Дарога ў Рай. 21.by

Дарога ў Рай

29.09.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Фотарэпартаж

Наш карэспандэнт наведаў Рай, каб пераканацца, што назва на карце краiны — не выдумка i не памылка. Рай насамрэч iснуе. Невялiкая вёска за 200 кiламетраў на ўсход ад сталiцы, у Нямойцкiм сельскiм Савеце Сенненскага раёна, якая вольна раскiнулася на адным з пагоркаў гэтак званага Аршанскага ўзвышша, пазначаная дарожнымi знакамi i паказальнiкамi, адзiн з якiх умацоўвае (на фотаздымку) трактарыст Уладзiмiр Рамановiч. Рай — рэальнае месца прапiскi, як сведчаць зваротныя адрасы на паштоўках i запiсы ў метрыках i пашпартах яго 47 жыхароў. І хоць сярод гэтых жыхароў няма нiводнага Адама i нiводнай Евы (але такой бяды, дзецi тут нараджаюцца, магчыма, наступных гэтак i назавуць), няма дзiвосных райскiх птушак i садоў з залатымi яблыкамi, але ёсць сям'я, якая справiла сёлета залатое вяселле, — Леанiд i Галiна Красноўскiя (на фотаздымку). Са знаёмства з iмi — колiшнiмi калгаснымi механiзатарам i паляводам, пад гукi гаспадарскага гармонiка пачалася экскурсiя па населеным пункце са старазапаветнай назвай.

Дарога ў Рай i не брук, i ружамi не пасыпана. Але тым цiкавей, што тут усё будзённа i рэальна. Што звычайная гравiйка i высокая сцяна кукурузы, з-за якой бачныя толькi новыя дахi вясковых сядзiбаў "прэзiдэнцкiх" дамкоў. Своечасова пагрэйдзiраваная дарога — i гэта ацэнiць любы кiроўца — сведчанне клопату мясцовых дарожных службаў i таксама факт, якi не дае падстаў для адмоўных эмоцый i штучных высноў. Не мною i даўно заўважана: добры шлях — да добрага месца. Шторанiцы (а Рай прачынаецца даволi рана) пяцёра вясковых дзетак спяшаюцца па гэтай дарозе ў школу ў суседнюю вёску Пурплева, едуць на працу ў СВК iхнiя матулi i бацькi. А пенсiянер-малаказборшчык Мiкалай Падалiнскi аб'язджае сядзiбы i спыняецца каля тых, у якiх па традыцыi трымаюць кароў. Сёння ў вясковых падворках толькi 12 рагуль. За апошнiя пяць гадоў, па зводках СВК "Пурплева", пагалоўе хатняга статка зменшылася ўдвая. Але штодня Рай робiць свой унёсак у малочную раку краiны ў памеры 230 лiтраў прадукту добрай тлустасцi. У вёсцы сёння тры вулiцы, якiя неафiцыйна называюць пасёлкамi. Першы пасёлак — Ленiнскi. Назва яго засталася ў спадчыну ад колiшняга (апошняга) калгаса iмя Ленiна. Другi пасёлак — Пасёлак (тут не зусiм зразумела, цi гэта назва, цi яе адсутнасць). Трэцi пасёлак самы старажытны, якi ўласна i называецца Раем. Ён знаходзiцца на ўзвышшы, i з яго адкрываюцца прыгожыя краявiды, якiя можна параўнаць хiба з непаўторнай Браслаўшчынай. На гэтых трох пасёлках узведзены (цi засталiся) 24 гаспадарскiя падворкi. Ёсць малочнатаварная ферма з дойным статкам, цяляткамi i мяснымi бычкамi. Дарэчы, трэць жывёлагадоўлi СВК сканцэнтраваная менавiта на раеўскай ферме. Гэта вельмi важна для жыхароў, i таму беспрацоўе ў вёсцы адсутнiчае. А яшчэ ёсць у Раi свае могiлкi. Крамы хоць i няма, але двойчы на тыдзень прыходзiць аўталаўка.

Няхай не крыўдуюць iншыя гаспадары Рая, але самы кветкавы i дагледжаны падворак — у вясковай старэйшыны Ганны Чарновай. сельсавет вызначыў яго як падворак "узорнага парадку" i ўручыў адпаведную шыльдачку. Гаспадыня адразу прымацавала яе да цаглянай сцяны. Гэтымi днямi Ганне Мiхайлаўне споўнiлася шэсцьдзясят, i пасёлак весела адзначыў яе юбiлей. Працавала яна ў паляводстве i даглядала цялят. Цяпер яе клопат, прызнаецца, даглядаць унучак. Напэўна, жанчына прыйшла да высновы: калi кожны гаспадар зробiць уласную сядзiбу ўзорнай, вёска будзе больш адпавядаць сваёй назве. Недагледжаных сядзiбаў тут няшмат, але каб "ахнуць" ад нечаканай прыгажосцi, трапiўшы ў Рай — да гэтага яшчэ далёка. Асаблiва на Ленiнскiм пасёлку, на самым уездзе ў вёску, дзе жывуць маладзейшыя i ў асноўным прыезджыя раёўцы. А вось самы экзатычны двор, на якi нельга не звярнуць увагi — у Тамары Макоўскай. Яе старэйшы ўнук натхнёна размаляваў усё, што патрапiла ў поле яго зроку: плот з брамаю i лаваю, студню i нават на сабачай хатцы вывеў слова "Рэкс".

Старэйшая жыхарка Рая Вера Мiкiтаўна Цiханкова кажа, што назва вёскi — не перайменаванне, моднае яшчэ ў недалёкiя часы. Сама яна з 1928 года i не памятае, каб Рай называўся па-iншаму. I бацька яе не памятаў. I дзедаў дзед нiколi не прыгадваў. "Нiхто не ведае, колькi гадоў Раю, але ён заўсёды быў толькi Раем", — кажа Вера Цiханкова i дадае: "Вось толькi мала мы бачылi добрага". Пасля яе слоў наша размова перайшла ў рэчышча ўспамiнаў пра вайну, пра самыя трагiчныя старонкi — як немцы спалiлi Рай. Вера Мiкiтаўна добра памятае той дзень — якраз на загавiны было (пiлiпаўскi пост), 27 лiстапада 1943 года. "Наша вёска была партызанскай i навокал былi партызаны, — працягвае баба Вера, — немцы прыйшлi з чатырох бакоў, аблаваю, хто не паспеў схавацца, пагналi ў Багушэўск у турму". 19 чалавек за сувязь з партызанамi расстралялi, а 15-гадовую Веру адпусцiлi. Пазней зноў забралi на лесапавал, але ёй удалося ацалець там таксама.

Вайна пакiнула вёску толькi з трыма хатамi, у якiх тулiлiся па 3-4 сям'i. Гэтыя хаты дагэтуль называюць камунамi. Ад вайны ў вёсцы больш нiколi не было нi дзiцячага сада, нi клуба. Ганне давялося жыць у склепе. Пасля Перамогi працавала на падлiку калгасных працадзён, была iльнаводкай-звеннявой. I якiм нi было часам жыццё няўтульным, нiколi не кiдала Рай. Кiнулi дзецi. I таму большасць вясковых пенсiянераў жывуць у самоце, чакаючы ад лета да лета сваiх унукаў.

Два месяцы таму Рай папоўнiўся новым жыхаром — маладая даярка Алеся Смiрнова нарадзiла дачку. Кожны, хто прыйшоў паглядзець на немаўля, казаў: "Няхай жыццё яе будзе, нiбы ў раi!".

Паставiўшы кропку пад напiсаным, вырашыў зазiрнуць у бiблейскую энцыклапедыю. Пад рукамi апынулася маскоўскае выданне 1891 года, з якога даведаўся, што слова "Рай" у персiдскай мове азначае сад. У кнiзе Быцця менавiта гэтак названа шчаслiвае жыллё першага чалавека. Раем называецца i шчаслiвае жытло для жыхароў неба i праведнiкаў, якое яны атрымлiваюць пасля Страшнага суда Божага.

Цяпер вось адольваюць здагадкi: а з якой нагоды Рай з'явiўся на беларускай зямлi?! Але давайце нарэшце пазнаёмiмся з тымi, хто на здымках. Гледзячы, як соладка пазяхае маленькая дачушка Па- лiнка, Алеся Смiрнова свецiцца шчасцем, нiбы сапраўды перакананая, што толькi ў Раi гэтак добра спяць дзецi. Сонца ў вёску Рай "прыпiсалася" дзякуючы ўнуку Тамары Падалiнскай, але толькi з яе дазволу i менавiта на брамцы. Можа таму да яе ў госцi часта заходзiць свацця Марыя Макоўская. Калi не верыце, што ёсць такая вёска, глядзiце на копiю старонкi пашпарта раёўскага жыхара. Малаказборшчык Мiкалай Падалiнскi вяртаецца з аб'езду пад пiльным вокам самых дапытлiвых i няўрымслiвых кантралёраў — вясковых дзяцей Янiны i Дзiяны Чарновых, Цiмура, Карыны i Зарыны Ламановiчаў. Помесь аўчаркi па мянушцы "Рэкс" дзень i ноч на ахове роднага Рая.

Анатоль Кляшчук.

Фота аўтара.

Сенненскi раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Фотарэпартаж Наш карэспандэнт наведаў Рай, каб пераканацца, што назва на карце краiны — не выдумка i не памылка. Рай насамрэч iснуе. Невялiкая вёска за 200 кiламетраў на ўсход ад сталiцы, у Нямойцкiм сельскiм Савеце Сенненскага раёна, якая вольна раскiнулася на адным з пагоркаў гэтак званага Аршанскага ўзвышша, пазначаная дарожнымi знакамi i паказальнiкамi, адзiн з якiх умацоўвае (на фотаздымку) трактарыст Уладзiмiр Рамановiч. Рай — рэальнае месца прапiскi, як сведчаць зваротныя адрасы на паштоўках i запiсы ў метрыках i пашпартах яго 47 жыхароў. І хоць сярод гэтых жыхароў няма нiводнага Адама i нiводнай Евы (але такой бяды, дзецi тут нараджаюцца, магчыма, наступных гэтак i назавуць), няма дзiвосных райскiх птушак i садоў з залатымi яблыкамi, але ёсць сям'я, якая справiла сёлета залатое вяселле, — Леанiд i Галiна Красноўскiя (на фотаздымку). Са знаёмства з iмi — колiшнiмi калгаснымi механiзатарам i паляводам, пад гукi гаспадарскага гармонiка пачалася экскурсiя па населеным пункце са старазапаветнай назвай.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика