Траецкая зеляніна як сімвал яднання. 21.by

Траецкая зеляніна як сімвал яднання

21.05.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Мы гаварылі ўжо, што на заканчэнні калядных святаў людзі адломвалі галінкі елачак, якія стаялі каля ўвахода ў храм, неслі іх дамоў і захоўвалі ў якасці абярэга. Фактычна па гэтым жа сцэнары разгортваліся падзеі вакол купальскага вогнішча, у якім спальвалі старыя рэчы, колы, той самы траецкі "май", а вугельчыкі абавязкова неслі дадому.

 Аналагічным чынам ставіліся і да траецкай зеляніны, якой упрыгожвалі храмы, і асабліва да кветак, якімі былі аплецены галоўныя абразы святых, а таксама засланая падлога ў час набажэнства. Пакідаючы храм пасля Траецкага набажэнства, людзі стараліся абавязкова прыхапіць з сабой зеляніну, якая, па ўяўленнях сялян, надзялялася не толькі магічнымі, але і гаючымі здольнасцямі.

 Галінкі ўпрыгожвалі чырвонымі стужкамі, папяровымі кветкамі, сцяклярусам. Іх захоўвалі на бажніцы, лічылася, што гэты абярэг будзе ахоўваць хату ад маланкі, а таксама спрыяць здароўю прадстаўнікам трох пакаленняў: дзецям, бацькам, дзядам і бабулям.

 Траецкая зеляніна набывала статус "усяленскага" ўніверсума. З яе ўдзелам сяляне на працягу года выконвалі рытуальныя дзеянні, якія сведчылі пра абавязковае ўключэнне ў святочную канву ўсіх сфераў жыццядзейнасці чалавека. Тое, што было асвечана ў царкве (або агнём), павінна было пераадрасаваць сваю святасць (абноўленасць) кожнаму аб'екту гаспадарання, тым самым перасцерагчы ад пашкоджанняў.

 Лічылася, што абрадавыя атрыбуты гэтага часу маюць выразны прадуцыравальны характар. Дзеля гэтага прынесеныя траецкія расліны дадавалі ў корм свойскай жывёле. Галінку "мая" клалі на першы воз, калі вывозілі гной. А пасля заканчэння гэтай справы кожны двор крыж-накрыж пераворвалі сахой, а ў цэнтры перасячэння баразён закопвалі некалькі галінак, узятых у храме. Траецкімі зёлкамі абкурвалі жывёлу пры першым выгане на пашу, і ў тым выпадку, калі ўзнікала пагроза масавых захворванняў сярод свойскай жывёлы.

 Летам траецкую зеляніну клалі пад стог сена, пад снапы жыта, кідалі ў падполле, каб засцерагчы ўраджай ад мышэй. Асвечанымі галінкамі "маю" абмяталі магілы сваіх продкаў. Пры надыходзе навальніцы іх запальвалі і абкурвалі хаты, каб адагнаць навалу.

 Цікава і тое, што высушаныя зёлкі выкарыстоўвалі ў народнай медыцыне для лячэння людзей, так і свойскай жывёлы. Высушаныя кветкі звычайна расціралі ў ступе і захоўвалі ў выглядзе парашку ў невялікіх мяшэчках. Частку іх выкарыстоўвалі для прыгатавання адвараў, настояў, мазяў.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мы гаварылі ўжо, што на заканчэнні калядных святаў людзі адломвалі галінкі елачак, якія стаялі каля ўвахода ў храм, неслі іх дамоў і захоўвалі ў якасці абярэга....
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика