Еўрапарламент: Істотнага прагрэсу няма
17.12.2009 16:19
—
Новости Общества
|
Парламент Еўрапейскага саюза шкадуе, што пасля шэрагу станоўчых крокаў беларускіх уладаў у краіне няма істотнага прагрэсу ў сферы правоў і свабод. Пра гэта гаворыцца ў рэзалюцыі Еўрапарламента, прынятай 17 снежня большасцю галасоў. Перад пачаткам галасавання ў рэзалюцыю быў уключаны заклік да беларускіх уладаў расследаваць выпадкі выкрадання маладзёжных актывістаў, а таксама гібелі апазіцыянера з Мар’інай Горкі (Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) Валянціна Доўнара. У дакуменце вітаецца рашэнне Рады ЕС прадоўжыць у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў санкцыі да кастрычніка 2010 года, а таксама замарозіць іх на гэты тэрмін. На думку дэпутатаў, дыялог па правах чалавека з Беларуссю «павінен ставіць на мэце канкрэтныя вынікі і істотны прагрэс у сферы дэмакратызацыі і вяршэнства закону». У выпадку дастатковага прагрэсу санкцыі ў дачыненні да краіны павінны быць адменены, а працэсы інтэграцыі паскораны, зазначаецца ў рэзалюцыі. Дэпутаты Еўрапарламента заклікалі Еўракамісію разгледзець магчымасць змяншэння кошту віз для беларусаў і спрасціць працэдуру іх атрымання, а таксама падрыхтаваць рэкамендацыі для перамоў па пагадненнях аб аблягчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Рэкамендавана таксама стварыць прамежкавы план прыярытэтных рэформ у Беларусі, каб вярнуцца да падпісання Пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве. «Дыялог па Еўранесце павінен быць прадуктыўны, — гаворыцца ў дакуменце. — Беларусь будзе запрошана да паўнавартаснага ўдзелу, калі парламент краіны будзе абраны ў выніку свабодных выбараў. Пакуль жа ўсе рашэнні прамежкавыя». У рэзалюцыі ўтрымліваецца рэкамендацыя Еўрапейскаму інвестыцыйнаму банку і Еўрапейскаму банку рэканструкцыі і развіцця разгледзець магчымасць павелічэння фінансавай дапамогі Беларусі, асабліва дробнаму і сярэдняму бізнесу. Еўрадэпутаты віталі актыўны ўдзел беларускіх уладаў у палітыцы ЕС «Усходняе партнёрства». Яны заклікалі Мінск працягваць супрацоўніцтва з АБСЕ па рэфармаванні выбарчага заканадаўства, а таксама развіваць дыялог з дэмакратычнай апазіцыяй, у прыватнасці вызначыўшы ролю Грамадска‑кансультацыйнага савета пры Адміністрацыі прэзідэнта. Еўрапарламентарыі чакаюць, што ў найбліжэйшы год беларускія ўлады рэфармуюць закон аб СМІ ў адпаведнасці з рэкамендацыямі міжнародных экспертаў; адменяць артыкул 193‑1 Крымінальнага кодэкса; дазволяць рэгістрацыю палітычных партый і арганізацый грамадзянскай супольнасці; створаць спрыяльныя ўмовы для працы НДА і незалежных СМІ. У дакуменце ўтрымліваецца заклік да беларускіх уладаў перагледзець прысуды, вынесеныя ўдзельнікам «справы чатырнаццаці», у прыватнасці Арцёму Дубскаму, і неадкладна вызваліць з‑пад варты ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча і Уладзіміра Асіпенку. Еўрадэпутаты выказаліся за «неадкладны мараторый» на смяротную кару ў Беларусі. Яны таксама заклікалі Мінск прызнаць Саюз палякаў на Беларусі на чале з Анжалікай Борыс і выконваць правы нацыянальных меншасцей. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Парламент Еўрапейскага саюза шкадуе, што пасля шэрагу станоўчых крокаў беларускіх уладаў у краіне няма істотнага прагрэсу ў сферы правоў і свабод.
|
|