Андрэй Канстанцінаў: У журналістыцы — як у спорце, ты павінен любіць трэніроўкі, а не медал. 21.by

Андрэй Канстанцінаў: У журналістыцы — як у спорце, ты павінен любіць трэніроўкі, а не медал

11.06.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Яго першая кніга выйшла на шведскай мове. Але пісьменнікам Канстанцінаў быць не збіраўся. Ён паступаў на факультэт усходніх моў, каб быць перакладчыкам, а стаў... журналістам. У Беларусі імя гэтага расійскага журналіста вядомае ў першую чаргу па серыяле "Бандыцкі Пецярбург", сааўтарам сцэнара да якога і быў Канстанцінаў. Між іншым, якраз па яго раманах "Адвакат" і "Журналіст" серыял і здымаўся.

На міжнародным медыяфоруме, на базе якога працавала Летняя школа журналістыкі, Андрэй Канстанцінаў правёў спецыялізаваныя майстар-класы па расследчай журналістыцы. "Звяздзе" масціты журналіст распавёў пра свой шлях у прафесію. Расказаў пра мары, калег-журналістаў і пра тое, за што журналістыку не любіць:

— Дваццаць гадоў таму я не быў журналістам. Я быў ваенным перакладчыкам і знаходзіўся ў Лівіі. На той час у мяне былі зусім іншыя думкі пра будучае жыццё...

— Як далучыліся да журналістыкі?

— У 1991 годзе я вярнуўся з Лівіі, звольніўся з арміі і прыйшоў працаваць у пецярбургскую газету "Змена". Гэта быў такі час, калі старая журналістыка, груба кажучы, ужо памірала, а новая яшчэ толькі зараджалася. Якраз у той перыяд прыйшло шмат людзей без профільнай журналісцкай адукацыі. З другога боку, у мяне базавая гуманітарная адукацыя была нядрэннай. Я скончыў усходні факультэт Ленінградскага ўніверсітэта, таму адчування таго, што ў веданні гісторыі ці літаратуры сваім калегам-журналістам я прайграю, у мяне не было. Так я і пачаў свой журналісцкі шлях. Відаць, так распарадзіўся лёс...

— Верыце ў лёс?

— Не ведаю. Калі нават і веру, то не да фаталістычнага фанатызму. Ёсць людзі, якія вераць у лёс і нічога не робяць — лічаць, што ўсё прадвызначана. Я веру ў тое, што лёс ёсць, але чалавек, калі не будзе сядзець склаўшы рукі, зможа на яго паўплываць.

— Журналістам з якімі якасцямі вы б не раілі займацца журналісцкім расследаваннем?

— Чалавеку з бухгалтарскім складам душы і розуму ў гэтым кірунку, відаць, цяжэй будзе знайсці прымяненне. Але калі гэтую працу дыферэнцаваць, як у агенцтве, дзе працую я (адзін інфармацыю збірае, другі яе сістэматызуе, трэці яе асэнсоўвае), то такія педантычныя рысы, можа, і падыдуць. Але найперш у чалавеку павінна быць закладзена цяга да авантуры, жаданне пайсці насустрач складанасцям, быць гатовым да цяжкасцяў і, вядома, асаблівае хваляванне душы. Сёння моладзь як кажа: я хачу стаць журналістам. І пад "я хачу стаць" яна разумее "я люблю не саму работу, а тое, што яна дае". А вось гэта памылка: калі ты не любіш сам працэс, які зусім не феерычны, нічога не атрымаецца. Патрэбна любіць карпатлівую працу, часам нават манатонную. Калі ты хочаш быць спартменам, ты павінен любіць трэніроўкі: працу, пот і траўмы, а не той момант, калі ты стаіш перад камерамі і атрымліваеш медалі.

— Ці часта падчас расследавання вы карыстаецеся метадам маскі?

— Калі шчыра, то рэдка. Па-першае, гэта не зусім законна. Па-другое, не зусім бяспечна. Гэты метад дазваляе атрымаць аператыўную інфармацыю, але ён жа і замаруджвае далейшую яе легалізацыю. Бо мала інфармацыю расказаць, яе трэба ўмець даказаць і адстаяць у судзе. У Еўропе гэты метад чамусьці прыпісваюць немцу Гюнтэру Вальрафу. Гэта поўная лухта, таму што ў 1913 годзе шведская журналістка гэты метад ужо практыкавала, а ў нас усё тое самае рабіў Гіляроўскі яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Я не ўпэўнены, што і Гіляроўскага варта называць вынаходнікам гэтага метаду — гэта тое самае, што і шукаць вынаходніка кола.   — Ці часта вам пагражаюць за вашы матэрыялы?

— Апошні раз пагражалі два дні таму. Часцей за ўсё гэта проста псіхалагічны ціск. Рэч непрыемная, якая суправаджае амаль кожнага журналіста (нават неабавязкова займацца расследчай журналістыкай). Зразумела, гэта непрыемна. Але трэба разумець: як правіла, за пагрозамі нічога не бывае. Калі штосьці рэальна хочуць зрабіць, тады не пагражаюць, тады б'юць без папярэджання. Граматна рэагаваць на пагрозы нашы журналісты таксама не ўмеюць: атрымалі пагрозу і нічога не робяць — у міліцыю не ідуць, заяву не пішуць, нават калегам нармальна не расказваюць. А калі і расказваюць, то нейкі анекдот без ніякіх дакладных звестак. Не фіксіруюць ні час званка, ні дату. Насамрэч тых, хто пагражае, вылічыць можна. Мы аднойчы такім чынам вылічылі тэлефонных тэрарыстаў ...

— За што не любіце журналістыку?

— Ужо 14 гадоў я выкладаю на факультэце журналістыкі ў Санкт-Пецярбургу і бачу тэндэнцыю: вельмі моцна дэградуе агульнагуманітарны ўзровень. Шмат прыйшло ў журналістыку моладзі, якая "не абцяжараная" лішнімі ведамі. А гэта заўсёды накладвае пэўны адбітак: мова становіцца беднай. Калі чалавек не чытае кніг, то яго алюзіўны рад становіцца нашмат вузейшым. Сам чалавек становіцца нецікавым. І справа не ў тым, што новае пакаленне генетычна тупейшае (немагчыма так хутка дэградаваць), проста змянілася жыццё: акрамя кніг, з'явілася шмат іншай інфармацыі. Але нельга забывацца, што кнігі — гэта тое, што развівае наш мозг. Інтэрнэт у гэтым плане кнігу не заменіць. Яшчэ ў Расіі змяніўся сам асяродак. Калі я вучыўся, не было ні вячэрніх, ні завочных аддзяленняў — толькі дзённае. Была толькі вучоба. Немагчыма было ўявіць, што хтосьці дзесьці падпрацоўваў. І хоць мы часам таксама ўцякалі з заняткаў, усё ж такі ўспрымалі і бралі інфармацыю ў большым аб'ёме, чым гэта робяць студэнты цяпер. Ды і дысцыпліна была больш жорсткай. Сёння на дзённым аддзяленні журфака практычна ўсе студэнты дзесьці працуюць. Гэта можна зразумець, але ў іх не застаецца часу на нармальнае засваенне прадметаў. У выніку яны займаюцца не вучобай, а здачай залікаў і экзаменаў. Як вынік — зусім дзікія рэчы: пра інтэлектуальны ўзровень чалавека, які павінен людзям нешта расказваць, лепш маўчаць. Стаўленне да журналістыкі змянілася. Калі ў 1990-х гэта было кшталту "месіянства" — расказаць праўду, то сёння тых, хто хоча стаць змагаром ці раскрывальнікам няпраўды, практычна няма. Сёння людзі арыентаваныя на поспех: працаваць у прэстыжных СМІ і атрымліваць добрыя заробкі, рабіць тое, што загадаюць. Гэта сумна.

— Калі б вам далі права паўплываць на сістэму ўніверсітэцкай падрыхтоўкі журналістаў, што б змянілі ў першую чаргу?

— Вельмі проста. Нашмат больш даваў бы і нашмат больш пытаў бы па літаратуры. Нашмат больш даваў бы гісторыі, бо журналісту яе проста неабходна ведаць. Узмацніў бы моўную падрыхтоўку. Вы не паверыце, але калі ў мяне з'яўляецца магчымасць зрабіць для сваіх студэнтаў адукацыйную стажыроўку на BBС (адна з умоў — свабоднае валоданне англійскай мовай), то ў вялізным Пецярбургу знайсці маладога журналіста, які б свабодна размаўляў па-англійску, цэлая праблема. Між іншым, веданне моў таксама развівае мозг.

Таксама павялічыў бы юрыдычную падрыхтоўку журналістаў. Дзікая непісьменнасць, калі моладзь не ведае элементарных нарматыўных актаў, якія адносяцца да СМІ. Студэнты проста не ведаюць свае правы і абавязкі. Тым самым не ўмеюць сябе абараніць у судзе. Таксама абавязкова ўвёў бы нейкую псіхалагічную падрыхтоўку, бо камунікатыўныя навыкі павінны базавацца на асновах псіхалогіі. Гэта як мінімум.

Далей — запрашаў бы чытаць лекцыі замежных журналістаў. У першую чаргу шведаў і англічан. Швецыя — увогуле першая краіна свету, дзе быў прыняты закон аб друку. З 1812 года іх закон, практычна не змяняючыся, уваходзіць у Канстытуцыю краіны. Яшчэ праводзіў бы заняткі па прынцыпе дзелавых гульняў. Мяжы ўдасканалення няма.

— Ці лічыце сябе медыйнай персонай?

— У Пецярбургу — так. Добра гэта ці блага, а дзявацца няма куды. Тут хутчэй больш мінусаў, чым плюсоў. Народ у нас "ветлівы", таму калі на цябе паказваюць пальцам і перашэптваюцца, адчуваеш сябе як у заапарку па той бок кратаў. Але выгада таксама ёсць — даішнікі не штрафуюць.

Гутарыў Ілья ЛАПАТО.

Топ-5 ад Андрэя Канстанцінава:

1. Ці ёсць расследаванне, якім ганарыцеся?

— Расследаванне забойства дэпутата Навасёлава, калі мы злавілі кілера. Гісторыя пра банду тэлепатаў, справа баявой групы піцерскіх нацыстаў, расследаванне забойства Гангадзэ... Гэта, відаць, самыя яркія выпадкі. Але іх, вядома, больш.

2. Кім марылі стаць у дзяцінстве?

— Археолагам.

3. Чым вас раздражняюць калегі-журналісты?

— Безапеляцыйнасцю. Прэтэнзія на ісціну і дрэнны агульнаадукацыйны ўзровень. У сучаснай, прынамсі тэлевізійнай, журналістыцы існуе такая праблема, калі сімпатычныя дзяўчаткі, якія ў тэлевізары робяць карцінку, усім астатнім не валодаюць. А пажадана, каб у дзяўчыны быў яшчэ і мозг, каб яна магла рабіць простую журналісцкую працу. Бо не хацелася б, каб было, як у анекдоце: кракадзіл гуляе і спявае, а кабыла толькі рот адкрывае...

4. Як ставіцеся да сем'яў сярод журналістаў?

— Скептычна. Мне здаецца, што гэта даволі складана. Асабліва, калі яшчэ і працуюць у адным СМІ. Часта гэта прыводзіць да вялікіх праблем. Пастаянна адзін аднаго закранаюць бакамі — абстаноўка невыносная ў сям'і.

5. Ці ёсць нерэалізаваная мара?

— Зрабіць мастацкі фільм на гістарычную тэму. Гэта была б гісторыя пра грамадзянскую вайну. Было б у мяне мільёнаў так семдзесят еўра, я сам бы і акцёраў выбраў, і сцэнарыстаў бы запрасіў, каго б захацеў. І рэжысёра б узяў таго, які мне больш імпануе. Фільм быў бы не для заробку — я хацеў бы, каб атрымалася добрая карціна.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яго першая кніга выйшла на шведскай мове. Але пісьменнікам Канстанцінаў быць не збіраўся. Ён паступаў на факультэт усходніх моў, каб быць перакладчыкам, а стаў......
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика