Аб карысцi ўрокаў вядзення апазiцыйнай работы. 21.by

Аб карысцi ўрокаў вядзення апазiцыйнай работы

10.02.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Пасляслоўе да выбараў прэзiдэнта ва Украiне, магчыма, не зусiм па тэме выбараў

Не верце тым, хто кажа, што Юлiя Цiмашэнка прайграла выбары. Не, яна проста не дабрала смешныя па маштабах вялiкай краiны са шматмiльённым i часта з супрацьлеглымi палiтычнымi поглядамi насельнiцтвам, тры з паловай працэнты галасоў. Можна сказаць, што ёй трохi не пашанцавала. Хто ведаў, што сусветны эканамiчны крызiс так моцна закране Украiну, што ў самы цяжкi перыяд адвернуцца ад яе былыя заходнiя сябры i дарадцы, якiя некалi спявалi дыфiрамбы ў гонар "памяранцавай рэвалюцыi", усяляк заахвочвалi дзеяннi яе правадыроў, цiхiм шэптам падштурхоўвалi да канфлiктаў з Расiяй, а потым у кусты.

Вось каб апошнiя год-два Цiмашэнка была б у апазiцыi, то яна, на мой погляд, на гэтых выбарах перамагла б з поспехам. Ужо яна знайшла б трапныя словы i параўнаннi, вылiла б на галовы апанентаў ручаi-рэкi сарказму, злой iронii i "забойнай" крытыкi. Але лёс пажадаў закiнуць яе ў крэсла прэм'ер-мiнiстра, прымусiць займацца хоць i знаёмай, але сумнай i часта руцiннай i няўдзячнай эканомiкай, якая жыве i развiваецца па сваiх эканамiчных законах, непадуладных нават вельмi валявым i рашучым людзям. Іншая рэч — пасада прэзiдэнта, на якой трэба добра выглядаць, спадабацца народу i, галоўнае, удала праводзiць перамовы на вышэйшым узроўнi. У Цiмашэнкi гэта, здаецца, амаль заўсёды атрымоўвалася.

У яе талент апазiцыянера. Аб чым яна, мiж iншым, iранiчна казала ў тэлекамеру адразу пасля перамогi пяць гадоў таму "памяранцавай рэвалюцыi". Тады яна з чароўнай анёльскай усмешкай з'едлiва прапаноўвала Вiктару Януковiчу i яго паплечнiкам з Партыi рэгiёнаў свае паслугi — даць некалькi майстар-класаў вядзення апазiцыйнай дзейнасцi. I тыя адгукнулiся. Не ведаю наконт заняткаў у класе, а вось што датычыцца грунтоўных высноў, то яны былi зроблены, пра што i сведчаць вынiкi выбараў. Рэгiяналы выдатна падрыхтавалiся да iх, улiчылi калi не ўсе, то шмат сваiх памылак, пралiкаў i недапрацовак удзелу ў прэзiдэнцкай кампанii 2004 года, а таксама ўдала выкарысталi на сваю карысць няспынныя спрэчкi, iнтрыгi, узаемныя абвiнавачваннi ў лагеры "памяранцавых", iх няздольнасць выпрацаваць i праводзiць адзiны палiтычны i эканамiчны курс. Так што члены Партыi рэгiёнаў аказалiся добрасумленнымi i стараннымi вучнямi Цiмашэнкi.

Сёння ў найблiжэйшым палiтычным коле Блока Цiмашэнкi ёй настойлiва раяць прызнаць перамогу рэгiяналаў на выбарах i сысцi ў апазiцыю. Але пакуль (на 9 лютага), раз'юшаная няўдачай, яна адмаўляецца прызнаць правiльнасць падлiку галасоў другога туру, клянецца, што нiколi не прызнае легiтымнасць перамогi свайго апанента "з такiмi выбарамi", пагражае абскардзiць iх вынiкi ў судзе i гаворыць аб актуальнасцi правядзення трэцяга тура галасавання. Цiмашэнка патрабуе пералiку бюлетэняў па асобных участках, потым па акругах. У выпадку фальсiфiкацый праз суд паставiць пад сумненне агульны вынiк выбараў.

Але гэта, хутчэй за ўсё, эмоцыi бязмежна стомленай прэзiдэнцкай гонкай жанчыны-кандыдата. Што ёй давялося перажыць за гэты час, толькi ёй адной i вядома. Можа, яна некалi i раскажа пра гэта. I думаецца, што гэта будзе не вельмi вясёлая споведзь. Бо жанчынам у палiтыцы заўсёды больш складана i цяжка пракладваць сабе дарогу на Алiмп улады. Але i нават апынуўшыся там, яны не адчуваюць сябе камфортна на ўсе сто працэнтаў. Чаму нярэдка ў канцлера Германii Меркель прыемная пратакольная ўсмешка i сумныя вочы? Чаму ў заходнiх СМI з'явiлiся публiкацыi, у якiх былi спасылкi на шчырыя скаргi дзяржсакратара ЗША Хiлары Клiнтан на празмерную занятасць, неабходнасць працаваць без выхадных-прахадных амаль круглыя суткi? А як яшчэ нядаўна яна ў якасцi кандыдата ў прэзiдэнты ЗША энергiчна праводзiла выбарчую кампанiю. Тады пiсалi, што Клiнтан на яе патрэбы не пашкадавала каля 10 мiльёнаў долараў уласных сродкаў. А сёння яна прызнаецца, што ўжо не мае намеру змагацца на будучых выбарах прэзiдэнта. Стамiлася. I цяжка ёй не паверыць. Але з iншага боку, вышыняў у палiтыцы дасягаюць сапраўды выключныя, таленавiтыя i неардынарныя жанчыны, хай прабачаць яны мне, з вострым мужчынскiм розумам, жалезнай воляй i логiкай. Такой была Клеапатра ў Старажытным Егiпце, Маргарэт Тэтчэр у Вялiкабрытанii ў мiнулым стагоддзi.

Натуральна, удзел харызматычнай Цiмашэнкi ў выбарах выклiкаў цiкаўнасць да яе на бытавым узроўнi, у прыватнасцi, i да ролi жанчыны ў вялiкай палiтыцы, увогуле. Многiя нашы жанчыны не разумеюць, чаго ёй, Цiмашэнцы, не хапае ў паўсядзённым жыццi: прыгожая, абаяльная, далёка не бедная, замужам. I патрэбна ёй гэта палiтыка, жыла б у сваё задавальненне. Але так разважаюць людзi, якiя не былi ў вялiкай палiтыцы. Ёсць шмат азначэнняў палiтыкi. Мне, напрыклад, блiжэй да нашай тэмы здаецца азначэнне, якое некалi агучыў па беларускiм тэлебачаннi адзiн з кандыдатаў на першых беларускiх прэзiдэнцкiх выбарах былы прэм'ер-мiнiстр Вячаслаў Кебiч. Ён сказаў, што палiтыка — гэта своеасаблiвы наркотык. Уцягнешся — жывеш ёю пастаянна. Вiдаць, Цiмашэнка таксама трапiла ў палiтычную "наркатычную залежнасць". I ад яе ў найблiжэйшай будучынi яна не адмовiцца.

Хай не падманвае тэлегледачоў яе белая i пушыстая шубка з гарнастаю, дарэчы, футра, якое заўсёды чамусьцi выбiралi каралевы. У Цiмашэнкi пад белай шубкай, вобразна кажучы, рыцарскiя даспехi бясстрашнага камандзiра ў сукенцы, гатовага да жорсткай барацьбы. За яе плячыма рознабаковы досвед i выдатнае веданне людзей. Яна шмат чаму навучылася ў жыццi, якое было багатым на ўзлёты i падзеннi. Яе прагматызм, дзелавая хватка праявiлiся яшчэ ў 90-х гадах. Яна прайшла шлях ад арганiзацыi вiдэасалонаў да генеральнага дырэктара карпарацыi "Украiнскi бензiн", а потым прэзiдэнта карпарацыi "Адзiныя энергетычныя сiстэмы Украiны". Гэта быў як вельмi прыбытковы, так i небяспечны бiзнэс. Тут усяго было: i арышт мужа (аднаго з кiраўнiкоў карпарацыi), i абвiнавачваннi Генеральнай пракуратуры ў кантрабандзе i службовых падробках, i вымушаная адстаўка, i нават арышт i месячнае зняволенне. На яе аднойчы завялi, а потым закрылi крымiнальную справу ў Расii.

Пад уплывам тых iмклiвых падзей яна прыйшла ў апазiцыю да тагачаснага прэзiдэнта Леанiда Кучмы, стала прыхiльнiцай Вiктара Юшчанкi, а затым адной з асноўных фiгур "памяранцавай рэвалюцыi". Кажуць, што дзякуючы шмат у чым ёй Юшчанка i стаў прэзiдэнтам. Аднак ён адмовiўся працаўладкоўваць Цiмашэнку туды, куды яна больш за ўсё хацела. I вось тут Юля праявiла характар i палiтычную кемлiвасць: яна абнародавала загадзя складзеную сакрэтную дамову, згодна з якой, Юшчанка ў выпадку сваёй перамогi абяцаў Цiмашэнцы пасаду прэм'ер-мiнiстра. Прэзiдэнт быў вымушаны стрымаць сваё слова. Але адносiны гэтых палiтыкаў не зладзiліся, у вынiку iнтрыг асяроддзя Юшчанкi яе адправiлi ў адстаўку. Але неўзабаве дзякуючы сваiм талентам Цiмашэнка зноў вярнулася на пасаду i ў вялiкую палiтыку. А далей былi выбары прэзiдэнта, няўдача — усяго нейкiя тры працэнты...

Цяпер Цiмашэнцы самой давядзецца браць завочныя ўрокi ў былога лiдара апазiцыi Януковiча, вучыцца найноўшым метадам i спосабам вядзення апазiцыйнай работы. I ў гэтым сэнсе народу Украiны ў нечым пашанцавала, бо апазiцыянер з такiм досведам i энергiяй горы зварухне, каб прымусiць новую ўладу выконваць перадвыбарныя абяцаннi.

Леанiд Лахманенка.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пасляслоўе да выбараў прэзiдэнта ва Украiне, магчыма, не зусiм па тэме выбараў Не верце тым, хто кажа, што Юлiя Цiмашэнка прайграла выбары. Не, яна проста не дабрала смешныя па маштабах вялiкай краiны са шматмiльённым i часта з супрацьлеглымi палiтычнымi поглядамi насельнiцтвам, тры з паловай працэнты галасоў. Можна сказаць, што ёй трохi не пашанцавала. Хто ведаў, што сусветны эканамiчны крызiс так моцна закране Украiну, што ў самы цяжкi перыяд адвернуцца ад яе былыя заходнiя сябры i дарадцы, якiя некалi спявалi дыфiрамбы ў гонар "памяранцавай рэвалюцыi", усяляк заахвочвалi дзеяннi яе правадыроў, цiхiм шэптам падштурхоўвалi да канфлiктаў з Расiяй, а потым у кусты.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика