Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў адзначылі ў Мядзеле. 21.by

Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў адзначылі ў Мядзеле

23.02.2010 14:25 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Фото: narachanka.by
Фото: narachanka.by
У нашай краіне 15 лютага адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Па традыцыі ў гэту дату альбо напярэдадні яе збіраюцца разам былыя салдаты, прапаршчыкі, афіцэры, лёс якіх звязаны з Афганістанам і іншымі гарачымі кропкамі планеты. Каб успомніць нялёгкія воінскія будні, баявое братэрства, а таксама сваіх сяброў, многія з якіх загінулі зусім юнымі на чужой зямлі. Такая ўрачыстасць адбылася ў мінулую пятніцу і ў ГДК.

Пачынаючы мерапрыемства, вядучая Ганна Казакевіч шчыра прывітала ўсіх, хто прыйшоў на спатканне пакаленняў, i асабліва воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія пражываюць у г. Мядзел і на тэрыторыі Мядзельскага сельсавета. Прозвішчы іх усіх былі агучаны, а таму прысутныя яшчэ раз змаглі паглядзець у твар гэтым мужным людзям - верным сынам Айчыны.

На фоне музыкі пад вершаваныя радкі дэманструецца слайд-фільм. З экрана на нас пазіраюць маладыя хлопцы, поўныя сіл. У многіх з іх мы пазнаём сваіх землякоў - удзельнікаў афганскай вайны.

На сцэну запрашаецца старшыня раённага Савета дэпутатаў С.Ф. Мінчук.

- Мы сёння сабраліся, каб аддаць даніну павагі вам, воінам-інтэрнацыяналістам, - гаворыць Святлана Фёдараўна. - Няпростае выпрабаванне выпала на вашы плечы: у мірны час зведаць, што такое вайна. Але гэта, напэўна, лёс. Час выбраў вас… Вы справіліся з ускладзенымі задачамі дастойна. З гонарам і годнасцю выканалі свой воінскі абавязак, засталіся вернымі прысязе і Радзіме. Мужчынская дружба і баявое братэрства дапамагалі многім на полі бітвы. Згуртоўваюць вас і зараз. Жадаю, каб больш ніхто і ніколі не зведаў таго, што выпала на вашу долю. Мірнага ўсім неба, шчасця, дабрабыту.

Святлана Фёдараўна Мінчук выканала прыемную місію: уручыла падзяку старшыні райвыканкама за актыўны ўдзел у ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі вадалазу Мядзельскай выратавальнай станцыі Юрыю Аляксандравічу Капуцкаму.

Да воінаў-інтэрнацыяналістаў з прывітальным словам звярнуўся намеснік ваеннага камісара раёна Віталій Алегавіч Якушаў. Ён падзякаваў ім за дастойнае нясенне ваеннай службы, мужнасць і гераізм, праяўленыя ў мірны час, а таксама за плённую, стваральную працу на карысць народа і Айчыны.

Па прапанове В.А. Якушава прысутныя ўшанавалі светлую памяць простага юнака з вёскі Конціненты Сырмежскага сельсавета Івана Аніські, які загінуў на чужой афганскай зямлі і быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.

Пранікнёным было выступленне ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны У.І. Закервашэвіча. Ветэран зазначыў, што воіны-інтэрнацыяналісты ў сілу абставін сталі прадаўжальнікамі справы сваіх дзядоў і бацькоў, якія ў гады Другой сусветнай вайны прынеслі мір і спакой на нашу зямлю і вызвалілі народы свету ад фашызму. Яны выканалі свой воінскі абавязак з гонарам, захавалі вернасць прысязе і Айчыне. І памятаць пра гэта патрэбна ўсім, у тым ліку і маладым людзям.

Ад імя раённага савета ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” выступіў намеснік старшыні названага грамадскага аб’яднання Юрый Мікалаевіч Мяркулаў. Ён таксама шчыра прывітаў воінаў-афганцаў. Пажадаў ім здароўя, дабрабыту, усяго самага найлепшага ў жыцці.

Сімвалічна і тое, што па традыцыі на такіх урачыстасцях заўсёды прадстаўнікі маладога пакалення атрымліваюць з рук ветэранаў білеты і значкі членаў ГА “БРСМ”. Не выключэнне і сёлетняе мерапрыемства. Першы сакратар райкама ГА “БРСМ” Галіна Міхайлаўна Красоўская запэўніла, што сённяшнія юнакі і дзяўчаты таксама гатовы служыць свайму народу і Айчыне. Яны жадаюць вырасці сапраўднымі людзьмі, якімі б ганарыліся іх родныя і блізкія. Права ўручыць білеты і значкі членаў БРСМ было прадастаўлена воінам-інтэрнацыяналістам Ю.М. Мяркулаву і Ю.А. Капуцкаму.

Задушэўныя вершаваныя радкі, выступленні гасцей чаргаваліся з музычнымі нумарамі. Бурнымі і працяглымі апладысментамі прысутныя віталі спевакоў: Рамана Руткевіча, Міхаіла Рабікава, Аляксандра Цыгельнікава, Аксану Вязевіч, Дзмітрыя Лубнеўскага, Анжаліку Кароль, Таццяну Іванову, Алесю Далгіх.

Засталося дадаць, што аналагічныя мерапрыемствы з запрашэннем воінаў-інтэрнацыяналістаў прайшлі і па іншых пас- і сельсаветах. А 15 лютага дэлегацыя з раёна на чале з райваенкомам А. Л. Радкевічам наведала бацькоў загінуўшага ў Афганістане Івана Аніські Леакадзію Іванаўну і Эдуарда Міхайлавіча. Пацікавілася іх жыццём, хвалюючымі пытаннямі. Разам з татам і мамай прадстаўнікі райваенкамата, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, ГА “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”, СВК “Міжазёрны край” узгадалі пра Івана, які рос працавітым, старанным хлопцам. Затым пабывалі на могілках, дзе пахаваны салдат. Усклалі да помніка вянок, пастаялі ў глыбокім маўчанні, увекавечваючы тым самым светлае імя героя-земляка.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
15 лютага адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика