ЧАРОЎНЫ ТРУСІК ПА КІЕЎСКУ
24.11.2009
—
Новости Общества
|
Яшчэ задоўга да Дзiцячага конкурсу песнi "Еўрабачанне-2009" праз СМI нам пачалi навязваць думку, што прадстаўнiк нашай краiны Юра Дземiдовiч — галоўны прэтэндэнт на перамогу, а калi за гадзiну да адкрыцця конкурсу па тэлебачаннi сказалi, што песню "Чароўны трусiк" спяваюць "ва ўсiм свеце", то стварылася ўражанне, нiбыта конкурс песнi ў Кiеве — простая фармальнасць, i толькi цiкава, на колькi балаў адарвецца "трусiк" ад астатнiх удзельнiкаў. На гэты раз у "Еўрабачаннi-2009" удзельнiчалi 13 краiн, i пераважная большасць з iх была ў свой час у адной звязцы — "сацыялiстычным лагеры". I гэты факт даваў надзею, што нашага выканаўцу гледачы падтрымаюць, такое здаралася на папярэднiх конкурсах, мы ўсё яшчэ прывыклi дзялiцца на "сваiх" i "чужых". Але чамусьцi гледачоў з iншых краiн наш "Чароўны трусiк" не дужа ўразiў. Можа, яны не ведалi, што гэтую песню спявае "ўвесь свет"? Да Юры Дземiдовiча прэтэнзiй няма — таленавiты хлопчык. Сведчанне гэтаму — адзiн эпiзод з яго выступлення, калi Юра на нейкае iмгненне раскрыўся i заспяваў свабодна, але скокi ў акружэннi "вушастых пераросткаў" змазалi ўвесь нумар. I яшчэ адзiн штрых. За выключэннем удзельнiцы са Швецыi ды яшчэ румынскай групы, дзецi былi апранутыя свабодна, а з Юры зрабiлi мадэльера Славу Зайцава ў мiнiяцюры, не хапала, бадай што, толькi блiскучай бляхi на шыi. Мы чамусьцi забываем пра дзiцячую непасрэднасць. Тая ж шведка пераблытала дзiцячы конкурс з дарослым i выйшла на абцасах у пядзю — не падлетак, а нявеста. Сказаць, што выступленне пераможцы конкурсу Ральфа Макенбаха з Нiдэрландаў было яркiм — нельга. Галандцы наладзiлi тусоўку без штучнасцi i надуманасцi, i гэта падкупiла гледачоў. У нумары нашай каманды якраз гэтага i не хапала. Тыя, хто рыхтаваў юных артыстаў да выступлення ў Кiеве, на маю думку, не зусiм разумелi, якiм на сцэне павiнен быць чароўны трусiк. Акрамя гэтага, уся кампазiцыя не мела цэласнасцi. Але спявак зрабiў усё, што ад яго патрабавалi дарослыя. Юра выступаў пасля дзесяцiгадовай дзяўчынкi з Бельгii. Лаўра выдатна выканала песню "Так закахана", i гледачы ўбачылi, што ўсе гэтыя "бэк-вакалы" i "падтанцоўкi" павiнны не перашкаджаць спеваку, а толькi адцяняць яго талент. I юная бельгiйка заслужана заняла 3 месца. Сiмпатыi нашы выклiкала i Каця з Расii, якая з песняй "Маленькi прынц" падзялiла другое месца з армянкай Луарай. На мой погляд, выступленнi дзяўчатак з Расii i Бельгii былi самымi яркiмi. Гаспадары конкурсу, украiнцы, паказалi кампазiцыю "Тры сурмы". Даволi лубачная замалёўка з народнага жыцця не ўяўляла вялiкай цiкавасцi, хоць у некага i змагла выцiснуць слязу. Калi не памыляюся, песню "Чароўны трусiк" пераклалi нават на кiтайскую мову. Цяжка сказаць, як песня гучыць па-кiтайску, бо не чуў, але цi спявалi "Чароўнага трусiка" па-беларуску? На конкурсе ў Кiеве, здаецца, усе ўдзельнiкi выконвалi песнi на родных мовах, акрамя Юры Дземiдовiча. Хлопчык не горш выканаў бы песню i па-беларуску... Неяк пераможца аднаго з конкурсаў Ксюша Сiтнiк пахвалiла ўдзельнiц "Еўрабачання-2008". Выступленне не было правальным, i тым не меней: "Дзяўчаткi добра спявалi — на нашай (рускай) мове". Дзiця, а ўжо ўстаноўка на жыццё ёсць. Цiкавы момант быў на конкурсе, звязаны з размеркаваннем балаў кожнай краiнай. Дзяўчынка з Беларусi, мiлая iстота, затрымала дыханне на некалькi секунд i выдыхнула: "Раша — 12 балаў", а як iнакш, калi агонь любовi i братэрства гарыць у нашых сэрцах. Праўда, Расiя, забыўшы пра салiдарнасць, выставiла "Чароўнаму трусiку" 6 балаў. Дробязь, але неабходна навучыцца паважаць сябе, сваю культуру. Той, хто ўзводзiць сцены на чужым падмурку, не будзе жыць у сваiм доме. Дзiцячы конкурс песнi "Еўрабачанне-2009" не быў маштабным. Паўплываў крызiс цi яшчэ нейкiя фактары, але на iм далёка не ўся Еўропа была прадстаўлена. Але нават пры такой слабай канкурэнцыi наш спявак заняў толькi 9 месца i набраў 48 балаў (пераможца — 121). Нiводная краiна не дала песнi "Чароўны трусiк" найвышэйшай адзнакi. Дык у чым жа прычына? Хiба ў Беларусi няма таленавiтых дзяцей? Дастаткова, i Юра таму прыклад. Я ўпэўнены, што прычына не ў дзецях, а ў дарослых, якiя гэтых дзяцей накiроўваюць... I апошняе. Колькi раней было нараканняў на непрафесiяналiзм нашых каментатараў, але гэтым разам усё прайшло спакойна, без надрыву i "пургi" — можам выглядаць годна, калi захочам. А каб яшчэ па-беларуску аповед вёўся... Сымон Свiстуновiч. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яшчэ задоўга да Дзiцячага конкурсу песнi "Еўрабачанне-2009" праз СМI нам пачалi навязваць думку, што прадстаўнiк нашай краiны Юра Дземiдовiч — галоўны прэтэндэнт на перамогу, а калi за гадзiну да адкрыцця конкурсу па тэлебачаннi сказалi, што песню "Чароўны трусiк" спяваюць "ва ўсiм свеце", то стварылася ўражанне, нiбыта конкурс песнi ў Кiеве — простая фармальнасць, i толькi цiкава, на колькi балаў адарвецца "трусiк" ад астатнiх удзельнiкаў.
|
|