З-за пенсіі не адмаўляюць. 21.by

З-за пенсіі не адмаўляюць

25.05.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Твае правы

Сяргей ГРЫБ

Даволі распаўсюджаная з'ява. Бабуля, якая знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, у хуткім часе збіраецца на пенсію. Што тады будзе з дапамогай? Зрэшты, якраз тут асаблівых падстаў для хвалявання няма. Бо можна адзначыць: калі маці выходзіць на работу ці вучобу па дзённай форме ў вышэйшых, сярэдніх ці сярэдне-спецыяльных установах, то дапамога на дзіця ва ўзросце да 3 гадоў можа быць прызначана іншым працуючым членам сям'і або працуючым сваякам — зразумела, калі гэтыя асобы афармляюць водпуск па доглядзе, а выплата дапамогі маці спыніцца. Прычым дапамога працуючым членам сям'і або працуючым сваякам не прызначаецца і не выплачваецца толькі ў перыяд знаходжання маці ў водпуску па цяжарнасці і родах або ў водпуску па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў. Ніякіх іншых абмежаванняў, і ў тым ліку ў сувязі з выхадам на пенсію, няма. Да таго ж сам факт атрымання пенсіі на памер дапамогі не паўплывае.

А як разлічваюцца "бальнічныя" і аплачваецца догляд за хворым дзіцем падчас водпуску? Ці могуць прызначыць дапамогу па нараджэнні дзіцяці пры афармленні над ім апякунства? Разабрацца з гэтымі і іншымі няпростымі пытаннямі мы паспрабуем з дапамогай начальніка аддзела сацыяльнага страхавання Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Ларысы Іванаўны Капыльскай.

Бабулі заплацяць за ўнука

<І>Зноў жа звычайная сёння сітуацыя. Бабуля даглядала 4-гадовага ўнука, які захварэў, пры гэтым маці дзіцяці працавала. Ці можа ў такой сітуацыі бабуля разлічваць на дапамогу па часовай непрацаздольнасці?

— Права на дапамогу па доглядзе хворага дзіцяці ва ўзросце да 14 гадоў маюць маці, бацька, усынаўляльнік, апякун, папячыцель або іншая асоба, якая фактычна даглядала дзіця, — пры ўмове, што на іх распаўсюджваецца дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне, за іх, а таксама імі самімі плаціліся ўзносы сацстраху, — кажа Ларыса Капыльская. — Такім чынам, калі дзіця даглядала бабуля (пра што сведчыць лісток непрацаздольнасці) і за яе плаціліся ўзносы на сацстрах, то падстаў адмовіць у дапамозе тут няма. Адзінае, што трэба мець на ўвазе: у выпадку догляду дзіцяці да 14 гадоў пры амбулаторным лячэнні аднаго захворвання дапамогу па часовай непрацаздольнасці прызначаюць максімум на 14 каляндарных дзён.

Водпуск з асаблівымі ўмовамі

Падчас знаходжання маці ў працоўным водпуску захварэла дзіця. Ці павінны аплаціць "бальнічны"?

— У выпадку часовай непрацаздольнасці падчас знаходжання ў працоўным водпуску бальнічны выдавацца можа, але за выключэннем некаторых выпадкаў, у прыватнасці, сітуацыі, калі ўзнікла неабходнасць догляду хворага дзіцяці, — падкрэслівае Ларыса Капыльская. — Права на дапамогу па часовай непрацаздольнасці тут не будзе. Калі асобе, якая займаецца доглядам хворага, не патрабуецца вызваленне ад работы (у выхадныя і святочныя дні ці ў перыяд водпуску), то лісток непрацаздольнасці можа быць выдадзены з таго дня, калі ў гэтым узнікае неабходнасць і застанецца патрэба ў працягу лячэння дзіцяці.

Дзень таксама вырашае шмат

Назаўтра пасля ўладкавання на новым месцы работнік захварэў і атрымаў "бальнічны". За адзін дзень патрапіла зарабіць 59 тысяч рублёў. Як у такім выпадку павінна вылічвацца дапамога па часовай непрацаздольнасці?

— Увогуле дапамога па часовай непрацаздольнасці разлічваецца з сярэднядзённага або сярэднегадзіннага заробку за 2 каляндарныя месяцы перад хваробай, — адзначае Ларыса Капыльская. — Аднак работнікам, у якіх на "патрэбны" перыяд прыпадалі працаўладкаванне, перавод на іншае месца, павелічэнне памеру тарыфнай стаўкі або акладу (без надбавак і павышэнняў), змяненне формы аплаты працы, дапамога разлічваецца па-іншаму — з заробку з дня пералічаных змяненняў да дня пачатку хваробы. Адпаведна ў дадзеным выпадку дапамога будзе разлічаная з сярэднядзённага заробку ў 59 тысяч рублёў.

Калі ўзнікаюць "ільготы"?

Жанчына была вымушаная два дні даглядаць хворага бацьку, а адсюль і пытанне наконт дапамогі па часовай непрацаздольнасці. У прыватнасці, такая дапамога павінна быць разлічана ў памеры 80 або 100 працэнтаў сярэднядзённага заробку?

— Паводле агульнага правіла працоўныя дні, якія прыпадаюць на першыя 6 каляндарных дзён часовай непрацаздольнасці, аплачваюцца ў памеры 80, а астатнія працоўныя дні бесперапыннай непрацаздольнасці — у памеры 100 працэнтаў сярэднядзённага заробку, — нагадвае Ларыса Капыльская. — Так, у гэтым правіле ёсць пэўныя выключэнні — скажам, ужо з першага дня 100-працэнтная аплата "бальнічнага" робіцца ў выпадку догляду хворага дзіцяці ва ўзросце да 14 гадоў пры амбулаторным лячэнні, дзіцяці да 14 гадоў ці дзіцяці-інваліда да 18 гадоў пры стацыянарным лячэнні, догляд дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў або дзіцяці-інваліда да 18 гадоў ў выпадку хваробы маці ці асобы, што здзяйсняе догляд, а таксама пры неабходнасці паводле заключэння ўрачэбна-кансультацыйнай камісіі суправаджэння дзіцяці-інваліда ва ўзросце да 18 гадоў на санаторна-курортнае лячэнне. Аднак у выпадку догляду хворага ва ўзросце больш за 14 гадоў "льготнага" парадку няма — тут дапамога выплачваецца ў 80-працэнтным памеры.

Роды — важкая прычына

За некалькі месяцаў да нараджэння дзіцяці жанчына напісала заяву з просьбай аб пераводзе на 4-гадзінны працоўны дзень. Як павінна прызначацца дапамога па цяжарнасці і родах?

— Дапамога прызначаецца ў памеры 100 працэнтаў сярэднядзённага або сярэднегадзіннага заробку, які вызначаецца за працоўныя дні ці гадзіны за два месяцы перад месяцам выхаду ў водпуск па цяжарнасці і родах, але пры гэтым — у памеры не менш чым 50 працэнтаў бюджэту пражытковага мінімуму за кожны каляндарны месяц водпуску, — заўважае Ларыса Капыльская. — Паводле 289 артыкула Працоўнага кодэкса, у выпадку просьбы цяжарнай жанчыны наймальнік абавязаны перавесці яе на няпоўны працоўны дзень або тыдзень. У такім разе дапамога па цяжарнасці і родах прызначаецца па графіку работы да пераходу на няпоўны працоўны час — незалежна ад таго, калі настаў час выхаду ў водпуск. Дапамогу павінны прадаставіць з разліку за 8-гадзінны працоўны дзень.

Апякун як тая ж маці

Крыху нестандартны выпадак, і тым не менш. Жанчына, якая мае сваё дзіця, аформіла апякунства над іншым дзіцем ва ўзросце 3 месяцы. Ці ёсць у такім разе ў жанчыны права на атрыманне дапамогі ў сувязі з нараджэннем?

— Права на дапамогу ў сувязі з нараджэннем дзіцяці маюць маці і бацька, а таксама асобы, якія ўсынавілі дзіця ва ўзросце да 6 месяцаў або якія былі прызначаныя яго апекунамі, — падкрэслівае Ларыса Капыльская. — Такім чынам, права на гэтую дапамогу будзе. Пры нараджэнні першага дзіцяці робіцца аднаразовая выплата ў памеры пяці, а пры нараджэнні другога і наступных дзяцей — у памеры сямі бюджэтаў пражытковага мінімуму. І ў гэтым канкрэтным выпадку аднаразовая дапамога павінна складаць менавіта 7 БПМ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Даволі распаўсюджаная з'ява. Бабуля, якая знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, у хуткім часе збіраецца на пенсію. Што тады будзе з...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика