УзДАХ для аматараў мастацкiх тусовак
31.08.2009
—
Новости Общества
|
"Мастацтва паглынае сваiх сыноў i дачок" — гэты лозунг быў першым, што кiнулася ў вочы на адкрыццi мiжнароднага мастацкага фестывалю "Дах". Задыхнуцца было сапраўды проста: колькасць наведнiкаў у Палацы мастацтваў зашкальвала. І пакуль наступiла хвiлiна адкрыцця, я пачала разумець, чаму для гэтага абраны праект "Ахвяры мастацтва" Змiцера Юркевiча i Алеся Родзiна. Бо тэарэтычна магла меркаваць, колькi ў сталiцы Беларусi аматараў сучаснага мастацтва, якiя чакаюць у iм нейкага адкрыцця (такога, каб сапраўды з'ехаў дах), магла ўявiць i тых людзей, якiя шукаюць новыя iдэi ў мастацкiм свеце горада. Але практыка была пераканаўчай: колькасць асобаў, якiм патрэбныя гучныя, незвычайныя, ашаламляльныя творчыя акцыi, у нас даволi вялiкая, мала таго, яны шукаюць месцаў, дзе вось так можна сустрэцца, абмеркаваць убачанае, ды проста паглядзець на сабе падобных. Гэта бадай галоўнае, дзеля чаго патрэбныя такiя акцыi. Ну i яшчэ дзеля адкрытасцi — усё-такi ёсць магчымасць параўнаць узровень творчых iдэй нашых аўтараў з тым, што ствараюць сучасныя мастакi Аўстрыi, Германii, Iталii, Японii ды iншых краiн. Арганiзатары з беларускага боку, да якiх далучыўся Беларускi саюз мастакоў, рабiлi гэты праект пры падтрымцы берлiнскага мастацкага цэнтра "Тахелес". Амаль што за месяц (фестываль праходзiць да 20 верасня) можна будзе ўбачыць самыя розныя вiды i формы сучаснага мастацтва — жывапiс, скульптуру, iнсталяцыi, фота, перформанс. Нават лiтаратура i музыка далучаюцца i спалучаюцца з мастацкiмi вобразамi ў гэтай акцыi, а некаторыя лiтаратары самi бяруцца за пэндзаль — напрыклад, Змiцер Вiшнёў i Браць Барысевiч. Кожны тыдзень экспазiцыю збiраюцца абнаўляць, дапаўняць тое, што ёсць, новымi творчымi праектамi — канцэртамi, спектаклямi, выступленнем носьбiтаў мастацтва слова (паэтаў) i прэзентацыяй кнiг, паказам вiдэаролiкаў, нават майстар-класамi. Апошняе — абсалютна не лiшняе. Бо сёння творцам сучаснага мастацтва ў прынцыпе можа стаць кожны, хто мае нейкую цiкавую iдэю, якая здольная ўразiць iншых. Што да першых уражанняў... То ўзняўшыся па прыступках на другi паверх Палаца
мастацтваў, усе адразу беглi глядзець на чорную шахматную каралеву сярод чорна-белых
клетак шахматнага поля. Цi разгадаў хто гэтую мастацкую шараду? Але амаль голая
дзяўчына, пафарбаваная з ног да галавы чорным, вiдавочна вярэдзiла ўяўленне. Каралева,
зразумела, ходзiць як хоча i ў чым хоча...
Але сапраўдным подзвiгам дзеля мастацтва, мне падалося, было iншае дзеянне: дзяўчыну, якая сядзела ў клетцы, высунуўшы наверх галаву, гвалтоўна галіў нагала мужчына, вельмi падобны на iнквiзiтара. Вось яна, рэальная ахвяра мастацтва... У рэшце рэшт, кожны з нас — трошкi ахвяра мастацтва. Я не пра тых, хто прыйшоў на гэтую выставу i спрабаваў разгадаць яе шарады. Я пра тых, хто не разумее, навошта яно патрэбна. Дзеля гэтага важна мець падобныя акцыi i час ад часу на iх хадзiць. Бо сапраўды занадта шмат ахвяраў салоннага мастацтва. "Калi талент марнаваць на кiч нiзкай пробы — дэградацыя чакае творчую асобу". Не толькi яе. Ларыса ЦIМОШЫК. Фота Пятра ФАМІНА. |