Не плацiць за ваду на палiў агародаў падчас дажджоў можна было. Напiсаўшы заяву
18.08.2009
—
Новости Общества
|
"Адкажыце, калi ласка, чаму, калi нашы агароды ўжо працяглы час залiтыя вадой, больш за тое — фiтафтора паспела "з'есцi" i памiдоры, i бульбу, з нас патрабуюць плату за палiў?" З такiм пытаннем-скаргай на "гарачую лiнiю" газеты звярнулiся жыхары вулiц Школьнай i Заводскай, што ў пасёлку Мiханавiчы Мiнскага раёна. Праблема, паводле слоў заяўнiкаў, пачалася не ўчора — "паспрыялi" яшчэ ранейшыя дажджы, апошнiя толькi давяршылi справу: на глеiстых глебах вiльгаць "прапiсалася" надоўга. "А нам дасылаюць квiтанцыi на аплату вады. Тэлефанавалi мы ў камунальную службу, даводзiлi iм, што няма патрэбы ў палiве, аднак нiчога не змянiлася. Больш за тое, за кожны наступны летнi месяц бяруць усё больш грошай. За лiпень, напрыклад, выйшла больш за 15 тысяч рублёў. Дык, можа, яшчэ i за жнiвень прымусяць заплацiць? Мы ж вадой не карыстаемся!" Далей вяскоўцы ўзнялi i пытанне наконт усталявання лiчыльнiкаў-вадамераў. "Мы ж не супраць, гатовыя iх усталяваць. Але як? Карыстаемся мы калонкай, якая знаходзiцца на вулiцы. Як летам, дык яшчэ ўсё зразумела, а зiмой? Той жа лiчыльнiк замерзне i выйдзе са строю!" Каб разабрацца ў сiтуацыi, мы мусiлi звярнуцца да спецыялiстаў КУП "ЖКГ Мiнскага раёна". Забягаючы наперад, можам сказаць, што па ўзнятых пытаннях усё аказалася не так адназначна. У прыватнасцi, далёка не ва ўсiм маюць рацыю i нашы заяўнiкi. — Мiнскi абласны выканаўчы камiтэт зацвердзiў нормы спажывання вады для палiваў агародаў, прычым, з улiкам клiматычных умоў таго цi iншага месяца. Увогуле, плата за ваду пад гэтыя мэты можа брацца з грамадзян толькi ў перыяд з 15 мая па 31 лiпеня. Нi раней, нi пазней людзi за палiў не плацяць, — патлумачыла нам начальнiк абаненцкага аддзела прадпрыемства Святлана ВОСIПАВА. — Норма сярэдняя: 10 лiтраў на 1 квадратны метр у дзень. У нас заключаны дагавор з гiдраметэацэнтрам, за кожны месяц мы атрымлiваем адтуль iнфармацыю: колькi было сонечных, без дажджоў, дзён. I плата за ваду для палiву бярэцца толькi за гэтыя канкрэтныя днi! Напрыклад, у маi такiх дзён было 9, у чэрвенi 10, а ў лiпенi — 15 дзён без дажджоў. Дарэчы, лiпень традыцыйна лiчыцца самым спякотным летнiм месяцам. Але i гэта яшчэ не ўсё. Улiчваецца колькасць сотак, тып глебы, наяўнасць дрэў i кустоў, цi ёсць на ўчастку парнiкi, цi трымаюць людзi свойскую жывёлу i якую. Грамадзянiн мае, умоўна кажучы, участак на 4 соткi, а агарод займае толькi дзве соткi. I ўсё гэта ўлiчваецца нашымi кантралёрамi. Бяруцца да ўвагi i колькасць грамадзян, якiя пражываюць, i ўмовы. Калi калонка на вулiцы, тады разлiк 35 лiтраў на чалавека ў дзень. Паўтаруся, за палiў плата бярэцца толькi з 15 мая. Калонка ў двары? Тады норма — 50 лiтраў. Лiчыцца, што калi ў чалавека большыя выгоды, ён i вадой карыстаецца часцей i ў большай колькасцi. А калi ў грамадзянiна ў доме ёсць, як кажуць, усе выгоды — ванны пакой, туалет, норма ўжо — 190 лiтраў. Наколькi мы зразумелi, i нам гэта пацвердзiлi на прадпрыемстве, даволi шматлiкiя скаргi ад людзей справакаваныя, напэўна, не столькi сёлетнiмi вiльготнымi ўмовамi надвор'я, а найперш тарыфамi за карыстанне вадой. Плацiў чалавек летась 3—5 тысяч у месяц i не вельмi задумваўся — за што дакладна. А сёлета ў многiх гэтыя сумы павялiчылiся калi i не занадта моцна, але ж да таго ўзроўню, каб заўважыць i адчуць рознiцу ў параўнаннi з ранейшым. А тут яшчэ гэтыя дажджы... Параўнайце, калi вясковец зараз карыстаецца калонкай з вулiцы, ён плацiць па ранейшым тарыфе — 385 рублёў. А калi ў доме ўсе выгоды — i водаправод праведзены, i каналiзацыя ёсць, але вадамераў няма, выходзiць ужо за ўсё разам тарыф iншы — 1 544,3 рубля. Зразумела, такiя меры разлiчаны на тое, каб грамадзяне ўсталёўвалi лiчыльнiкi вады i аплачвалi яе за канкрэтна спажыты аб'ём. Тады i тарыфы ў iх будуць меншыя. Пра ўсталяванне вадамераў мы яшчэ пагаворым нiжэй, а пакуль скончым з першым пытаннем заяўнiкаў — наконт аплаты за ваду, дакладней, жадання не плацiць за яе, паколькi палiваць агарод не было патрэбы. Такая магчымасць у жыхароў вулiц Школьная i Заводская была, толькi яны не здолелi ёй правiльна скарыстацца. Трэба было пiсьмова звярнуцца ў свой абаненцкi аддзел, участак бы наведаў кантралёр з прадпрыемства, склаў бы акт з улiкам усiх пералiчаных намi вышэй акалiчнасцяў — i ўсё. Наконт усталявання лiчыльнiкаў сiтуацыю патлумачыла спецыялiст аддзела па зваротах грамадзян КУП "ЖКГ Мiнскага раёна" Святлана СЦЕПУРКО. Згодна з Правiламi водакарыстання, на тую ж калонку павiнны быць выдадзены тэхнiчныя ўмовы, тады яе можна зарэгiстраваць. Выдачай тэхнiчных умоваў займаецца аддзел водаканалiзацыйнай гаспадаркi прадпрыемства. Калонка павiнна мець глядзельную яму, у якой i будзе размяшчацца вадамер. У такiх умовах яго не сапсуюць нiякiя маразы. Хоць гэты адказ можна лiчыць прыблiзным, паколькi, паводле слоў Святланы Iгараўны, на баланс перадавалiся сеткi ў розным стане — пракладзеныя яшчэ ў савецкiя часы (заяўнiкi заўважалi нам, што там цi не нейкае саматужнае прыстасаванне — С.Р.). Таму для больш дэталёвай кансультацыi насельнiкам згаданых вулiц трэба самастойна, як мы ўжо сказалi, звярнуцца на прадпрыемства. Сяргей РАСОЛЬКА. |