Рай за 10,5 еўра на суткi!. 21.by

Рай за 10,5 еўра на суткi!

16.09.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Рымскi аэрапорт Ciampino хочацца называць аэрапорцiкам. Ён мiлы i ўтульны, стылёвы i зразумелы, амаль хатнi. Пасля вар'яцкага Парыжа мы адразу расслабляемся тут. Людзей не столькi, усе яны ўсмiхаюцца, эмацыйна размаўляюць i махаюць рукамi. I калi кава ў Парыжы каштавала ад 2 да 5 еўра, то тут — 80 цэнтаў. Але ж гэта сапраўдная iталiйская кава, адно пах якой падымае настрой i iнтрыгуе!.. Карабiнэры тут — як з гiстарычнага музея: прыгожыя, вытанчаныя, вымуштраваныя. А дзяўчаты... Iтальянкi, адным словам.

Наш гатэль не падмануў нас на сваiм сайце — у зале прылётаў сапраўды чакала дзяўчына з аранжавай таблiчкай. Бландзiнiстая балгарка, але падпрацоўвае тут, у Iталii, вучыць мову. Распавяла нам, што мора цёплае, але сезон канчаецца — засталiся адны нямецкiя пенсiянеры i школьнiкi... Мы сядаем у мiкрааўтобус i едзем у наш абяцаны рай.

— Глядзi, дамочкi, як у Коблева пад Адэсай, — прасякнуўся ўспамiнамi юнацтва карэспандэнт Лабадзенка. — А далей сапраўдны замак, з вежамi i каплiцай побач!..

Уся тутэйшая тэрыторыя да канца 30-х гадоў мiнулага стагоддзя належала iтальянскаму прынцу. Калi да ўлады прыйшоў фашыст Мусалiнi, тэрыторыю ў прынца канфiскавалi, але пасля Другой сусветнай вайны вярнулi. Гатэльны комплекс тут працуе з 1969 года. У рэцэпцыi з вамi могуць паразмаўляць мiнiмум на трох мовах — iтальянскай, англiйскай i нямецкай.

— Я не магу засялiць вас у таннае бунгала, — развёў рукi ў бакi адмiнiстратар. — Вы не зрабiлi папярэднюю замову, таму сялiцеся за 50 еўра за суткi.

Па нашых тварах ён зразумеў, што цяпер страцiць клiентаў — i клiенты будуць жыць у лесе на беразе мора. Iтальянец узяў слухаўку i стаў тэлефанаваць.

— Вы шчаслiўчыкi, што сустрэлi мяне!.. — з мiнай супермена павярнуўся да нас адмiнiстратар. — Будзеце плацiць па 10,5 еўра за суткi!

Сэрвiс у нашым бунгала быў як у беларускiм пяцiзоркавым гатэлi (толькi ў 15 разоў таннейшы): душ, прыбiральня, лядоўня, кандыцыянер, фен i тэраса са столiкам.

— Не сорамна i дзяўчат сюды прывесцi! — блiснуў вачыма карэспандэнт Лабадзенка.

— Не кажы. Толькi спаць будзем як на турэмных нарах, — аглядаў двухпавярховы ложак карэспандэнт Валошын.

У нашым бунгала ўжо быў заселены цiкавы сусед — нiгерыец Прынц Iман. Вегетарыянец, з ежы ўжывае толькi бабы i бананы, у моры не купаецца, вiно не п'е, дзяўчат не прыводзiць. Нават ад "Алёнкi" далiкатна адмовiўся!.. Iман запэўнiвае, што меў у Iталii добры бiзнэс, але пачалiся праблемы з уладамi. Шляхетны нiгерыец не дадае нашаму адпачынку няўтульнасцяў. Ён такi чысцюля, што ў першы дзень мы не маглi разабрацца, хлопец будзе з намi жыць цi дзяўчына. Мы цi не гадзiну распавядаем Iману пра Беларусь: паказваем здымкi нашых замкаў, палацаў, касцёлаў i цэркваў, гарадоў.

— Фантастыка!.. — войкаў Iман. — Якая ў вас фантастычная краiна!.. Якiя ў вас прыгожыя мясцiны!.. Я чуў пра Беларусь толькi некалькi разоў па "Еўраньюз", i гэта датычылася нейкай палiтыкi...

— Iман, а яшчэ ў нас цудоўная прырода, рэкi, лясы, азёры, — захоплена пералiчваў карэспандэнт Лабадзенка. — Зубы палячыць у нас у разы танней, чым тут. Можна сабе прыдбаць дамок у маляўнiчым месцы за разумныя грошы... А якiя ў нас, Iман, дзяўчаты!.. Ты iм не кажы, што Прынц — гэта тваё iмя, скажы — пасада. Усе твае будуць!..

— Глеб Паўлавiч, цябе трэба прызначаць пiяршчыкам Беларусi замест лорда Бэла!.. — цi жартам, цi ўсур'ёз працягнуў карэспандэнт Валошын.

...Супермаркет знаходзiцца на тэрыторыi гатэльнага комплексу — кошты, як у сярэдняй iтальянскай краме. Пад'есцi можна за 3-4 еўра на дзень — хлеб, сыр, салямi.

— Цi гэта не сон, — аж запiшчаў карэспандэнт Валошын. — Пяцiлiтровы фугас сухога чырвонага iтальянскага вiна за 6,5 еўра!.. У нас "чарнiла" столькi не каштуе!..

З запасам на ўвесь адпачынак бяром два такiя фугасы — з чырвоным i белым вiном, набiраем iншых прадуктаў i ледзь-ледзь валачом усё гэта ў наша бунгала. Вiно — як жывая вада.

Заходзiм у мясцовы бар i здзiўляемся яшчэ больш. Барменам тут працуе беларускi хлопец Уладзь, амаль што мiнскi сусед карэспандэнта Валошына.

— Такое самае мы прадаём па 2 еўра за паўкелiха, — усмiхаецца Уладзь. — I купляюць на раз-два.

У гатэлi працавала ажно сямёра беларусаў — з мiнскага ўнiверсiтэта фiзкультуры, вiленскага ЕГУ, чэшскiх унiверсiтэтаў.

— Тутэйшае начальства лiчыць кожную капейку, — расказвае Уладзь пра свае ўмовы працы. — Плацяць 500 еўра за месяц. Ежа бясплатна, бунгала — бясплатна. Працую амаль кожны дзень па восем гадзiн. Праўда, я тут з каханай дзяўчынай. Але ўсё адно ўжо хочацца дадому.

Тут жа на тэрыторыi комплексу збудавалi два басейны. Усё як у бразiльскiх серыялах — блакiтная вада, шэзлонгi, i гнуткiя паненкi на iх папiваюць рознакаляровыя кактэйлi з трубачкамi. Тут жа яшчэ некалькi бараў (турыстаў у гатэльны комплекс набiваецца пад некалькi тысячаў) i начная дыскатэка з дужым сек'юрыцi-балгарынам на ўваходзе.

— А што, калi быў сезон, тут людзей было не прапiхнуцца. I немцы, i iтальянцы адно аднаму кухталёў давалi, — кажа сек'юрыцi. — Паненак не маглi падзялiць. Таму ў нас тут з аховай усё ў парадку, толькi карабiнераў на ўвесь комплекс набярэцца з тузiн.

З аховай тут i праўда строга. Вулачкi комплексу ўначы патрулюе ахова на электрамабiлях. А ўся тэрыторыя абгароджаная калючым дротам на манер нашых вайсковых частак, аглядаецца вiдэакамерамi. Аднак адпачынку ўсё гэта не замiнае, адчуваеш сябе як дома.

Аглядаем замак на тэрыторыi комплексу, дзе калiсьцi жыў той самы iтальянскi прынц, а цяпер — яго ўнук. Бармен Уладзь не раз бываў унутры i сцвярджае, што не бачыў такога шыку нават у крутых музеях. Ля замка пасецца сапраўдны бiзон i некалькi дзiкоў, якiя, пабачыўшы нас, прыбеглi знаёмiцца, рохкаючы вiльготнымi пятачкамi.

— Валошын, ты з iм не рохкай, свiнячы грып падхопiш, — падазрона агледзеў дзiка карэспандэнт Лабадзенка.

— Нiчога, лячыцца буду на тутэйшых пляжах iтальянскiм вiном, — пагладзiў хрушу скрозь агароджу карэспандэнт Валошын.

I мы скiравалiся ў бок тутэйшых пляжаў, сарваўшы каля замка па некалькi салодкiх гранатаў — яны растуць проста на тэрыторыi гатэльнага комплексу.

Мора ад нашага бунгала знаходзiцца кiламетры за паўтара. На пляж кожныя паўгадзiны ездзiць бясплатная маршрутка. Але карэспандэнты "Звязды" вырашылi хадзiць на мора пехам — дарога пралягае праз пахкi 500-гадовы лес. Па лесе, як жвавыя "партызаны", бегаюць спартоўцы-аматары.

Хвiлiн за 20 даходзiм да Адрыятычнага мора. Не адцягваючы, кiдаемся ў ягоныя цёплыя бурлiвыя хвалi. Нашае мястэчка паступова пачынае жыць вячэрнiм ладам. Мы сядзiм на гарачым яшчэ пяску i пазiраем удалечыню. Там, за 20 кiламетраў ад нас, знаходзiцца Рым.

Яўген ВАЛОШЫН,
Глеб ЛАБАДЗЕНКА.

Фота аўтараў.

Рым.

(Працяг будзе.)


Каментарыяў: 0

Даслаць каментарый

Iмя


 

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рымскi аэрапорт Ciampino хочацца называць аэрапорцiкам. Ён мiлы i ўтульны, стылёвы i зразумелы, амаль хатнi. Пасля вар'яцкага Парыжа мы адразу расслабляемся тут. Людзей не столькi, усе яны ўсмiхаюцца, эмацыйна размаўляюць i махаюць рукамi. I калi кава ў Парыжы каштавала ад 2 да 5 еўра, то тут — 80 цэнтаў. Але ж гэта сапраўдная iталiйская кава, адно пах якой падымае настрой i iнтрыгуе!.. Карабiнэры тут — як з гiстарычнага музея: прыгожыя, вытанчаныя, вымуштраваныя. А дзяўчаты... Iтальянкi, адным словам.
 
 
Главные новости сегодня
 

Новости Вашего города
ТОП-новости Беларуси
Прислать новость
Лента новостей
РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика