Аўтуховіч і Казлоў выступілі з апошнім словам. 21.by

Аўтуховіч і Казлоў выступілі з апошнім словам

20.04.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

На працэсе ў Вярхоўным судзе, дзе судзяць гэтак званых "тэрарыстаў" Мікалая Аўтуховіча ды іншых, скончыліся судовыя спрэчкі, перадаў "Свабодзе" праз тэлефон назіральнік за працэсам грамадзкі актывіст Вячаслаў Сіўчык.Напярэдадні ў прадстаўніка дзяржаўнага абвінавачаньня Эльдара Сафарава была магчымасьць зрабіць рэпліку ў адказ на прамовы адвакатаў, але Сафараў ад рэплікі адмовіўся, і судзьдзя Аляксей Цяцюхін даў апошняе слова абвінавачаным. Першым, больш як гадзіну, выступаў Мікалай Аўтуховіч. Ён зноў заявіў, што ні ў чым не вінаваты, і падрабязна прааналізаваў доказы, сабраныя сьледзтвам. Паказаньні Аляксандра Ларына Мікалай Аўтуховіч абверг больш чым у 20 выпадках і паўтарыў меркаваньне, што гэты чалавек яго агаворвае. Паводле Аўтуховіча, Ларын паклёпнічае на замову сьледзтва і ў пэўных асабістых мэтах. 

Шмат месца ў апошнім слове Мікалай Аўтуховіч прысьвяціў карупцыі вышэйшых чыноўнікаў у Ваўкавыску, Гарадзенскай вобласьці, а таксама ў Менску. Сваю барацьбу з карупцыяй чыноўнікаў Мікалай Аўтуховіч лічыць асноўнай прычынай таго, што з 2003 году яго пачалі перасьледаваць. Справу пра "падрыхтоўку да тэракту" Аўтуховіч разглядае як працяг справы пра падаткі, паводле якой ён ужо адседзеў у турме. "Мяне перасьледуюць, бо не зьмірыўся і працягваў змаганьне за сваю рэабілітацыю і пакараньне чыноўнікаў", — сказаў Мікалай Аўтуховіч.

Вязень паведаміў суду, што за гады, праведзеныя ў турмах і сьледчых ізалятарах, амаль страціў зубы. Цяпер у Аўтуховіча засталося толькі некалькі пярэдніх зубоў. У турэмнай камэры, каб паесьці, ён спачатку апрацоўвае ежу міксэрам.

Мікалай Аўтуховіч падзякаваў людзям, якія падтрымлівалі яго ў турме, і незалежным журналістам, якія "давалі пра яго справу аб'ектыўную інфармацыю".

Таксама з апошнім словам выступіў былы міліцыянт Міхаіл Казлоў. І ён не прызнае сябе вінаватым, а справу лічыць фальшаванай. Міхаіл Казлоў распавёў, што паводле артыкула аб злоўжываньнях была заведзеная крымінальная справа супроць намесьніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянко, Казлоў асабіста браў удзел у расьсьледаваньні. Аднак на замову вышэйшых чыноўнікаў справу спынілі і здалі ў архіў, сказаў былы міліцыянт. Нагадаем, Васіль Камянко лічыцца ў справе Аўтуховіча пацярпелым. Аўтуховіч мяркуе, што на загад Камянко "разбуралі ягоны бізнэс". У судзе Васіль Камянко абверг гэтыя прэтэнзіі і сказаў, што не датычны да карупцыі.

Пасьля перапынку з апошнім словам маюць выступіць Уладзімер Асіпенка і Аляксандар Ларын.
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На працэсе ў Вярхоўным судзе, дзе судзяць гэтак званых "тэрарыстаў" Мікалая Аўтуховіча ды іншых, скончыліся судовыя спрэчкі, перадаў "Свабодзе" праз тэлефон...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика