Забойства ці самазабойства ў ваеннай часці?
29.04.2010
—
Новости Общества
|
"Ваш сын памёр", — такі званок раздаўся ў кватэры Галіны Цівуновіч. На тым баку провада казалі, што яе васямнаццацігадовы Сярожа застрэліўся падчас службы на пасту. Не паверыўшы, што яе сын мог такое зрабіць, Галіна Мацвееўна і яе муж восем год спрабуюць дабіцца праўды... Галіна Мацвееўна жыве разам з мужам і дачкой у невялікай кватэры горада Маладзечна. Інвалід другой групы, цяпер на пенсіі. — Вы ведаеце, мой сын не мог такога зрабіць, — з парога расказвае Галіна Мацвееўна. Мы праходзім у залу, і першае, што кідаецца ў вочы — партрэт маладога чарнявага хлапца ў рамцы на сцяне. — Сярожа мой у армію ішоў без праблем, не адмаўляўся, — працягвае Галіна Мацвееўна, — Напачатку ён служыў у вайсковай часці ў Печах, там была досыць складаная падрыхтоўка. Калі мы да яго прыязджалі і прывозілі паесці, дык ён з такой прагнасцю накідваўся на ўсё. А ўжо на службе ў Гродна паправіўся, атрымаў званне малодшага сяржанта. Задаволены быў вельмі. Мы прыязджалі, дык ён казаў, што яму вельмі падабаецца тут служыць. "Вельмі дзіўная ў яго поза была. Ён ляжаў роўненька на аўтамаце" Сяргей Цівуновіч, паводле запісу ў пасведчанні аб смерці, памёр ў выніку трох скразных кулявых вогнестрэльных раненняў галавы з шырокім пашкоджаннем галаўнога мозгу. — Яго ў той дзень паставілі ахоўваць склады. На вышку, — памешваючы лыжачкай гарбату, распавядае Галіна Мацвееўна, — Прыкладна ў гадзіну дня, па экспертызе, ён памёр. Па афіцыйнай версіі ён скончыў жыццё самагубствам: з аўтамата стрэліў сабе ў падбародак. У галаве тры адтуліны, у шапцы дзве, у даху вышкі дзве, не знайшлі трэцюю гільзу. Прычым вельмі дзіўна ён павінен быў страляць, таму што, калі ён стрэліў сабе ў падбародак, як кулі маглі выйсці з патыліцы і лоба? Гэта неяк дзіўна. У дадатак з трох выстралаў было знойдзена толькі дзве гільзы. Дзе тады трэцяя і з якога аўтамата яна была выстраленая? Сям'я Цівуновічаў знайшла яшчэ некалькі нестыковак у версіі самазабойства. — Вельмі дзіўная поза была, у якой знайшлі сына. Аўтамат ляжаў, упёршыся ў падбародак, роўненька пад ім ляжаў. Ды ён жа раскачку дае, аўтамат, сына б адкінула. А тут аўтамат аказаўся роўненька пад ім. Як мне патлумачылі, калі чалавек страляе аўтаматнай чаргой ва ўпор, то такім чынам ён ніяк не можа ўпасці. Мае суседзі — афганцы, якія ваявалі, гэта пацвердзілі. Аўтамат павінен быў адляцець. Ва ўсялякім выпадку так ляжаць ён не мог. Аднак дабіцца праўды я так і не змагла. Незразумелым застаецца пытанне з дзвярыма. Па словах Галіны Мацвееўны, на вышцы, дзе дзяжурыў у дзень забойства Сяргей Цівуновіч, дзверы замыкаліся знутры. Хто і калі адчыняў гэтыя дзверы, у матэрыялах справы не ўказваецца. У дадатак, калі бацька Сяргея прыехаў на месца забойства, то саміх дзвярэй не было. Ім патлумачылі, што дзверы былі знятыя для экспертызы, маўляў, у іх былі кулі. Якія кулі і ў якім кірунку яны ішлі, бацькам Сяргея даведацца так і не ўдалося. — А яшчэ на падлозе знайшлі перадсмяротную запіску, — гаворыць Галіна Мацвееўна, —Яна была надрапана на адной з дошак. "У маёй смерці прашу нікога не вінаваціць, сваю віну я змываю кроўю. Мама, прабач мне". Па-першае, у яго ў кішэні быў нататнік. Навошта яму пісаць на дошках, незразумела. І якую віну ён крывёй змывае? Ніякіх падазроных паводзінаў мы не назіралі ў яго. Тут таксама незразумела. Мне сказалі, што экспертыза почырка была праведзена, але я ўпэўнена, што гэта пісаў не мой сын. "Яго прыбралі як непатрэбнага сведку" Па словах Галіны Матвееўны, не былі знятыя адбіткі пальцаў з аўтамата, няма экспертызы частак пораху з адзення забітага. — Ды гэта ж элементарна, — абураецца жанчына. — Нават я, невучоная ў такіх справах, разумею, што першачаргова патрэбна зняць адбіткі. Аднак не толькі ў гэтым справа. Тут самае страшнае, што ў майго сына знаходзіўся аўтамат АК-74 № 346669 з патронамі калібру 5,45 мм серыі 78-60. Гэта патроны, якія маюць кулі, што лёгка разварочваюцца. А гэтыя кулі забаронена прымяняць у мірны час згодна з Дэкларацыяй, якая прынятая на міжнароднай канферэнцыі Міру ў Гаазе ў тым ліку і нашай краінай. Думаю, яму знарок гэтыя кулі далі. Які матыў яго забойства? Хутчэй за ўсё, тут замешаны склад са зброяй. А дакладней, я думаю, адбываўся крадзеж зброі. Магчыма, Сярожа стаў сведкам таго, чаго яму не патрэбна было бачыць. Вось яго і прыбралі . "Я хачу апраўдаць яго чэснае імя" Восем год судоў ад Гродзенскага міжгарнізоннага да Вярхоўнага суда. Жанчына паказвае стос папер, якія яна спісала.. — Пісала нават у Адміністрацыю прэзідэнта, але думаю, што Аляксандр Рыгоравіч пра гэта не ведае, — кажа жанчына, — Адтуль справу спусцілі на ніжэйшы ўзровень. Усе свае падазрэнні і пытанні я выказвала неаднаразова, аднак мяне выслухоўвалі і ўсё роўна пісалі адпіскі. Я прасіла, каб пры мне правялі следчы эксперымент, але яго не правялі. Я пытаюся наконт дзвярэй вышкі, а мне адказваюць спачатку, што яны былі знятыя, а пасля, што яны былі на месцы... Зараз вось хачу патрапіць на прыём да міністра абароны... Мне важна апраўдаць сумленнае імя свайго сына. Ён не мог такога зрабіць. Настасся Занько. (рэдакцыя будзе сачыць за развіццём гэтай справы) Каментар: "Версія аб забойстве не пацверджаная" Усе пытанні Галіны Мацвееўны рэдакцыя газеты пераадрасавала Беларускай ваеннай пракуратуры. На пісьмовы запыт рэдакцыі адказаў намеснік Беларускага ваеннага пракурора Лебядзеў: "Падчас папярэдняга расследавання ў Гродзенскай міжгарнізоннай ваеннай пракуратуры ўстаноўлена, што каля 13 гадзін 16 сакавіка 2002 года падчас нясення службы на пасту каравула в/ч 33 933 малодшы сяржант Цівуновіч С.М скончыў жыццё самагубствам, здзейсніўшы выдадзеным яму аўтаматам кароткую чаргу з 3-х выстралаў сабе ў галаву. Следствам была цалкам праверана версія аб забойстве Цівуновіча, якая не знайшла пацвярджэння. Падчас расследавання крымінальнай справы было агледжана месца здарэння і знойдзена перадсмяротная запіска Цівуновіча, у якой ён просіць у яго смерці нікога не вінаваціць. Згодна з заключэннем крыміналістычнай экспертызы тэкст запіскі выкананы самім Цівуновічам. Таксама праведзены эксперымент на прадмет магчымасці зрабіць Цівуновічам выстралы ў сябе ва ўказаным становішчы, прызначаны і праведзены судова-медыцынская экспертыза, а таксама крыміналістычная экспертыза трупа і пасмяротная псіхіятрычная экспертыза, а таксама крыміналістычная экспертыза аўтамата. Сукупнасць сабраных па крымінальнай справе доказаў факт самазабойства Цівуновіча быў цалкам пацверджаны". Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Ваш сын памёр", — такі званок раздаўся ў кватэры Галіны Цівуновіч. На тым баку провада казалі, што яе васямнаццацігадовы Сярожа застрэліўся падчас службы на...
|
|