МАСАКРУ здымаюць у таямнiчым панскiм маёнтку. 21.by

МАСАКРУ здымаюць у таямнiчым панскiм маёнтку

27.10.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Карэспандэнт "Звязды" пабываў на здымках першага беларускага фільма жахаў

У старадаўнiм маёнтку Жалудок пад Шчучынам пачалiся натурныя здымкi першага беларускага фiльма жахаў "Масакра". Рэжысёр Андрэй КУДЗIНЕНКА вядомы гледачам па карцiнах "Акупацыя. Мiстэрыi" i "Розыгрыш". Пэўны час таму дырэктар кiнастудыi "Беларусьфiльм" спадар Замяталiн прапанаваў спадару Кудзiненку паспрабаваць зняць сапраўдны хорар. Кудзiненка падумаў — i згадзiўся. Цi не шкадуе, запытаўся я ў Андрэя Кудзiненкi.

— Я, шчыра кажучы, не дужа хацеў з "Беларусьфiльмам" здымаць, бо ведаў, што такое мастацкi савет, ведаў што ўмовы працы вельмi цяжкiя, што мала грошай плацяць людзям... Таму ўвесь час адбываецца "цякучка". Людзi вывучваюцца — i сыходзяць на камерцыйныя працы, дзе плацяць годна. А сюды зноўку прыходзяць новыя людзi. I так — па коле... Скажу вам, што цяжка працаваць у гэтай бюракратычнай сiстэме — i ў плане нерваў, i матэрыяльна. Толькi за iдэю працуеш насамрэч. Доўга гэтыя грошы iдуць... Я вось працаваў у студыi Лунгiна, там адначасова рабiлi тры фiльмы. У iх на тры фiльмы было тры бухгалтары, адзiн з iх быў эканамiст. А на "Беларусьфiльме" 40 бухгалтараў!.. На кожны здымачны дзень трэба па 7-8 подпiсаў! Калi мы прывезлi на "Масфiльм" матэрыял — кантроль зрабiць, — яны смяялiся!.. Во, кажуць, працуюць людзi — "дазволiць", "не супраць"... Многа часу iдзе не на працу, не на творчасць, а на барацьбу з гэтымi дробнымi кiраўнiкамi. Ты працуеш, а табе не дапамагаюць. Ну, можа, акрамя генеральнага дырэктара. А сiстэма робiць усё, каб кiно не атрымалася. Але дырэктар, спадар Замяталiн, асабiста запрасiў мяне i сказаў: "Я вам давяраю, вырашым усе справы i не будзем лезцi ў творчы працэс". А для мастака гэта галоўнае.

— Спадар Андрэй, фiльм "Масакра", якi вы цяпер здымаеце, ужо паспелi назваць першым беларускiм фiльмам жахаў. Самi вы акрэслiлi жанр як "бульба-хорар". Патлумачце чытачам, што за звер такi?

— Гэтае азначэнне — "бульба-хорар" — сапраўды прыдумаў я, каб быў такi нацыянальны жанр. Па аналогii — у 60—70-я гады мы ўжо мелi iтальянскi "спагецi-вестэрн" Серджыа Леонэ. За два дзесяцiгоддзi знялi каля 600 такiх "спагецi-вестэрнаў", яны былi шалёна папулярныя. Дзякуючы тым фiльмам здабыў вядомасць кампазiтар Энiа Марыконэ, акцёры Клаўдзiя Кардынале, Клiнт Iствуд... I мы здымаем хорар (фiльм жахаў — Г.Л.), але тут будзе i народны брутальны гумар, i наш эпас, i эратычныя сцэны...

— У разуменнi сучаснага чалавека фiльм жахаў — гэта неверагодныя камп'ютарныя спецэфекты. А як гэта будзе выглядаць у беларускiм варыянце?

— Вось жа, я i кажу — гэта не проста фiльм жахаў, а "бульба-хорар"! Мы робiм максiмальна тое, што робiцца кiнаметадам, без камп'ютара. Жах павiнен быць не праз штучныя эфекты, а праз непасрэдныя эмоцыi.

— Чаму для здымкаў абралi менавiта сядзiбу Чацвярцiнскiх у Жалудку?

— Мы аб'ехалi шмат нашых сядзiбаў i спынiлiся на гэтай — асаблiвага выбару не было. Бо ёсць два варыянты — альбо ўсё зруйнавана, альбо зроблены такi еўрарамонт, што гiстарычны фiльм ужо не здымеш. А гэтая сядзiба пасуе нам i па архiтэктуры, i па сюжэце.

"У нас акцёры атрымлiваюць у 10 разоў менш, чым у Маскве"

— У "Масакры" ўсё скончыцца добра?

— I добра таксама. Там адзiн з герояў патрапляе ў Рай... (смяецца.) Значыцца, гэта добра. А бязбожнiк-авантурыст паверыў у Бога. Таксама добра. А пярэварацень знайшоў становiшча, у якiм ён будзе заўжды са сваёй каханай. Таму гэта не традыцыйны хэпi-энд, а хэпi-энд з такой сабе журбой... Мараль тут будзе такая: галоўнае — кахаць.

— Спадар Андрэй, мы начутыя пра бюджэты галiвудскiх стужак — яны вымяраюцца мiльёнамi долараў. А цi ёсць нейкая сума, якую "Беларусьфiльм" хоча пусцiць на "Масакру"?

— Бюджэт фiльма — 4 мiльярды 900 мiльёнаў рублёў (па сённяшнiм курсе гэта каля 1,78 мiльёна долараў — Г.Л.). Аднак не ўсе гэтыя грошы iдуць на фiльм — там нейкiя працэнты, падаткi... У вынiку недзе палова пойдзе ўласна на творчы працэс... Гэта невялiкiя грошы насамрэч.

— Акцёры добра атрымлiваюць?

— Не называючы лiчбаў, скажу вам у параўнаннi. У нас акцёры атрымлiваюць у 10 разоў менш, чым у Маскве, у 2-3 разы меней, чым у Польшчы. Рэжысёр атрымлiвае таксама ў 10 разоў менш, чым у Расii. Я здымаў у Маскве, я ведаю.   

— А па тэрмiнах вас абмяжоўваюць?

— Так, тэрмiны абмяжоўвалi. Вельмi падрэзалi мне падрыхтоўку — што цяпер адбiваецца на здымачным працэсе. Бо здымачны працэс — самае дарагое. І чамусьцi планавы аддзел гэтага не разумее — што трэба загадзя рыхтаваць аб'екты, а не рабiць гэта ў здымачны перыяд, затрымлiваючы такiя дарагiя здымкi.

— Як вы як рэжысёр ацэньваеце тэхнiчную базу "Беларусьфiльма"? Цi можна з гэтым абсталяваннем рабiць добрае, сучаснае кiно?

— Ёсць там новая тэхнiка: камп'ютары, камеры. Зараз будуць увесь цыкл рабiць на "Беларусьфiльме". Але першая праблема — гэта старыя метады бюракратычнага кiравання, што да дробных начальнiкаў. Няма прадзюсараў — чалавека, якi адказваў бы за карцiну, вырашаў усе надзённыя праблемы. Няма спецыялiстаў — яны сыходзяць, бо iм плацяць вельмi малыя грошы. Трэба пераасэнсаваць усю структуру нашага кiнематографа. "Беларусьфiльм" трэба рабiць фабрыкай. У такiх умовах працаваць нельга. Час iншы, Савецкага Саюза больш няма, няма 100  % пракату. Трэба займацца i менеджментам, i рэкламай...

— Спадар Андрэй, якiя амбiцыi вы маеце адносна "Масакры"? Цi спадзеяцеся на ўсенародную славу, як у "Анастасii Слуцкай"?

— Ну, у "Анастасii Слуцкай" не было такой ужо ўсенароднай славы... I на кiнафестывалях я больш прызоў атрымаў з "Акупацыяй", якую знялi за малыя грошы. А "Анастасiю Слуцкую" нiхто за межамi Беларусi не ведае. У мяне жаданне — зрабiць нацыянальны беларускi хiт. У такiм разе ён пойдзе i ва Украiне, i ў Польшчы, i ў Расii. Я хачу, каб моладзь пайшла на гэтае кiно. Каб гэта было i цiкава, i карысна — бо тут ёсць i нацыянальныя тэмы, i гiстарычныя тэмы...

"Трэба адкрываць новыя эратычныя зоркi!"

— Калi фiльм павiнен выйсцi да гледачоў?

— Да гледачоў — не ведаю, мы ж яго павiнны зрабiць да 2 лiпеня 2010 года.

— Цi ўсе акцёры ў фiльме беларускiя, цi ёсць запрошаныя?

— Апроч нашых, ёсць таксама акцёры з Масквы: Ганна, Казанцаў, граф...

— А чаму так: няма талентаў на Радзiме?

— Ну не знайшоў я графа такога... Падкажыце, калi ведаеце...

— Гэта каторы мядзведзь-пярэварацень?

— Ага.

— А... Ну, так — мядзведзi ж у Расii водзяцца...

— (смяецца)

— Якiя з вядомых iмёнаў будуць у фiльме?

— Ролю святара выконвае акцёр i рэжысёр Колбышаў. Здымаюцца i Журавель, i Зелянкоўская...

— А, дык вось дзе будзе эратычны момант (Святлана Зелянкоўская сыграла сэксуальна заклапочаную нiмфетку ў "Акупацыi" Кудзiненкi — Г.Л.)!..

Г.Л.)!..

— I тут таксама! Але асноўныя эратычныя моманты будуць з Палiнай Сыркiнай — трэба новыя эратычныя зоркi адкрываць!

— На якой мове гавораць акцёры ў фiльме?

— На трох мовах — беларускай, рускай i польскай. Беларусы тут паўстаюць талерантнымi людзьмi ў плане мовы: па-польску да iх — i яны па-польску, па-расiйску — i табе па-расiйску... Зрэшты, гэта адпавядае тагачасным рэалiям.

— Сама назва "Масакра" — як яна перакладаецца?

— Гэтае слова ёсць у iтальянскай, французскай, нямецкай, англiйскай... Корань лацiнскi. Масакра — гэта такое масавае знiшчэнне, вайна, барацьба...

— Гамон — па-нашаму.

— О! Гамон! Слухайце, а можа, так i назваць фiльм?..

Глеб ЛАБАДЗЕНКА.

Фота Аляксея БIБIКАВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Карэспандэнт "Звязды" пабываў на здымках першага беларускага фільма жахаў У старадаўнiм маёнтку Жалудок пад Шчучынам пачалiся натурныя здымкi першага беларускага фiльма жахаў "Масакра". Рэжысёр Андрэй КУДЗIНЕНКА вядомы гледачам па карцiнах "Акупацыя. Мiстэрыi" i "Розыгрыш". Пэўны час таму дырэктар кiнастудыi "Беларусьфiльм" спадар Замяталiн прапанаваў спадару Кудзiненку паспрабаваць зняць сапраўдны хорар. Кудзiненка падумаў — i згадзiўся. Цi не шкадуе, запытаўся я ў Андрэя Кудзiненкi.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика