабачыў толькі ў канцы верасня.
Атрад прадэманстраваў высокія паказчыкі, таму эксперымент праіснаваў чатыры гады. У 1978 годзе Войцех Альфонсавіч быў па паказчыках уборачнай трэцім тысячнікам у раёне і чацвёртым – у вобласці. У ліку лепшых двойчы прадстаўляў наш раён на рэспубліканскіх Дажынках – у Нясвіжы (1998 г.) і Шклове (2000 г.).
– За столькі часу на якіх толькі камбайнах ні працаваў. І на «Ніве», на «Коласе», затым на «Дон» перасеў. А пачынаў увогуле на камбайне, дзе ізаляванай кабіны няма, а толькі казырок з тканіны. Але ж нічога, і тады паспяваў тысячу малаціць, нягледзячы на нязручнасці. Цяпер жа створаны ўсе ўмовы: тэхніка камп’ютарызавана, у салоне кандыцыянер, камбайнер можа ў белай кашулі за рулём сядзець. Таму шчыра не разумею, калі даводзіцца чуць ад маладых, што сёння цяжка працаваць. Па сабе ведаю, што значыць укладаць усе сілы ў работу, а сёння толькі жаданне ад іх патрабцуецца. Хаця, як і раней, сёння многае залежыць ад кіраўніка. Ён сваёй падтрымкай можа стымуляваць работніка, заахвоціць яго.
Аляксандр Рыгоравіч Чарняўскі, вадзіцель
А вось каб пазнаёміцца з вадзіцелем Аляксандрам Рыгоравічам Чарняўскім, спатрэбілася «ляцець» (звычайна, прытрымліваючыся хуткаснага рэжыму) на іншы бок гаспадаркі – пад Паселічы, адкуль мужчына якраз адвозіў чарговы кузаў зялёнай масы.
Яшчэ ў савецкі час ён працаваў у меліярацыйнай галіне, а 20 гадоў назад асеў у «Аграсервісе». Сам Аляксандр Рыгоравіч родам з в. Клівы, там і сёння стаіць бацькоўская хата, куды цяперашні хайнічанін раз-пораз прыязджае. Кажа, што няма месца больш мілага яго сэрцу, чым родная старонка.
Галіна Мікалаеўна Чэкан, аператар машыннага даення
Неаднаразова ў раёнцы публікавалі імя Галіны Мікалаеўны Чэкан – працавітага і вопытнага аператара машыннага даення з МТФ «Карчовае». Нядаўна яна ў ліку пераможцаў раённага спаборніцтва жывёлаводаў за 2017 год паўдзельнічала ў рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод» ў аграгарадку Урыцкае (Рэчыцкі раён), дзе сустрэлася з калегамі. Сваёй рабоце Галіна Мікалаеўна аддала 17 гадоў, на пару з партнёркай Святланай Анатольеўнай Ліцвінка яны абслугоўваюць 340 кароў.
Да свайго асноўнага месца працы на Карчоўскай ферме яна разам з мужам і двума дзецьмі пажыла ў Гомелі. Але сёння ніколькі не шкадуе пра пераезд на малую разіму – у Карчовае. Кажа, што дастаткова паспытала гарадскога жыцця, з яе хопіць. А дзеці, наадварот, цягнуліся да больш насычанага ладу жыцця, таму паехалі з вёскі.
– Кожнаму сваё, – падводзіць вынікі Галіна Мікалаеўна, – а мне роднае бліжэй.
На камплімент пра стабільны высокія паказчыкі ў рабоце Галіна Мікалаеўна рэагуе спакойна: працаваць якасна стала для яе ўстойлівай звычкай. Вядома, тэхналагічна сёння прасцей выконваць тыя ж абавязкі аператара машыннага даення, якія калісьці ўручную выконвалі даяркі. Астатняе – толькі пытанне сумлення. І чым адказней, мяркуе Г.М. Чэкан, ставіцца да сваёй работы, у будучым можна дакладна прагназаваць поспех. Моладзь толькі з такімі думкамі павінна ісці ў сельскую гаспадарку.
Святлана Анатольеўна Літвінка, аператар машыннага даення
Калега Г.М. Чэкан, Святлана Літвінка, хаця па свай малой радзіме – в. Кострыцкая слабодка Кіраўскага раёна, што на Магілёўшчыне, – і сумуе, але ж в. Карчовае таксама лічыць месцам родным. Больш чым палову жыцця тут пражыла, нарадзіла пяцярых дзяцей. Муж таксама працуе ў гаспадарцы – вадзіцелем.
Марыя Васільеўна Прышчэп, жывёлавод
Знаёмства з жывёлаводам Марыяй Васільеўнай Прышчэп адбылося не зусім звычайна. Калі машына з надпісам «Прэса» пад’ехала да малочнатаварнай фермы «Забалацце», яна якраз пераганяла статак ў загон. Так на бягу і сказала: «Добры дзень, пачакайце крыху» і пабегла далей. Звонку мініяцюрная бландзінка, Марыя Васільеўна валодае моцным строгім голасам і выкарыстоўвае такі тон, што нават цяляты не могуць не паслухацца і ціхенька адпраўляюцца за агароджу.
У звычайнай гутарцы Марыя спакойная і ветлівая. Але, як кажуць, калі абавязак патрабуе, уключаюцца ўнутраныя рэзервы, трэба і «жалезнай лэдзі» зрабіцца. На працягу чатырох гадоў жывёлавод М. Прышчэп даглядае статак у 440 галоў. Нават сама лічба ўражвае!
У Хойніках жанчына апынулася дзякуючы асабістаму жыццю – выйшла замуж і з роднага Веляціна паехала ствараць сям’ю ў райцэнтр. Калі запытала ў Марыі Васільеўны, якое самае прыгожае, на яе погляд, месца на Хойнікшчыне, атрымала такі адказ: у Рудакове. Вельмі падабаецца, маўляў, выгляд старога палаца і збудаванні з чырвонай цэглы ў густой зелені. Калі гутарка зайшла пра перспектывы ў сельскай гаспадарцы, суразмоўца пасур’ёзнела. Так, на такое няпростае пытанне адразу і не адкажаш. За той час, які працуе на ферме Марыя Васільеўна, наглядзелася на розных людзей. І зрабіла выснову: якой бы тэхнікай чалавека не акружы, ад яго толькі залежыць, будзе плён у працы ці нават сучасныя тэхналогіі не дапамогуць. Таму трэба мяняцца самому, а потым і наваколле зменіцца.
Сяргей Кузьміч Зелянкоўскі, механізатар
На працягу 26 гадоў працуе механізатарам ў «Аграсервісе» Сяргей Кузьміч Зелянкоўскі. Родам з Пудакова, але пасля Чарнобыльскай катастрофы ўся яго сям’я пераехала ў Хойнікі. Сам Кузьміч, як ласкава і ў той жа час з павагай яго называюць у калектыве, змяніць месца працы ніколі не планаваў, хаця і «вербавалі» спецыяліста ў розныя арганізацыі. На пытанне: чаму ж не згадзіліся ні на водную прапанову, проста выдае, што прыкіпеў да «Аграсервіса», і работа для яго, вадзіцеля 1 класа, даўно стала нечым большым.
– Гэта, як яшчэ адна малая радзіма, – проста і па-філасофску глыбока адказвае Сяргей Зелянкоўскі, – вось такім думкам вучу і маладое пакаленне.
Аляксандр Уладзіміравіч Варонін, механізатар
Дзялюся невялікім прафесійным сакрэтам: каб зрабіць хаця б адзін фотаздымак механізатара, у тым ліку і з «Хойніцкага Аграсервісу», трэба спачатку няблага яго пашукаць, а потым літаральна злавіць на полі. Так здарылася і ў гэты раз. Механізатара Аляксандра Уладзіміравіча Вароніна сустрэлі ва ўрочышчы Дубровіца. Працуе ў гаспадарцы без малога 30 гадоў. Гэтымі днямі заняты на сяўбе кукурузы. Гаворыць, што не баіца ніякай работы, і лічыць, што моладзь таксама патрэбна прывучаць да працы, у тым ліку і ўласным прыкладам.
Юрый Мікалаевіч Калыхан, механізатар
Механізатару ААТ «Хойніцкі Аграсэрвіс» Юрыю Мікалаевічу Калыхану давялося тэрмінова тармазіць, бо заўважыў на полі чалавека. Па вопыце ён добра ведае, што такой парой да яго часта прыязджаюць з раённай газеты. І не толькі таму, што Юрый – цікавы субяседнік, чалавек з гумарам і аптымізмам. Галоўнае, што і працоўныя паказчыкі механізатара стабільна высокія. Усё ж 19 гадоў стажу даюць пра сябе ведаць. Прафесіяналізм – візітная картка гэтага чалавека. Тым больш, не ў характары механізатара з в. Карчовае і ўзорнага сем’яніна Юрыя Калыхана скардзіцца.
Амаль адразу пасля фашысцкай акупацыі, у 1944 годзе, была заснавана Хойніцкая машынна-трактарная станцыя. Праз 17 гадоў прадпрыемства ператворана ў Хойніцкае...