Незабыўныя дні з Барысам Кітом
20.04.2010
—
Новости Общества
|
Заключная публікацыя з серыі, прысвечанай слыннаму сыну Беларусі Так, яны назаўжды застануцца ў маёй памяці. І не толькі ў маёй. Разам са мной да Барыса Кіта ў Франкфурт-на-Майне адправіліся яшчэ пяць беларусаў. Прызнаюся, хваляваліся ўсю дарогу. А раптам... Чалавеку не пяцьдзесят і не семдзесят, а ўсе 100!І якая радасць апанавала нас, калі мы ўбачылі перад сабой не нямоглага старца, а вясёлага, жыццярадаснага чалавека. Абдымкі, поціскі рук, першыя цёплыя словы... Я асабіста раней ні разу не сустракаўся з Барысам Уладзіміравічам, нашым славутым земляком, але, паверце, адчуванне было такое, быццам бы мы знаёмы даўным-даўно: ён вітаў кожнага з нас як блізкага, самага дарагога сябра. Такая ж сардэчнасць зыходзіла і ад яго вернай спадарожніцы Тамары. Здавалася, гэтых шчырых, лагодна-ўсмешлівых людзей паслаў нам сам Бог! У многіх нямецкіх рэстаранах няма гардэробаў, наведвальнікі вешаюць вопратку побач са сталамі на разгалінаваныя рожкі. Я, як маладзейшы за Барыса Уладзіміравіча на сорак гадоў, вырашыў дапамагчы яму зняць куртку. І трапіў у нялоўкую сітуацыю. “Дзякуй, дзякуй, я сам”, — пачуў ветлівы адказ векавога Кіта. А каб згладзіць маю разгубленасць, Барыс Уладзіміравіч пажартаваў: “Калі хочаце, я магу паказаць вам позу чаплі?”Такога я не мог уявіць сабе нават ува сне. Чалавеку 100, а ён можа стаяць на адной назе, выцягнуўшыся ўсім целам наперад і шырока раскінуўшы рукі. “Штодзённая гімнастыка дапамагае, — заўважыўшы наша здзіўленне, удакладніў юбіляр. — Кожны дзень з Тамарай хвілін па трыццаць займаемся”. Вядома ж, такое незвычайна цёплае знаёмства з Барысам Уладзіміравічам нібы рукой зняло тое хваляванне, якое адольвала падчас пералёту з Мінска ў Франкфурт-на-Майне. Выбраўшы ўтульнае месца ў галоўнай зале рэстарана, мы ўсе размясціліся за адным доўгім сталом. Пакуль рассаджваліся, спадар Кіт некалькі разоў паўтарыў: “Як я цешуся, як я цешуся...” Пагадзіцеся, якое прыгожае слова — цешуся. Сёння ў Беларусі яго не часта пачуеш. Звычайна кажуць: радуюся. А Барыс Уладзіміравіч Кіт, з якім мы бачыліся два дні, ледзь не праз кожныя дзесяць хвілін прамаўляў: “Як я цешуся...” Гаварыў ён на чысцюткай беларускай мове. Як быццам не шэсцьдзесят шэсць гадоў таму пакінуў Бацькаўшчыну, родную Беларусь, а толькі ўчора ці ў крайнім выпадку пазалетась. З аповедаў, якія некалі тут, у Франкфурце-на-Майне, запісаў Васіль Быкаў і якія “Народная Воля” друкавала ў шэрагу папярэдніх нумароў, вы, шаноўныя чытачы, ведаеце, якое нялёгкае, поўнае драматызму і выпрабаванняў, жыццё пражыў Барыс Уладзіміравіч Кіт. Таму, мяркую, няма сэнсу паўтараць радкі яго біяграфіі, лепш вернемся ў той гасцінны рэстаран, дзе мы аднымі з першых беларусаў віншавалі стогадовага юбіляра-земляка, чалавека, якога ведаюць ва ўсім свеце за яго глыбокі розум, за яго велізарны ўклад у сусветную навуку, за яго гуманістычную грамадзянскую пазіцыю. Па ўсім было бачна: Барыс Уладзіміравіч цешыўся кожнаму прывітанню, кожнаму слову, перададзенаму з Бацькаўшчыны. Вось ён трымае ў руках амаль трохкілаграмовы духмяны каравай “Радзівілаўскі”, а ў вачах блішчаць, быццам ранішняя раса, слёзы. Слёзы радасці! Сувеніры з радзімы падрыхтавала не толькі наша кампанія. Арыгінальныя, з нацыянальным каларытам гасцінцы перадалі праз нас жонка Васіля Быкава — Ірына Міхайлаўна, літаратуразнаўца Лідзія Савік, прафесар Адам Мальдзіс. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Заключная публікацыя з серыі,
|
|