Закруціць нагу за нагу і глядзець тэлевізар — гэты занятак не па мне. 21.by

Закруціць нагу за нагу і глядзець тэлевізар — гэты занятак не па мне

21.05.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Прэм'ера рубрыкі "А хто ў дамку жыве?"

Аграгарадкі ў нашай краіне растуць як на дражджах. Толькі за чатыры апошнія гады іх колькасць пераваліла за тысячу (калі дакладна, 1188), сёлета плануецца стварыць яшчэ 293. У некаторых узнікае пытанне: навошта Беларусі аграгарадкі? Адказ просты: каб жыццё вяскоўцаў не саступала па камфорце гарадскому, каб людзям хацелася жыць і працаваць у сельскай мясцовасці. І на гэта дзяржава затрачвае каласальныя сродкі. Толькі ў 2005—2009 гадах на стварэнне дадатковай і развіццё існуючай інфрастуктуры аграгарадкоў выдзелена 3,6 трыльёна рублёў. А колькі яшчэ грошай будзе ўкладзена?!.

У новай рубрыцы мы будзем знаёміць вас з асаблівасцямі жыцця аграгараджан з розных рэгіёнаў краіны, шукаць на месцах адказы на самыя розныя пытанні.

  Напрыклад, ці праўда, што ў аграгарадках няма каму жыць? Ці праўда, што ёсць людзі, якія пераязджаюць у "прэзідэнцкія" дамкі з іншых краін, мяняюць на іх гарадскія кватэры? Што змянілася ў жыцці вяскоўцаў пасля таго, як яны сталі звацца аграгараджанамі? Якія праблемы хвалююць мясцовых жыхароў?..

Першы прыпынак — аграгарадок Нарач, які месціцца на тэрыторыі Вілейскага раёна. Статус аграгарадка вёска Нарач набыла ў 2005 годзе адной з першых у раёне.

"Я кароў баюся, і яны гэта адчуваюць"

Ганну Няўмейкаву <І>(на фота) , якая два гады таму пераехала разам з мужам Пецям жыць у Беларусь з Казахстана, я прыкмеціла побач з домам яшчэ здалёк. Маладая гаспадыня рыхтавала месца пад клумбу.

— Хачу тут аксаміткі пасеяць, каб і сабе, і суседзям вока радавалі, — усміхаецца жанчына. — Я ж цяпер у водпуску, часу хапае.

— А кім вы працуеце?

— На ферме кармы каровам падкідаю на пару з яшчэ адной дзяўчынай. Праўда, спачатку мяне туды ўзялі даяркай, але я не справілася, бо кароў баюся. Яны гэта адчуваюць і не падпускаюць да сябе. Я ж да таго, як у Нарач прыехаць, у Лагойскім раёне цэлы месяц кароў даіла, дык адна карова ўпала на мяне, што я ледзь выпаўзла.

— А ў Беларусі як апынуліся?

— Бацькі мужа не адабралі нашага шлюбу, вось і давялося з'ехаць адтуль. Першы час жылі на Лагойшчыне ў маёй старэйшай сястры. Там працы не было, ды і жылля не давалі. Туліліся ў кватэры сястры, а ў яе ж самой трое дзяцей. Ад знаёмай чулі шмат добрага пра гэту гаспадарку. Вось і вырашылі паспрабаваць. Атрымалася (усміхаецца). Муж працуе трактарыстам. Першы час жылі на кватэры ў знаёмай, у хуткім часе нам далі дамок.

— І як дамок, падабаецца? Абжыліся трохі?

— Праходзьце, самі ўсё ўбачыце (запрашае ў дом). Перад тым, як засяліць, нас папярэдзілі, што дагэтуль тут жыла сям'я з Магілёўшчыны. Як яны тут жылі, у галаве не ўкладваецца? Сцены голыя, паўсюль брудна, неахайна. Не адзін дзень тут усё чысцілі. З першай зарплаты набылі шпалеры ў спальню. Я сама іх клеіла, бо муж пастаянна на працы, яму няма калі дапамагаць. Мэблю ўзялі ў крэдыт, бо сюды прыехалі толькі з сумкамі. Цяпер штомесяц выплачваем па 300 тысяч. Карацей, паціху абжываемся, бо на ўсё, зразумела, адразу грошай не хапае.

— І няўжо вам, маладым, не хацелася пачаць новае жыццё ў горадзе?

— Мне тут падабаецца, — не раздумваючы выпаліла Ганна. — Прырода прыгожая, паблізу лес, рэчка. Мяне нават, калі я ў Казахстане працавала швачкай у горадзе, цягнула да бацькоў у вёску. Хоць у нас там у асноўным стэпы.

— А на радзіму не цягне?

— Два гады ўжо жывём у Беларусі, але пакуль ні разу не выбраліся на радзіму. Вось устанем на ногі і праведаем бацькоў. Яны ведаюць, што ў нас усё добра, таму не хвалююцца. Самі ж некалі пачыналі будаваць жыццё з нуля. Вось і мы так. Быццам бы спраўляемся.

— А на будучыню нешта плануеце?

— Дзецьмі абзавесціся (смяецца).

— Ганна, знаёмцеся, я вам земляка прывёў, — перарваў размову старшыня СВК "Нарачанскія зоры" Мар'ян Іванавіч Садоўскі, які ўвесь гэты час чакаў мяне на дарозе.

Як высветлілася, Яўген Шалкевіч разам з жонкай Таняй і двума дзецьмі Дзімам і Алёнай таксама пару тыдняў таму прыехалі з Казахстана. Набылі тут машыну і падарожнічаюць па Беларусі, шукаюць, дзе б асесці. Убачылі прыгожыя дамы і вырашылі паглядзець на іх бліжэй, выпадкова спыніліся ля дома Ганны.

— Пакуль што жывём у цёткіі ў суседняй вёсцы, можна сказаць на сумках. Я ж сам родам з Гродзенскай вобласці. Бацькі з'ехалі ў Казахстан, калі мне было 2 годзікі.

— А што вас прывяло ў Беларусь?

— Стаміўся ў Казахстане рамантаваць машыну (усміхаецца), у нас дарогі жудасныя, яма на яме. А тут еду і атрымліваю задавальненне. Ды і да бліжэйшага горада ў вас не 150 кіламетраў, як у нас, а ўсяго 20-30. Акрамя таго, жонка мая за 10 гадоў, што мы жанатыя, нідзе не працавала, хоць і мае адукацыю, я таксама два гады ўжо сяджу без працы. Дзеці добра вучацца, сын наогул выдатнік, а школа ў вёсцы, дзе мы жылі, толькі да 4-га класа. Хочацца іншага жыцця, каб кожны меў свой занятак.

— І кім вы хочаце працаваць?

— Мы — вясковыя людзі. Ніякай работы не баімся. Прынамсі я дзесяць гадоў прапрацаваў механізатарам, пасля прызначылі ўлікоўшчыкам. Магу быць зваршчыкам, кіроўцам. Я не безнадзейны, хачу, каб выбар быў, каб работа была ў радасць. Таму і езджу, пытаюся, прыглядаюся.

На развітанне Мар'ян Іванавіч, якому, відаць, спадабаўся Яўген, прапанаваў яму застацца ў іх гаспадарцы.

— Паездзі, паглядзі. Будзе жаданне, заязджай, пагаворым. Нам добрыя людзі патрэбныя. Жыллё будуем. І ўсё на месцы: школа, музычная школа, амбулаторыя, гандлёвы цэнтр, Дом культуры...

"З-за працы няма часу на дзяўчат"

Да дома, што на той жа вуліцы, падышоў малады чалавек.

— Гэта наш практыкант на абед ідзе, — зарыентаваў мяне Мар'ян Іванавіч.

— Мяне завуць Паша Войніч я сам родам з Вілейскага раёна, з вёскі Мільчы, вучуся ў сельскагаспадарчым ліцэі на слесара па рамонце аўтамабіляў, цяпер тут праходжу практыку, — расказаў пра сябе хлопец.

— А што пасля практыкі збіраешся рабіць?

— Паеду здаваць іспыты. А пасля трэба год адпрацаваць па размеркаванні.

— Нешта энтузіязму ў голасе не чую...

— Не хочацца мне ўсё жыццё пражыць у вёсцы. Адпрацую і, калі ўсё будзе добра, паеду ў горад.

— А што ў горадзе?

— Не ведаю. Перспектывы нейкія...

У гэты момант з дома, у якім жыве Паша, выйшаў яшчэ адзін хлопец.

— Вой, дык ты тут не адзін жывеш? — цікаўлюся.

— Не, утрох. Я, Валера і Сяргей. Валера Шылко летась скончыў каледж і прыехаў у "Нарачанскія зоры" па размеркаванні. Сам родам з Астравецкага раёна. Трэці хлопец, Сяргей, скончыў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт і працуе ў гаспадарцы аграхімікам. Мы не жанатыя, таму кожнаму выдзелілі па пакоі.

— У суседні дамок я засяліў траіх дзяўчат па такім прынцыпе, — дадаў Мар'ян Іванавіч.

— Дык, мо, ужо каторы з вас нявесту сабе тут знайшоў і прэтэндуе на цэлы дом?

— На дзяўчат няма часу з-за працы (смяюцца). Працуем ад ранку да позняга вечара. А Валеру , ён жа ў нас ветурач-гінеколаг, дык і ноччу могуць выклікаць, у яго нават службовая машына ёсць.

— Ну і як вам тут жывецца ўтрох?

— Нармальна, — кажа Валера. — Праўда, рамонт усё ніяк не дабяромся зрабіць, то часу няма, то грошай. Мне, напрыклад, на сесію трэба хутка ехаць. Вучуся завочна ў Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Добра, што бацькі трохі дапамагаюць.

"Без Мальвіны і Хлопчыка не ўяўляем жыцця"

Дом сям'і Адамовічаў прыцягнуў позірк здалёк: фігуркі буслоў побач з нізкарослымі яблынькамі, гномік з ліхтарыкам на ганку, дэкаратыўная сценка з каменьчыкаў, рознакаляровыя цюльпаны і ў той жа час вялікі парнік, гараж, загарадка для курэй, вялікі хлеў. Людміла і Павел (фота 4) атрымалі "прэзідэнцкі" дамок шэсць гадоў таму.

— Да гэтага мы жылі ў інтэрнаце, — узгадвае Людміла. — Колькі радасці было, калі атрымалі свой вялікі дом, ды яшчэ і з зямельным участкам!

— Цяпер жывём тут утрох. У нас ёсць дачка, Ілона, па восені ёй будзе 12 гадоў. Ганарымся ёй вельмі. Яна ў нас выдатніца, ходзіць у музычную школу, вучыцца граць на фартэп'яна.

— І памочніца добрая.

— Так, і тату, і маме дапаможа. І дровы скласці, і грады пасадзіць, і прапалоць, і посуд памыць, і падмесці. Чысціню самі любім, асабліва жонка, і дачку прывучаем.

— Многія, ведаю, у вёсках, не кажучы ўжо пра аграгарадкі, не трымаюць гаспадарак, не садзяць агародаў...

— Не, мы без Мальвіны і Хлопчыка — гэта наша карова з бычком, без курэй, свіней не ўяўляем жыцця, — кажа Людміла. — Нашы бацькі трымалі гаспадарку і мы трымаем. Мы прызвычаіліся, што трэба працаваць. І не можам без працы.

— Калі сёння ў мяне з хлява забраць усю жыўнасць, то я не буду ведаць, чым заняцца. Закруціць нагу за нагу і глядзець тэлевізар — гэты занятак не па мне. Мы з жонкай яшчэ арандуем у калгасе гектар зямлі пад збожжавыя і пад бульбу. Любім працаваць, ды і капейка лішняй не бывае. Бычка здадзім, што-небудзь у дом купім, суседзі набываюць у нас малако, яйкі. Ды і кіраўніцтва гаспадаркі заўсёды ідзе насустрач: з кармамі дапамагае, нават бульбу ўсім пагалоўна садзіць і капае на калгаснай тэхніцы, каб не адцягваць чалавека ад яго асноўнай работы.

— А кім вы працуеце?

— Я працую на свінакомплексе ветаператарам, муж там жа слесарам.

— Зарплату атрымліваем стабільна штомесяц. Крыўды ні на калгас, ні на кіраўніцтва няма. Хапае і набыць з ежы штосьці смачнейшае, і апрануцца, і дачцэ даць грошы на паездкі.

— Так, нядаўна ад школы дзеці ездзілі ў Хатынь, хутка паедуць на лінію Сталіна. Гэта вельмі добра, трэба, каб дзеці развіваліся.

— Неаднаразова чула, што людзі скардзяцца на якасць дамкоў...

— Асабіста ў нас вялікіх праблем не ўзнікала. Зразумела, даводзілася нешта недзе падмазваць, прыкручваць, падкладваць, але па дробязях. Рукі ж ёсць (Людміла пасля, калі мы фатаграфаваліся, пацвердзіла, што ў мужа сапраўды залатыя рукі, ён сам нават плітку на кухні і ў ванным пакоі паклаў). А вось у суседзяў, ведаю, якія год-два таму атрымалі дамкі, узнікалі больш сур'ёзныя праблемы. Комін сыпаўся, сцены, якія раздзяляюць пакоі, трэскаліся. Праўда, наш старшыня па заявах жыхароў даваў запыт у фірму, якая займалася будаўніцтвам гэтых дамкоў, прыязджалі работнікі і выпраўлялі хібы. А чаму б было не зрабіць усё як мае быць адразу?.. І яшчэ, на мой погляд, трэба будаваць больш прасторныя хлявы побач з дамкамі, бо, нягледзячы на ўмовы, набліжаныя да гарадскіх, у першую чаргу мы — вясковыя людзі. Нам трэба размясціць карову, свіней, курэй. У нас, напрыклад, быў хлеў плошчай тры на чатыры, давялося сваімі сіламі расшыраць. Трэба ўлічваць таксама, што недзе трэба паставіць вілы, граблі, рыдлёўкі... І бульбу не было дзе захоўваць, самі пабудавалі падвальчык.

— А ў горад ніколі не хацелася пераехаць жыць?

— Была ў мяне магчымасць застацца ў Мінску пасля арміі, у жонкі — у Маладзечне. Але абодва выбралі маленькую радзіму. І не шкадуем. Нават цяпер, калі едзем да брата ў госці з начоўкай, ён жыве ў горадзе, цягне дадому. Усё нязвыкла: машыны, мітусня...

А тут ціха, спакойна. Цяпер моладзь іншая, не такая, як мы былі, большасці няважна кім працаваць, абы ў горадзе...

— А хочаце, каб дачка, калі вырасце, жыла ў вёсцы?

— Вырасце, сама і вырашыць. Мы ж, як і усе бацькі, хочам, каб нашы дзеці жылі лепш за нас. Пакуль што Ілона кажа, што пойдзе толькі ў дэпутаты (смяюцца). Нават калі яна і будзе жыць у горадзе, думаю, яе будзе цягнуць у вёску.

.

Мар'ян Іванавіч САДОЎСКІ, старшыня СВК "Нарачанскія зоры": "За год мы дамок проста не пазналі"

— У нашу гаспадарку прыехала ўладкоўвацца на працу сям'я з Магілёўскай вобласці. Я ў той час яшчэ быў галоўным энергетыкам. Ім адразу ж далі ключы ад "прэзідэнцкага" дамка. Пажылі недзе год і з'ехалі. За год мы гэты дамок проста не пазналі!.. Пасля гэтага выпадку бяром людзей збоку спачатку на выпрабавальны тэрмін, даём магчымасць праявіць сябе, а толькі пасля давяраем дом. Навучаны горкім досведам, я разумею, што абы-каму аддаць дом, які каштуе 200 мільёнаў рублёў, сабе даражэй. Праз год, а то і праз месяц-два давядзецца рамонт рабіць... Бо, самі ж разумееце, калі чалавек плануе застацца тут жыць і працаваць, то ён зробіць дом толькі лепшым. "Качэўнік" жа жыве, як прыйдзецца, забрудзіць жыллё — і следу не стала. Сёлета плануем пабудаваць яшчэ два "прэзідэнцкія" дамкі. Можна было б і больш, але вырашылі, што танней будзе набыць жыллё ў насельніцтва і зрабіць там еўрарамонт з цэнтральным ацяпленнем. Усе пабудаваныя дамкі, акрамя двух, заселеныя. Якраз гэтыя два знаходзяцца ля самай рэчкі і лесу. Курорт, адным словам. Трымаю іх для маладых спецыялістаў. На адзін ужо знайшоў добрых прэтэндэнтаў. Наша практыкантка сёлета заканчвае тэхнікум і плануе выйсці замуж. Яе нарачоны цяпер адпрацоўвае размеркаванне ў Пастаўскім раёне, адпрацуе і пераедзе да нас. Моладзь бяру з задавальненнем, бо ў нас усе спецыялісты ва ўзросце.

Надзея ДРЫЛА, Вілейскі раён.

Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аграгарадкі ў нашай краіне растуць як на дражджах. Толькі за чатыры апошнія гады іх колькасць пераваліла за тысячу (калі дакладна, 1188), сёлета плануецца стварыць...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика