Маладая гаспадыня і дзеці з кубкамі за каровай. 21.by

Маладая гаспадыня і дзеці з кубкамі за каровай

25.05.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Алена Магілеўцава — 32-гадовая жыхарка аграгарадка Родня ў Клімавіцкім раёне. Калі б гэтая стройная вяскоўка з блакітнымі вачыма і белазубай усмешкай нарадзілася бліжэй да сталіц, то, можа, сёння яна б упрыгожвала тэатральныя падмосткі ці эстраду. Але жыццё распарадзілася так, што ўраджэнка беларуска-расійскага памежжа стала жывёлаводам, шматдзетнай маці і дбайнай гаспадыняй уласнага падворка.

На вуліцы Сонечнай

У кветніку Алены расцвіў блакітны акопнік, чыстыя слоікі блішчаць на плоце, на градах у агародзе не знайсці ніводнай лішняй травінкі. Акуратнасць і парадак у вясковай гаспадыні, якая разам з мужам гадуе пяцярых(!) дзяцей, уражвае. Такую чысціню не навесці нават працяглым генеральным прыбіраннем, яе трэба падтрымліваць штодня.

Муж Валерый сёння працуе на ферме. Старэйшыя дзеці, 10-гадовы Купрыян і 7-гадовы Лук'ян (імёны атрымалі з сялянскага радаводу), вучацца ў школе. Тры дачкі — Ніна, Алена і Надзея, малодшай з якіх 3 гады, ціха гуляюць каля дома і не турбуюць дарослых. А маці расказвае пра сямейнае жыццё і падсобную гаспадарку.

— Я нарадзілася на Хоцімшчыне. Паехала паступаць у Магілёў на швачку, але так да вучобы і не прыступіла: маці захварэла, выпала вяртацца. З Валерам пазнаёмілася з дапамогай радыёперадачы "Клуб знаёмстваў": проста напісала яму ліст, і вось ужо за мужам 7 гадоў. Прыехалі ў Родню, таму што тут ёсць праца і жыллё.

У маці Алены было 7 дзяцей, у Валерыя — 10 братоў і сясцёр. Цяпер у мужа і жонкі — пяцёрка малых!

— Маці расказвала, як раней жылі, калі не было ніякай дапамогі, — дзеліцца жанчына. — Рабілі вялікую бочку і садзілі туды дзяцей, клалі ежу і цацкі. А калі з працы прыйдзеш, то ў той бочцы невядома што робіцца... А цяпер тры гады дома сядзі і гадуй, ёсць дзіцячы садок. Не, ніякай бочкі ў мяне няма! Раджаць і гадаваць дзяцей — гэта для мяне няцяжка.

Алена ўдзячная за дапамогу з боку дзяржавы. Яна пералічвае: грошы на дзяцей, адрасная дапамога, бясплатнае дзіцячае харчаванне, гуманітарная дапамога. Аднак як бы там ні было, асноўны цяжар кладзецца на бацькоў. А калі заробак у жывёлавода не перавышае 400 тысяч рублёў, то даводзіцца шукаць іншы шлях выжывання. Гэты надзейны шлях — асабістая падсобная гаспадарка.

Сырадой — ласунак

— Дабіраем гаспадаркай і агародам, — пацвярджае Алена. — Праўда, прадаць нічога не атрымліваецца. Сям'я вялікая — усё самі спажываем. Сёння ў гэтай гаспадарцы — поўны набор жывёлы: карова, конь, свіння, куры, гусакі, трусы.

— Усё для гаспадаркі ёсць. Галоўнае тут — не спаць. Пад'ём — а 4-й гадзіне, і ўвесь дзень на нагах.

Карова цяпер тройчы на дзень дае па 10 літраў малака. Тварог, сыр, кефір, малочны суп, бліны — з малака можна шмат чаго прыдумаць! У малых Алены любімы ласунак — не шкодныя чыпсы з газіроўкай, а суперкарысны для здароўя сырадой з-пад каровы. Таму дзеці, узброеныя кубкамі і пячэннем, першымі бягуць да Красулі.

— У вёсцы без агарода і жывёлы цяжка пражыць, — разважае Алена. — Хоць, калі заробак быў бы больш за мільён рублёў...

— А што такое мільён на 7 чалавек? — уступае ў гутарку старшыня Раднянскага сельскага Савета Васіль Іванавіч Саламацін.

Васіль Іванавіч працуе на пасадзе два дзясяткі гадоў, сам трымае падсобную гаспадарку, таму эканоміку сельскай сям'і ведае добра.

 

— Куры, парася, пчолы, агарод! — пералічвае гаспадар. — Як жа я буду агітаваць людзей працаваць, калі ў мяне самога нічога на падворку не будзе?!

Напрыклад, для сям'і Магілеўцавай штодня трэба два-тры боханы чорнага хлеба і адзін-два белыя батоны. Дзеці просяць банан ці тамат. Мука, крупы, цукар. Плюс адзенне і абутак, а яшчэ і аплата камунальных паслуг.

— Таму падсобную гаспадарку ў нас трымаюць усе, акрамя хранічных лайдакоў, — кажа Васіль Іванавіч. — Куры ёсць у кожнага, ды і без парсючка не абыдзешся. А вось карову не ўсе маюць, гэта цяжкавата.

Многія ўсё ж пазбаўляюцца кароў. Маладыя звычайна гавораць, што ўсё можна набыць у краме за грошы. Старыя скардзяцца на недахоп сілаў і здароўя. Трымае кароў цяпер сярэдняе пакаленне. На вуліцы Сонечнай у Родні шмат дамоў, але толькі 2 каровы.

Як падтрымаць гаспадароў

Васіль Саламацін раіць ствараць умовы для падсобных гаспадарак. І пачаць трэба з гаспадарчых пабудоў у дварах новых дамоў. Алена паказвае сваю пуню з блокаў — два на два метры, дзе спачатку давялося разам паставіць карову, парася, і ўсёй астатняй жыўнасці таксама даць хоць трохі месца. Пакуль не прыляпілі з бакоў драўляныя хаткі, каб і жывёле было прасторна і камфортна.

— Людзі звычайна пачынаюць шукаць па закінутых вёсках старыя пабудовы, якія можна перавезці і выкарыстаць як пуні, — расказаў Саламацін. — Безумоўна, з іх "цукерку" не зляпіць. Таму такія пуні псуюць знешні выгляд аграгарадка. Аднойчы мужчыну, які паставіў для жывёлы фактычна другую хату побач, прымусілі пад пагрозай штрафу зруйнаваць пабудову. Ці будзе ён пасля такога трымаць гаспадарку, як вы мяркуеце?

Алена тлумачыць, што з падтрымкай асабістых падсобных гаспадарак працаўнікам эксперыментальнай базы "Раднянская" пашанцавала: з пашамі праблем няма, сена (25 тысяч рублёў за рулон) прывозяць дадому, на ўборку збожжавых камбайнам робяць зніжку напалову, збожжам аддаюць натуральную аплату.

— З кіраўніцтвам гаспадаркі ёсць узаемаразуменне, — пацвярджае старшыня. — Праблем са здачай малака і мяса няма. Здаў цяля — атрымаеш і пашу, і кармы, і камбайн. Іншая рэч, што калі загнаў жывёлу ў Расію камерсантам, то дапамогі прасіць і не варта.

Аднак разам з тым вяскоўцы лічаць, што настаўнікі, урачы і работнікі культуры, якія жывуць і працуюць у вёсцы, павінны гэтак жа адчуваць падтрымку сваіх падсобных гаспадарак, як і самі працаўнікі сельскай гаспадаркі.

Малако ў Родні збірае прадпрыемства "Сяляне", якое створана пры Галіцкім сельсавеце. Менавіта гэта прадпрыемства апякуе ўладальнікаў кароў на тэрыторыі многіх сельсаветаў у Клімавіцкім раёне, і "Сяляне" працуюць добра, без скаргаў.

— Затое ўзнікаюць іншыя скаргі, звязаныя з тлустасцю малака, — каментуе Васіль Саламацін. — Базісную тлустасць вызначылі як 3,6 %, але гэта, на мой погляд, шмат. Тым болей увесну. Бабуля здае 10 літраў малака і просіць заплаціць за іх, але атрымлівае не ўсе грошы, бо тлустасць не дацягвае. Вось людзі і скардзяцца.

Гаспадарка ў спадчыну

— Мае дзеці, калі застануцца ў вёсцы, будуць жывёлу трымаць, — упэўнена Алена. — Яны растуць, імкнуцца мне дапамагаць, і ўсе навыкі ў іх адкладуцца. Летась 9-гадовы Купрыян, пакуль я была ў лесе, сам прыгнаў карову дадому і падаіў яе. Я за гэта дала яму грошы на марожанае ці цукеркі. Такую працу трэба заахвочваць.

Надыходзіць лета, і жанчына, як і многія сяляне, лічыць яго адказнай парой для харчовай бяспекі сям'і:

— Мы робім болей за сотню закатак — агуркі, таматы, грыбы, варэнне, кампоты. Усё, што ёсць у агародзе і ў лесе, трэба нарыхтаваць на зіму. Калі лета праседзець і палец аб палец не ўдарыць, у халады можна і зубы на паліцу скласці.

— Так, у вёсцы бульбы наварыў, малако ёсць, слоік з агароднінай адкрыў — вось і паеў, нават каўбасы не трэба, — смяецца Васіль Саламацін.

Бульбы ў шматдзетнай сям'і патрабуецца на сезон 20 мяхоў. Калі застануцца якія лішкі, то на вялікім базары ў Крычаве ўвесну бульбу з рукамі адрываюць.

Родня можа забяспечыць вяскоўцаў усім неабходным. У аграгарадку працуюць дзяржаўныя і прыватныя крамы: тры харчовыя і дзве прамысловыя. Гэтая гандлёвая сетка існуе ў дадатак да сельсавета, клуба, школы, дзіцячага садка, амбулаторыі. Усе сацыяльныя стандарты выконваюцца ў аграгарадку, дзе жыве 800 чалавек.

У такіх амаль што гарадскіх умовах працаўнікам сельскай гаспадаркі нярэдка прапаноўваюць меней увагі надаваць асабістым падворкам, а болей зарабляць грашовыя знакі.

— Я праціўнік гэтага, — адразу заявіў старшыня Раднянскага сельскага Савета. — Таму што ў свой час ужо адвучвалі людзей працаваць, а такім шляхам канчаткова адвучаць. Калі б заробак быў мільёны тры, дык яшчэ можна было б памеркаваць. Але часам у нашых гаспадарках людзям плацяць мінімальна. І як у такой сітуацыі абысціся без гаспадаркі? Тут свае бульба, малако, тварог, мяса і агурок.

— Прычым усё гэта адрозніваецца ад крамных тавараў, — падкрэслівае Алена. — Мы робім харчы па старадаўніх рэцэптах. У многіх ёсць свае вяндлярні. А "пальцам пханая" каўбаса дык будзе на кожным стале.

— Трэба падтрымліваць асабістыя падсобныя гаспадаркі, — лічыць Васіль Саламацін. — Каб не забываліся старыя традыцыі. Каб не адвучыць людзей ад вясковага жыцця. Немагчыма ўсім жыць у горадзе.

Ілона Іванова.

Фота Ірыны Савосінай.

Клімавіцкі раён.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Алена Магілеўцава — 32-гадовая жыхарка аграгарадка Родня ў Клімавіцкім раёне. Калі б гэтая стройная вяскоўка з блакітнымі вачыма і белазубай усмешкай нарадзілася...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика