Паштоўкі з вайны. 21.by

Паштоўкі з вайны

29.04.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларускі скульптар Абрам Жораў дасылаў сваёй маленькай дачцэ паштоўкі з фронту. Магіляўчанка Святлана Жорава сёння захоўвае іх як найвялікшую сямейную каштоўнасць, як памяць пра Вялікую Перамогу і цану, якую давялося заплаціць за яе людзям.

  Час разлукі

Святлана нарадзілася ў Мінску ў 1936 годзе. Яе маці Фаіна і бацька Абрам пазнаёміліся ў Магілёве — сем'і жылі па суседстве. Дзіцячая доктарка і скульптар жылі да вайны на два гарады: Фаіна працавала ў Магілёве, а Абрам Жораў, які афармляў сталічны дом ураду, працаваў у мінскай майстэрні.

— Нарэшце мы рушылі да бацькі: пераехалі ў Мінск у маі, але напрыканцы чэрвеня пачалася вайна, — узгадвае сёння Святлана Жорава. — Маці расказвала мне, што бацька ўсё глядзеў, як самалёты лётаюць туды-сюды над горадам і казаў: "Фаня, мне ўсё гэта не падабаецца". У паветры адчувалася напружанне. І ў адзін момант паляцелі бомбы, усё грымнула і загарэлася! Людзі былі ў паніцы! І мне, дзіцяці, на ўсё жыццё запомніўся той страх і жах.

Побач з Жоравымі жыў чалавек, які служыў у міліцыі. Разам са сваёй сям'ёй ён адправіў з Мінска Фаіну з дачкой. Абрам толькі паспеў сунуць разгубленай жонцы партфель з бутэрбродамі і дакументамі.

— Мы трапілі ў цягнік і эвакуяваліся ў Пензу, — працягвае расповед Святлана Абрамаўна. — Гэта дзякуючы татку мы засталіся жывыя. Таму што мы — яўрэі, і пры фашыстах ратавання нам не было б.

Бацька Святланы, пасля таго як адправіў сям'ю, на веласіпедзе даехаў да Магілёва. Дзве сотні кіламетраў мужчына пераадолеў, каб пабачыцца са сваімі бацькамі. Пасля гэтага ў Магілёве ён пайшоў у армію.

Яшчэ да заканчэння мастацкага тэхнікума малады скульптар у лётнай установе прайшоў курс навучання аэрафотаздымкам. Старшы лейтэнант Жораў узначаліў узвод, які займаўся фотаразведкай. Яму было 29 гадоў.

Аднойчы, калі давялося фатаграфаваць нямецкія тылы, самалёт Абрама збілі, а сам ён трапіў у палон. Усе дакументы ён знішчыў: камандзір і яўрэй адразу быў бы расстраляны. А так Жораў трапіў на таварны цягнік з іншымі ваеннапалоннымі, адкуль разам з таварышам яму ўдалося збегчы. Потым яны трапілі ў партызанскі атрад, які дзейнічаў на тэрыторыі Украіны.

Чорцік для Свеціка

У гэты час, у Пензе спрабавалі выжыць у эвакуацыі Фаіна і маленькая Святлана. Яны пасяліліся ў былой прыбіральні генеральскага дома. Хутка ў Пензу прыехалі далёкія сваякі Жоравых, і ў маленькім пакойчыку неяк жылі 8 чалавек.

— Маці вельмі цяжка перажывала разлуку, часта плакала, — узгадвае сёння дачка.

На старых чорна-белых фотаздымках, якія беражліва захоўвае Святлана Абрамаўна ў каробцы з-пад цукерак, адлюстравана жыццё яе бацькі. На даваенных фота малады творца выглядае як галівудская зорка 1930-х: прыгожы мужчына ў модным строі з дзёрзкім поглядам з-пад палёў капелюша. Сімпатычныя сяброўкі маладосці: з пострэвалюцыйнай стрыжкай "карэ" і з неверагодным міні-капялюшыкам больш позняга перыяду.

— Бацька быў вельмі прыгожы, і яго кахалі жанчыны, — такія ўспаміны дасталіся ў спадчыну дачцэ Жорава. — І маці, якую з мужам звязвала вялікае пачуццё, гэта часам трохі злавала. Аднойчы яна прыйшла дадому, а тата малюе аголеную жанчыну, як высветлілася потым — балерыну. Маці нават плакала: "Ну як ты мог?" А ён адказваў: "Гэта мая ж праца!" Вось і на фота ў кватэры вісіць партрэт аголенай жанчыны.

Святлана Абрамаўна глядзіць на ваенныя фотаздымкі і робіць выснову, што гламурны лоск яе тата згубіў у суровыя гады. Вочы ў вайскоўца Жорава сумныя альбо суровыя. Аднак для любімай дачкі ён прыхоўваў ласкавыя словы.

Паштоўкі з актуальнымі антыфашысцкімі малюнкамі Абрам дасылаў на імя Святланы: "Дару свайму Свеціку агідную малпу: гэта Гебельс — фашысцкі оберхлус. Ці падабаецца табе гэты чорцік? Пакажы ўсім дзецям у садку і перадай ім маё баявое прывітанне з фронту. 6 мая 1942 года".

— Адваротны адрас ў выглядзе літар і лічбаў, штамп "Разгледжана ваеннай цэнзурай", — паказвае Святлана Абрамаўна паштоўкі, якім болей за 65 гадоў. — І радкі, напісаныя бацькоўскай рукой. Гэта кавалак майго сэрца.

"Хутка Гітлеру канец..."

Аднойчы тата прыехаў ў Пензу — усяго на некалькі дзён. Аказваецца, яго выклікалі ў штаб партызанскага руху. Як таленавітаму чалавеку яму прапанавалі бронь і творчую працу. Але ён адмовіўся.

— Сказаў, што не можа тварыць, пакуль навокал усё разбураецца і гінуць людзі, — расказвае дачка. — Ён не мог гэта зрабіць, бо пакінуў на лініі агню сваіх людзей. Што б яны падумалі, калі б ён сам застаўся ў бяспецы? Мой бацька быў шчырым патрыётам. І тады яму дазволілі перад вяртаннем пабачыць сям'ю.

Ён ірваўся ўбачыць жонку і любімую дачку. Спачатку кінуўся ў дзіцячы садок, дзе яму паказалі малюнкі малой. Абрам вельмі радаваўся, што творчыя здольнасці перадаліся дачцэ.

— Я толькі памятаю, як мы ляжалі з ім на вузкім жалезным ложку і ён расказваў мне любімую казку Пушкіна пра залатую рыбку, — на вачах Святланы Абрамаўны слёзы. — Бацька мяне любіў, а я вельмі падобная на яго — не толькі знешне, але і складам душы. Я дасюль адчуваю яго цеплыню.

Апошні ліст Абрам Жораў напісаў 23 снежня 1943 года. Ён пісаў: "Хутка Гітлеру будзе канец, і мы абавязкова сустрэнемся. Мы будзем разам, і ў мяне будзе шмат працы. Не магу гэтага дачакацца..." Маці перачытвала гэтыя радкі дачцэ сто разоў. Але потым — цішыня, спачатку — страшная і пакутлівая, а пазней — хоць і звыклая з цягам часу, але не менш балючая.

У 1944 годзе кіраўніцтва аховы здароўя БССР адклікала Фаіну дадому. Ёй загадалі вяртацца ў Магілёў, дзе было шмат працы для дзіцячага доктара. Жанчыне сказалі проста: маўляў, вернецца муж з фронту — будзеце жыць у Мінску, а пакуль вам трэба працаваць у абласным цэнтры.

— Мы дабіраліся дадому месяц, — узгадвае Святлана Абрамаўна. — Усё разбурана, рэйкі ўзарваныя. Стаялі суткамі. І я памятаю, як стаялі пад Тулай і хадзілі ў маёнтак Льва Талстога. Уразіла, як па ўсёй вялікай паляне былі раскіданая папера, спісаныя старонкі. Відаць, гэта былі архівы пісьменніка...

Ён не вярнуўся з вайны

— Тата проста не прыйшоў з вайны, — канстатуе Жорава. — І ніхто не ведае, дзе і як ён загінуў. Я мяркую, што гэта адбылося ва Украіне ў партызанскім атрадзе. Такое меркаванне склалася па паштовых пячатках: Кіеў, Харкаў, Львоў. Праўда ў тым, што я не ведаю, дзе пахаваныя яго астанкі, і не магу пакланіцца ім. Толькі захоўваю памяць пра бацьку ў сваім сэрцы і ў гэтых старых фота і паштоўках.

Час ішоў. Маці Святланы Фаіна Плоткіна ў 1944 годзе арганізавала першую ў горадзе дзіцячую кансультацыю. Маці зноў пайшла замуж, і аднойчы айчым знішчыў фота сваёй былой жонкі, розум якой не вытрымаў жахаў вайны, і лісты Абрама Жорава з вайны. Відаць, мужчына хацеў такім чынам пачаць жыццё з новай старонкі, але Святлана і дасюль не можа зразумець і дараваць знішчэнне памяці пра яе любімага татку.

Сама дзяўчынка добра спявала, але ўсё ж выбрала прафесію філолага і выкладчыка. Праўда, з цягам жыцця музычнае хобі перарасла ў вялікае захапленне: яна брала ўдзел у магілёўскіх аматарскіх пастаноўках аперэты, спявала ў вакальнай студыі і ўрэшце стала самадзейным кампазітарам. Зборнік яе песень "Бэзавы май" пераклікаецца са святам Дня Перамогі.

Жанчына гаворыць, што 9 Мая для яе — сапраўды са слязамі на вачах: радаснае свята перамогі, але з сумам. Страшная вайна пазбавіла яе добрага таты.

Ёй дасюль непрыемна бачыць фашысцкую свастыку: у дзяцінстве яна баялася яе як небяспечнай жывёлы, якая можа балюча пакусаць. Але і потым, калі ў сучаснай Германіі Святлана займела добрых сяброў, ад старых фота з відарысам свастыкі ёй рабілася крыху не па сабе.

— Людзі захаваюць памяць пра вайну разам з пачуццём радзімы, — упэўненая Святлана Абрамаўна.

Каб быў мір і спакой

— Калі б мой бацька не загінуў, то стаў бы славутым чалавекам, — упэўненая яго дачка. — Бо Абрам Жораў вылучаўся сваімі працамі яшчэ да вайны. І нездарма яму хацелі даць бронь!

Аднак цяпер працы скульптара засталіся толькі на фота. Помнік Дукорскім партызанам, графічныя партрэты савецкіх пісьменнікаў, скульптурная кампазіцыя "Арджанікідзе ў разведцы пад Барысавам", барэльеф Лермантава ды іншыя.

— А вось скульптура дзяўчыны, якая цярэбіць лён, — паказвае Святлана Абрамаўна. — Для яе пазіравала маці. Мне яна падабаецца: тут адчуваюцца жывая постаць і расліны. У мяне засталася толькі адна работа, якая выраблена з дрэва. Гэта сялянка, задаволеная жыццём. Што ж, за тым часам героямі былі людзі працы альбо героі грамадзянскай вайны.

А яшчэ, расказала жанчына, Абрам Жораў выразаў драўляную шкатулку для Іосіфа Сталіна. Пасля вайны Святлана разам з маці спецыяльна ездзілі ў залу падарункаў Сталіну, каб пабачыць твор свайго бацькі: "Куфэрак ад беларускага народа".

Цяпер Жорава пенсіянерка, для якой памяць пра Вялікую Айчынную вайну — не проста набор лозунгаў, гісторыя яе ўласнай сям'і. Вайна парушыла мірнае жыццё і адабрала блізкага чалавека. Менавіта таму Святлана Абрамаўна так удзячна сёння роднай Беларусі за спакойнае жыццё.

— Вядомая прыказка "Толькі каб не было вайны" зусім не падаецца мне старадаўняй, яна будзе актуальная заўсёды! — гаворыць магіляўчанка. — Хачу, каб нашы дзеці, унукі і праўнукі жылі ў спакоі, міры, радаваліся сонцу і прыродзе, людзям і ўсмешкам.

Ілона Іванова.

Фота Ірыны Савосінай.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларускі скульптар Абрам Жораў дасылаў сваёй маленькай дачцэ паштоўкі з фронту. Магіляўчанка Святлана Жорава сёння захоўвае іх як найвялікшую сямейную...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика