Перашкоды на шляху. 21.by

Перашкоды на шляху

27.10.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пераход дарогi перад чалавекам, пахавальнай цi вясельнай працэсiяй у народнай культуры заўсёды выклiкаў негатыўнае стаўленне. Лiчылася, што толькi дрэнны чалавек будзе рабiць так, каб адняць здароўе, наслаць псоту, забраць малако ў каровы, нашкодзiць вяселлю i г.д.

 Верхам бясчынства лiчылася перайсцi каму-небудзь дарогу з пустым вядром. Да такога чалавека ставiлiся вельмi негатыўна, выключалi яго з усiх рытуальных дзеянняў у вёсцы.

 У час вяселля цi iншых рытуальных цi побытавых дзеянняў (перад далёкай дарогай, перад сяўбой цi жнiвом i г.д.) пiльна сачылi, каб нiхто не "перайшоў шчасце-долю".

 Лiчылася, што чалавек, якi перайшоў дарогу пахавальнай працэсii, хутка сам захварэе i памрэ.

 Перанос рэчаў, як i пераход цераз дарогу — своеасаблiвую сiмвалiчную мяжу — ва ўсходнiх славян таксама выклiкаў патрэбу перасцярогi. Так, паўсюдна iснавала забарона пазычаць што-небудзь суседзям, якiя жывуць цераз дарогу.

 Цяпер становiцца зразумелым, чаму абрад выкупу нявесты праводзiлi ў суседняй хаце — але не цераз дарогу, а на тым баку вулiцы, на якiм знаходзiлася хата яе бацькоў. Пры гэтым неабходна было прытрымлiвацца яшчэ аднаго правiла: хата гэта павiнна была знаходзiцца па шляху хады дружыны маладога. Гэта значыць выкуплялi нявесту i, нiкуды не збочваючы, не паварочваючыся, iшлi да яе роднай хаты.

Разам з тым, у рытуальна-абрадавай практыцы беларусаў iснавала некалькi сiтуацый-выключэнняў, калi, наадварот, дарогу неабходна было перакрыць цi правесцi на ёй пэўныя магiчныя дзеяннi. Перагароджванне дарогi часцей за ўсё выкарыстоўвалi ў ахоўнай магii.

 На Палессi лiчылi, што ведзьма не зможа нашкодзiць той карове, якая прайшла праз тую перашкоду, якую зрабiлi на дарозе людзi ў купальскую цi юраўскую ноч. Для гэтага дарогу аралi, баранавалi, перагароджвалi чырвонай нiткай, ручнiком, сыпалi насенне, кастрыцу i г.д.

 Пры небяспецы эпiдэмii дарогу таксама перагароджвалi, каб "не пусцiць" хваробу ў вёску. Для гэтага ткалi ручнiк-абыдзённiк (ён павiнен быць сатканым некалькiмi жанчынамi-ўдовамi на працягу аднаго дня) i сцялiлi яго ўпоперак дарогi, рассыпалi насычаную дзёгцем пiльнiцу, старыя лапцi i iншыя рэчы.

 І сёння ў сельскай мясцовасцi iснуе звычай перакрываць дарогу маладым пасля вянчання бярвеннем, ручнiкамi, стужкамi, патрабуючы ў маладога выкуп за праезд па дарозе, якая "вядзе" iх у новае — сямейнае — жыццё. Гэта рытуальнае дзеянне мела дзве мэты. З аднаго боку, перагароджванне выконвала ролю мытнi: у вёску "ўвозiлi" новага чалавека, адпаведна, патрабавалi выкуп. З iншага боку, неабходна была своеасаблiвая "перакадзiроўка" новага аднавяскоўца. Нявеста прыходзiла са сваiм лёсам, сваiм жыццёвым шчасцем, таму яе неабходна было "ачысцiць" ад слядоў былога жыцця i, пасля адпаведнага выкупу, прыняць у члены новай для яе суполкi.

Аксана КАТОВIЧ, Янка КРУК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пераход дарогi перад чалавекам, пахавальнай цi вясельнай працэсiяй у народнай культуры заўсёды выклiкаў негатыўнае стаўленне. Лiчылася, што толькi дрэнны чалавек будзе рабiць так, каб адняць здароўе, наслаць псоту, забраць малако ў каровы, нашкодзiць вяселлю i г.д.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика