Каваль-прыгажуня. 27-гадовая жыхарка вёскі Рачкі Ганна Іванюк, бадай, адзіная ў Беларусі жанчына-каваль
27.10.2009
—
Новости Общества
|
27.10.2009
Так атрымалася, што маме дзвюх дачушак — Дар’і і Мар’яны, не было куды выходзіць з дэкрэтнага адпачынку: яе месца на ранейшай працы занялі. Дый, шчыра кажучы, яна засумавала па сапраўдных справах, якія, як вядома, мужчыны “расхапілі” яшчэ ў першабытныя часы. Яна з задавальненнем рыбачыць і заўжды вяртаецца з багатым уловам, сама рамантуе веласіпед і матацыкл “Мінск”. А калі памочнік — матаблок — псуецца, то не ўстае пытання, каму яго правіць. Муж Дзмітрый даўно ўпэўніўся, што жонка веданнем аўтамабільнай “начынкі” нават любога аўтаслесара за пояс заткне.У сям’і даўно прывыклі да жалезнага характару Ганны, яна лёгка бярэцца за цяжкую работу на ўзроўні з мужчынамі: трэба, і травы накосіць, і дроў наколе, і трактарам “соткі” ўзарэ. А ў вёсцы, як вядома, працы хапае ўсім.Зразумела, што працаваць па спецыяльнасці (Ганна вывучылася на повара) маладой жанчыне не вельмі хацелася. І тут лёс паднёс ёй сюрпрыз. Аднойчы ў Брэсце яна трапіла ў кузню “Жар-Птушка”, дзе працуе брат Сяргей, і зачаравана застыла на ганку. Удар молата па распаленым жалезе, якое ў моцных мужчынскіх руках ператваралася ў сувенірную падкову, вывераныя рухі кавалёў, зіхатлівае полымя ў печы, якое адбівалася ў вачах майстроў, — усё гэта так захапіла яе, што не ўтрымалася, папрасіла брата, каб даў “самой паспрабаваць”.Дзіўна, але, упершыню ўзяўшы кавальскі молат, яна адчула такі прыліў сілы, што змагла выкаваць (з дапамогай брата, канешне) падсвечнік! Паглядзець, як спрытна спраўляецца з молатам незнаёмка, збеглася ўся кузня.— Шчыра кажучы, — успамінае Ганна,— тады я адчула: кавальская справа — мая стыхія, маё прызванне. Можа, калі верыць у рэінкарнацыю, у “мінулым” жыцці я была кавалём? Асмелілася і папрасілася ў “Жар-Птушку” на працу.І яе прынялі! Ганна гарманічна ўлілася ў калектыў, пры гэтым нікога не бянтэжыць, што “каваль у спадніцы”. А некалькі месяцаў таму яе афіцыйна прынялі ў якасці каваля ручной коўкі.У арсенале Ганны — зробленыя па заяўках кветкі, рогі, вешалкі для вопраткі, падсвечнікі, секцыі для альтанак і пралёты лесвічных пляцовак. У кожны выраб яна ўкладвае сваю фантазію, настрой і часцінку душы. Усе яны — непаўторныя і арыгінальныя. Вось, напрыклад, бронзавая ружа панура схіліла пялёсткі і лісце: нечая злая рука адарвала яе ад сцябліны і кінула на каменне. А белая вешалка для вопраткі, наадварот, нагадвае вясенні дыван з першых нясмелых кветак. Жалезныя боцікі з танюсенькімі шнуркамі, мабыць, спадабаюцца казачнаму гноміку; да гронкі вінаграду рука сама цягнецца, каб пакаштаваць налітыя сонцам ягадкі... і многа-многа падковак — самых розных памераў. Ганна кажа, што дорыць іх з душою сябрам на шчасце.Малады майстар навучылася каваць і прыгожа, і прафесійна. Яна лёгка чытае схемы і з дакладнасцю да міліметра выконвае выраб. Апошнім часам “Жар-Птушка” атрымала вялікі заказ на выраб сувеніраў. Брат і сястра выдатна справіліся з заданнем....Усё ўмеюць жаночыя рукі: супакоіць і даць надзею “другой палавіне”, прылашчыць дзіця, стварыць утульнасць і прыгажосць у жытле, нагатаваць прысмакаў, прыручыць жывёлу. Ім падуладна ўсё. Наша гераіня ўсё гэта робіць з вялікай ахвотай. А яшчэ яна хоча ажыццявіць сваю мару — пабудаваць домік з каванымі веснічкамі. І верыцца, мара збудзецца. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Так атрымалася, што маме дзвюх дачушак — Дар’і і Мар’яны, не было куды выходзіць з дэкрэтнага адпачынку: яе месца на ранейшай працы занялі.
|
|