КДБ вяртае iмёны загiнулым у вайне
27.10.2009
—
Новости Общества
|
Суботняй ранiцай у будынак Мiнскага абласнога выканаўчага камiтэта пацiху сцягвалiся людзi. Праходзiлi ў фае, называлi сябе i атрымлiвалi зялёныя папачкi з некалькiмi паперамi. Уважлiва глядзелi на паперы, некаторыя проста моўчкi, а некаторыя пачыналi плакаць.... Сутнасць у тым, што ў гэты дзень Мiнаблвыканкам сумесна з Камiтэтам дзяржаўнай бяспекi выдавалi копii архiўных дакументаў сваякам савецкiх вайскоўцаў, што загiнулi ў палоне. I людзi нарэшце маглi дакладна даведацца пра дату смерцi i месца пахавання сваiх дзядуляў, братоў, бацькоў i iншых родзiчаў... Усяго ў гэты дзень было выдадзена на рукi родным каля 150 копiй улiковых картак з нямецкiх канцлагераў, якiя беларускiя даследчыкi знайшлi ў архiвах. У асноўным па дакументы ў будынак Мiнабл- выканкама прыйшлi пажылыя, але былi тут i маладыя людзi. Напрыклад, на дзядзьку свайго дзеда прыйшоў атрымаць дакументы малады хлопец Алег: — Мацi ўбачыла ў газеце спiсы i папрасiла мяне з'ездзiць, бо ў Мiнску жыву. Родам я з Плешчанiцаў, з'яўляюся траюрадным пляменнiкам Паплёшкi Iвана Iосiфавiча, якi, згодна вось з гэтымi звесткамi, што мне далi, памёр у палоне ў канцлагеры. Калi я разгарнуў папку з дакументамi, то стала крыўдна: вайна пачалася 22 чэрвеня, а ўсяго праз 5 месяцаў яго захапiлi ў палон i забiлi... Яму тады было толькi 20 гадоў... Уладзiмiр Баркоўскi прыйшоў атрымаць дакументы на свайго старэйшага брата Фёдара: — Мне тады было 6 гадоў. Памятаю той дзень, калi брат iшоў у войска. Мы, малыя дзецi, на печы сядзелi... Ну, каня запрэглi, селi i паехалi. Потым бацька расказваў, што служыў брат у Ваўкавыску ў танкавай часцi. Пасля вайны бацька шукаў яго, але прыйшло паведамленне, што Фёдар без вестак знiк. На гэтым i спынiлiся: шмат жа такiх было, гэта ж вайна... Дзе загiнуў — невядома. Ну, а зараз высветлiлася, што трапiў у палон у першыя днi вайны.... У кожнага з прысутных была на руках свая гiсторыя смерцi кагосьцi з родных, але ўсе яны былi чымсьцi падобныя: пайшоў служыць — прапаў без вестак i не вярнуўся. I вось, праз шэсць з нечым дзесяцiгоддзяў весткi з'явiлiся: забiты ў такi дзень, пахаваны там... — Доўгiя гады родныя i блiзкiя не ведалi пра лёсы сваiх бацькоў, дзядоў, братоў i сясцёр, што прапалi без вестак, — сказаў Леанiд Крупец, старшыня Мiнаблвыканкама. — У нас сёння незвычайнае мерапрыемства. Мы запрасiлi вас ушанаваць памяць землякоў, салдат i афiцэраў Чырвонай Армii, што загiнулi ў палоне. Час паспеў адабраць шмат чые жыццi тых, хто аплакаў родзiчаў, якiя прапалi без вестак, а хтосьцi яшчэ i сёння жыве з болем у сэрцы. Выраслi iх унукi, праўнукi, якiя яшчэ спадзяюцца даведацца пра лёс сваiх блiзкiх. Сёння мы сабралi ў гэтай зале сваякоў больш за 150 вайскоўцаў, ураджэнцаў Мiнскай вобласцi, якiя загiнулi ў нямецкiм палоне, — сказаў Леанiд Крупец i папрасiў ушанаваць памяць памерлых хвiлiнай маўчання. — Здаецца, не знайсцi на карце Еўропы месца, дзе няма беларускiх магiл, — сказаў Вадзiм Зайцаў, старшыня Камiтэта дзяржаўнай бяспекi. — Яны ёсць i ў Нарвегii, i ў Францыi, i ў Iталii, i ў Чэхii, i ў Германii, i ў Польшчы, i ў Прыбалтыцы... Там ляжаць беларусы, у вядомых i невядомых магiлах, а вестак пра iх чакалi кожны дзень iх родныя, iх дзецi i браты, жонкi i сёстры, чакалi сiвыя матулi. Але iшоў час, i паступова нам сталi вядомыя лёсы шмат якiх людзей, хто загiнуў або прапаў без вестак. Нават сёння, праз больш чым 60 гадоў, сынам i ўнукам не позна даведацца, якое гора зазналi iх бацькi i дзяды. Тыя, хто сёння прыйшоў, напэўна, упершыню даведалiся пра лёс кагосьцi з родных. У копiях архiўных дакументаў, што вы атрымалi, можна паглядзець дату смерцi i месца пахавання роднага чалавека. Усё гэта стала магчымым дзякуючы руплiвай працы супрацоўнiкаў КДБ, органаў улады Рэспублiкi Беларусь, а таксама актыўнай падтрымцы пасольства Германii ў Беларусi. Дарэчы, на сустрэчы з родзiчамi загiнулых прысутнiчаў доктар Гебхард Вайс, пасол ФРГ у Беларусi, якi прапанаваў тым, у каго ўзнiкне жаданне наведаць магiлы загiнулых сваякоў, атрымаць вiзу ў Германiю бясплатна, — на гэты конт ён дасць адпаведнае даручэнне супрацоўнiкам пасольства. На такую прапанову адразу ж пачалi адгукацца людзi, аднак яны звярнулiся з просьбай да Леанiда Крупца: а цi не дапаможа Мiнаблвыканкам зрабiць такiя паездкi, хай i за грошы людзей, але арганiзавана, бо не кожны пажылы чалавек адважыцца паехаць за мяжу самастойна? Леанiд Крупец пагадзiўся са слушнай прапановай з залы i сказаў, што Мiнаблвыканкам возьме на сябе пытаннi арганiзацыi такiх паездак, калi набярэцца дастаткова ахвотных наведаць могiлкi ў пэўнай частцы Германii. Павел Бераснеў. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Суботняй ранiцай у будынак Мiнскага абласнога выканаўчага камiтэта пацiху сцягвалiся людзi. Праходзiлi ў фае, называлi сябе i атрымлiвалi зялёныя папачкi з некалькiмi паперамi. Уважлiва глядзелi на паперы, некаторыя проста моўчкi, а некаторыя пачыналi плакаць....
|
|