Урок, з якога за вушы не выцягнеш
01.09.2009
—
Новости Общества
|
Як вы думаеце, як школьнiкi сустрэлi дзень ведаў? Першыя ўрокi — гэта не абавязкова сядзенне за партамi ў межах роднай школы. Хадзiць на заняткi, як высвятляецца, можна ў Нацыянальную школу прыгажосцi, дыягнастычны цэнтр клiнiчнай бальнiцы i нават у метро, альбо завiтаць на ўрок-пленэр у Нацыянальную бiблiятэку Беларусi, дзе можна атрымаць парады, ад вядомага мастака. Першага верасня некаторыя сталiчныя школьнiкi пабывалi на занятках i ў такiх
месцах, куды звычайна дзецям ход закрыты — напрыклад, у Палаце прадстаўнiкоў Нацыянальнага
сходу Рэспублiкi Беларусь цi ў Вышэйшым гаспадарчым судзе. Хто ведае, магчыма,
гэты дзень пераверне жыццё маленькiх мiнчан: пасля сустрэчы са знакамiтымi дарослымi,
прафесiяналамi ў сваёй галiне, малым захочацца дасягнуць у будучынi не меншых
вышынь.
На адным з такiх адкрытых урокаў пабывала i я. Урок доўжыўся каля дзвюх гадзiн,
i ўвесь гэты час хлопчыкi i дзяўчаты толькi i ўсклiкалi: "Ух ты! Клас! Здорава!
Мы сюды яшчэ абавязкова прыйдзем". І нават калi пад канец у дзяцей запыталiся,
цi стамiлiся яны, палова дзятвы задаволена выдыхнула: "Вядома ж, столькi ўсяго
пабачылi, вунь ногi так баляць, што ўжо i хадзiць цяжка", а другая з гатоўнасцю
заявiла: "А мы — не, мы гатовыя i яшчэ пазаймацца". Прынамсi, гэта быў урок фiзкультуры.
I праходзiў ён на базе шматфункцыйнага спартыўна-культурнага комплексу "Мiнск-арэна".
I прагуляцца па памяшканнях, дзе будуць праходзiць спартыўныя i культурныя мерапрыемствы
сусветнага ўзроўню, дзе займаюцца адны з лепшых спартсменаў Беларусi, сустрэцца
з вядучымi трэнерамi i спартсменамi ў гэты дзень прыйшло больш за дзве сотнi школьнiкаў.
Аўтограф па блаце — Дзецi, як прыйдзеце дамоў, раскажыце, якую цёцю вы бачылi, — заўважае экскурсавод, што суправаджае адну з дзiцячых груп. — Вы бачылi цёцю, якая падпiсвала часопiсы, — жартуе васьмiкратная чэмпiёнка свету Наталля Цылiнская. Адкрыты ўрок па фiзкультуры для знакамiтай спартсменкi ператварыўся ва "ўрок чыстапiсання". Раздаўшы ўжо не адзiн дзясятак аўтографаў, Наталля жартуе: "Будзеце мае аўтографы прадаваць, не забудзьцеся: мне 30 працэнтаў". — Зараз у вас трэнерская кар'ера? — пытаюцца ў спартсменкi. — Пакуль "мамская"... На спартсменку сыплюцца пытаннi пра школу, пра кар'еру. "Дзяўчаткi, станеце чэмпiёнкамi, дасце ж Цылiнскай аўтограф па блаце?" — жартуе Наталля. А мо i стануць! Хлопчыкам, i дзяўчатам, якiя сюды завiталi на адкрыты ўрок, па 10—13 гадоў, добрая большасць з iх — звычайныя школьнiкi, i толькi адзiн клас спартыўны, але пасля "фiзры" ў "Мiнск-арэне", напэўна, колькасць юных спартсменаў павялiчыцца. Многiя ўжо абяцаюць завiтаць сюды, ды i сяброў прывесцi. Яшчэ б, з новенькай трэнажорнай залы малых не выцягнуць, яны налятаюць на трэнажоры, акупуюць веладарожку, сапуць, скардзяцца, што ўжо i ногi баляць, але пасля перабiраюцца на iншыя трэнажоры i працягваюць старанна i весела займацца, так, што нават адна з мацi, што завiтала на адкрыты ўрок да дачкi, спакусiлася на велатрэнажор i круцiла педалi з не меншым iмпэтам, чым дзецi. Пасля юным гасцям паказваюць шыкоўныя спартыўную i харэаграфiчную залы, дзе прафесiяналы дэманструюць, чаму можна навучыцца, калi займацца пэўны час хiп-хопам, брэйк-дансам цi мастацкай гiмнастыкай. "Мы тут нават плануем распачаць танцавальныя курсы для маладажонаў i выпускнiкоў школ, каб яны годна выглядалi падчас урачыстасцяў, — заўважае спецыялiст аддзела маркетынга Шматфункцыйнага спартыўна-культурнага комплексу "Мiнск-арэна" Алена Харужэнка. — I тут могуць займацца не толькi спартсмены, а ўсе ахвотныя. Прычым як у трэнажорнай, спартыўнай i харэаграфiчнай залах, так i там, дзе знаходзiцца ядро веладрома. Выключна для спартсменаў прызначаны толькi велатрэк з насцiлам з сiбiрскай сасны". Займацца тут можна малым i дарослым. Асобна i сем'ямi. Самастойна i з вядучымi трэнерамi. Да слова, гадзiна ў новенькай трэнажорнай зале каштуе 5 тысяч. Чаму вучаць
Як трымаць ракетку, калi ты гуляеш у бадмiнтон? Як стаць ролерам i колькi каштуюць ролiкавыя канькi? З чаго зроблена рама i якiмi павiнны быць колы i сядло шасэйнага веласiпеда? Якiя складаныя практыкаваннi можна засвоiць, калi займацца брэйкам паўгода? Усё гэта i многае iншае можна было даведацца падчас урока ў "Мiнск-арэне". Тут жа дзецi прымяралi спартыўную экiпiроўку, фатаграфавалiся са спартсменамi. А яшчэ можна было адразу падабраць для сябе вiд спорту: трэнеры розных спартыўных школ запрашалi хлопчыкаў i дзяўчат да сябе. "Захочаце экстрыму, каб кроў грала ў жылах — прыходзьце да нас скакаць па трамплiнах. Нам патрэбны каардынаваныя дзяўчаткi, смелыя, рухавыя, — заваблiваў дзяцей у веласпорт заслужаны трэнер рэспублiкi па бай-мiксе Уладзiмiр Церлюкевiч.— У любым вiдзе спорту, калi вы будзеце займацца iм не месяц i не год, магчыма стаць чэмпiёнамi. А яшчэ вы будзеце моцнымi, здаровымi, прыгожымi". Уладзiмiр Антонавiч заўважае, што не так важна, якi вiд спорту абяруць дзецi, але галоўнае, каб яны iм займалiся — гэта аздараўленне нацыi, залаты фонд краiны. А каб дзецi не сыходзiлi, неабходна, каб спорт стаў справай сямейнай, калi мама i тата будуць займацца разам са сваiмi дзецьмi, для малых гэта будзе вельмi iстотна i яны не стануць кiдаць секцыi. А мо ёсць сэнс правесцi падобныя спартыўныя ўрокi i для бацькоў? Алена Дзядзюля. Фота аўтара. |