Скандальны ваенны рапарт. 21.by

Скандальны ваенны рапарт

27.10.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У публiкацыi "Жабрачае войска i дзiравыя чаравiкi пiлотаў" польская газета "Жэчпаспалiта" пазнаёмiла чытачоў з рапартам, якi падрыхтаваў Упаўнаважаны па правах грамадзян Януш Каханоўскi пасля праверкi брыгады ваенна-марской авiяцыi ў горадзе Гдыня. "Няшчыльныя вокны, праз якiя ў час ападкаў лiецца вада, дзiравая i пакрытая грыбком столь, адзiн пакой на дзесяць пiлотаў — вось умовы, у якiх лётчыкi штодня нясуць сваю адказную службу", — цытуе газета рапарт. Як сказаў журналiстам адзiн з пiлотаў, гэтыя ўмовы нагадваюць, хутчэй, шталаг — лагер для ваеннапалонных, чым вайсковую часць.

Брыгада апынулася ў цэнтры ўвагi польскай грамадскасцi пасля катастрофы транспартнага самалёта "Брыз", якая адбылася ў сакавiку гэтага года i прывяла да гiбелi чатырох вайскоўцаў. Як высветлiлася, адзiн з пiлотаў гэтага падраздзялення ўжо на працягу некалькiх месяцаў просiць перавесцi яго ў iншае месца службы. Прычына? Стрэс i фрустрацыя, выклiканыя недастатковай колькасцю вучэбных палётаў — за чатыры гады службы iх працягласць ледзь дасягнула 200 гадзiн.

Як паведамляе выданне, рапарт Упаўнаважанага па правах грамадзян выкрывае i больш абуральныя факты аб польскiм войску. На працягу года пiлоты з брыгады ваенна-марской авiяцыi ў Гдынi не могуць дачакацца, напрыклад, новага факса. Зрэшты, гэта невялiкая праблема ў параўнаннi з тым, што на працягу двух гадоў камандзiр безвынiкова дамагаецца новага радыёлакацыйнага абсталявання. Калi яго тэрмiнова не замянiць, можа апынуцца пад пагрозай бяспека палётаў.

Лётчыкi на працягу пяцi гадоў прасiлi набыць намёты для дзяжурнай пары самалётаў, якiя ўвесь гэты час стаялi пад адкрытым небам i падвяргалiся разбуральным працэсам. Януш Каханоўскi звяртае ўвагу таксама на стан ваенна-медыцынскай службы. Пiлоты вымушаныя лячыцца самастойна, таму што з прадугледжаных для ваеннай часцi чатырох штатных лекараў працуе толькi адзiн спецыялiст — псiхiятр. Па меркаваннi аўтара рапарта, Польшча — адзiная краiна НАТА, у якой у пiлотаў такiя праблемы.

Лётчыкi ваенна-марской авiяцыi атрымоўваюць курткi, чаравiкi, акуляры, камбiнезоны такой дрэннай якасцi, што вымушаныя купляць iх самi. Тэрмiн выдачы новых чаравiкаў замест двух гадоў складае тры. Аб iх надзейнасцi гаварыць таксама не даводзiцца — падмёткi адклейваюцца ўжо праз некалькi тыдняў. Паводле рэгламенту палётаў, пiлоты павiнны мець службовыя сотавыя тэлефоны для выкарыстання ў аварыйных сiтуацыях. Аднак iнспектарат па падтрымцы Узброеных сiлаў дагэтуль не паставiў iх у часць.

Упаўнаважаны iнспектаваў таксама 41-ю эскадрыллю тактычнай авiяцыi ў горадзе Мальбарк. Яе пiлоты нясуць баявыя дзяжурствы па ўсёй краiне. З 16 самалётаў МІГ-29 у дзень вiзiту кантралёраў спраўных было 11. "Каб захаваць баявую гатоўнасць падраздзялення, запасныя часткi здымаюцца з iншых самалётаў у эскадрыллi", — гаворыцца ў рапарце.

Частка баявых машын паступiла сюды яшчэ з СССР, частка — з ФРГ. Першыя абсталяваныя камерамi, якiя рэгiструюць працу пiлотаў у кабiне. Выявiлася, што самалёты, якiя дасталiся ад СССР, пасля тэхагляду на авiяцыйным заводзе ў горадзе Быдгашч вярнулiся ў часць без камер. Несуцяшальнай была пасля праверкi i падрыхтоўка будучых пiлотаў. У Вышэйшай афiцэрскай школы ВПС у Дэмблiне ў падраздзяленнi ваенна-марской авiяцыi выпускаюцца недавучаныя лётчыкi, якiя правялi ў паветры толькi па 140 гадзiн — у два разы менш за норму. Таму камандзiры вымушаныя арганiзоўваць для iх iндывiдуальныя праграмы навучання. I толькi пасля 2,5 года службы яны могуць выконваць палёты на МIГ-29, пры ўмове, што праграма навучання не парушаецца, а так бывае не заўсёды.

Пiлоты павiнны налятаць 40 гадзiн, каб атрымаць дадатак да зарплаты. Як высветлiлi кантралёры, лётчыкi замест паўнавартаснага навучання iмкнуцца налятаць толькi мiнiмум для атрымання надбаўкi. "Пры налётах афiцэры выконваюць толькi найбольш простыя практыкаваннi, не павышаюць сваю квалiфiкацыю, бо гаворка iдзе выключна аб вызначаным часе знаходжання ў паветры" — паведамляецца ў рапарце. У iм таксама iдзе гаворка пра тое, што вельмi цяжка затрымаць на службе квалiфiкаваных пiлотаў з-за вельмi складанага шляху кар'ернага росту. Вайскоўцам не кампенсуюцца камандзiровачныя выдаткi, лiквiдаваныя надбаўкi для навiгатараў. Па гэтай прычыне з гдыньскай брыгады ўжо звольнiлiся 35 спецыялiстаў. Дадатковыя цяжкасцi былi выклiканыя прыпыненнем набору ў польскае войска па фiнансавых прычынах Мiнiстэрства нацыянальнай абароны.

Тым часам яго прэс-сакратар Роберт Раховiч заявiў, што генштаб ужо падрыхтаваў адказ на рапарт Упаўнаважанага па правах грамадзян. Аднак, па яго словах, яшчэ не вядома, калi будуць, i цi наогул будуць змены ў Ваенна-марскiм флоце. Здаецца, што апублiкаванне рапарта газетай "Жэчпаспалiта", вядомай сваёй прапрэзiдэнцкай пазiцыяй, з'яўляецца чарговай порцыяй дроў у полымя перманентнай "вайны" памiж прэзiдэнтам Лехам Качыньскiм i прэм'ер-мiнiстрам Дональдам Тускам. Бо апошняму i падпарадкоўваецца Мiнiстэрства нацыянальнай абароны.

Падрыхтаваў Мiхаiл Бацян.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У публiкацыi "Жабрачае войска i дзiравыя чаравiкi пiлотаў" польская газета "Жэчпаспалiта" пазнаёмiла чытачоў з рапартам, якi падрыхтаваў Упаўнаважаны па правах грамадзян Януш Каханоўскi пасля праверкi брыгады ваенна-марской авiяцыi ў горадзе Гдыня. "Няшчыльныя вокны, праз якiя ў час ападкаў лiецца вада, дзiравая i пакрытая грыбком столь, адзiн пакой на дзесяць пiлотаў — вось умовы, у якiх лётчыкi штодня нясуць сваю адказную службу", — цытуе газета рапарт. Як сказаў журналiстам адзiн з пiлотаў, гэтыя ўмовы нагадваюць, хутчэй, шталаг — лагер для ваеннапалонных, чым вайсковую часць.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика