Калядны абярэг. “Прабабуліна лялька”, зробленая сваімі рукамі, можа стаць лепшым падарункам на святы
06.01.2010
—
Новости Общества
|
06.01.2010
Майстрыхі гродзенскага клуба гістарычнай рэканструкцыі “Гарадзенскі Двузуб” адрадзілі традыцыю вырабу лялек-закрутак, якія нашы продкі-славяне лічылі абярэгамі.Гэтай ідэяй Вольга Камягіна, майстар па вырабу лялек, загарэлася даўно. Шукала ў Інтэрнеце інфармацыю пра абрадавыя лялькі, збірала патрэбныя тканіны. І ўсё ж першая лялька-калядка ў руках майстрыхі нарадзілася нечакана.— Гэта было напярэдадні Новага года, на мяне літаральна нахлынула жаданне змайстраваць не традыцыйную ляльку, якія я шыю, а незвычайную — без дапамогі іголкі, — расказвае Вольга. — Я і сама не чакала, што са скручаных абрэзкаў тканіны, без адзінага шва атрымаецца дзіўная цацка, якую так хочацца прыціснуць да сябе, быццам жывую. Уявіла, як узрадуецца мой трохгадовы сынок гэтай прыемнай ляльцы, і раптам падумала, што такую ж радасць на Каляды маглі б зрабіць сваім дзецям і іншыя мамы, — дзеліцца сваімі адчуваннямі майстрыха. Дух творчасці аб’яднаў Вольга размясціла ў Інтэрнеце інфармацыю аб тым, што можа навучыць, як зрабіць з абрэзкаў тканіны ўнікальную цацку, падобную да той, з якой прайшло прабабуліна дзяцінства. Указала адрас сустрэчы: абласны Палац творчасці дзяцей і моладзі, дзе размяшчаецца клуб гістарычнай рэканструкцыі. Ідучы туды ў прызначаны час, сумнявалася, што хтосьці адгукнецца. Аказалася, у калідоры яе ўжо чакаюць з дзесятак маладых мам.— Кожная прыйшла, зразумела, са сваім настроем і сваімі праблемамі. А ўзяліся за незвычайную справу, якая патрабуе цярпення і натхнення, і быццам перанесліся ў іншы свет — такая супакойваючая энергетыка запанавала. І лялькі атрымаліся слаўныя, — расказвае Вольга.— Нам, канешне, яшчэ трэба спасцігнуць усе прамудрасці вырабу лялек-закрутак. На самай справе інфармацыі пра гэтае старажытнае рамяство, якое знікла разам з дзяцінствам нашых бабуль, не так ужо шмат. Дакладна вядома, што абрадавыя лялькі па такім жа прынцыпе выраблялі старажытныя славяне да пэўных рэлігійных свят, — кажа майстрыха.Вольга расказвае, якім чынам была выраблена яе першая лялька-калядка. Бярозавае бярвенца абкруціла льняной тканінай, абвязала чырвонымі ніткамі, папрацаваўшы над тварам і ручкамі, з наступнага абрэзка зрабіла сарафан, яшчэ адзін пайшоў на хустачку, нарэшце быў павязаны паясок. Апошні штрых — павесіць на яго мяшэчкі з соллю і зернем, якія сімвалізуюць дабрабыт і багацце ў хаце.— Такія лялькі-абярэгі, як калядка, нашы продкі захоўвалі год, а потым спальвалі, надаючы гэтаму асаблівы сэнс, — расказвае майстрыха.Заўважыла яна, што і маладыя мамы аднесліся да вырабу лялек-закрутак як да сапраўднага рытуала. А за працай, зразумела, і размова ішла пра дзяцей, дзеля якіх стараліся, пра надыходзячае сямейнае светлае свята Раства Хрыстовага. Сямейны талісман Вольга Камягіна падзялілася сваімі сакрэтамі падрыхтоўкі да сустрэчы Каляд. У тым, што трэба захаваць традыцыі продкаў, пачынаючы ад сервіроўкі стала на куццю, наведаць храм, яны з мужам Дзмітрыем аднадушныя. Не дзіўна, бо ўтварэнню іх сямейнай пары садзейнічала агульнае захапленне — клуб гістарычнай рэканструкцыі, закліканы адраджаць традыцыі продкаў. Дарэчы, “Гарадзенскі Двузуб”, якім зараз кіруе яе муж, арганізаваў дзесяць гадоў назад гродзенскі энтузіяст Віталь Анішчык. Вольга і Дзмітрый, яшчэ калі былі студэнтамі, акунуліся ў рамантыку сярэднявечча. У выніку хлопец знайшоў сваю даму сэрца, а дзяўчына сустрэла свайго рыцара. Нараджэнне сына Арцёма не перашкодзіла незвычайнаму захапленню. Вольга расказвае, што Арцёмку было ўсяго некалькі месяцаў, калі яны прынеслі яго ў клуб. Пасцельку змайстравалі ў старым куфры, а нянькі вакол былі ў сярэдневяковых сукенках і рыцарскіх даспехах. У такой незвычайнай атмасферы, паводле слоў мамы, малы адчуваў сябе цудоўна.— Гэта сапраўды важна, у якой атмасферы нараджаецца сям’я, і не ў строях справа, — гаворыць Вольга. — Галоўнае потым не спасаваць перад цяжкасцямі і не згубіць трапяткое пачуццё адзін да аднаго, тады сям’я будзе па-сапраўднаму моцнай......Каляды не проста лічацца самым светлым сямейным святам у годзе, калі прынята вяртацца да добрых традыцый, закладзеных продкамі. Па старадаўнім павер’і, разам з лялькамі-калядкамі захавальніцы сямейнага ачага прынеслі ў дом надзейны абярэг. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калядны абярэг.
“Прабабуліна лялька”, зробленая сваімі рукамі, можа стаць лепшым падарункам на святы Майстрыхі гродзенскага клуба гістарычнай рэканструкцыі “Гарадзенскі Двузуб” адрадзілі традыцыю вырабу лялек-закрутак, якія нашы продкі-славяне лічылі абярэгамі. |
|