Энiй i графаманы. 21.by

Энiй i графаманы

03.02.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Графаман верыць, што пiсьменнiк паходзiць ад графамана, як чалавек ад малпы. Калi графаману сказаць, што паходжанне пiсьменнiка мае iншую прыроду, вера графамана можа пахiснуцца, i ён пачне згадваць Бога i д'ябла. Усiх да сябе падобных графаманаў ён абвесцiць боганатхнёнымi стварэннямi, а пiсьменнiкаў пачне клясцi i называць служкамi д'ябла. У такi момант варта згадаць верш рымскага паэта Энiя: "Вось малпа, а як, мярзотнае стварэнне, да нас падобная!" Гэты верш захаваўся дзякучы цытаванню ў трактаце Цыцэрона "Пра прыроду багоў". Ён захаваўся, каб нагадваць нам, што падабенства яшчэ не з'яўляецца доказам роўнасцi i не кажа пра агульнасць паходжання.

Мама i жоўтыя пацеркi

Маме маёй споўнiлася дзевяць гадоў. Жыла яна тады ў дзеда Яна, у вёсцы Старая Рудзiца. Дзед з'ездзiў на санях у мястэчка Койданава i прывёз сваёй любай унучачцы падарунак — жоўтыя пацеркi. Дзяўчынка цешылася тымi круглымi пацеркамi тыдзень, а потым схавала iх. Яна пакiнула пацеркi ў дзедавай хаце, бо пабаялася браць iх з сабою ў дарогу. Прыйшла вестка, што немцы збiраюцца палiць Старую Рудзiцу. Карнiкi наважылiся спалiць цэлую вёску, бо ў ёй партызан застрэлiў палiцыянта. Людзi сышлi з вёскi, хто куды змог сысцi цi з'ехаць у сярэдзiне марознага студзеня. Жанчыны нашай сям'i схавалiся ў сваякоў, у лясной вёсцы Масцiшчы. Карнiкi расстралялi i спалiлi ўсiх мужчын, якiх знайшлi ў Старой Рудзiцы. На пажарышчы нашага дома мама доўга шукала свае жоўтыя пацеркi. Ёй вельмi хацелася знайсцi хоць бы адну, хоць бы самую маленечкую жоўтую пацерку з белымi прожылкамi. Не знайшла яна нiводнага шарыка. Колькi нi поркалася, колькi нi граблася ў чорным вуголлi, а так i не знайшла нiчога. Шэсцьдзясят пяць гадоў мая мама ўсё згадвае жоўтыя пацеркi, падораныя ёй дзедам Янам у Старой Рудзiцы.

Тата i падушка

Люблю сваю падушку. Часам мне здаецца, што мая падушка жывая i разумная, i ў яе нават ёсць маленечкая душа. Жарт, зразумела. На чужых падушках я сплю кепска. Нават у шыкоўных гатэлях некалькi начэй даводзiцца прывыкаць да падушак. Адзiныя, на якiх мне спалася добра, былi падушкi бабы Бронi ў нашай вясковай хаце з земляным токам замест падлогi. На тых вялiкiх падушках мне спалася салодка i глыбока. Можа, таму я нiколi не здзiўляўся гiсторыi, што днямi зноў згадала мама. Гiсторыя тая пра тату i ягоных хросных бацькоў. Тата нарадзiўся позняй восенню, на Дзяды. У той год снег лёг рана. Таму дзiця, якому быў толькi тыдзень, павезлi хрысцiць на санях. Баба Броня спяшалася пахрысцiць сына, бо баялася, што ён не выжыве i памрэ няхрышчаным. У Варакомшчыне такiх няхрышчаных дзяцей хавалi не на могiлках, а на моглiцах. Месца тое на беразе рэчкi Ятранкi я добра памятаю. Нiякiх капцоў i помнiкаў на iм не было, адно выкладзеныя са скочак блякла-зялёныя крыжыкi на дзiрване. Вясковыя кабеты, iдучы з працы, часам спынялiся i моўчкi стаялi на моглiцах, згадваючы сваiх нехрышчоных дзяцей-нябожчыкаў. Каб якiя мужчыны стаялi на моглiцах, я не бачыў. На моглiцах было цяжка. Таму i спяшалася баба Броня, таму i паклала сына ў падушку, а падушку занесла на санi. Калi хросныя — лiха на iх, бо ўсю дарогу яны працалавалiся — прыехалi на царкоўны падворак, дык падушкi на возе не было. Давялося iм вяртацца. Падушка з дзiцёнкам, дзякаваць лёсу, знайшлася на скрыжаваннi ў прыдарожным сумёце. Тату майго Чэся хуценька пахрысцiлi i прывезлi з царквы дамоў. Нi баба Броня, нi дзед Ладзiмер два гады нiчога не ведалi пра згубленую падушку. А праз два гады хросны бацька майго таты сказаў бабе Бронi: "Глядзi ты! Бегае твой Чэсiк, вырас i бегае! Мы ж думалi, што не выжыве. Думалi, што застудзiўся i хутка памрэ. А ён, глядзi ты на яго, бегае..."

Іваноў i Расiя

Мароз такi, што за хвiлiну робiшся нiбыта шкляным. Здаецца, зачапiся ты за нешта — i разаб'ешся, i рассыплешся на востравугольныя аскепкi... У вечаровых Ашмянах пуста i чыста. У марознай чысцiнi зiхацяць рознакаляровыя лямпачкi. Касцёл, царква i прывакзальны пляц падсветлены белымi пражэктарамi. Неба бяздонна-чорнае.

З нейкай настойлiвай пастаяннасцю ў гэтым месцы мне згадваюцца словы масквiча Аляксандра Iванова, якi, вандруючы па Беларусi, паўтараў: "Не Расiя!" Здавалася б: такi рускi мароз, такая руская царква i зусiм ужо "Рускае радыё" ў халодным аўтобусе "Каўнас—Мiнск", а не Расiя, i ўсё тут. Можа, тут i не тая Беларусь, пра якую мы марылi. Мо яна яшчэ не тая родная Беларусь, якую б мы хацелi пабачыць, але тут "Не Расiя!", гэта ўжо стоадсоткава i назаўжды.

Надзвычайныя рыфмы

Ёсць рыфмы i рыфмы. У рускай паэзii ёсць рыфмы надзвычайныя. Напрыклад, Пушкiн i Гогаль. Недасведчаны можа i не пачуць такой рыфмы, але яна, безумоўна, ёсць. Як ёсць i такiя рыфмы: Цютчаў i Фет, Талстой i Дастаеўскi, Маякоўскi i Ясенiн, Чэхаў i Бунiн... У беларусаў гэтаксама ёсць надзвычайныя рыфмы: Купала i Колас, Багушэвiч i Багдановiч. Ёсць яшчэ Быкаў i Караткевiч, але да гэтай рыфмы маё вуха яшчэ не прызвычаiлася. Для падобных рыфмаў патрабуецца час. Менавiта час i стварае такiя ўнiкальныя рыфмы, як Гётэ i Шылер, як Платон i Арыстоцель.

Маня i вайна

"Ня ўсiх дурных вайна пабiла!" — казала прабаба Маня Кiсель, калi нехта з яе ўнукаў рабiў шкоду. Больш беларускага, больш нашага, больш жаночага стаўлення да вайны я нiколi не чуў.

Жанчына i мароз

Яна стаяла на аўтобусным прыпынку i спявала. Мароз быў такi моцны, што жанчына спявала з закрытым ротам. Яна хiтала галавою ад аднаго пляча да другога i мыкала: "Мммы-ы-ы... Мы, мы, мы..." Акром жанчыны на прыпынку нiкога не было, калi не лiчыць мяне, якi праходзiў побач. Мяне i сапраўды не трэба залiчваць у прысутныя, бо я не адгукнуўся на жаночае мыканне. Жанчына зазiрала мне ў вочы i спявала, а я думаў, што варта апiсаць самотную спявачку на цёмным зiмовым прыпынку. Я думаў чорт ведае пра што замест таго, каб адгукнуцца.

Адам ГЛОБУС.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Графаман верыць, што пiсьменнiк паходзiць ад графамана, як чалавек ад малпы. Калi графаману сказаць, што паходжанне пiсьменнiка мае iншую прыроду, вера графамана можа пахiснуцца, i ён пачне згадваць Бога i д'ябла. Усiх да сябе падобных графаманаў ён абвесцiць боганатхнёнымi стварэннямi, а пiсьменнiкаў пачне клясцi i называць служкамi д'ябла. У такi момант варта згадаць верш рымскага паэта Энiя: "Вось малпа, а як, мярзотнае стварэнне, да нас падобная!" Гэты верш захаваўся дзякучы цытаванню ў трактаце Цыцэрона "Пра прыроду багоў". Ён захаваўся, каб нагадваць нам, што падабенства яшчэ не з'яўляецца доказам роўнасцi i не кажа пра агульнасць паходжання
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика