БУКЕТ З ПАДТЭКСТАМ
18.11.2009
—
Новости Общества
|
Дзяўчына з кветкамi ў тралейбусе. Усмiхаецца кветкам. Цi таму, хто iх падарыў. Упiваецца водарам. Цi тым, хто яго прынёс. На яе глядзяць пасажыры. Хто з радасцю, хто з зайздрасцю. Хто шчыра любуецца, хто зыркае цiшком. Дзяўчына з кветкамi — гэта загадкава, гэта незвычайна, гэта цудоўна. У наш час мала i рэдка хто дорыць кветкi. Практычныя лiчаць гэта бессэнсоўнай тратай грошай, а рамантыкi — дарагiм задавальненнем. — У вас сёння дзень нараджэння? — пытаюцца ў дзяўчыны ў тралейбусе. — Не, з чаго вы ўзялi? — Дык сёння ж не восьмага сакавiка. Кветкi цяпер прынята дарыць толькi са стандартнай нагоды. У Мiжнародны жаночы дзень вулiцы напаўняюць мужчыны з букетамi. Кветкамi вiншуюць усiх: калег, аднакласнiц, мацi, жонак, дочак, цешчаў. І хоць бы адзiн падарыў кветачку назаўтра, не ў дзень свята. Усё стандартна, прадказальна i запланавана. — Значыць, у вас толькi што нарадзiлася каханне, — працягваецца размова ў тралейбусе.— Гэты час так i завецца "цукеркава-букетны перыяд". — Я ўжо два гады замужам, — дэманструе пярсцёнак дзяўчына з букетам. — Дык што, дагэтуль кветкi дорыць? Цi здраджваеце мужу?! Немаладая пасажырка, вiдаць, сама даўно атрымлiвала кветкi ў падарунак. Яна не верыць у шчырасць намераў, не верыць, што букеты могуць падносiць не толькi каханым i без нагоды. — Я атрымала кветкi з кур'ерам, — здзiўляе сваiм расповедам дзяўчына. — Мой добры сябра нечакана з'ехаў у Маскву i, здаецца, збiраецца там застацца. Мы даўно не бачылiся, i вось кветкi — знак таго, што ў яго там усё добра. Iнтэрнэт цяпер дазваляе i з Масквы ў Мiнску такiя паслугi заказаць. А для мяне гэтыя намаганнi яшчэ больш каштоўныя. Жанчына адступае, кiдае свой недавер i настальгiчна распавядае. — Гэта цяпер можна што хочаш выдумаць, абы грошы былi. А ў маю маладосць — нi грошай, нi магчымасцяў не было. Памятаю, бывала, нацярушыць Ванька валошак у жыце, ды з рамонкамi як прынясе! Вой, любiла я палявыя кветкi! I руж тых не трэба. Абы ад душы. Замуж я выходзiла з астрамi. Дачку першую нарадзiла ўвесну. Дык ён мне ў раддом цэлае бярэмя цюльпанаў прынёс. Так i запомнiлiся самыя важныя моманты жыцця па кветках. А пасля Ванька перастаў iх дарыць. Я немаладая ўжо, а так бы прыемна было атрымаць... — ... кактус у гаршку, — у размову ўклiньваецца малады чалавек, гадоў трыццацi на выгляд. — Гэта я разумею: карысны падарунак. I дома паставiць можна, i не завяне, i палiваць часта не трэба, i каштуе нядорага. Абгрунтаваў думку. I паспрачацца складана. I пярэчыць цяжка. А глупства поўнае! Мы, жанчыны, абавязкова чытаем падтэкст. Ва ўсiм. I ў кветках таксама. I калi б мне падарылi кактус у гаршку, я прачытала б у гэтым: "Вось табе кветка, толькi адчапiся. А не падабаецца, буду калоцца — я спецыяльна кактус выбраў". Ружы ў мяне выклiкаюць такiя ж асацыяцыi. Не люблю каралеву кветак. Праўда, аднойчы малады чалавек паўночы абламваў шыпы на ружах, каб паднесцi мне. Той букет крануў i запомнiўся назаўсёды. I не важна, што я не люблю ружы. Каштоўная сама матывацыя. Хлопец маёй сяброўкi нiколi не дарыў ёй кветак. I калi аднойчы ўбачыў зайздрослiвы позiрк дзяўчыны, праходзячы ля кветкавай крамы, спытаў: "Ты хочаш, каб я дарыў табе кветкi?" Пачуўшы радаснае "ага", хлопец стаў кансультавацца: якiя кветкi ёй лепш дарыць, якога колеру, як запакаваныя. Дзiва, што не спытаў, на якую суму. Атрымаўшы доўгачаканы букет, дзяўчына не атрымала задавальнення. "Я быццам сама сабе яго купiла, — дзялiлася са мной сяброўка. — I не важна цяпер, што гэта мае любiмыя кветкi". Ёй таксама каштоўная матывацыя. Неяк на дзень нараджэння сябар падарыў мне букет бэзу. "Не раскашэлiўся", — прашаптала знаёмая матэрыялiстка. А для мяне гэта быў самы лепшы падарунак. У Беларусi тады яшчэ была ранняя халодная вясна. I толькi ў паўднёвым Брэсце пачалi квiтнець дрэвы. Бэз быў спецыяльна прывезены з Брэста, каб у мяне раней пачалася вясна. Якая матывацыя! Адна бiзнэс-лэдзi, спешчаная ўвагай прыхiльнiкаў i, безумоўна, самымi шыкоўнымi букетамi, аднойчы расплакалася над кветачкамi, набытымi ў бабулькi ў пераходзе. Ёй iх падарыў студэнт са словамi: "Пакуль я не магу дазволiць сабе большага. Але выказваю сваё захапленне вамi. I я абавязкова дасягну вышынь. Таму што ў мяне ёсць ваш прыклад працаздольнасцi i мэтанакiраванасцi". Яна зразумела i ацанiла матывацыю. ...Дзяўчына з букетам у тралейбусе засумавала. — Муж таксама даўно не дарыў мне кветкi. Вось я i вязу гэты букет дадому, каб нагадаць яму, схамянуць яго памяць, растурбаваць успамiны. — Растурбавалi i мае, — адгукнуўся пажылы мужчына. — Выйду раней. На гэтым прыпынку кветкавая крама? Таццяна САЛДАЦЕНКА. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Дзяўчына з кветкамi ў тралейбусе. Усмiхаецца кветкам. Цi таму, хто iх падарыў. Упiваецца водарам. Цi тым, хто яго прынёс. На яе глядзяць пасажыры. Хто з радасцю, хто з зайздрасцю. Хто шчыра любуецца, хто зыркае цiшком. Дзяўчына з кветкамi — гэта загадкава, гэта незвычайна, гэта цудоўна. У наш час мала i рэдка хто дорыць кветкi. Практычныя лiчаць гэта бессэнсоўнай тратай грошай, а рамантыкi — дарагiм задавальненнем |
|