Расiйская мiлiцыя не ўпiсваецца ў вобраз мiхалкоўскага дзядзькi Сцёпы.... 21.by

Расiйская мiлiцыя не ўпiсваецца ў вобраз мiхалкоўскага дзядзькi Сцёпы...

24.11.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Колькасць правапарушэнняў, учыненых расiйскiмi праваахоўнiкамi, расце

Падобна, што кашу, якую заварыў у Расii маёр Дымоўскi, патрабуючы навесцi парадак у праваахоўных органах, яму самому i становiцца ўпоперак горла. Нагадаем, што мiлiцыянер, якi да гэтага часу быў часткай сiстэмы i ведаў усё пра карупцыю, не вытрымаўшы несправядлiвасцi, не спалохаўся, каб на ўвесь голас заявiць пра праблемы i звярнуцца да расiйскага прэм'ера. А ў вынiку, як кажуць, нарваўся на не жартоўныя непрыемнасцi: пайшло арганiзаванае масiраванае асуджэнне "паклёпнiцкiх заяў маёра", i некаторыя "крынiцы" нават дафантазiравалiся да таго, што гэты афiцэр, маўляў, агент замежных спецслужбаў, i "спяваў" ён пад чужую дудку.

Карацей, не атрымалася ў маёра сваiм вiдэазваротам расчулiць другую асобу краiны, да якой ён звяртаўся. I цяпер бравага афiцэра, мяркуючы па ўсiм, чакае лёс казачнай старой, якая апынулася ўрэшце ля разбiтага карыта. Зрэшты, маёр i сам цяпер разумее марнасць прыкладзеных iм намаганняў, каб "адкрыць вочы" на карупцыю ў праваахоўных органах. Як перадае "АПН-Паўночны-Захад", у прыватнасцi, Дымоўскi ўжо заявiў пра тое, што "Пуцiна я больш не лiчу нармальным мужыком...Я хацеў з iм проста па-мужыцку сустрэцца i нармальна пагаварыць. Зараз я ўжо нiчога не хачу. Мяне рэальна загналi ў кут. Мяне рэальна не пускаюць праз тэлевiзар да народа..."

Цiкава, няўжо да шчырай размовы аб рэфармаваннi расiйскай мiлiцыi, выкараненнi карупцыйных праяў у краiне-суседцы на высокiм узроўнi пакуль не даспелi. Мiж тым, тамтэйшыя спецыялiсты ды i простыя людзi даўно кажуць пра тое, што мiлiцыя — цяжка хворая. Напрыклад, у звароце грамадзян да грамадзян "За капiтальны рамонт мiлiцыi" яго iнiцыятары пытаюцца :"Чаму мiлiцыю не любяць i баяцца тыя, каго яна заклiканая абараняць? Чаму ўсе толькi i кажуць пра рэформу мiлiцыi, але, не зважаючы на дырэктывы i праверкi, нiчога сур'ёзнага не адбываецца? Чаму лавiна iнфармацыi аб самадурстве i карупцыi мiлiцыi, якая на нас абрушваецца са СМI, нiкога не здзiўляе i ўспрымаецца як норма?" Паводле меркавання зачыншчыкаў кампанii, гэта адбываецца з-за таго, што расiйская мiлiцыя стала дзяржавай у дзяржаве. "Мiлiцыя ў Расii, — сцвярджаюць яны, — незаўважна прыватызавала закон i парадак i жыве цяпер сама па сабе — вольная i незалежная. Народ яе старонiцца, улада аддае перавагу не звязвацца, злачыннасць расце".

Згодныя з падобным меркаваннем i некаторыя палiтыкi, якiя, кажучы пра зборны вобраз расiйскай мiлiцыi, параўноўваюць яго не з мiхалкоўскiм "дзядзькам Сцёпам", а з маёрам Еўсюковым. Паводле слоў старшынi Пецярбургскага "Яблык" Максiма Рэзнiка, сёння расiйская мiлiцыя ў большасцi сваёй не ахоўвае грамадзян, а служыць для iх крынiцай павышанай небяспекi. "У вачах вельмi многiх грамадзян, — сцвярджае ён, — мiлiцыя стала сiмвалам самавольства, беззаконня, карупцыi, нематываванага гвалту, прынiжэння тых, хто становiцца iх ахвярай. Пры гэтым яна абсалютна непадкантрольная грамадству, якое не мае на яе нiякага ўплыву".

Разам з тым, адносна гаворкi пра ахову небяспекi грамадзян, паводле "Newsland", нягледзячы на тое, што расiйская мiлiцыя ў пераразлiку на душу насельнiцтва з'яўляецца самай шматлiкай у свеце, яна да таго ж i самая неэфектыўная. Так, па розных ацэнках у Расii налiчваецца ад 1,5 да 2 мiльёнаў супрацоўнiкаў праваахоўных структур. Пры разлiку на душу насельнiцтва атрымлiваецца, што на тысячу расiян у сярэднiм прыходзiцца 13 мiлiцыянераў, а ў iншых краiнах гэты паказчык значна меншы: напрыклад, у Японii пры такой жа колькасцi насельнiцтва, што i ў Расii, правапарадак ахоўваюць усяго 250 тысяч чалавек. Што датычыцца неэфектыўнасцi працы расiйскiх мiлiцыянераў, то лепш за ўсё яна iлюструецца колькасцю раскрытых злачынстваў, — на аднаго мiлiцыянера прыходзiцца 2,7 злачынства. У Iзраiлi гэты паказчык складае 25 злачынстваў на аднаго палiцэйскага, у ЗША — 17,8, у ФРГ — 24, у Вялiкабрытанii — 29, у Чэхii — 12. Аднак самае страшнае не тое, што расiйскiя мiлiцыянеры працуюць неэфектыўна, а тое, што з кожным годам самi расiйскiя праваахоўнiкi ўчыняюць усё больш злачынстваў. Паводле звестак дэпартамента ўласнай бяспекi МУС Расii, з 2005 па 2007 год агульная колькасць зарэгiстраваных неправамерных дзеянняў з боку супрацоўнiкаў мiлiцыi ўзрасла ў 1,7 раза (з 44 тысяч 735 да 76 тысяч 85). На 27 працэнтаў павялiчылася колькасць супрацоўнiкаў органаў унутраных спраў, якiх злавiлi за руку пры атрыманнi хабару. Колькасць прыцягнутых да адказнасцi мiлiцэйскiх кiраўнiкоў рознага ўзроўню з 2005 па 2007 год павялiчылася ў 10 разоў, а да 2009-га гэты паказчык вырас на 22 працэнты i склаў больш як 6,5 тысячы. Па вынiках мерапрыемстваў дэпартамента ўласнай бяспекi вызваленыя ад займаемых пасад начальнiкi органаў унутраных спраў альбо iх намеснiкi ў Караева-Чаркескай Рэспублiцы, Iркуцкай, Бранскай, Яраслаўскай абласцях i ў Ямала-Нянецкай аўтаномнай акрузе. Сёлета было выяўлена звыш 69,1 тысячы правапарушэнняў (на 16 працэнтаў больш, чым летась), учыненых супрацоўнiкамi мiлiцыi, раскрыта 3837 злачынстваў (на 17,1 працэнта больш, чым за аналагiчны перыяд 2008 года).

Не сталi выключэннем у сэнсе гучных затрыманняў супрацоўнiкаў расiйскай мiлiцыi i апошнiя днi. Так, перадаюць "Iнтэрфакс" i "Газета.ру", "на поўначы Масквы затрыманы падпалкоўнiк мiлiцыi, якi вымагаў хабар у камерсанта, паведамiла крынiца ў праваахоўных органах у панядзелак. Паводле яе звестак, мужчына быў затрыманы ў рэстаране на Талдомскай вулiцы, 13 падчас перадачы яму камерцыйным дырэктарам адной з фiрмаў хабару ў памеры 160 тысяч рублёў. Яна патлумачыла, што мiлiцыянер абяцаў за грошы пасадзейнiчаць у непрыцягненнi камерсанта да крымiнальнай адказнасцi па адной з крымiнальных спраў аб махлярстве. Крынiца дадала, што таксама крымiнальная справа была заведзеная ў дачыненнi да аднаго з супрацоўнiкаў УУС Паўночна-Усходняй акругi, капiтана мiлiцыi, якi падазраецца ў махлярстве. "Некаторы час таму ў мiлiцыю напiсаў заяву генеральны дырэктар адной з камерцыйных фiрмаў, якi паведамiў, што мiлiцыянер i некалькi яго саўдзельнiкаў патрабуюць у яго грошы за спыненне праверкi фiнансава-гаспадарчай дзейнасцi фiрмы, якая яму належыць", — распавяла крынiца.

Iгар РЫГОРАЎ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Колькасць правапарушэнняў, учыненых расiйскiмi праваахоўнiкамi, расце Падобна, што кашу, якую заварыў у Расii маёр Дымоўскi, патрабуючы навесцi парадак у праваахоўных органах, яму самому i становiцца ўпоперак горла. Нагадаем, што мiлiцыянер, якi да гэтага часу быў часткай сiстэмы i ведаў усё пра карупцыю, не вытрымаўшы несправядлiвасцi, не спалохаўся, каб на ўвесь голас заявiць пра праблемы i звярнуцца да расiйскага прэм'ера. А ў вынiку, як кажуць, нарваўся на не жартоўныя непрыемнасцi: пайшло арганiзаванае масiраванае асуджэнне "паклёпнiцкiх заяў маёра", i некаторыя "крынiцы" нават дафантазiравалiся да таго, што гэты афiцэр, маўляў, агент замежных спецслужбаў, i "спяваў" ён пад чужую дудку.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика