Адпяваць долар заўчасна.... 21.by

Адпяваць долар заўчасна...

06.10.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Людзі, якiя ў сваiх зберажэннях аддавалi перавагу долару ЗША, уважлiва адсочваючы цяперашнiя тэндэнцыi, засумавалi: амерыканская валюта апошнiм часам таннее, i канца гэтаму нiшто пакуль не прадвяшчае. Наадварот, цiкавасць да "амерыканца" патэнцыйных пакупнiкоў ахалоджваецца несуцяшальнымi прагнозамi экспертаў аб будучынi гэтай валюты, а таксама шэрагам iнiцыятыў адносна нейкай iншай сусветнай валюты, здольнай замянiць долар.

 

Чарговы псiхалагiчны "пад дых" амерыканская валюта атрымала на гэтым тыднi, калi сусветныя агенцтвы распаўсюдзiлi iнфармацыю пра магчымую замену долара кошыкам валют у аперацыях на нафтавым рынку. У прыватнасцi, паводле звестак, якiя носяць неафiцыйны характар, паведамляецца, што ў ходзе перамоў дзяржаў Персiдскага залiва з Расiяй, Кiтаем, Японiяй i Францыяй абмяркоўваецца магчымасць на працягу 9 гадоў замянiць долар на кошык валют — японскую iену, кiтайскi юань, еўра, золата i новую аб'яднаную валюту для Саудаўскай Аравii, Аб'яднаных Арабскiх Эмiратаў, Кувейта i Катара, стварэнне якой плануецца. Зразумела, гэта стала нагодай для рэзкага аслаблення амерыканскай валюты на сусветных рынках. Напрыклад, у Расii ўчора ён упаў да самай нiзкай адзнакi сёлета — да 29,83 расiйскага рубля за адзiн долар, а ў нас афiцыйны курс знiзiўся пасля таргоў да 2750 з ранейшых 2763. Таму не дзiўна, што ў кагосьцi ўжо ўзнiкае натуральнае жаданне ў момант няспыннага падзення курсу "амерыканца" падкарэктаваць свае зберажэннi i скiнуць долар, якi падае, каб моцна не згубiць на курсавой рознiцы. Разам з тым, паводле меркавання некаторых экспертаў, цяпер самы час набываць долар, якi патаннеў, у разлiку на наступны яго рост. Насамрэч, калi вера ў "бакс" iстотна падарваная, вызначыцца складана. Але спяшацца, каб потым шкадаваць, таксама не трэба. Складана ўявiць, што ЗША лёгка адмовяцца ад кантролю над сусветнымi фiнансамi, якi яны зараз маюць як эмiтэнт рэзервовай валюты.

Што ж датычыцца згаданай iнiцыятывы па адмове ад долара ў аперацыях на нафтавым рынку, то такi план, на думку намеснiка дырэктара Цэнтра сiстэмнага аналiзу i стратэгiчных даследаванняў НАН Беларусi Георгiя Грыца, тлумачыцца жыццём.

— Адна з прычын рэцэсii, крызiсу, якi пачаўся з грашова-крэдытнай сiстэмы, — празмерная эмiсiя Федэральнай рэзервовай сiстэмы ЗША, — гаворыць эксперт. — Доларавая маса сёння перавышае ў шмат разоў нацыянальны даход Злучаных Штатаў. Больш за тое, 70 працэнтаў грошай, надрукаваных ФРС, абарачаецца па-за тэрыторыяй ЗША, гэта значыць, фактычна не кантралюецца. Таму на апошнiх самiтах i казалi пра тое, што неабходна ствараць новую рэзервовую валюту. Гэта значыць, што долар не з'яўляецца стабiльнай валютай i не выконвае функцыю залатога сусветнага грашовага эквiваленту — гэта ўжо факт. Iншае пытанне, што рабiць? На жаль, эканомiка ЗША настолькi моцная, што без iх згоды на памяншэнне ролi долараў, проста зрабiць гэта вельмi праблематычна. I такая згода ў агляднай будучынi наўрад цi будзе атрыманая. Таму рух на рэгiянальным узроўнi, стварэнне якойсьцi рэгiянальнай валюты тлумачыцца жыццём. У прыватнасцi, краiны Блiзкаўсходняга рэгiёну актыўна абмяркоўваюць эквiвалент адзiнай грашовай адзiнкi. Гэта лагiчна i зразумела.

Iншая рэч, што, на мой погляд, уцёкi ад долара гэтым не абмяжуюцца. Хутчэй за ўсё, будзе весцiся размова пра эквiвалентную замену долара, але гэта будзе не сёлета i не ў наступным годзе. Штуршком стане чарговая хваля крызiсу, пра якую зараз кажуць многiя эканамiсты. Апошнюю можа выклiкаць тая эмiсiя, якую большасць краiн улiлi ў рэальную эканомiку. Фактычна гэтыя грошы павiнны быць чымсьцi звязаныя, а рэальны сектар эканомiкi ўсё ж такi пакуль яшчэ не запрацаваў. Такi фактар, як беспрацоўе, на жаль, расце, у тых жа ЗША даходзiць да 10 працэнтаў. Прагнозныя ацэнкi сведчаць пра тое, што чарговая хваля крызiсу можа пачацца з другога паўгоддзя наступнага года, i яна, магчыма, выклiча сапраўды радыкальныя крокi да ўвядзення рэальнага грашовага эквiваленту сусветных грошай. Паводле прагнозаў, гэта будзе не юань, не расiйскi рубель, не долар, а хутчэй за ўсё павысiцца статус спецыяльных правоў пазыкi Мiжнароднага валютнага фонду.

— Зыходзячы з прагнозаў, спяшацца з абменам адной валюты на iншую няма неабходнасцi. Да таго ж, сёлета, як сцвярджаюць некаторыя эксперты, магчымае толькi паступовае знiжэнне курсу амерыканскай валюты, а iншыя наогул яшчэ вераць у моц долара.

— Я думаю, шараханнi не iдуць на карысць. Я, напрыклад, наў-рад цi скажу жонцы бегчы ў банк i мяняць долары на еўра. А вось трымаць наяўныя грошы ў "панчосе" — няправiльна i неэфектыўна. Найбольш правiльны шлях — трымаць iх на мультывалютным укладзе ў беларускiх банках. Тым больш, што айчынная банкаўская сiстэма мае адны з найбольш высокiх гарантый дзяржавы па вяртаннi любой сумы зберажэнняў. Аддаць права кiравання вашымi фiнансамi прафесiяналам у выглядзе банкаўскiх устаноў будзе самым аптымальным.

— Георгiй Васiльевiч, усё ж такi, цi ёсць верагоднасць, што iдэi, падобныя да вышэйзгаданай iнiцыятывы, здольныя iстотна "пабiць" амерыканскую валюту. Рынак, як паказваюць апошнiя падзеi, цяпер рэагуе на кожны "чых"?

— Гэта звычайнае спекулятыўнае падзенне, змяненне на рынку. Не больш за тое. Гэта значыць, долар не абрынецца да 1 студзеня i не будзе каштаваць тых жа 10 расiйскiх рублёў, цi 2 тысячы беларускiх. Гэта нонсэнс. Таму што ў такiм выпадку пад пагрозу ставiцца не толькi нацыянальная бяспека ЗША, а ўся фiнансавая сусветная сiстэма. Гэта нават не крызiс, а калапс сусветнай эканомiкi. Такога мiжнародныя iнстытуты не дапусцяць.

— Сапраўды, краiны АПЕК разам з Расiяй могуць дамовiцца пра тое, што будуць кацiраваць нафту ў якой-небудзь умоўнай валюце, напрыклад, SDR — умоўнай грашовай адзiнцы МВФ, — каментуе магчымую замену долара ў аперацыях на нафтавым рынку эксперт "Звязды", дэкан эканамiчнага факультэта БДУ, прафесар Мiхаiл Кавалёў. — Але тут важная не толькi валюта цэнаўтварэння, а другi момант — валюта кантракту, у чым будуць адбывацца разлiкi за нафту. Як мне падаецца, больш важна было б адначасова дамовiцца i аб адным, i аб другiм, таму што сусветныя рынкi выкарыстоўваюць долары ЗША як валюту разлiку. Таму i кажуць, што амерыканскiя долары з'яўляюцца i нацыянальнай валютай, i сусветнай рэзервовай валютай. Але ў любым выпадку, ужо адна гэта iнфармацыя паўплывае на курс долара, яго курс у чарговы раз крыху апусцiцца ў дачыненнi да еўра i iншых сусветных валют. Радыкальнае выйсце было б адно: калi б увесь свет даверыў МВФ эмiтаваць новую адзiную сусветную валюту, за аснову якой магла б быць узятая SDR. Гэта быў бы сапраўды рэвалюцыйны крок, якi вельмi iстотна падарваў бы пазiцыi амерыканскага долара ў свеце, ды i эканамiчную магутнасць ЗША. Але, на мой погляд, Злучаныя Штаты прымуць адпаведныя меры, каб не дапусцiць гэтага.

Падкрэслю яшчэ раз, што размова вядзецца аб магчымым вызначэннi цэнаў на нафту не ў доларах, а ў iншай грашовай адзiнцы, таму што нафтаздабыўным краiнам не падабаецца, што цана на сыравiну скача таксама, як курс амерыканскай валюты. Але, мяркую, што гэта хутчэй дэкларацыя. Колькi ўжо разоў Расiя заяўляла, што яна хацела б зрабiць расiйскi рубель рэзервовай валютай для краiн СНД, але нават з краiнамi Садружнасцi яна нiяк не можа перайсцi на разлiкi за нафту i газ у сваiх рублях.

— Мiхаiл Мiхайлавiч, як бачым, псiхалагiчныя атакi на долар не спыняюцца, што, безумоўна, адбiваецца не толькi на яго курсе, але i iстотна падрывае аўтарытэт у людзей, якiя зберагаюць свае сродкi ў гэтай валюце. Магчыма, калi раней вялася гутарка пра тое, што дастаткова стабiльным спосабам укладання сродкаў з'яўляўся кошык з трох валют, то цяпер долару ў iм не месца?

— Канчаткова хаваць долар яшчэ, безумоўна, рана. Хаця вось такога вышэйзгаданага кшталту дзеяннi могуць нанесцi яму iстотны ўрон. Мяркую, днi праз два з'явiцца цэлая серыя выказванняў, з якiх будзе вiдаць, што гэта пакуль толькi намеры. Таму што да рэалiзацыi такога кроку далёка. Долар стаў тым, што ён ёсць сёння, на працягу ўсяго пасляваеннага часу — гэта доўгi адрэзак часу. Iмгненна свае пазiцыi ён не здасць. У гэтым не зацiкаўленыя i тыя, хто назапасiў шмат долараў: цэнтральныя банкi розных краiн па-ранейшаму амаль палову сваiх зберажэнняў намiнуюць у доларах.

  Iгар ШЧУЧЭНКА.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Людзі, якiя ў сваiх зберажэннях аддавалi перавагу долару ЗША, уважлiва адсочваючы цяперашнiя тэндэнцыi, засумавалi: амерыканская валюта апошнiм часам таннее, i канца гэтаму нiшто пакуль не прадвяшчае. Наадварот, цiкавасць да "амерыканца" патэнцыйных пакупнiкоў ахалоджваецца несуцяшальнымi прагнозамi экспертаў аб будучынi гэтай валюты, а таксама шэрагам iнiцыятыў адносна нейкай iншай сусветнай валюты, здольнай замянiць долар.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика