На Брэстчыне ўпершыню зафіксаваныя чатырохкрылыя совы
01.04.2010
—
Новости Общества
|
Сенсацыя! Пагалоска пра з'яўленне ў заходнім рэгіёне невядомых да гэтага часу птушак гуляла сярод мясцовых жыхароў яшчэ мінулай вясной. Аднак рэальных сведкаў тады рэдакцыя так і не адшукала. Было вядома толькі тое, што нейкая птушка, якая больш нагадвала мініяцюрны верталёт, завісае ў паветры перад балконамі шматпавярховых дамоў і зазірае ў вокны... А вось сёлета карэспандэнту "Звязды" пашанцавала, бо ў рэдакцыю звярнуўся сведка, які добра разглядзеў дзівоснага летуна і нават паказаў аматарскі здымак гэтай жывой істоты. — У мінулую суботу на снеданне я вырашыла прыгатаваць свайму мужу бліны, — паведаміла нам жыхарка горада Ляхавічы Брэсцкай вобласці пенсіянерка Святлана Астапава. — Першыя бліны ў мяне крыху падгарэлі, таму шырэй і адчыніла адну створку акна на кухні. Недзе праз паўгадзіны адлучылася на нейкую хвіліну ў іншы пакойчык, а калі вярнулася на кухню, то ўбачыла, як нейкая чатырохкрылая птушка з маім бліном у кіпцюрах ужо вылятае з кухні на балкон. На жаль, больш ніхто тады з жыхароў дома па вуліцы Леніна, 45 гэтую цікавую птушку не бачыў. Аднак, як паведамілі нам жыхары з суседняй вуліцы гэтага гарадка, летась увесну ў вокны на кухні неаднойчы заляталі нейкія вяртлявыя птушкі. Цікава, што з'яўляліся яны заўсёды ў той час, калі там гатавалі бліны. Тыя птушкі былі падобныя на соў шэрага колеру з выразным тварам нібыта ў акулярах. Тады тым летунам нават мянушку далі — кугакаўка-блінаед. Спецыяліст па экалагічнай адукацыі грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" Руслан Шайкін паведаміў нам, што чатырохкрылых соў айчынныя арнітолагі пакуль не фіксавалі. Суразмоўца нагадаў нам, што менавіта 1 красавіка адзначаецца Сусветны дзень птушак. Можа менавіта на сваё прафесійнае свята асобныя мудрыя совы знаходзяцца ў такім цудоўным настроі, што ў іх на кароткі час вырастаюць дадатковыя крылы. — Калі быць больш дакладным, то ад сябе асабіста дадам, што мне добра вядома адно такое гняздоўе. Праўда, у красавіку адтуль звычайна вылятаюць шматкрылыя качкі, — удакладніў Руслан Шайкін. Сяргей КУРКАЧ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пагалоска пра з'яўленне ў заходнім рэгіёне невядомых да гэтага часу птушак гуляла сярод мясцовых жыхароў яшчэ мінулай вясной. Аднак рэальных сведкаў тады рэдакцыя так і не адшукала. Было вядома толькі тое, што нейкая птушка, якая больш нагадвала мініяцюрны верталёт, завісае ў паветры перад балконамі шматпавярховых дамоў і зазірае ў вокны...
|
|