Хто жыве ў адселеных чарнобыльскіх вёсках?
14.10.2009 09:44
—
Новости Общества
|
23 гады мінула пасля найбольшай экалагічнай катастрофы XX стагоддзя — аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У краіне абвешчана праграма адраджэння забруджаных радыёнуклідамі зямель, аднак сітуацыя з ліквідацыяй наступстваў аварыі слаба паддаеца логіцы. У адных адселеных вёсках жывуць самасёлы. Другія паселішчы ліквідуюць прымусова. Карэспанэнт TUT.BY пераканаўся ў гэтым, пабываўшы ў чатырох вёсках чарнобыльскай зоны. Губарэвічы: “Дайце нам тут спакойна памерці!” Калісьці ў вёсцы Губарэвічы Хойніцкага раёна было 200 хат. Сёння засталося толькі шэсць. Пасля чарнобыльскай катастрофы большасць людзей адсялілі, выдалі кампенсацыі і кватэры. Адзінкі, што засталіся, — амаль адны старажылы. Цяпер яны змагаюцца за права дажыць свой век тут, пад роднымі стрэхамі. Пасля Чарнобылю квадратны кіламетр губарэвічскіх глебаў утрымлівае ад 15 да 40 кюры цэзія-137 і 2-3 кюры — стронцыю-90. Сярэднегадавая эфектыўная доза апрамянення ў вёсцы, што ўваходзіць у зону наступнага адсялення, перавышае норму да пяці разоў. Паводле пастановы Стралічанскага сельсавету, забруджаная радыяцыяй вёска мусіць быць канчаткова адселеная і ліквідаваная ўжо сёлета. Цяпер тут працуе дарожная тэхніка спецпрадпрыемства “Палессе”: змярцвелыя хаты вывозяць на магільнік, тэрыторыю зараўновываюць бульдозеры. Завадатарка губарэвічскіх “магіканаў” — 75-гадовая пенсіянерка Надзея Зорына (на фота - ў цэнтры). — Як здарылася аварыя, нашу вёску пакінулі пад вольнае адсяленне. Нам прадстаўлялі кватэры ў Мінску, Гомелі, Мазыры, Хойніках. Многія з’ехалі. Прыязджалі сюды з Расіі, казахі, малдаване. А потым саўгас заняпаў, стала горш, і людзі паехалі далей. Засталося сямей 5-6. І жылі тут спакойна, і дзеці да нас прыязджалі. Але начальства прыдумала, што трэба лішнія дамы пахаваць, а тых, хто астаўся, — высяліць. А мы не хочам! Хай бы і нас адразу, калі гора было, высялялі. А ўжо ж столькі прайшло. А радыяцыі дзе няма? Трое з маіх аднакласнікаў, што ў Мінск уехалі, павесіліся ад аднае тугі. А я тут жыву, памагаю дзецям. Два-тры гады пажывём і памром жа. Чаго нас гоняць? “Наш раён — адзін з самых пацярпелых ад аварыі. Таму дадзены населены пункт пастановай Ураду быў аднесены да зоны абавязковага адсялення, — распавяла TUT.BY галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі і па праблемах наступстваў катастрофы на ЧАЭС Хойнікскага райвыканкама Наталля Родзькіна. — Усе тыя, хто застаўся, яшчэ 3-4 гады назад атрымалі новае жыллё. Аднак яны паадавалі яго сваім дзецям, а цяпер гавораць, што і месца ім там няма. Тым, хто не атрымаў кватэры, была выплачана грашовая кампенсацыя за домаўладанне. То бок, людзі атрымалі грошы, жыллё і засталіся на месцы”. Самае дзіўнае, што зусім побач з вёскай, якая мае быць зруйнавана, дзейнічае жывёлагадоўчая ферма на 300 галоў (адпраўляе малако на перапрацоўку ў Хойнікі), збожжавы комплекс, абрабляецца зямля... Дублін: “Па суботах — дыскатэкі, але работы няма” Кіламетрах у пяці ад райцэнтра Брагін месціцца вёска з дзівоснай для Беларусі назвай — Дублін. Паводле вясковай легенды, з’явілася яна 300 гадоў назад. Падчас паўночнай вайны ў расійскім войску Пятра І нібыта ваяваў батальён ірландскіх наёмнікаў. Ці то яны былі разбітыя шведамі ды засталіся жыць тут, ці то задушылі сялянскае паўстанне і ва ўзнагароду за гэта атрымалі паселішча… Праўда, вясковы вартаўнік Аляксандр Гардзеенка распавёў мне зусім іншую, больш прыземленую гісторыю. Маўляў, велічная назва вёскі пайшла ад спалучэння двух найменняў. “Быў у нас тут вялікі дуб, а пад дубам лінь вадзіўся. Вось і атрымалася “Дуб-Лінь” — “Дублін”, — кажа мужчына. А яшчэ калісьці тут было нямала габрэяў. Менавіта ім належылі два вясковыя млыны. Аднак ў калектывізацыю бальшавікі аддалі млыны “народу”. Астатніх жа габрэяў у Другую сусветную замардавалі немцы. У параўнанні з астатнімі трыма вёскамі, якія выпала наведаць, Дублін выглядае найбольш аптымістычна. Тут жыве 280 чалавек, ёсць школа на 60 вучняў, дзе навучаюцца таксама дзеці з навакольных паселішчаў. Як сёння жывецца дублінцам? — Па суботах дыскатэкі. З ваколіцы і нават з Брагіну моладзь прыязджае, — дзеліцца Аляксандр Гардзеенка, які зарабляе вартаўніком 200 тысяч. — Аднак жыве маладых тут мала. Няма тут работы, асабліва для мужыкоў. А вось малдаване прыязджаюць. Два месяцы назад — шэсць сямей. Тыя, хто вывучваюцца, едуць на Мінск, Гомель… — Як думаеце, а радыяцыя ўплывае на здароўе? — Не, усё нармальна, жывём, як усе. — А выпіць народ любіць? — А то ж! Калі ёсць і я не адмаўляюся. Двор Савічы: “Радыяцыі панаядаліся яшчэ да аварыі” Амаль на мяжы 30-кіламетровай зонай адчужэння месціцца вёска з мілагучным назовам Двор Савічы. З былых некалькіх соцнень сямей цяпер у Двары Савічы засталося чалавек трыдцать. Наўкола — спусцелыя, парослыя хмызамі і кустоўем хаты. Насупраць былой крамы — дыхтоўны мураваны будынак. Калісьці тут жыў мясцовы пан, за саветамі месцілася школа, потым — лякарня. Але выбухнула аварыя на ЧАЭС і мураваныя сцены абязлюднелі, здаецца, назаўжды. Спыніла існаванне і буйная насенняводчая гаспадарка, вядомая калісці на ўвесь раён. Напрыканцы верасня зачынілі адзіную ў ваколіцы стацыянарную краму. Цяпер адзіная мажлівасць набыць прадукты – аўталаўка, якая з’яўляецца тут два разы на тыдзень. — Ці мога людзей паз’язджала адсюль пасля аварыі? — пытаюся ў пенсіянеркі Юлія Мікітаўны. — І паз’язджалі многія, і памерла багата. Вось суседнюю вёску Савічы ўсялялі, а нас дык не. Маладыя, канечне паз’язджалі, але цяпер сямей 4-5 жывуць, у запаведніку ў Савічах (Палескі дзяржаўны радыяэкалагічны запаведнік — Рэд.) працуць. А больш тут няма дзе працаваць. Нават бліжэйжы доктар толькі за 20 кілометраў, пад Брагінам. Юлія Мікітаўна ўпэўнена, што ад Чарнобыля здароўе мясцовых жыхароў пагоршыла: “Канечне, ударыў па нам Чарнобыль!” Аднак пра мажлівасць з’ехаць адсюль ніхто з іх ніколі не думаў. “Куды ж я паеду? Ужо мы старыя ўсе, пенсіянеры. Каму мы патрэбны? Да таго ж, дзе ў нас няма радыдяцыі? Паўсюль яна ёсць. Я і мае дзеці панаядаліся яе яшчэ тады, як станцыю сталі будаваць”, — кажа жанчына. А вось былы аграном, 72-гадовы Аляксей Ярмоленка не згодны з тым, што Чрнобыль падарваў здароўе мясцовых жыхароў. “Я жыў тут і да аварыі, і пасля яе. У свае 76 гадоў адчуваю сябе нармальна. Яшчэ і па дзеўках хаджу, — смяецца ён. — У мяне былі людзі з інстытуту радыялогіі з Мінску. Елі ўсё, замяралі прыборамі. Урэшце сказалі, што ўсё добра, усё чыстае. Усе, хто застаўся тут, ад радыяцыі не памёр. Паміралі ад розных хваробаў. Ад радыяцыі — не”. Насельнікі Двара Савічы дзеляцца, што пенсія ў іх “хай і не вялікая, але на жыццё хапае”. Яны па-ранейшаму збіраюць у лесе грыбы-ягады (“Здаецца, не паміраем ад гэтага”) і ў адзін голас хваляць Аляксандра Лукашэнку (“На выбарах за Лукашэнку заўсёды галасуем. Харошы прызідэнт у нас”). Савічы: “Я ўсё сажаю, усё нармальнае” У адрозненні ад больш-менш жывога Двара Савічаў, суседняя вёска Савічы нагадвае сабой сапраўдны могільнік. Праз два гады пасля аварыі на ЧАЭС і пагалоўнага адсялення сюды вярнуліся каля 200 самасёлаў. Свідушчыя людзі прыгадваюць, як у 1996-м пабываў першы прэзідэнт Беларусі, які абвесціў: “Хочаце жыць – жывіце!”. І падараваў месцічам камбайн з трактарам, адчынілася крамка. Аднак адраджэнне затухла. Сёння Свавічы — гэта сотні бяздушных дамоў з выбітымі шыбамі і закалочанымі вокнамі-дзвярыма, парослыя палынам панадворкі і спусцелыя вуліцы. Жыхароў — чалавек 30, хаты якіх — нібы выспачкі жыцця ў гаспадарстве Аіда. Кацярыне Чэчцы пасля адсялення далі хату ў Пастаўскім раёне, але пажыўшы там некалькі гадоў, вярнулася ў родную вёску. “Надта дамой захацела, вось і прыехала", — распавядае пенсіянерка, якая жыве цяпер разам з сынам. Вяскоўцы кажуць, што працы апроч уласнай гаспадаркі — ніякай. “У мяне сын у Гомелі быў на аперацыі. Цяпер прыехаў назад і хацеў уладкавацца ў запаведнік, які адразу за нашай вёскай месціцца. Дык не бяруць! Затое прымаюць тых, хто прызджае здалёк — то брат, то сват”. Пры гэтым месцічы распавядаюць, што падараваны прэзідэнтам камбайн з трактарам забраў калгас: “Цяпер не можам дапрасіцца, каб прыехалі, памаглі зямлю абрабіць”. Сувязь са знешнім светам — аўталаўка і аўтобус з Брагіна, якія бываюць тут двойчы на тыдзень, а таксама дзеці. Гэтак, да Кацярыны Чэчкі прыязджаюць з Гомеля, Мінску, Бабруйску і Кіева. Сапраўдны галаўны боль савічанаў — дзікія жывёлы. Ад набегаў дзікоў людзі ратуюць уласныя агароды дошкамі, дротам і шыферам.Тры гады назад воўк насмерць задраў адну жанчыну і ледзь не пазбавіў жыцця другую. “Іду я цёпла апранутая, захутаная. Раптам ззаду — бах па плячах. Думаю, пажартаваў хто. Потым — па галаве. Я павалілася. Калі б я не закрычала, раздзёрла б ваўчыца мяне”, — узгадвае Кацяпрына Чэчка. Яна дадае, што раней наўкола глухмень была. Але ўжо гады тры палі засяваюць жытам, рапсам, ячменем. — Як тут з радыяцыяй? — З Гомеля, з інстытута прывозяць моркву, буракі. Я ўсё сажаю. Яны бралі на аналіз, сказалі, усё нармальна, нашу вёску высяляць не трэба было. Высяліла начальства, бо захацела грошы атрымаць. — А з’ехаць не хочаце цяпер? — Ужо няма куды. Ды і не дасць ніхто. Фота аўтара. Матэрыял падрыхтаваны, дзякуючы экалагічнаму прэс-туру, наладжанаму Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У краіне абвешчана праграма адраджэння забруджаных радыёнуклідамі зямель, аднак сітуацыя з ліквідацыяй наступстваў аварыі слаба паддаеца логіцы |
|