Блізкія суседзі, добрыя сябры
06.01.2010
—
Новости Общества
|
На Беларусі пражывае болей за дзвесце тысяч этнічных украінцаў
Не раз даводзілася чуць: беларусы ў сяброўскай бяседзе ахвотна спяваюць і ўкраінскія песні. Ведаюць “Ехалі казакі, ды на Украіну”, і “Галю ж мая, Галю, дай вады напіцца…”, і “Чэрвону руту”… А даследчыкі культуры Палескага рэгіёну, памежных тэрыторый знаходзяць безліч агульных матываў, вобразаў у беларуска-ўкраінскім фальклоры. Між іншым, на нядаўняй прэзентацыі “Кнігі Вялікага княства Літоўскага” польскі мастак Анджэй Струміла, адзін з ініцыятараў праекта, урачыста ўручыў каштоўнае выданне і Паслу Украіны ў Беларусі Ігару Ліхавому. “Нашы народы лучаць даўнія сувязі. Мы 249 гадоў жылі некалі ў адной дзяржаве: Вялікім княстве Літоўскім, — гаворыць Віктар Гутоўскі, старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Ватра”. — Не сакрэт, вельмі блізкія і нашы мовы: каля 70 працэнтаў словаў беларусаў і ўкраінцаў супадаюць. Мы лёгка, без перакладчыкаў, разумеем адзін аднаго, і спадзяемся, што так будзе і надалей. Да таго ж нам блізкая ментальнасць беларусаў, іх талерантнасць, добразычлівае стаўленне да людзей іншых этнасаў.У нашых народаў, на мой погляд, ёсць усе падставы для ўмацавання і развіцця супрацоўніцтва”. Украінцы ў Беларусі аб’ядналіся яшчэ ў часы Саюза: у студзені 1991 года. Цяпер у “Ватры” ёсць сябры ў Віцебску, Бабруйску, Магілёве, Лідзе і іншых гарадах. Увогуле, як мне расказалі, амаль трэць украінцаў пражывае за межамі Украіны. У Беларусі іх звыш 230 тысяч: сярод некарэнных этнасаў яны займаюць трэцяе месца пасля рускіх і палякаў. А яднаюцца суайчыннікі — каб захоўваць, развіваць сваю мову, культуру, традыцыі. Прычым некаторыя святы ўкраінцы адзначаюць разам з беларусамі. Важны момант: яшчэ ў 1999 годзе братнія дзяржавы падпісалі пагадненне пра супрацоўніцтва ў забеспячэнні правоў асобаў, якія адносяцца да нацыянальных меншасцяў. “Паколькі воляй лёсу мы аказаліся ў Беларусі, то шукаем і знаходзім гістарычныя карані выдатных людзей Украіны, якія тут нарадзіліся альбо некаторы час жылі, працавалі, — расказвае пра адзін з важных кірункаў работы аб’яднання Віктар Гутоўскі. — Скажам, наш гецьман Піліп Орлік нарадзіўся ў Беларусі, у вёсцы Косуці цяперашняга Вілейскага раёна. І гэта нас, украніцаў, і вельмі радуе, і збліжае з беларусамі. Ён, як вядома, аўтар першай Канстытуцыі ў Еўропе, прынятай у 1709 годзе. Як бачыце, сёлета год юбілейны, з гэтай нагоды Беларусь наведвала прадстаўнічая ўкраінская дэлегацыя, якая пабывала і на бацькаўшчыне гецьмана. Мы ж робім захады, каб паставіць яму ў Беларусі помнік, бо гэты чалавек, на наш погляд, і вялікі беларус, і вялікі украінец: ён яднае нашы народы. І яшчэ адна асоба — мітрапаліт Кіеўскі і Галіцкі Сільвестр Косаў — родам з Віцебшчыны, ён быў епіскапам у Магілёве”. Як вялікае свята ўкраінцы Беларусі штогод адзначаюць дзень нара-джэння Тараса Шаўчэнкі. Сёлета ўрачыстасць з нагоды 195-х угодкаў прайшла ў мінскім Доме дружбы, там былі і сябры таварыства “Беларусь-Украіна”, выступалі самадзейныя калектывы. І шэраг добрых спраў украінцы ў гэтым годзе прысвячалі памяці Кабзара. Скажам, сябры аб’яднання “Ватра” высаджвалі дрэвы па Беларусі, па ініцыятыве ўкраінцаў прадстаўнікі розных нацыянальна-культурных супольнасцяў краіны на тэрыторыі Музея народнай архітэктуры і побыту пад Мінскам напярэдадні Свята Перамогі ўпершыню высадзілі разам алею Дружбы. “Усяго пасаджана трыццаць ліпаў, і яны добра прыжыліся, — радуецца Таццяна Бей, намеснік старшыні аб’яднання “Ватра”. — Акрамя таго, атрымалася зладзіць пад час акцыі сапраўднае свята дружбы. Усяго ж сёлета па Беларусі мае суайчыннікі высадзілі каля 4 тысяч дрэваў. Гэта знак нашай удзячнасці Беларусі”. Сама Таццяна Паўлаўна родам з Вінніцы, прыехала ў Беларусь за мужам-вайскоўцам. Ёй, аднак, блізкая і беларуская культура, бо адсюль ідуць родавыя карані па маці. Таццяна — загадчыца бібліятэкі ў вялікім пасёлку Кало-дзішчы пад Мінскам. Яна лічыць вельмі важным для кантактаў прадстаўнікоў розных этнасаў Фестываль нацыянальных культур у Гродне. “У ім мы з вялікім імпэтам удзельнічаем, і менавіта там больш даведваемся адзін пра аднаго, абменьваемся вопытам работы, — гаворыць Таццяна. — Дарэчы, і да чарговага фэсту ўжо рыхтуемся, хоць пройдзе ён толькі ў чэрвені. Народны музычны тэатр “Надзея” з Калодзішчаў падрыхтаваў цэлую 40-хвілінную ўкраінскую праграму. У ёй занята каля 20 дзяцей: яны танцуюць, паказваюць невялікую тэатральную пастаноўку, спяваюць”. У тым вялікая заслуга харэографа Ірыны Несцярчук. Дзеці ў “Надзеі” — пераважна беларусы, а найбольш эмоцый дзея, па словах Таццяны, выклікае ў бабуляў і дзядуляў з украінскімі каранямі. Каб далучыць юных артыстаў да ўкраінскай культуры, “Ватра” арганізоўвала для іх “гастролі” на фестываль “Зоры над Бугам” у горад Ачакаў, выступалі яны і на сцэне Нацыянальнага тэатра оперы і балета ў Кіеве. Заваёўвае ў Беларусі вядомасць фольк-ансамбль “Украінська пісня”, створаны тры гады таму. Нядаўна ён выступаў на міжнацыянальным фестывалі “Яднанне” ў Мінску. І на Мінскім абласным фестывалі народнай культуры ў Маладзечне прадстаўнікі ўкраінскай дыспары таксама паказалі адметныя нумары: тэатральна-харэаграфічную кампазіцыю “Дзявочыя вясновыя мары”, прыгожыя песні з падтанцоўкамі. А салістка Юлія Чэркоўская з поспехам прэзентавала новую песню “Чырвоны ветразь”. Важна, што ўкраінцы Беларусі сёння маюць магчымасць выпускаць і ўласныя газеты: “Украінец Беларусі” і “Ватра”. Іван Ждановіч Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На Беларусі пражывае болей за дзвесце тысяч этнічных украінцаў
|
|