Звольненая дырэктарка кнігарнi Акадэмкнiга: Я i цяпер, кладучыся спаць, думаю: за што?..
24.11.2009
—
Новости Общества
|
У 2008 годзе выканкам Першамайскага раёна сталiцы нават вылучыў кандыдатуру Соф'i Жыбулеўскай на прэмiю "За духоўнае адраджэнне". А нядаўна дырэктарку звольнiлi без тлумачэння прычынаў. Соф'я Жыбулеўская — рэдкi прыклад дырэктара кнiгарнi, якога асабiста ведалi навукоўцы, лiтаратары i нават звычайныя пакупнiкi. Найшырэйшы асартымент беларускiх навуковых, дапаможных i мастацкiх кнiг — яе асабiстая заслуга. У 1997 годзе, калi Соф'я Антонаўна ўзначалiла "Акадэмкнiгу", там прадавалi футра i касметыку. За некалькi гадоў ёй удалося зрабiць кнiгарню адной з самых прэстыжных i вядомых у краiне. I раптам — звальненне... Я сам часцяком заходжу ў "Акадэмкнiгу", заўжды зазiраў у кабiнет павiтацца са спадарыняй Жыбулеўскай. А тут заходжу, а мне кажуць: Соф'ю Антонаўну звольнiлi. За што? Па адказ я паехаў у госцi да Соф'i Антонаўны ў маленькую кватэру на ўскраiне Мiнска. "Спачатку працы i хабар прапаноўвалi, i нават пагражалi..." За савецкiм часам гэтая кнiгарня на рагу праспекта i вулiцы Сурганава належала маскоўскай Акадэмii навук. Працавала яна ад 70-х гадоў i ўваходзiла ў склад саюзнай сеткi "Акадэмкнiгi". Калi развалiўся Саюз, крама таксама стала развальвацца, там пачалi прадаваць футра, касметыку, аўдыё- i вiдэатэхнiку... З кнiг можна было пабачыць хiба што танныя бульварныя раманчыкi... Скончылася тым, што крама збанкрутавала i стаяла пад замком, хулiганы пакрысе сталi выбiваць шыбы. На краму кiдалi вока многiя бiзнэсоўцы — усёт- кi выгаднае месца ў цэнтры горада. Аднак Акадэмiя навук прыняла рашэнне адраджаць кнiгарню. Дзеля гэтага ў 1997 годзе запрасiлi Соф'ю Жыбулеўскую, якая на той час ужо 33 гады адпрацавала ў сiстэме кнiжнага гандлю i лiчылася найвопытнейшым чалавекам. Крама была ў вусцiшным стане: на ёй значылася каласальная запазычанасць за камунальныя паслугi, трэба было рабiць рамонт. А грошай не было нi капейкi... Першы час новая дырэктарка лiтаральна галадала... Але памаленьку-памаленьку справы пачалi зрушвацца з мёртвай кропкi... — Спачатку не ўдалося запрасiць добрых спецыялiстаў — бо заробкi былi мiзэрныя, — кажа Соф'я Антонаўна. — Таму праз два гады давялося звольнiць каля 80 % калектыву. Яны выявiлiся несумленнымi людзьмi: ашуквалi пакупнiкоў, прысвойвалi казённыя грошы, фабрыкавалi нешта... Пачала шукаць iншых людзей, з часам сфармiравалася выдатная каманда. Гады праз 4 кнiгарня стала вядомай. Я працавала на гэта. Вельмi пiльна адбiрала кнiгi для продажу. Многiм давала ад варот паварот: прыносiлi нейкую макулатуру, смецце. Я ж хацела, каб тут была кнiга навуковая, даведачная для школьнiкаў i студэнтаў, мастацкая лiтаратура. Усякае бывала: i пагражалi нават, калi адмаўлялася нейкiя бульварныя кнiгi браць у продаж... Прапаноўвалi хабар, каб дзе ў куточку прадаць папяросы цi касметыку... Але я стаяла прынцыпова на пазiцыi: гэта кнiгарня, i нi мыла, нi шампуню, нi сервiзаў тут не будзе. Толькi кнiга. Вартая кнiга. — Соф'я Антонаўна, па якой схеме адбывалася напаўненне новай кнiгарнi: выдавецтвы iшлi да вас, цi вы да выдавецтваў? — Я сама хадзiла па бiблiятэках, выдавецтвах, iншых кнiгарнях. Хадзiла ў Нацыянальную бiблiятэку, называлася, знаёмiлася. Прыйшла ў бiблiятэку Акадэмii мастацтваў, а загадчыца мне кажа: "Не пайду я ў вашу краму, мне футра не трэба!" Я патлумачыла, што там больш няма футра, а ёсць кнiгi. Яна здзiвiлася, тут жа прыбегла да нас — i з таго часу заходзiла рэгулярна. Кантакты з бiблiятэкамi таксама далi плён — яны сталi замаўляць у нас кнiгi для камплектавання, падказвалi нам кнiжныя навiнкi... — Вы наладзiлi таксама шчыльныя кантакты з нашымi пiсьменнiкамi — яны самi прыносяць новыя кнiгi на продаж у "Акадэмкнiгу"! Як гэта ўдалося? — Былi цяжкасцi ў тым плане, што спатрэбiлася ўносiць у лiцэнзiю пункт, каб мы маглi прымаць ад людзей кнiгi на камiсiю. Гэтым займаюцца далёка не ўсе кнiгарнi, таму ў хуткiм часе лiтаратары актыўна пацягнулiся да нас. Кнiгарнi ад гэтага — адны плюсы. Па-першае, многiя кнiгi выходзiлi накладамi ўсяго 100—150 асобнiкаў. I атрымлiвалася, што ў нас на палiцах — эксклюзiў! Па-другое, пiсьменнiк цi выкладчык, якi прынёс сваю кнiгу, рэкламаваў знаёмцам, што яе можна прыдбаць у "Акадэмкнiзе". Людзi прыходзiлi, набывалi патрэбную кнiгу — а разам з ёй i нешта яшчэ паводле свайго густу. У вынiку доля ад продажу камiсiйных кнiг стала iстотнай у агульным прыбытку кнiгарнi... "Ездзiла працаваць у Мiнск з Заслаўя, начавала на вакзале..." — Соф'я Антонаўна, мяркую, што ўсiм, хто вас ведаў як нязменную дырэктарку "Акадэм- кнiгi", будзе цiкава даведацца падрабязнасцi: дзе вы вучылiся, дзе працавалi раней... — Я нарадзiлася ў Навашыне, за Заслаўем. У школе вельмi любiла фiзiку, матэматыку, хiмiю. Удзельнiчала ў алiмпiядах, едзiла ў гурток юных фiзiкаў пры БДУ. Першы год не паступiла на фiзфак — не хапiла 0,7 бала... Пайшла да прарэктара, а ён паляпаў па плячы: "Жывi, набiрайся досведу, пасля будзеш паступаць..." Я працавала год на камвольным камбiнаце, ездзiла з Заслаўя, бо наймаць кватэру не мела магчымасцi. А электрычкi тады не хадзiлi, толькi цягнiкi. Таму часам даводзiлася начаваць на вакзале. Падыходзiлi мiлiцыянты, казалi: "Вунь цягнiк з Нямеччыны прыйшоў, там афiцэры, добра плацяць...". Думалi, што я тут нечага шукаю такога... Пасля, у 1964 годзе, аднакурснiца прыладзiла мяне працаваць прадавачкай у кнiгарню на Брылеўскай. З таго часу — 45 гадоў я ў кнiжным гандлi. На мяне звярнулi ўвагу — i неўзабаве я ўзначалiла кнiгарню на Карла Лiбкнехта. Пасля адчыняла кнiгарню на Прытыцкага... Пасля ўзначальвала прафсаюзны камiтэт супрацоўнiкаў Мiнскаблгандлю — а гэта 1200 чалавек. Пасля — мiнскае абласное аддзяленне грамадскага аб'яднання "Кнiга". А пасля была "Акадэмкнiга"... — Атрымлiваецца, што вы ўзначальвалi "Акадэмкнiгу" 12 гадоў. Цi былi за гэты час да вас нейкiя пытаннi, нараканнi, прэтэнзii? — Дзякуй Богу, не. Дзесьцi праз 6 гадоў працы нас прыйшла правяраць падатковая iнспекцыя. Я думаю: "Ну, зараз ужо будуць шукаць нешта..." Апынулася, што ўсё выдатна. I гэта было найвялiкшай пахвальбой мне. Бо я заўжды ставiлася вельмi адказна да падбору кадраў. На пасаду галоўнага бухгалтара брала толькi прынцыповых людзей, якiя не пойдуць на махлярства цi махiнацыi. А сама нiколi не ўмешвалася ў фiнансавыя працэсы — каб не падалося, што я на нешта магу ўплываць. Патрабавала, каб усё было шчыра як на духу. "Няўжо я не заслужыла нават "дзякуй"?.. — Соф'я Антонаўна, чаму вас звольнiлi? — Для мяне было нечаканасцю не само звальненне, а тое, як гэта было зроблена. Бо я ўжо i сама хацела звальняцца — кнiгарня расла, а я ж не маладзела, было трошачку складана. Час бяжыць, трэба неяк рэарганiзоўваць краму, ствараць новую канцэпцыю, змяняць абсталяванне... Але цiкавасць працаваць была, заўжды ўзнёслая iшла на працу, нiколi не спазнялася нават... Калi было 10-годдзе кнiгарнi, кiраўнiцтва Акадэмii навук вельмi цёпла адгукнулася пра нашую дзейнасць, пра супрацоўнiкаў, пра мяне... I раптам пры канцы 2008 года з'яўляецца загад пра маё звальненне. Але тады за мяне заступiлiся навукоўцы з Прэзiдыума, i гэты загад адмянiлi, працягнулi са мной кантракт на паўгода. На мяне пачалi цiснуць — тэлефанавалi з аддзела кадраў на працу, на мабiльны, дахаты — прасiлi напiсаць заяву па ўласным жаданнi. Але я адказала: калi ёсць за што, звальняйце. Прайшло паўгода — i кантракт са мной проста не працягнулi... Цяпер прайшло ўжо некалькi месяцаў, а я кладуся спаць i думаю: за што?.. Чаму са мной абышлiся так? За тое, што я падняла краму з попелу i зрабiла яе вядомай на ўсю краiну? За тое, што мы дасягнулi такiх высокiх эканамiчных паказчыкаў? Я разумею, што трэба абнаўляць кадры, даваць дарогу маладым. Я згодная была сама пайсцi на заслужаны адпачынак. Але цi не можна было сказаць мне "дзякуй" i развiтацца па-добраму?.. — Соф'я Антонаўна, а хто цяпер дырэктар "Акадэмкнiгi"? — Пэўны час пасля майго звальнення абавязкi кiраўнiка выконваў мой намеснiк Сяргей Клiмовiч, якi працуе ў кнiгарнi вось ужо 10 гадоў. Пасля была прызначаная дырэктаркай Вольга Мiкалаеўна Глухоўская. Гэта свой чалавек у кнiжнай сiстэме — да гэтага працавала дырэктаркай "Цэнтральнай кнiгарнi", часам заходзiла да нас, мы былi знаёмыя. Пасля прызначэння яна затэлефанавала мне i прапанавала сустрэцца са словамi: "Соф'я Антонаўна, мабыць вы зацiкаўленыя, каб кнiгарня захавалася..." Я, чым змагу, дапамагу Вользе Мiкалаеўне. Бо "Акадэмкнiга" — гэта маё дзiця, якое я песцiла i ставiла на ногi... P.S. Калi Соф'ю Антонаўну звольнiлi, калектыў кнiгарнi напiсаў лiст. Людзi выказвалi нязгоду з рашэннем аб звальненнi дырэктаркi i выказвалi занепакоенасць за далейшы лёс кнiгарнi. Адказу так i не было. Глеб ЛАБАДЗЕНКА. Фота аўтара. КАМЕНТАР АКАДЭМII НАВУК Па каментар я звярнуўся да начальнiка Упраўлення кадраў i кадравай палiтыкi Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi Iвана ТОМАША. — Яна сышла на пенсiю, — адказаў Iван Iванавiч. — Прычына ва ўзросце, ёй жа ўжо больш за 60 гадоў... Яна i сама збiралася сыходзiць... Але ж i кадры трэба амалоджваць — таму i гэта таксама... У мяне асабiста да яе прэтэнзiй няма. Кiраўнiцтва вырашыла абнавiць кадры. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У 2008 годзе выканкам Першамайскага раёна сталiцы нават вылучыў кандыдатуру Соф'i Жыбулеўскай на прэмiю "За духоўнае адраджэнне". А нядаўна дырэктарку звольнiлi без тлумачэння прычынаў.
|
|