Кола жыцця Івана Супрунчыка
22.05.2010
—
Новости Общества
|
Народны майстар стварыў у роднай вёсцы на Століншчыне Музей палескага побыту “Які цяпер крызіс? — голас у Івана Піліпавіча бадзёры. — Паглядзіце: дзеці прыязджаюць да мяне на экскурсіі з розных гарадоў і вёсак, і ў кожнага ў кішэні мабільнік, грошы. Усе, слава Богу, абутыя, апранутыя... А вось я калісьці першыя чаравікі абуў у восем гадоў, пах іх памятаю і сёння....” Гісторык-самародак, бібліятэкар Іван Супрунчык, мой знакаміты зямляк, — карэнны паляшук. Як нарадзіўся, так і жыве ў вёсцы Цераблічы, на Століншчыне, што на самым поўдні Брэсцкай вобласці. Ён у старадаўніх традыцыях сякерай высякае драўляныя скульптуры на самыя розныя, блізкія душы, тэмы. Некаторыя працы майстра стаяць ля дарог, іх скрыжаванняў на Палессі, у тым ліку скульптуры Ісуса Хрыста на крыжах, Маці Божай, Іаана Прадцечы... Зробленыя ім выявы апосталаў Пятра і Паўла, дарэчы, нагадваюць мясцовых мужчын: прысадзістыя фігуры, моцныя рукі, заклапочаныя твары. Цыклы твораў ён прысвяціў тэме Вялікай Айчыннай вайны, Чарнобыльскай трагедыі, стварыў нямала вобразаў асветнікаў, вядомых літаратурных герояў. Аб’ездзіў, кажа майстар, паўсвета, ды мілейшага за гэты кутка не знайшоў. Разам з ім жонка, яго каханне і самая бескарысная памочніца, ды гісторыя, яго адвечная любоў. А яшчэ саграе душу створаны ім народны Музей палескага побыту, у якім ёсць сотні рэчаў землякоў, беларусаў-палешукоў. Майстар апантана вышуквае этнаграфічныя матэрыялы, абрады, паданні, легенды свайго краю, якія потым імкнецца адлюстраваць у скульптурных кампазіцыях, жывапісе і графіцы. Сотні цікавых экспанатаў можна пабачыць у яго бібліятэцы-музеі, што ў вялікім павільёне – былым цаху трыкатажнай фабрыкі. Зазірнем туды... Карані вёскі “Гісторыя Цераблічаў, казалі старажылы, ідзе з шаснаццаці родаў, якія далі жыццё ўсім вясковым жыхарам, — распавядае Іван Супрунчык. — Назва вёскі, пэўна ж, ад слова “церабіць”: людзі выцерабілі дрэвы і кусты і пасяліліся на гэтым месцы”. Цяпер тая гісторыя ўвасоблена ў дрэве: пасярод музея —16 драўляных статуй, гісторык высек іх сам. “Старыя людзі расказалі мне такую легенду: адзін разумны хлопец на сяле па імю Лефан Лефананя забіў цяля і падзяліў яго па родах, тым самым кожнаму роду даў адметную характарыстыку, — паказвае на статую асілка Лефана гісторык. — Напрыклад, Кашэўскім аддаў рогі, бо яны не саступаюць з дарогі. Макадом прынёс цялячае каленца, бо ў іх няма дроў ні паленца. Барысям падзяліў шкуру, бо ў іх дурная натура. Кормлецу дасталася галава, бо там маладзіца малада (і ў іх дзяўчаты ўсе нараджаліся прыгажунямі). Мельнікам аддаў кішкі, каб завязваць мяшкі (яны багацеямі лічыліся на сяле, ветракі трымалі)... Ну і гэтак далей.” Кожная характарыстыка роду актуальная і па сёння, прызнаецца Іван Піліпавіч: адны ўпартыя, другія багатыя — з родавага кола цяжка вырвацца. Сватаўство, заручыны, вяселле Калісьці хлопцы, расказваюць, хадзілі на Палессі да 18 гадоў адно ў доўгіх кашулях. І калі толькі хлопец збіраўся ажаніцца, тады маці шыла яму штаны. Хадзілі ў сваты палешукі з барылам (драўляным глякам), поўным самагонкі ці медавухі, і вярэнькай (плеценай з бяросты торбай), поўнай хлеба ці мёду. Дык вось, ад таго гляка і ідзе зняважлівая народная мянушка алкаголікаў. Людзі так і кажуць на выпівоху: барыла. Падыходзілі сваты да хаты маладой і шпурлялі лапці са словамі: “Шуры-муры, лапці ў хату”. Калі бацька прымаў сватоў, то запрашаў гасцей у хату. А як сваты былі не даспадобы, то лапці ляцелі назад са словамі: “Не шурай, не бурай, ды свае лапці забірай”. Іван Супрунчык пра многія мясцовыя абрады ведае ад бацькоў, старых жыхароў вёскі ды ад сваёй маці хроснай, якой ужо амаль сто гадоў. “Мая маці казала, што нашага бацьку да жаніцьбы і ў вочы не бачыла, — успамінае.— Прывялі, сасваталі і ажанілі. Так раней і рабілі, бо лічылі: як за дзяўчынай ёсць добры пасаг — зямля ці золата — то грэх з ёй не ажаніцца”. Пасля сватаўства ладзілі заручыны. Потым маладыя ішлі ў царкву, вянчацца. Пасля царквы — да маладой, свякроў правярала нявестку: брала дзяжу, у якой раней мясілі цеста на хлеб. Яе ставілі на парозе. Калі дзяўчына была цнатлівая, то смела станавілася на покрыўку дзяжы, а не, дык баялася і абыходзіла збоку. Пасля свякроў частавала маладых мёдам: спачатку мужа, пасля — жонку. Калі жонка грэбліва ела мёд з той жа лыжкі, што і муж, людзі падмячалі: будзе яна кепскай спадарожніцай па жыцці. Нараджэнне дзіцяці У вёсцы заўжды была павітуха, яе рукамі і пераразаліся пупы. Іван Піліпавіч распавёў пра такі абрад, які мае карані ў глыбокай даўніне: цяжарную жанчыну нават летам везлі да павітухі на санях. Каб і выпадкова не штурхнуць. Для немаўляці бацька ладзіў кранджолы — люльку, што трымалася на трох абапертых адзін аб другі кіях. Такую калыску з дзіцем можна было і ў поле ўзяць, каб у цяньку паставіць. На сцяне ў музеі бачу малюнкі: цікавыя мясцовыя паданні Іван Піліпавіч сам любіць ілюстраваць. “Гэтыя малюнкі расказваюць пра Ладоню, мужчыну, які сам сабе зарабіў мянушку, — расказвае гістрык. — Пайшлі муж з жонкай у поле працаваць. Тады ўжо паншчыну адмянілі, але сялян прымушалі яшчэ гады два яе адпрацоўваць. Сям’я ўзяла і кранджолы, дзе спала дзіцятка. Раптам малое заплакала, і маці кінулася да яго. А пан быў злыднем, падляцеў да сялянкі ды давай яе біць. Не вытрымаў муж і так заехаў па вуху пану вялізнай рукой — той аж аглух і аслеп. Пан падаў скаргу ў мазырскі суд. Муж быў бясстрашны, пайшоў да Мазыра пешшу, а па дарозе прыгаворваў: “На мядзведзі еду, воўкам падпіраюся, вужом падперажуся і нікога не баюся”. “Чым біў пана?”— спыталі суддзі. “Ладоняю”, — адказаў селянін. Суддзі параіліся між сабой ды зміласцівіліся. Селянін вярнуўся ў вёску і расказаў пра ўсё людзям. Так і нажыў сабе мянушку: Ладоня”. Зыход Бытаваў на Палессі такі звычай: калі нябожчыка выносілі з хаты, то перадавалі цераз яго хлеб, з сеняў у хату: гэта каб на гаспадарскім стале хлеб не зводзіўся. І ўсюды, праз усё жыццё сялянскае былі сімвалы. Нашы продкі, гаворыць гісторык, паважалі агонь, хлеб і ваду. Таму і на лапаце выразалі крыж як сімвал Сонца. І цяпер, калі для нябожчыка выкапаюць яму, то лапаты складваюць крыжам — сімвалізуюць Сонца. А душа таго, хто сышоў у іншы свет, кажуць, жыве ў хаце дзевяць дзён, таму на стале заўсёды для памерлага ставяць кубак з вадой, лыжку, міску. І адно праз сорак дзён душа пакружыць над сялом і адлятае ў нябесны Вырай... Працяг будзе! У музеі Івана Супрунчыка можна знайсці шмат простых сялянскіх рэчаў дабрабыту. Вось, скажам, драўляная пральная машына, накшталт вялікай калоды, якую называлі жлукта. Адзенне ў жлукту кідалі, попелам засыпалі і на ноч мокнуць пакідалі. Раніцай неслі на раку прапаласкаць. А вы бачылі... старажытны маразільнік? Ён як плецены з лазы кош, па форме падобны да вулея. Туды клалі мяса, рыбу, сала і зімой вывешвалі за акно, на мароз. Летам такі кош вісеў на скразняку, у ім прадукты не псаваліся. Майстры знатныя жылі на Палессі! “У суседнім Давыд-Гарадку былі майстры, якія без адзінага шву боты рабілі, — паказвае мне такі рарытэт гісторык. — Здзяруць шаўцы шкуру з ног жывёліны, падшыюць толькі падэшву — і абутак гатовы”. На покуці, гэта значыць у чырвоным куце, самым ганаровым месцы хаты, нашы продкі падвешвалі раней кола: яно сімвалізуе само жыццё. Так і зрабіў Іван Піліпавіч, стварыўшы пакой хаты селяніна. Кола яшчэ ўпрыгожана, як і раней, ручніком. У музей едуць не толькі школьнікі з Брэстчыны, іншых месцаў Беларусі, але і галандцы, французы, немцы... Работы майстра, яго малюнкі і драўляныя статуі аб’ехалі па выставах з паўсвету, а многія і цяпер знаходзяцца ў музеях Беларусі, іншых краін. Іван Супрунчык амаль дзесяць гадоў уваходзіць у Беларускі саюз майстроў народнай творчасці, ён народны майстар Беларусі, двойчы лаўрэат фестывалю “Славянскі базару ў Віцебску”, адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне”, мае шэраг іншых узнагарод. Ды галоўнай сваёй заслугай лічыць музей. І тое, што ў Цераблічы едуць і едуць экскурсіі, што плён яго працы цікавы для людзей. Наталля Сергуц, студэнтка Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Столінскі раён Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Народны майстар стварыў у роднай вёсцы на Століншчыне Музей палескага побыту“Які цяпер крызіс? — голас у Івана Піліпавіча бадзёры. — Паглядзіце: дзеці...
|
|