Як пабуду з чужой жонкай, дык лепей пачынаю цанiць i кахаць сваю. 21.by

Як пабуду з чужой жонкай, дык лепей пачынаю цанiць i кахаць сваю

15.09.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Белая вежа-2009" — крызiс сусветны альбо ўласны?

Спусцiлася заслона чарговага восеньскага фестывалю, i засталося шкадаванне... Не толькi ад таго, што тэатральны фэст скончыўся, але найбольш таму, што фестываль становiцца больш сцiплы на адкрыццi, на ўзрушэннi, на прывычную ўжо асалоду ад сапраўднага мастацтва. У кулуарах фестывалю не раз давялося пачуць, што фэст за апошнiя гады значна здаў свае пазiцыi. Калi раней над будынкам Брэсцкага тэатра ў днi свята ўздымалi да трыццацi сцягоў па колькасцi краiн-удзельнiц, то сёлета — толькi дзесяць. Ды сутнасць нават не ў лiчбах. Зразумела, фiнансавы крызiс паўплываў i на бюджэт брэсцкага фестывалю, i на магчымасцi замежных паездак асобных тэатраў. Але ж ад штогадовага агляду глядач чакае нечага такога, ад чаго можа захапiць дух. Брэсцкi тэатрал памятае пастаноўкi "Князя Вiтаўта" купалаўскага тэатра i "Рычарда III" "Вольнай сцэны" каля сцен Камянецкай вежы, якая i дала назву фэсту. Глядач, уздыхаючы, згадвае, як на адным дыханнi "глытаў" вiльнюскага "Iванава" Алгiдраса Латэнаса (апошнi за свой спектакль забраў тады Гран-пры), "Шынель" па Гогалю сафiйскага тэатра "Крэда", купалаўскага "Стомленага д'ябла" па п'есе Кавалёва, пастаноўку рыжскага тэатра, зробленую рэжысёрам Лiпцюком "Эдыт Пiяф. Маленькi легiянер". Я ўпэўнена: загавары сёння са сцэны з нашым гледачом пра пазалеташнi вiльнюскi спектакль Незалежнага тэатра "Майстар-клас" з блiскучай Нiёле Нармантайтэ ў галоўнай ролi, — зала ўзарвецца апладысментамi. А спектакль тэатра Льва Эрэнбурга з С.-Пецярбурга "На дне" выклiкаў дыяметральна супрацьлеглыя меркаваннi. Крытыкi ледзь не пабiлiся падчас абмеркавання. Ужо тры гады мiнула, а помнiцца...

Цяпер такiх няма. А хочацца. Бо, як вядома, да добрага хутка прывыкаеш, i калi гады запар частавалi вельмi добрым мастацтвам, то сярэдняе i нават крыху больш чым сярэдняе, ужо не ўзрушвае. Можна ганарыцца тым, што знакамiты маскоўскi тэатрал Алег Пiвавараў назваў брэсцкi фестываль не еўрастандартам, а аглядам сапраўднага мастацтва. Гэта абавязвае трымаць марку, а не скочвацца сапраўды да нейкага стандарту.

Грэх сказаць, што на апошняй, чатырнаццатай, "Вежы" зусiм не было сапраўднага мастацтва. На маскоўскiя тэатры ў нас квiткi разбiраюць за адзiн дзень, бо чакаюць цуду, адкрыцця, ну хоць бы добрага тэатра. Такi тэатр прадэманстраваў тэатральны цэнтр iмя Усевалада Меерхольда з Масквы. Ён прывёз першую частку музычнай трылогii "Гогаль. Вечары" паводле вядомага твора Гогаля "Майская ноч, альбо тапельнiца". Жанр спектакля вызначаны як "саундрама", што азначае сiнтэз драматычнага i музычнага мастацтваў. I сiнтэз аказаўся ўдалым. Спецыяльна напiсаная да пастаноўкi музыка заснавана на класiчных i этнiчных музычных канструкцыях, а таксама на опернай i рок-музыцы. Усё было натуральна i праўдзiва, сапраўдная гогалеўская фантасмагорыя з ведзьмамi i русалкамi, з крыкамi, галёканнем, з песнямi i танцамi, са спевамi птушак i сабачым брэхам, якая ў сваю чаргу стала фонам дзеяння, што разгортвалася на сцэне. У цэнтры спектакля — гiсторыя кахання вясковых хлопца i дзяўчыны. Але акрамя гэтага многа сюжэтаў, якiя плаўна перацякаюць адзiн у другi з дапамогай проста фантастычнай музыкi. Дзiўнае музычнае спалучэнне фальклору, року, класiкi дазваляе асобныя кавалкi з вядомага са школы Гогаля скласцi ў адно цэлае, незвычайнае, чароўнае, што прымушае гледача сядзець лiтаральна вырачыўшы вочы i глядзець на сцэну. Рэжысёру Уладзiмiру Панкову i тэатральнай трупе ўдалося трымаць гледача ад першай хвiлiны да апошняй. Нiчога незвычайнага, як сказала адна глядачка з суседняга рада, Гогаль, ён i ў Афрыцы Гогаль. Але ў тым i фокус, што з гэтага Гогаля нельга было пайсцi. Чаго не скажаш пра iншыя спектаклi, у тым лiку i па гогалеўскiх творах. Цалкам натуральна выглядае i рашэнне журы прысудзiць масквiчам галоўную ўзнагароду фестывалю.

Маскоўская ж "Панначка" асабiста мяне расчаравала. Вельмi многа абяцала iмя Нiны Садур у афiшы, якая напiсала свой варыянт п'есы паводле гогалеўскага "Вiя". Асабiста майму ўспрыманню напярэдаднi проста перашкаджала адна асацыяцыя: маскоўскiя газеты вельмi часта называюць панначкай вядомага палiтыка Юлiю Цiмашэнку. Але спектакль Маскоўскага абласнога драматычнага тэатра iмя Астроўскага расставiў усё па сваiх месцах i паказаў звычайны, традыцыйны тэатральны прадукт. Такi спектакль, вiдаць, быў бы карысны лайдакаватым школьнiкам, якiя лянуюцца прачытаць "Вiя" па хрэстаматыi. Твор пераказаны даволi падрабязна, аздоблены сучаснымi спецэфектамi накшталт кiношных. Ведзьмы лётаюць па сцэне, а цела мёртвай панначкi падсвечваюць халодным блакiтным святлом. Але сучасныя тынэйджары бачылi i не такое па тэлевiзары. Ну а некаторыя дарослыя пакiдалi залу пасля антракту, бо ўсё i так было зразумела. Здаецца, i нядрэнная работа, але не захапiла.

Прыкладна такiя ж пачуццi ахоплiвалi i на праглядзе "Жанiхоў" Нацыянальнага акадэмiчнага драматычнага тэатра iмя Горкага. Мiнчане адкрывалi фестываль, таму чакалася ад iх нешта асаблiвае, такое, за што, паводле слоў маскоўскага крытыка Рымы Крэчатавай, можна зачапiцца не словам, а душой... Спектакль мае i свае набыткi. Добра вымаляваны вобраз галоўнай гераiнi Агаф'i Цiханаўны, цудоўна iграе Сяргей Чэкерэс, цiкава выглядае работа Аляксандра Ждановiча ў ролi аднаго з жанiхоў. Парадокс, але кожны паасобку iграе як быццам бы нядрэнна, а разам атрымоўваецца нейкая схематычнасць, павярхоўнасць.

Пастановак на творы Мiкалая Гогаля давалi многа, сёлетнi фэст быў прысвечаны 200-гадоваму юбiлею з дня нараджэння пiсьменнiка. Але "Вежа-2009" не спрэс складалася з класiкi. На трох брэсцкiх сцэнах паказалi i сучасны тэатральны прадукт.

Брастаўчане многага чакалi ад лiтоўскага рэжысёра Альгiрдаса Латэнаса, ён двойчы забiраў на гэтым фэсце Гран-пры. Што сёлета чаканнi былi падманутыя, здаецца, не скажаш. Але не скажаш таксама, што спектакль спадабаўся. Засталося дзiўнае адчуванне, што пастаноўшчыкi залезлi так глыбока ў душу, у пачуццi, куды лазiць не трэба. "Могiлкавы клуб" — так называецца работа Дзяржаўнага моладзевага тэатра Лiтвы. Сюжэт вельмi просты. Тры жанчыны сярэдняга ўзросту нядаўна пахавалi мужоў. Яны збiраюцца разам, п'юць гарбату, гутараць пра жыццё. Спектакль — гэта тры гадзiны дыялогаў i маналогаў, з якiх паўстае гiсторыя кожнай жанчыны. Адна з iх носiць жалобу i не ўяўляе iснавання далей без каханага мужа, другая спадзяецца знайсцi новага спадарожнiка жыцця, трэцяя проста не ведае, як жыць далей. Але ў кожнай ёсць сваё асабiстае, што нельга агаляць нi пры якiх абставiнах. Тут атрымалася наадварот. Вiдаць таму ўзгаданая Рыма Крэчатава так рэзка выказалася наконт "Могiлкавага клуба": "Мне стала крыўдна за такога рэжысёра, як Латэнас. У яго спектаклях мы прывыклi бачыць iнтэлектуальнасць, чуласць, вытанчанасць. "Могiлкавы клуб" мяне непрыемна ўразiў, вельмi тонкую трагiкамедыю рэжысёр умудрыўся паставiць у даволi грубай манеры: ён прымусiў сталых жанчын распранацца на сцэне, надзялiў сваiх герояў нахабнасцю i бессаромнасцю".

I калi пра лiтоўскi спектакль сапраўды можна спрачацца, то львоўскi тэатр "Уваскрэсенне" расчараваў у канец. Так многа абяцала афiша з загадкавым вызначэннем жанру "iнтэгральны стрыптыз", так добра помнiлi тэатр нашы гледачы, за вулiчны спектакль, у 2007 годзе ён заваяваў Гран-пры, так iнтрыгуюча яны напiсалi ў анатацыi, што iх пастаноўка б'е рэкорды папулярнасцi i ў Еўропе заваявала прэстыжныя прэмii, што мы набралi многа паветра... А потым моцна выдыхнулi: тым горш для Еўропы. Тэатр, паспяховы ў вулiчных паказах, аказаўся бездапаможным на сцэне. Для студэнцкага, ну яшчэ самадзейнага тэатра райцэнтра такая пастаноўка, як кажуць, куды нi iшла. А для прафесiйнай трупы, якая прэтэндуе на ўдзел у парадзе мастацтва, проста слаба. Ненарматыўная лексiка, непрыстойныя жарты — мы гэта бачылi ў тэлевiзары, на вулiцы. Рэжысёр хоча давесцi да нас, што паказвае жыццё без прыўкрас, а глядач не верыць. Людзi пакiдалi залу на працягу ўсяго спектакля. Галасаванне нагамi — самая яскравая ацэнка работы тэатра. Не ўпэўнiлi, не зацiкавiлi, не зачапiлi. Сюжэт пастаноўкi нескладаны: маладыя мужчыны, што засталiся па розных прычынах без працы, знайшлi абвестку ў газеце пра тое, што набiраецца група стрыптызёраў-мужчын. Вось яны i спрабуюць ператварыцца з прыбiральшчыкаў, якiмi часова працуюць, у стрыптызёраў. Дзеянне доўжыцца тры гадзiны. I за тры гадзiны — адзiн эпiзод, якi можа хоць крышачку расчулiць гледача: адзiн з герояў па тэлефоне размаўляе з малым сынам i тлумачыць яму, чаму тата ўвязаўся ў такi сумнеўны праект. Прычына — безграшоўе. Тэма блiзкая i зразумелая грамадзянiну любой краiны. Але ж гэта не нагода, каб везцi на фестываль слабы спектакль.

* * *

Крызiсы, як вядома, бываюць i часовымi. Здараецца, яны становяцца стымулам для далейшага развiцця. Можа, паправiцца, акрыяе "Вежа". Усё ж такi яна стала значнай падзеяй ў тэатральным жыццi не толькi нашай краiны. Аптымiстычна выглядае водгук Алега Пiваварава, заслужанага дзеяча мастацтваў Расii, галоўнага рэдактара часопiса "Тэатральнае жыццё", якi ўсё ж знайшоў нагоду пахвалiць некаторыя спектаклi сёлетняга фестывалю. Сярод iх i "Рэвiзор" Гомельскага абласнога драматычнага тэатра. Кажуць, што Мiкалай I, калi першы раз угледзеў "Рэвiзор" Гогаля, сказаў: "Дасталося ўсiм, асаблiва мне". Добра было б, каб сучасныя чыноўнiкi, бюракраты паглядзелi гомельскую трактоўку "Рэвiзора". Можа, аб чым i задумалiся б. Сур'ёзная крытыка адзначыла таксама добрым словам i незвычайную для Брэсцкага акадэмiчнага драматычнага тэатра вулiчную пастаноўку "Мара пра Дон Кiхота". Спроба ўдалася. Дык можа i варта пачынаць пераадольваць крызiс "Вежы" з добрых айчынных работ? Сваё заўсёды блiжэй. Як казаў адзiн з класiкаў марксiзму жартам: "Як пабуду з чужой жонкай, дык лепей пачынаю цанiць i кахаць сваю". А можа i не жартам.

Святлана ЯСКЕВIЧ.


Каментарыяў: 0

Даслаць каментарый

Iмя


 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Белая вежа-2009" — крызiс сусветны альбо ўласны? Спусцiлася заслона чарговага восеньскага фестывалю, i засталося шкадаванне... Не толькi ад таго, што тэатральны фэст скончыўся, але найбольш таму, што фестываль становiцца больш сцiплы на адкрыццi, на ўзрушэннi, на прывычную ўжо асалоду ад сапраўднага мастацтва. У кулуарах фестывалю не раз давялося пачуць, што фэст за апошнiя гады значна здаў свае пазiцыi. Калi раней над будынкам Брэсцкага тэатра ў днi свята ўздымалi да трыццацi сцягоў па колькасцi краiн-удзельнiц, то сёлета — толькi дзесяць.
 
 
Главные новости сегодня
 

Новости Вашего города
ТОП-новости Беларуси
Прислать новость
Лента новостей
РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика