Па слядах вусатага няня прайшлi вядучыя праграмы Добрай ранiцы, Беларусь!
08.12.2009
—
Новости Общества
|
Да надыходу Новага года яшчэ больш за тры тыднi, але падрыхтоўка да свята i яго рэпетыцыя практычна паўсюль ужо iдуць поўным ходам. Тэлевiзiйнiкi таксама вырашылi не заставацца ў баку ад гэтага працэсу i правесцi сваю рэпетыцыю — у сталiчным дзiцячым садку № 266. Усе вядучыя праграмы "Добрай ранiцы, Беларусь!" атрымалi аднолькавае заданне: заняць i развесялiць цэлую групу малых. Справiлася з гэтым кожная пара па-свойму. ...Нашу машыну дзецi заўважылi адразу i, прыляпiўшыся да акенца, замахалi рукамi: "Да нас, да нас заходзьце!". А ўнутры ўжо чакалi выхавацелькi малодшай групы, якiя расказалi пра асаблiвасцi першага задання: разам з дзецьмi трэба было размалёўваць загадзя выразаныя з паперы далонькi i наклейваць iх на адмысловую "ёлку". Загадчыца садка Любоў Алексяюк да вiзiтаў тэлевiзiйнiкаў прызвычаiлася: "Мы вельмi любiм такiя сустрэчы, — паколькi ўжо даўно займаемся музейнай дзейнасцю разам з музеем Якуба Коласа, то час ад часу ўдзельнiчаем у розных праграмах тэлебачання. Таму цяперашняй прапанове таксама ўзрадавалiся — для дзяцей гэта выдатнае свята, тым больш звязанае з Новым годам! Паглядзiм, як тэлевядучыя здолеюць iх зацiкавiць — у маленькiх дзетак цяжка доўга ўтрымлiваць увагу на адной справе, аднак калi адбываюцца вельмi цiкавыя падзеi i сюрпрызы, дзетак можна заняць на гадзiну i болей". Ёлка з далонек Гадзiны вядучым не спатрэбiлася — пасля секунднага замяшання Святлана Бароўская i Аляксандр Паўлаў азартна ўключылiся ў мастацкiя работы па афармленнi ёлкi з папяровых далонек. Малыя, абляпiўшы тэлевядучых як старых знаёмых, адразу расказалi, хто б'ецца, а хто нiколi не сварыцца, залпам выпалiлi развучаныя да ранiшнiка вершыкi, пахвалiлi катлеты ў сталоўцы, а некаторыя нават хатнiя справы пераказалi. І ўсё гэта — не перарываючы творчага працэсу. А на развiтанне, калi б iм далi волю, дзецi перадарылi б вядучым цi не ўвесь цацачны запас у групе! — Я баялася, што дзецi будуць шумныя i непаслухмяныя, што нам будзе складана справiцца — а атрымалася наадварот, усе дзеткi такiя цудоўныя, як быццам з усiх груп адабралi найлепшых выхаванцаў. Я акунулася ў такую неперадавальную пяшчоту, — падзялiлася пасля запiсу мама двух сыноў Святлана Бароўская. — Калi ты яшчэ не мама i ўжо мама — гэта дзве вялiкiя рознiцы. Размаўляючы з iншымi дзецьмi, ты ўзгадваеш, як паводзiлi сябе твае ўласныя. I я вельмi добра адрознiваю характары дзяцей — хто з iх настойлiвы i ўпарты, хто сцiплы i сарамлiвы... Так цiкава, кiм яны вырастуць! Сярод iншых убачыла адну дзяўчынку, вельмi падобную да мяне самой у дзяцiнстве. У мяне таксама быў чубчык i хвосцiк, i я з дзелавым выглядам гуляла ў цырульню. Гэтая дзяўчынка такая ж — дзелавая, са сваёй пазiцыяй.Карыснае—некарыснае "Святлана прыроджаны педагог — у мяне так не атрымаецца", — разгублена шаптала Вольга Водчыц, назiраючы за работай калег. "Не хвалюйся, у нас атрымаецца лепш!" — з выглядам змоўшчыка падмiргнуў яе партнёр Дзмiтрый Карась. Для "сваёй", больш старэйшай групы тэлевядучыя падрыхтавалi гульню ў колца, а таксама набылi сувенiры — пазлы з героямi любiмых мульцiкаў. Старэйшыя дзецi аказалiся больш жвавымi, нават неўтаймоўнымi, таму ў мэтах бяспекi Вольга з Дзмiтрыем на хаду перайгралi сцэнарый, i замест колца прапанавалi пайграць у "ядомае—неядомае". I вось тут здымачную групу чакаў сюрпрыз: сучасныя дзецi аказалiся та-акiмi дасведчанымi... — Катлета! — кiнуў мяч Дзмiтрый Карась маленькаму сур'ёзнаму хлопчыку. — Карыснае, — рэзюмаваў малы. — Цукерка! Што ж ты не ловiш — гэта ядомае? — Затое некарыснае, — патлумачыў някемлiвым дарослым юны прагматык. Ядомым дзецi прызналi таксама рамонак — а што, з iм можна рабiць чай. "У мяне бабуля п'е такi чай, ад старасцi", — расказала адно дзяўчо. Робячы для сябе ўсё новыя адкрыццi, вядучыя ў вынiку так захапiлiся, што не пачулi настойлiвых намёкаў рэжысёра: "Робiм канцоўку!". — Ну як, што лягчэй — адпрацаваць пяць эфiраў запар або адзiн вечар у дзiцячым садку? — цiкаўлюся ў стомленай пары. — Лягчэй эфiры.... Не, i тое, i тое цiкава, — паправiўся Дзмiтрый Карась. — Хоць спачатку я вельмi баяўся — здавалася, што нiчога не атрымаецца, дый дзецi таксама крыху спалохалiся. Але потым, калi яны пачалi дзялiцца сваiмi жыццёвымi назiраннямi i вопытам, зразумеў, што мы можам нават пераплюнуць калегаў. — Дастаткова было пачаць гульню, i мы знайшлi кантакт, — заўсмiхалася Вольга Водчыц. — Цяперашнiя дзецi — гэта натуральна, зусiм iншае пакаленне, але, з iншага боку, я ўспомнiла, што ў iх узросце таксама адчувала сябе вельмi дарослай i разумнай. — Дык што, мы не пачулi галоўнага: народзiш траiх дзяцей? — знянацку падлавiлi дзяўчыну калегi. — Я з задавальненнем бы, — разгубiлася вядучая пад агульны смех. Па меркаваннi строгiх суддзяў — выхавацелек — з заданнем тэлевядучыя справiлiся. А як гэта было, можа ўбачыць кожны ахвотны — у сераду ў праграме "Добрай ранiцы, Беларусь!".
Пытанне ў тэму Кiм вы былi на ранiшнiку ў дзiцячым садку? Аляксандр Паўлаў: — Чараўнiком. Мне рабiлi высокi каўпак з ватману i чароўную палачку, якой я ўзмахваў. Хацелася б, каб атрымлiвалася рабiць цуды i цяпер... Святлана Бароўская: — Самае простае — Сняжынкай, потым яшчэ Чырвоным каптурком... I ў мяне заўжды былi суперскладаныя i прыгожыя касцюмы — мая мацi старалася як магла. Аднойчы пашыла касцюм Мальвiны — блакiтная спаднiчка, камiзэлька, вялiзны бант; i хоць давялося ўсю ноч спаць на бiгудзi, затое атрымалiся такiя шыкоўныя кучары! Потым я была нейкай iншапланецянкай у блакiтным атласным камбiнезоне... Увогуле, я не была сёмай Сняжынкай, гэта заўжды былi цi Чырвоны каптурок, цi Мальвiна, цi Снежная каралева — гераiня, якая адна ў казцы. Дзмiтрый Карась: — Я быў Пятрушкай. Такi касцюм маме было прасцей зрабiць: каўпачок з ватману размалёўваўся фарбамi, а да яго — яркая вопратка. Хоць зайчыкам я таксама быў, добра помню белую шапачку з вушкамi... Вольга Водчыц: — У мяне была незвычайная мара. Тады паказвалi савецкi фiльм пра Шэрую шыйку, i я, забыўшыся на вобраз Сняжынкi, вельмi захацела быць качкай. Тата здаўся на мае просьбы i зрабiў з каляровай аксамiтнай паперы нос — атрымалася не вельмi падобна, але я была на тым ранiшнiку самая шчаслiвая! А вы, шаноўныя чытачы, памятаеце свае ўлюбёныя ролi i касцюмы на дзiцячых ранiшнiках? Падзялiцеся з намi сваiмi гiсторыямi i фота! Лiсты прымаюцца да 20 снежня ўключна на паштовы або электронны адрас рэдакцыi. Аўтарам трох лепшых гiсторый гарантаваныя фiрменныя "звяздоўскiя" прызы! Вiкторыя ЦЕЛЯШУК. Фота аўтара. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да надыходу Новага года яшчэ больш за тры тыднi, але падрыхтоўка да свята i яго рэпетыцыя практычна паўсюль ужо iдуць поўным ходам. Тэлевiзiйнiкi таксама вырашылi не заставацца ў баку ад гэтага працэсу i правесцi сваю рэпетыцыю — у сталiчным дзiцячым садку № 266. Усе вядучыя праграмы "Добрай ранiцы, Беларусь!" атрымалi аднолькавае заданне: заняць i развесялiць цэлую групу малых. Справiлася з гэтым кожная пара па-свойму. |
|