Зямельны падатак вылічаны па гадах правільна. А пераплата па падатку на нерухомасць вернутая праз казначэя садаводчага таварыства
10.06.2010
—
Новости Общества
|
Паважаная рэдакцыя, наша сям'я мае садовы ўчастак. Садаводчае таварыства "Сяброўства ў Баярах" размешчана ў Маладзечанскім раёне, мы падпарадкоўваемся тамтэйшаму райвыканкаму. Участак 4 соткі, на ім — дашчаны дамок і гаспадарчыя пабудовы. Дом неацеплены, жыць у ім можна толькі ў цёплы час года. Штогод, разам з членскімі ўзносамі, мы плацім падатак на зямлю і падатак на нерухомасць. Прывяду лічбы па гадах. Падатак на зямлю: 2004 год — 1 888 рублёў, 2005 год — 2 110, 2006 год — 2 690, 2007 год — 2 920, 2008 год — 3 160, 2009 год — 3 400, 2010 год — 13 610 рублёў. Падатак на нерухомасць: 2004 год — 3 230 рублёў, 2005 год — 3 850, 2006 год — 5 470, 2007 год — 10 860, 2008 год — 9 320, 2009 год — 17 000, 2010 год — 28 320 рублёў. Як бачна, падатак на зямлю з 2004 па 2009 год павялічваўся прыкладна на 200—300 рублёў штогод. Сёлета ён павялічыўся адразу ў 4 разы! Узнікае пытанне: чаму? Урадлівасць зямлі ў 2010 годзе ў 4 разы не палепшылася. Ды і заробак у працуючых, што плацяць падаткі, у 4 разы не павялічыўся. Падатак на нерухомасць павялічыўся ў 2 разы і склаў 28 320 рублёў... Пры двухразовым павелічэнні апошняй лічбы падатку праз 5 гадоў гэта сума складзе каля 800 тысяч рублёў. Варта адзначыць, што за апошнія гады наша нерухомасць на дачы не змянялася. Прыведзеныя падаткі зафіксаваныя ў кніжцы садавода, ёсць роспіс бухгалтара і пячатка садаводчага таварыства. Бухгалтар на нашы пытанні адказвае, што названыя памеры падаткаў паступілі ад Маладзечанскага райвыканкама. Паважаная рэдакцыя, калі можна, прашу патлумачыць, ці законна вызначаюцца агучаныя падаткі. Пётр Андрэевіч НАВУМЕНКАЎ, г. Мінск Па просьбе рэдакцыі праверкай выкладзеных нашым чытачом фактаў займалася начальнік аддзела падаткаабкладання фізічных асобаў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Маладзечанскім раёне Тамара ГЯРКО. Пасля скрупулёзнага высвятлення ўсіх нюансаў Тамара Уладзіміраўна дала "Звяздзе" падрабязны адказ. Пра зямельны падатак У сувязі з уваходжаннем у сілу з 01.01.2010 г. Асаблівай часткі Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, радыкальна змяніўся прынцып аплаты зямельнага падатку. Калі раней падатковыя органы вылічвалі яго ў фіксаваных сумах, адзіных для канкрэтнага горада, раёна, дык цяпер велічыня плацяжу за зямлю напрамую залежыць ад яе кошту (выдз. — Рэд.). У 2009 годзе Навукова-вытворчае дзяржаўнае рэспубліканскае унітарнае прадпрыемства "Нацыянальнае кадастравае агенцтва" правяло кадастравую ацэнку зямель сельскіх населеных пунктаў Маладзечанскага раёна і рашэннем Маладзечанскага райвыканкама ад 15.02.2010 г. № 93 зацверджаныя кадастравыя кошты зямель садаводчых таварыстваў, размешчаных на тэрыторыі Маладзечанскага раёна. Згодна з вышэй згаданым рашэннем, кадастравы кошт 1 кв.м зямель СТ "Сяброўства ў Баярах" складае 2,61 дол. ЗША (па курсе НБ РБ на 01.01.2010 г. — 7 462 бел. руб.), зямельнага ўчастка, што належыць сыну заяўніка, плошчай 405 кв.м (0, 0405 га) — 3 022 106 бел. руб. У адпаведнасці з п. 3 арт. 198 Кодэкса, падатак склаў 13 600 бел. руб. (3 022 106х0,45 %), ці за 1 сотку 3 357,90 бел. руб. У папярэднія гады за 1 сотку фіксаваная стаўка падатку (з улікам павелічэння па рашэннях Маладзечанскага райвыканкама) складала: у 2004 годзе — 462,12 руб., у 2005 годзе — 520,36 руб., у 2006 годзе — 663,16 руб., у 2007 годзе — 716,93 руб., у 2008 годзе — 761,74 руб., у 2009 годзе — 837,91 руб. Такім чынам, зямельны падатак вылічаны па гадах правільна і павелічэнне аплаты за зямлю адбылося ў сувязі са змяненнямі ў падатковым заканадаўстве з 1 студзеня 2010 года (выдз. — Рэд.). Пра падатак на нерухомасць Падатак на нерухомасць фізічным асобам вылічваўся падатковым органам у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 23.12.1991 г. №1337-ХІІ "Аб падатку на нерухомасць" да 01.01.2010 г. і ў адпаведнасці з артыкулам 17 "Падатак на нерухомасць" Асаблівай часткі Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь, што ўвайшоў у сілу з 01.01.2010 г. Прынцып налічэння і стаўка падатку не змяніліся. Аб'ектам абкладання падаткам на нерухомасць з'яўляецца ацэначны кошт будынкаў і збудаванняў, якія належаць людзям. Гадавая стаўка падатку на нерухомасць вызначаюцца ў памеры 0,1 %. Акрамя таго, Законам аб бюджэце на чарговы фінансавы год да 1 студзеня 2010 года мясцовым Саветам дэпутатаў давалася права павялічваць, але не больш чым у два разы, стаўку падатку на нерухомасць. У 2010 годзе гэта права замацаванае Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 09.03.2010 г. № 143 "Аб асобных пытаннях падаткаабкладання". Такім чынам, стаўка падатку на нерухомасць па аб'ектах, што належаць фізічным асобам на тэрыторыі Маладзечанскага раёна, склала па гадах (з 2004 па 2007-ы) — 0,15 %. У 2008 годзе па шкале: да 30 000 тыс. руб. (кошт аб'екта) — 0,1 % (стаўка падатку), ад 30 001 да 50 000 — 0,12 %, ад 50 001 да 100 000 — 0,15 %, ад 100 001 і вышэй — 0,2 %. У 2009 годзе — 0,15 %. У 2010 годзе: студзень—сакавік — 0,1 %, красавік—снежань — 0,18 %. Парадак ацэнкі належных фізічным асобам будынкаў і збудаванняў за перыяд з 01.01.2003 г. па 31.12.2007 г. быў вызначаны Палажэннем аб парадку ацэнкі будынкаў і збудаванняў, зацверджаным пастановай Савета Міністраў ад 31.01.2003 г. № 121. З 1 студзеня 2008 года парадак ацэнкі належных фізічным асобам будынкаў і збудаванняў вызначаны Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28.03.2008 г. № 187 (са змяненнямі і дапаўненнямі), згодна з якім ацэнка будынкаў і збудаванняў праводзіцца: тэрытарыяльнымі арганізацыямі па дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёю згодна з ацэначным коштам будынкаў і збудаванняў на 1 студзеня бягучага года, улічваючы каэфіцыенты тыпу населенага пункта, каэфіцыенты якасці асяроддзя, агульныя індэксы змянення кошту будаўніча-мантажных работ з улікам кошту матэрыяльных рэсурсаў па абласцях і горадзе Мінску. Пры адсутнасці вышэйназваных звестак падатковыя органы ў адпаведнасці з Палажэннем могуць самастойна вызначаць ацэначны кошт будынкаў і збудаванняў некалькімі спосабамі, у тым ліку: — метадам індэксацыі кошту будынкаў і збудаванняў, зыходзячы з якога ў мінулым годзе фізічнай асобе праводзілася вылічэнне падатку. Для індэксацыі падатковымі органамі выкарыстоўваюцца каэфіцыенты пераацэнкі будынкаў і збудаванняў, што разлічваюцца штогод Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва , якія ўлічваюць інфляцыйныя працэсы, што адбываюцца ў эканоміцы; — зыходзячы з разліковага кошту аднаго квадратнага метра тыпавога будынка ці збудавання на пачатак года, які вызначаецца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, і агульнай плошчы будынкаў і збудаванняў, якія ацэньваюцца, з улікам каэфіцыента якасці асяроддзя і тыпу населенага пункта. Зыходзячы з вышэйвыкладзенага, падатковы орган пры вылічэнні падатку на нерухомасць (на садовы дамок) выкарыстоўваў наступныя метады: да 2007 года — зыходзячы з разліковага кошту аднаго м кв. тыпавога будынка і збудавання, паколькі адсутнічала інфармацыя пра ацэначны кошт па тэхнічным пашпарце. У 2007 годзе праводзіліся выбаркі інвентарных спраў у Маладзечанскім філіяле РУП "Мінскае абласное агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры" і быў вызначаны ацэначны кошт садовага дамка ў цэнах 1991 года, зыходзячы з якога ў наступныя гады вылічваўся падатак на нерухомасць. Змяншэнне падатку ў 2008 годзе адбылося ў сувязі з выкарыстаннем стаўкі падатку ў памеры 0,1 %, а ў 2007 і 2009 гадах выкарыстоўвалася стаўка 0,15 % (выдз. — Рэд.). У выніку праведзенага аналізу правільнасці вылічэння зямельнага падатку і падатку на нерухомасць было ўстаноўлена, што падатак на нерухомасць прад'яўлены няправільна. Трэба да аплаты 18 870 руб., а садовым таварыствам прад'яўлена грамадзяніну Навуменкаву 28 320 руб. Пераплата ў суме 9 450 руб. вернутая праз казначэя садаводчага таварыства (выдз. — Рэд.). Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Паважаная рэдакцыя, наша сям'я мае садовы ўчастак. Садаводчае таварыства "Сяброўства ў Баярах" размешчана ў Маладзечанскім раёне, мы падпарадкоўваемся...
|
|