Прыцягненне закінутых сядзібаў. 21.by

Прыцягненне закінутых сядзібаў

10.06.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Даволі часта можна ўбачыць аб'яву: "Куплю дом у вёсцы, недалёка ад горада, нядорага". А наколькі рэальна купіць танную хату пабач з горадам сёння?

Танна — гэта дзесьці ў межах 1000 долараў, але за такую цану прадаваць хаты ўжо не хочуць.

Аднойчы спытаў у 80-гадовай бабулі, чаму яна не збывае бацькоўскую хату. За дваццаць гадоў будынак аброс наўкол хмызнякам, плот згніў, шыферны дах пад пластом моху...

— За такія грошы я не аддам. Гэта ж столькі працы, нагаладаліся і нацярпеліся, пакуль будаваліся, — уздыхнула жанчына.

Цяжка давалася будаўніцтва некалі. З нашай вёскі ездзілі па лес у в. Буды, а гэта мяжа Ганцавіцкага раёна. Напачатку тралявалі, а затым на конях зімой везлі. Ехалі з начоўкай, некалькі чалавек: сваякі, суседзі, знаёмыя... А колькі бярвёнаў можна было прывезці за 35 км на санях — 2-3 стваліны? Камлі ляжалі на асноўных санях, а тонкія канцы — на маленькіх, якія ў нашым краі называліся "сучкай". Відаць, з-за таго, што на вяроўцы цягнуліся следам. А затым усё рабілася ўручную. Бярвёны падымалі на казлы і пілавалі іх на дошкі — двое мужчын цягнулі пілу знізу, а адзін зверху. Пры доме трэба было ўзвесці хлеў, а камусьці і гумно, выкапаць калодзеж, склеп...

І можна зразумець чалавека, які перанёс тыя цяжкасці. Аддаць хату па цане 25-гадовай аўтамашыны-разваліны не кожны здолее. І хоць хата тая таксама пахілілася, але ж расстацца з маёмасцю, нажытай гарбом, нялёгка.

Ды і сёння будавацца няпроста. Можа, ужо жылы чалавек рваць не будзе — будматэрыялаў хапае, але стаіць праблема фінансавання. Нават калі дадуць крэдыт, то дзесяцігоддзямі давядзецца жыць сціпла, і гэта адна з прычын таго, чаму скупляюцца закінутыя хаты па вёсках. А ў некага ўсё прасцей: ёсць грошы, не жыве ад зарплаты да зарплаты...

Апошнім часам сітуацыя пачала мяняцца ў бок падаражэння жылля ў бліжэйшых ад Баранавічаў вёсках.

Каўпеніцкі сельсавет лічыцца прыгарадным. І каб купіць закінутую хату на яго тэрыторыі, неабходна мець грошы. Сёння далёка не кожны можа набыць тут сядзібу. Колькі гадоў таму хату можна было купіць у некалькі разоў танней, але момант ужо ўпушчаны.

<І>

— Я не кажу пра будынак, нават участкі пад будоўлю мы з аўкцыёну прадаём па высокай цане. Вось у вёсцы Гірава ўчастак у 12 сотак пайшоў за 40 мільёнаў, а ў вёсцы Дубава два ўчасткі прадалі па 36 млн рублёў, — расказаў старшыня сельскага Савета Мікалай Грыбаў.

— А хто пакупнікі?

— Людзі у, якіх ёсць грошы. Дарэчы, на аўкцыёне ўдзельнічалі і жыхары Мінска, але перамаглі мясцовыя.

— Калі зямлю такая цана, то і на хаты яна, напэўна, вырасла?

— У Антанове за драўляную хату просяць 25 тысяч долараў ці хочуць памяняць на двухпакаёвую кватэру. Вунь іншая хата валіцца, а цану трымаюць у 10 тыс. долараў.

— Напэўна, у хуткім часе на тэрыторыі сельсавета не застанецца ніводнай закінутай хаты?

— Некаторыя прадаваць не хочуць. Вунь у Новым Свеце які год пустуе хата. Наўкол далягляд выдатны і цану добрую людзі даюць, але многа нашчаднікаў і прадаваць не хочуць. "Як гэта бацькаўшчыну прадаваць," — кажуць. Мы тэлефануем, каб хоць аформілі дакументы.

— кажуць. Мы тэлефануем, каб хоць аформілі дакументы.

— Правядзенне аўкцыёну для Савета істотная падтрымка?

— Наш сельсавет адзіны ў раёне, які не атрымлівае датацыі. Калі ёсць магчымасць зарабіць грошы, то трэба іх зарабляць.

Аказваецца, і зямля цану мае, толькі вось мы яшчэ не можам па-гаспадарску да гэтага падысці — азіраемся, бо жывём мінулым...

Што такая сітуацыя з хатамі пад Баранавічамі, нічога дзіўнага няма — горад, па нашых мерках, даволі буйны, а што робіцца ў глыбінцы?

Вёска Боркі не самая аддаленая ў Ганцавіцкім раёне — знаходзіцца за дзесяць кіламетраў ад райцэнтра. Сюды прыязджаюць па журавіны і некалькі гадоў таму даводзілася бачыць тут закінутыя хаты. Боркі знаходзяцца на тэрыторыі Любашаўскага сельсавета, а Любашава побач з Ганцавічамі.

— І ў нас цэны на хаты выраслі. У Любашаве за дом просяць 30 тысяч долараў, а хату, якой паўвека, прадаюць за 12 тысяч.у Борках гэтаксама цэны хістаюцца ў межах 6-12 тысяч долараў. Нехта купляе пад жыллё, а іншы стаміўся ад мітусні і выкарыстоўвае пад дачу, — расказалі ў Любашаўскім сельсавеце.

Рост цаны на хаты сведчыць пра попыт на іх. У г/п Гарадзея закінутых хатаў няма. Адсюль у Мінск людзі ездзяць на працу, студэнты на вучобу, а гэта дзве гадзіны дарогі туды, затым — назад, але многіх гэта не пужае.

Калі жыллё знаходзіцца за 5-10 км ад горада, то сёння пры наяўнасці аўтамашыны гэта не адлегласць. Чалавек пачаў разумець, што жыццё ў прыгарадзе больш прывольнае і таннае. А хіба цывілізаваны свет не так жыве?

Пры ўзвядзенні дамоў па дзяржаўнай праграме неабходна было напачатку максімальна выкарыстоўваць перавагі пустога жылля. Калі пры доме ёсць сад ці нават некалькі дрэў, то гэта стварае своеасаблівае прыроднае асяроддзе — воку ёсць за што зачапіцца. А аднатыпныя, выстраеныя ў шарэнгу дамы, стамляюць — дужа ўсё аднастайнае. А можа гэта толькі мне здаецца?

Пры набыцці жылля ў вёсцы, многае залежыць ад канкрэтнага чалавека. Каб у закінутай хаце жыць, неабходна прывесці яе ў парадак, адрамантаваць, усё наўкол вычысціць... Трэба прыкласці рукі, а не ўсе здольныя роўна цвік забіць. Ды і на рамонт патрэбны грошы.

Сёння найперш запатрабаваныя пустыя хаты ў прыгарадных вёсках, у населеных пунктах пры чыгунцы ды аўтамагістралях, але з часам чарга дойдзе да больш аддаленых вёсак. Час не ведае кампрамісаў і ўсё раскладвае па паліцах, а чалавек прыстасоўваецца і выбірае найбольш прымальны варыянт.

Сымон Свістуновіч. Фота аўтара.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Даволі часта можна ўбачыць аб'яву: "Куплю дом у вёсцы, недалёка ад горада, нядорага". А наколькі рэальна купіць танную хату пабач з горадам сёння?
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика