Літва скрытыкавала беларускую справаздачу па АЭС. 21.by

Літва скрытыкавала беларускую справаздачу па АЭС

04.11.2009 11:38 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Еўрарадыё атрымала заўвагі, якія Літва зрабіла па беларускай справаздачы па АЭС. Літоўскае Міністэрства навакольнага асяроддзя даслала іх у Мінпрыроды. Літоўскія эксперты знайшлі 39 недахопаў у рапарце і палічылі дакумент занадта расплывістым і агульным.

Пасля таго, як беларускі бок выправіць справаздачу і перакладзе яе на літоўскую мову, у Літве пройдуць грамадскія слуханні. Толькі тады суседняя краіна агучыць сваю афіцыйную пазіцыю наконт пабудовы новай беларускай АЭС.

Сярод 39 літоўскіх заўваг большасць – гэта хібы беларускіх экспертаў:

Ацэнка ўздзеяння на асяроддзе

На думку літоўскіх экспертаў, у беларускай справаздачы не хапае падставовых геалагічных звестак: мапаў, тэктанічных разрэзаў рэгіёна, дзе паўстане АЭС, і г.д. Няма і міжнародных ды нацыянальных стандартаў, якія выкарыстоўвалі беларускія эксперты. Да таго ж сам працэс падрыхтоўкі справаздачы застаўся для літоўцаў незразумелым.

Параўнанне пляцовак

Літоўскі бок лічыць, што выбар Астравецкай пляцоўкі не дастаткова падмацаваны. Пры выбары месца для будучай АЭС перш за ўсё трэба ўлічваць шкоднасць уздзеяння на асяроддзе. Таму ў справаздачы павінен з’явіцца дакладны аналіз уздзеяння на асяроддзя ўсіх трох пляцовак (Астравецкай, Краснапалянскай і Кукшынаўскай).

Аварыі

Беларускія эксперты прааналізавалі сцэнар максімальнай праектнай аварыі летам, а вось наступствы зімовай аварыі не падлічаныя. Да таго ж, беларусы забыліся пазначыць тып аварыі, якую ацэньвалі. Што тычыцца максімальнай пазапраектнай аварыі, трэба паказаць розныя варыянты развіцця падзей, у тым ліку найгоршы з іх. Пры гэтым трэба ўлічыць хуткасць ветру, рух паветраных масаў і г.д. Беларускія эксперты павінны падлічыць забруджванне не толькі сваіх тэрыторый, але і літоўскіх. Гэтыя лічбы трэба параўнаць з максімальна дазволенымі.

Ядзернае паліва, адкіды і выкіды

У справаздачы няма інфармацыі пра бяспеку перавозкі ядзернага паліва для АЭС, а таксама пра тое, як перавозка будзе ўплываць на навакольнае асяроддзе. Якім чынам і дзе будуць захоўвацца ядзерныя адкіды, таксама да канца незразумела. Калі яны будуць заставацца на тэрыторыі АЭС, то іх уздзеянне на асяроддзе трэба прааналізаваць.

Няма ў справаздачы і агульнай колькасці і інтэнсіўнасці вадкіх радыеадкідаў,а таксама радыенуклідаў у іх складзе. Як прыклад беларускія эксперты прыводзяць актыўнасць выкідаў у атмасферу на розных расійскіх рэактараў, але ў справаздачы няма інфармацыі па выкідах будучай беларускай АЭС. Нават калі прыняць, што гэтыя лічбы будуць падобныя да расійскіх, ўсё адно не хапае звестак пра дазволены ў Расіі ўзровень выкідаў.

Дадаць трэба і інфармацыю пра забруджванне, выкарыстанне і выкід сцёкавых водаў ды беларускія нормы ў гэтай галіне.

Дозы забруджвання

Астравецкая пляцоўка знаходзіцца бліжэй за іншыя да літоўскай мяжы і толькі 40 км ад Вільні, насельніцтва якога складае больш за 500 000. Паводле міжнародных стандартаў, рызыка забруджвання павінна быць нізкая для абедзвюх краін. Таму трэба падлічыць агульную дозу забруджвання літоўскай тэрыторыі.

У справаздачы не хапае звестак па апраменьванні пры нармальнай працы рэактара. Ёсць толькі інфармацыя пра розныя расійскія рэактары, а доза апраменьвання будучай беларускай АЭС не падлічана ні для беларускага насельніцтва, ні для суседніх краін. Не прааналізаваныя і наступствы дзейнасці АЭС для здароўя літоўскіх грамадзян.

Прырода

Са справаздачы вынікае, што радыеактыўнасць літоўскіх глебаў можа павялічыцца ў 100 разоў. Аргумент, што гэтага не адбылося пасля будаўніцтва АЭС у Новаваронежы, не азначае, што ў літоўскіх глебах не застануцца радыенукліды. Па гэтым пытанні трэба правесці больш глыбокі аналіз. Неабходна таксама падлічыць выкід трыцію і іншых радыенуклідаў у раку Вілія на літоўскай тэрыторыі.

Беларусь павінна падбаць пра тое, каб стан Віліі не пагоршыўся ў сувязі з ўвядзеннем ў строй новай АЭС. Літоўская частка Віліі – гэта тэрыторыя, якая ахоўваецца дзяржавай. Там жывуць рэдкія віды рыбы (ласасёвыя, рачныя міногі, ханкінскі горчак і інш).

Самалёты

У справаздачы няма інфармацыі пра паветраныя калідоры побач з рознымі пляцоўкамі пад будучую АЭС. Наколькі часта там лётаюць самалёты і як блізка ад пляцовак знаходзяцца аэрадромы. Гэта неабходна ведаць, каб параўнаць усе тры пляцоўкі.

Беларускія эксперты запэўніваюць, што будучы рэактар вытрымае падзенне самалёта, але што гэта за самалёт, якая яго вага і хуткасць падзення, незразумела.

Маніторынг асяроддзя і ратавальныя акцыі

Беларускі бок плануе надзвычайныя дзеянні па ахове тэрыторыі ў радыусе 20 кіламетраў, у той час як міжнародныя стандарты патрабуюць радыуса ў 25 км.

Эксперты кажуць пра маніторынг асяроддзя і харчовых прадуктаў на тэрыторыі Беларусі. Аднак самі аўтары справаздачы адзначаюць, што гэтыя меры будуць праводзіцца на тэрыторыі 300 км вакол АЭС. Атрымліваецца, што яны абмінулі вялікую частку Літвы.

Няма ў справаздачы і інфармацыі аб ратавальных акцыяў насельніцтва ў выпадку аварыі. У гэтай галіне Беларусь павінна шчыльна супрацоўнічаць з іншымі краінамі. Меры ў надзвычайных выпадках на АЭС – гэта справа міжнароднай вагі.

Літоўскі бок не знайшоў у справаздачы адказаў на наступныя пытанні:

1. Якая арганізацыя будзе адказваць за радыяцыйную бяспеку? Ці яна рэальна зможа прымаць меры па бяспецы падчас будаўніцтва і пасля ўвядзення АЭС у эксплуатацыю?

2. Ці запэўніць Беларусь кампетэнтныя кадры, тэхнічную дапамогу і незалежныя ацэнкі радыяцыйнай бяспекі адпаведна з міжнароднымі рэкамендацыямі?

3. Колькі гадзін у год будзе працаваць АЭС? У тэксце справаздачы трапляюцца розныя звесткі.

4. Што азначае тэрмін “Устаноўленая колькасць цяжкіх выкідаў”? Хто гэтую колькасць устанавіў?У якіх дакументах і для якіх умоваў вызначаная гэтая колькасць? Для якога тыпу рэактара ў справаздачы прыводзяцца звесткі? Якія адносіны яны маюць да будучай беларускай АЭС, у якой іншая магутнасць і, магчыма, іншая схема пабудовы, абсталявання і тэхналогіі?

5. Як былі падлічана ўздзеянне на насельніцтва пры максімальнай праектнай і пазапраектнай аварыях?

6. Якая тэхналогія будзе ўжывацца пры падачы прамысловай вады з Віліі на АЭС?

7. Якія стандарты аховы навакольнага асяроддзя будуць выкарыстоўвацца?

8. Ці дзейнасць беларускай АЭС павялічыць тэмпературу вады ў Віліі? Гэтая справа вельмі важная, таму што тэрмальныя змены маюць вялікае ўздзеянне на флору і фаўну, асабліва на віды, якія жывуць толькі ў халодных водах.

Як даведалася Еўрарадыё ў літоўскім Міністэрстве навакольнага асяроддзя, беларускі бок пакуль нічога не адказаў літоўскім калегам.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Літоўскія эксперты знайшлі 39 недахопаў у рапарце і палічылі дакумент занадта расплывістым і агульным
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика