За гады iснавання Берлiнскага муру памежнiкi застрэлiлi 1068 чалавек.... 21.by

За гады iснавання Берлiнскага муру памежнiкi застрэлiлi 1068 чалавек...

28.11.2009 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" Глеб ЛАБАДЗЕНКА знаходзiцца ў Берлiне, дзе працягваецца святкаванне 20-годдзя падзення Берлiнскага муру

Даведаўшыся, што Інстытут Гётэ ў Мiнску адбiрае журналiстаў для азнаямляльнай паездкi ў Берлiн, я, вядома, адразу падаў заяўку. Хоць i бываў ужо ў сталiцы Германii, але тэма гэтай паездкi — 20-годдзе падзення Берлiнскага муру (мiж iншым, беларускi "мур" i нямецкая "мауэр" маюць нешта агульнае). Быў вельмi ўсцешаны атрымаць вестку, што з Беларусi адабраныя для паездкi двое журналiстаў, у тым лiку — спецыяльны карэспандэнт "Звязды".

I ўсё мусiла прайсцi дакладна i гладка: iмкненне немцаў да парадку — гэта не мiф. Я атрымаў бiлеты на самалёт у два бакi, у аэрапорт была замоўлена машына, па мэйле дасланыя рэкамендацыi, якiя рэчы браць з сабой i якое надвор'е плануецца ў Берлiне. Аднак...

— 99 %, што вы не паляцiце, — без драбiнкi жалю кажа мне ў нашым аэрапорце супрацоўнiк "Белавii". — У вас шматразовая шэнгенская вiза адкрытая ў польскай амбасадзе, а ляцiце вы ў Германiю. Вас могуць не пусцiць, бо па такой вiзе трэба наведаць спачатку Польшчу.

Такая тырада не надта ўсхвалявала мяне спачатку, бо адпаведныя пытаннi я задаваў i ў польскай, i ў нямецкай амбасадах. Да таго ж я добра разумею, што афiцыйна запрошанага журналiста наўрад цi павернуць дадому ў берлiнскiм аэрапорце. Аднак у супрацоўнiкаў "Белавii" моцныя нервы — яны прыдумляюць кангенiяльны варыянт: каб я напiсаў распiску, што не маю прэтэнзій да "Белавii" ў выпадку маёй дэпартацыi з Германii i гатовы кампенсаваць "Белавii" штраф у такiм разе.

— А якi памер штрафу? — цiкаўлюся я.

— Па-рознаму, — адказвае супрацоўнiк. — Ад 2 да 20 тысяч долараў.

I тут я разумею, што на блеф можна адказваць толькi блефам.

— Давайце аркуш, я згодны.

За 10 хвiлiн (!) да ўзлёту мяне прапускаюць у самалёт. Пасажыры, якiя назiралi гэтае шоу, вiншуюць мяне. Паўтары гадзiны — i я ў Берлiне.

Цi трэба казаць, што ў берлiнскiм аэрапорце ў мяне не спыталi нi слова пра вiзу?..

"Пасля памежнiк узняў аўтамат i застрэлiў майго брата ў галаву..."

Берлiнскi мур быў часткай мяжы мiж прасавецкай ГДР i больш свабоднай ФРГ. Мяжа iшла па ўсёй краiне, але ў Берлiне ўлады палiчылi неабходным збудаваць мур — бо ў вялiкiм горадзе цяжка ўпiльнаваць кожны метр мяжы. Да таго ж, 90 тысяч усходнiх берлiнцаў перад тым штодня ездзiлi на працу, некаторыя мелi кватэры ў "свабоднай" частцы горада. У ноч з 12 на 13 жнiўня 1961 года ў горад увайшлi 40 тысяч узброеных памежнiкаў, каб "падтрымаць парадак". З таго дня трапiць з адной часткi горада ў другую можна было толькi паводле спецыяльнага дазволу, якi выдаваўся далёка не ўсiм. Шмат людзей спрабавалi пералезцi праз мур нелегальна. За першыя некалькi гадоў такiх набралася каля 5000. Паводле афiцыйных звестак, за 28 гадоў iснавання муру памежнiкi застрэлiлi па ўсёй Германii 1068 чалавек, у самiм Берлiне — 136. Даследчыкi мяркуюць, што гэтую лiчбу варта памножыць мiнiмум на два. Першай забiтай ахвярай стаў Гюнтэр Лiтфiн — яго застрэлiў памежнiк 24 жнiўня 1961 года. Лiтфiн спрабаваў пераплысцi з Усходняга Берлiна ў Заходнi па рацэ, праплыў колькi метраў, яго заўважылi, сталi хаатычна страляць. Лiтфiн зразумеў, што спроба правалiлася, павярнуўся, узняў рукi. Тады памежнiк Герберт Плаўль пераключыў кулямёт з рассеянай стральбы на прыцэльную i забiў Гюнтэра стрэлам у галаву. Сёння Плаўль жыве, яму 71 год, атрымлiвае неблагую пенсiю. Ён не панёс нiякага пакарання — толькi ўмоўны тэрмiн. Мы з калегамi iдзём у Музей першай ахвяры муру, якi стварыў брат Гюнтэра Юрген Лiтфiн. Музей створаны ў былой назiральнай вышцы, якая стаяла пры муры. Цiкава, што музей не падтрымлiваецца дзяржавай i горадам, а жыве з дапамогi розных фондаў.

— Працэс над забойцам брата адбыўся ў 1997 годзе. Iмя забойцы — Герберта Плаўля — я даведаўся яшчэ ў 1992-м, калi пабачыў у сакрэтнай палiцыi дакументы па гэтай справе. Сведкi на працягу працэсу змянялi свае сведчаннi, таму забойца атрымаў толькi 16 месяцаў умоўна...

Тады, у 1961-м, Гюнтэру было 24, Юргену — 21. Яны жылi ва Усходнiм Берлiне разам з бацькамi. Iх бацька быў заснавальнiкам партыi "Хрысцiянска-дэмакратычны саюз", апазiцыйнай партыi ў ГДР. Штодня яны не ведалi, цi прыйдзе бацька дадому, жылi ў атмасферы страху. Гюнтэр ездзiў на працу ў Заходнi Берлiн, меў там прыбытковую справу — шыў касцюмы для акцёраў i вядомых дзеячаў культуры. Набыў там кватэру, разам з братам зрабiлi рамонт, Гюнтэр збiраўся пераехаць. 15 мая 1961 года памiрае iх бацька. 13 жнiўня пачынаецца будаўнiцтва муру, з таго дня трапiць з адной часткi горада ў другую стала немагчыма.

— З таго дня брат ездзiў па горадзе на ровары i шукаў, дзе яшчэ можна пералезцi, — кажа гер Юрген. — Гэтыя днi мы не размаўлялi ў хаце, бо баялiся, што кватэра праслухоўваецца. Пра тое, што брата забiлi, мы даведалiся з заходняга тэлебачання. Паехалi ў трупярню, але брата нам не паказалi. Да канца жнiўня я не мог спаць — баяўся, што яны расстралялi яго да непазнавальнасцi. На пахаванне яго прывезлi ў зачыненай i запламбаванай труне. Людзей было вельмi шмат, я папрасiў знаёмых затулiць труну з усiх бакоў, каб нiхто з сакрэтнай палiцыi не бачыў. Узяў кусачыкi, разрэзаў пломбы, адчынiў вечка — i толькi тады пераканаўся, што гэта брат. У яго быў стрэл у патылiцу i пластыр на падбароддзi — куля прайшла наскрозь. Сакрэтная палiцыя напiсала ў пратаколе, што "на пахаваннi злачынца Гюнтэра Лiтфiна прысутнiчала 60 старых людзей", хаця насамрэч людзей было больш за тысячу... Самая масавая дзяржаўная газета адразу напiсала пра "злачынца, якi нам здрадзiў". У 2001 годзе да мяне звярнулася па рэпартаж тая самая газета. Але я адмовiў iм.

Пытаюся ў гера Юргена, цi прагне ён пакаранне для забойцы брата.

— Справядлiвасцi не iснуе. Усе забойцы на свабодзе, усе атрымалi толькi ўмоўныя пакараннi... Я нават не сустракаўся з iм. Нашто мне сустракацца з гэтым чалавекам? Ён невук i iдыёт! Скончыў 7 класаў, пасля пайшоў у народную палiцыю. Адзiнае, чым ён мог праславiцца — гэта забойства чалавека. Атрымаў за гэта нават ордэны. Гэта адказнасць дзяржавы, якая выхоўвала забойцаў. Я не стаў бы сядаць з забойцам за адзiн стол перамоваў...

"Дом стаяў ва Усходнiм Берлiне, а вокны выходзiлi на Захад"

У Музеi берлiнскага муру нас вiтае святар Манфрэд Фiшар, адзiн са стваральнiкаў таварыства Берлiнскага муру. Ён апавядае цiкавую дэталь. Мур прайшоў якраз па фасадах дамоў, якiя стаялi на гэтай вулiцы. Iх вокны выходзiлi ў "свабодную" частку горада. Людзi, натуральна, карысталiся гэтым — i ўцякалi. Памежнiкi з-за плота заўважылi тое. Аднак жыхары Заходняга Берлiна былi кемлiвымi i затулiлi дом вялiкiм рэкламным плакатам, каб не было вiдаць, цi скача хто з акна. Неўзабаве дамы зруйнавалi.

— На гэтым месцы стаяў храм, — паказвае гер Манфрэд. — Ён знаходзiўся роўна на кантрольнай паласе мiж дзвюма часткамi горада. Яго ўзарвалi ў 1985 годзе, усяго за 4 гады да падзення муру, бо замiнаў памежнiкам праглядаць тую паласу...

Намаганнямi Манфрэда Фiшара на гэтым месцы збудаваная каплiца, а вакол пад адкрытым небам экспануюцца рэшткi i фотаздымкi зруйнаванага храма.

"Маю цётку згвалцiлi 12 савецкiх жаўнераў..."

Наступная частка праграмы — экскурсiя па былым рэйхстагу. Экскурсавод мае сваю думку пра "ўзяцце рэйхстагу" i "гiтлераўскi бярлог". Рэч у тым, што яшчэ ў лютым 1933 года Рэйхстаг згарэў пры моцным пажары i з таго часу не быў адноўлены. Таму ў 1945 годзе савецкiя войскi "бралi" фактычна руiны. Да таго ж сам Гiтлер у рэйхстагу нават да таго бываў усяго некалькi разоў. Бо тут адбывалiся пасяджэннi парламента, якi быў да фюрэра ў апазiцыi.

Сёння на ўнутраных сценах захаваныя многiя надпiсы, якiя пакiнулi тут савецкiя салдаты ў маi 1945-га.

— Пры iх кансервацыi была створаная нямецка-расiйская камiсiя, i яна вырашыла прыбраць усе непрыстойныя словы, якiх тут была цi не большасць, — кажа экскурсавод.

Пакiнулi самыя бяскрыўдныя, кшталту "так вам i трэба, сукiным сынам" i "агледзеў руiны Берлiна, вельмi спадабалася". З брыдкаслоўя засталiся хiба што словы "я...ць" i "шлюха". Пакiнулi iх у педагагiчных мэтах.

— Маю цётку згвалцiлi 12 савецкiх салдатаў, — кажа экскурсавод. — Аднак яна, як нi дзiўна, не трымае на iх злосцi. Хоць была жонкай апазiцыйнага палiтыка, якi выступаў супраць Гiтлера... Калi цётка апавядала мне пра згвалтаванне, то сказала: "Я разумею, што такiм чынам я, нямецкая жанчына, заплацiла за нямецкую агрэсiю супраць iншых краiн"...

Нам паказваюць залу, дзе засядаюць дэпутаты. Высвятляецца, што з шасцiсот дваццацi двух дэпутатаў на пасяджэннi ходзiць хiба што дзясятая частка. Астатнiя проста плённа працуюць у тэматычных камiсiях. Над залай — балконы, куды паводле папярэдняга запiсу пускаюць усiх ахвотных грамадзян паназiраць за пасяджэннем. Якраз цяпер у Берлiне iдзе судовы працэс з гэтай нагоды. Падчас аднаго з пасяджэнняў некалькi чалавек з "Грынпiса" скокнулi з балкона ў залу i пачалi крычаць свае лозунгi. А за перашкоду ў працы дэпутатаў у Германii пагражае да чатырох гадоў турмы. Уратуе iх, вiдаць, тое, што пасяджэнне было абвешчанае закрытым лiтаральна за iмгненне да гэтага.

(Працяг будзе.)

Глеб ЛАБАДЗЕНКА. Фота аўтара.

Берлiн.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Спецыяльны карэспандэнт "Звязды" Глеб ЛАБАДЗЕНКА знаходзiцца ў Берлiне, дзе працягваецца святкаванне 20-годдзя падзення Берлiнскага муру Даведаўшыся, што Інстытут Гётэ ў Мiнску адбiрае журналiстаў для азнаямляльнай паездкi ў Берлiн, я, вядома, адразу падаў заяўку. Хоць i бываў ужо ў сталiцы Германii, але тэма гэтай паездкi — 20-годдзе падзення Берлiнскага муру (мiж iншым, беларускi "мур" i нямецкая "мауэр" маюць нешта агульнае). Быў вельмi ўсцешаны атрымаць вестку, што з Беларусi адабраныя для паездкi двое журналiстаў, у тым лiку — спецыяльны карэспандэнт "Звязды".
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика