3+2 вызначыліся з шостым удзельнікам
30.04.2010
—
Новости Общества
|
"Еўрабачанне-2010" Менш за месяц засталося да пачатку міжнароднага песеннага форуму, што адбудзецца сёлета ў прыгарадзе Осла, а пра падрыхтоўку беларускіх удзельнікаў амаль нічога не чуваць. Што гэта значыць — што праца ідзе ў штатным рэжыме, без скандальных акалічнасцяў, якімі вызначаліся мінулыя разы, альбо што расказаць няма пра што? Як запэўніваюць на тэлеканале АНТ, які адказвае за падрыхтоўку нашых канкурсантаў — складзенага з салістаў Прэзідэнцкага аркестра РБ гурта "3+2" — рэпетыцыі, заняткі з харэографамі і педагогамі па вакалу, урокі англійскай мовы, трэніроўкі ў фітнэс-цэнтры ўдзельнікі не прыпыняюць ні на дзень. І ўжо бачны вынік — напрыклад, Юлія Шышко, якая раней не вывучала англійскую ўвогуле, цяпер у вымаўленні адчувае сябе куды больш упэўнена, а Егіязар Фарашан у выніку штодзённых трэніровак страціў 10 кіло...
Якой будзе пастаноўка нумара, што пакажуць беларускія канкурсанты ў Осла, арганізатары так і не раскрываюць, але сцвярджаюць, што "максімальна набліжаны" варыянт мы ўбачым ужо сёння ўвечары — падчас выступлення гурта на фінале "Міс Беларусь". Мяркуецца максімальна поўна абыграць вобраз, закладзены ў назве песні "Butterfly" — "Матылькі". "Стаўка робіцца на жаночыя сукенкі, — паведамляе афіцыйны сайт гурта, — у выніку метамарфозы дзяўчаты стануць "матылькамі". Эксклюзіўныя ўборы для салістак Алены і Нінель Карповіч і Юліі Шышко стварае малады беларускі дызайнер Алена Коршак. Таксама гурт нарэшце назваў імя шостага ўдзельніка, які будзе прысутнічаць на сцэне — як і абвяшчалася раней, гэта піяніст. Дакладней, музыкант і кампазітар са Швецыі Роберт Уэлс: самы малады студэнт шведскай Каралеўскай кансерваторыі і разам з тым прафесар музыкі ва ўніверсітэце Ханчжоу ў Кітаі (з 2005 года), стваральнік уласнай фартэпіяннай школы он-лайн і заснавальнік дзіцячага дабрачыннага фонду, аўтар музычнага афармлення для Алімпійскіх гульняў у Пекіне ў 2008 годзе. Запісы ягонага канцэртнага шоу "Rhapsody іn Rock" станавіліся сем разоў залатымі і двойчы — плацінавымі. На яго рахунку — супрацоўніцтва з такімі зоркамі сцэны, як Селін Дзіён і Браян Адамс, "Deep Purple" і "ABBA". Літаральна днямі, пасля падпісання адпаведнага кантракта, да гэтага спісу далучыўся і малады беларускі калектыў. Роберт Уэлс якраз і будзе акампанаваць "3+2" падчас сённяшняга выступлення. Сам кампазітар прылятае толькі сёння за некалькі гадзін да шоу, але ўжо ўчора ў Мінск прыбыў яго асістэнт, каб наладзіць належным чынам фартэпіяна і падрыхтаваць усё да выступлення. У бліжэйшы час, расказала "Звяздзе" дырэктар гурта Кацярына Вашчанка, запланаваны таксама канцэрт беларускага гурта ў Балгарыі — 9 мая, у Дзень Перамогі і Дзень Еўропы, на цэнтральнай плошчы Сафіі прадстаўнікі нашай краіны возьмуць удзел у зборным канцэрце разам з выканаўцамі з Балгарыі, Расіі, Македоніі, Італіі і Францыі. "Гурт выканае конкурсную песню "Butterfly" і яшчэ дзве са свайго рэпертуару — з ліку тых, што гучалі ў тэлепраекце "Музычны суд", — паведаміла Кацярына Вашчанка. — Увесь астатні час выканаўцы практычна цалкам праводзяць у студыі. Прома-тура як такога ў нас не будзе, мы вырашылі, што гэта немэтазгодна і не дае належнага эфекту, таму ў асноўным абменьваемся ратацыямі з еўрапейскімі радыё- і тэлеканаламі". Зрэшты, у графіку гурта было запланаванае выступленне ў Кіеве 1 мая, на так званай "Eurovіsіon party", але арганізатары яго адмянілі з-за актыўнасці ісландскага вулкана, бо частка ўдзельнікаў магла б не дабрацца да Украіны. У гэтым годзе вырашана не рабіць празмернага ўпору і на прома-прадукцыю, але да паездкі ў Осла ўсё ж складаецца прэзентацыйны пакет, куды ўвойдуць дыскі і буклеты гурта, нейкі пачастунак і дробныя сюрпрызы для еўрапейскай прэсы і фанатаў "Еўрабачання". Але больш падрабязна пра гэта беларуская дэлегацыя абяцае расказаць ужо ў маі, напярэдадні ад'езду ў Осла. Сапраўднае ж "баявое хрышчэнне", нагадаем, гурту "3+2" давядзецца вытрымаць 25 мая — беларусы з песняй "Butterfly" Макса Фадзеева і польскай паэтэсы Малькі Чаплін выступяць у першым паўфінале "Еўрабачання" перадапошнімі, пад нумарам 16. Усяго ў сёлетнім конкурсе ўдзельнічаюць прадстаўнікі 39 краін, і хоць на Беларусь у спісах букмекераў стаўкі не вельмі высокія, але маладыя выканаўцы глядзяць у будучыню з аптымізмам і запэўніваюць, што зробяць усё ад іх залежнае, каб годна прадставіць нашу краіну. Вікторыя ЦЕЛЯШУК. Фота тэлеканала АНТ і з афіцыйнага сайта Роберта Уэлса. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Менш за месяц засталося да пачатку міжнароднага песеннага форуму, што адбудзецца сёлета ў прыгарадзе Осла, а пра падрыхтоўку беларускіх удзельнікаў амаль нічога...
|
|