Каму перашкаджаюць 100-доларавыя франкліны?... 21.by

Каму перашкаджаюць 100-доларавыя франкліны?..

11.06.2010 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

"Ажылі" меркаванні, што старыя банкноты могуць неўзабаве ператварыцца ў звычайныя зялёныя паперкі

Праблемы еўра неяк адцягнулі ўвагу ад яго "заклятага сябра" — долара: свет нават "засумаваў" ад недахопу трагічных сцэнарыяў аб лёсе амерыканскай валюты. Мабыць, схамянуўшыся ад такога ўпушчэння і згадаўшы леташнія прагнозы, асобныя аналітыкі зноў наступілі на "пяту" "амерыканцу" — маўляў, крах долара не за гарамі. Карацей, загучала старая песня, аднак, улічваючы вялікую цікавасць людзей да гэтага пытання, пра галоўнае — лёс у амерыканскай валюты незайздросны, яна ў хуткім часе можа ператварыцца ў звычайныя зялёныя паперкі.

Што ж, не сумняваемся, што падобнае меркаванне здольнае зачапіць за жывое асабліва ўражлівых. Толькі вось існуючыя ў Злучаных Штатаў праблемы, якія эксперты не адмаўляюць, пры гучных вышэйзгаданых прадказаннях могуць істотна паказытаць нервы і абывацелям іншых краін: людзі, якія зберагаюць грошы ў валюце, востра рэагуюць на ўсялякія апакаліптычныя заявы. Хоць бы на тое, што развал ЗША непазбежны, а вырашаць праблемы амерыканцы могуць у тым выпадку, калі на старых 100-доларавых купюрах паставяць крыж, спыніўшы іх прыём. Вядомы эксперт, загадчык кафедры Інстытута бізнэсу і менеджменту тэхналогій БДУ Георгій Грыц скептычна адносіцца да апошніх пужалак, пра што ён і заявіў у гутарцы з нашым карэспандэнтам.   — Калі адным словам, то ўсё гэта глупства, — кажа эксперт. — Я мяркую, што сёння, калі светагаспадарчы парадак вызначаюць менавіта ЗША (камусьці гэта падабаецца, камусьці — не, але гэта ўжо іншае пытанне), развал Злучаных Штатаў эквівалентны развалу сусветнай гаспадарчай сістэмы з усімі выцякаючымі адсюль наступствамі, уключаючы гарачы канфлікт. Таму ён проста выключаны. Іншая справа, гэта не сведчыць пра тое, што ўсё добра там у нацыянальнай эканоміцы, ды і ў сусветнай таксама. Цяпер як ЗША, так і ўсе краіны G7 жывуць не па сродках, і яскравы таму прыклад Грэцыя, Партугалія, Францыя. Просты арыфметычны прыклад. Зараз амерыканская эканоміка вырабляе 20 працэнтаў сусветнага валавога ўнутранага прадукту, а спажывае 40 працэнтаў. Калі гэтыя лічбы перанесці на ўзровень звычайнай сям'і, то адсюль вывад адзін: камусьці неабходна расплачвацца ў будучыні — дачка ці сын павінны ўладкавацца на больш высокааплатную працу, альбо гэтая сям'я проста ператворыцца ў банкрутаў — гэта значыць, прыйдуць крэдыторы і забяруць маёмасць. Сёння няма ніякіх падстаў казаць пра тое, што эканамічнымі метадамі гэты дзяржаўны дысбаланс перакрыюць. Таму, сапраўды, сітуацыя вельмі трывожная. Цяпер мяняецца парадыгма заходняга грамадства, дзе друкавалі невядома колькі грошай, дзе можна было ўзяць льготныя крэдыты, дзе ў аснову ставілася ўстараненне дзяржавы ад рэгулявання ў эканамічнай сферы. Усё гэта сябе дыскрэдытавала. І зараз фарміруецца новая сістэма. Але гэта не значыць, што новая сістэма прывядзе да развалу ЗША, ці разваліцца Еўрасаюз. Гэтага не будзе, нягледзячы на спробы і жаданні пэўных краін. Таму, на мой погляд, такі сцэнар можа прысніцца толькі ў страшным сне. Але, паўтаруся, праблемы ёсць.

— Вось некаторыя спецыялісты, робячы акцэнт на існуючых праблемах, і выказваюцца наконт мяркуемых захадаў ЗША па выхадзе з незайздроснага становішча. У прыватнасці, як выказвалася раней, так і зноў пайшла ў ход наступная версія: выйсце амерыканцаў ва ўвядзенні новай валюты; маўляў, каб палепшыць сваё фінансавае становішча, ЗША жыццёва неабходна прыдумаць іншыя грошы. Над чым, уласна кажучы, сцвярджаюць асобныя эксперты, у ЗША зараз і ламаюць галаву.

— Злучаныя Штаты не прыдумваюць валюту. Хутчэй за ўсё, прыдумваюць новы эквівалент сусветнай валюты іншыя краіны. А задача ЗША — захаваць статус долара. Долар — гэта самазванец як эквівалент у сусветных разліках. Няма ніводнага міжнароднага дагавору, па якім іншыя ўрады дэлегуюць права амерыканцам на гэта. Больш за тое, калі летась было прапанавана выпусціць спецыяльныя правы запазычання МВФ, якія заснаваныя на мультыкошыку, у першую чаргу супраць былі Злучаныя Штаты. Таму што яны ў дзень друкуюць да 2,5 мільярда долараў, якія не падмацаваныя нічым. І гэтая грашовая эмісія (прытым долары на 70 працэнтаў абарочваюцца па-за тэрыторыяй ЗША) з'яўляецца практычна адзіным шанцам не дапусціць абвалу нацыянальнай эканомікі. Таму яны ніколі не пойдуць на гэта. Калі яны 100-доларавыя купюры выведуць з абарачэння (а яны з'яўляюцца найбольш масавай валютай), гэта фактычна падарве той жа долар і, як вынік, нацыянальную эканоміку ЗША. Гэта таксама глупства. Такога не можа быць, таму што не можа быць.

— Георгій Васільевіч, а як вам дапушчэнне, што долар можа істотна патаннець, і, напрыклад, у той жа Расіі за яго будуць даваць не больш за 50 капеек?

— Яшчэ раз паўтару думку, якую мы з вамі агучвалі раней: сёння ўкладанне грошай у нацыянальныя валюты — еўра, долары, рублі — прыводзіць да страты капіталізацыі. І гэта хвароба не нацыянальных валют, не нацыянальных эканомік, а агульная хвароба сусветнай эканомікі. Іншая справа, што падрыў любой буйной валюты ў прынцыпе немагчымы: сусветная супольнасць пойдзе на ўсё, каб гэтага не дапусціць. Яшчэ раз кажу, што сёння стан сусветнай эканомікі залежыць ад стану эканомікі як Еўрасаюза, так і ЗША. Гэты падрыў будзе раўназначны сусветнай вайне, толькі ў эканамічных маштабах. Таму гэта таксама выключана. Але той жа долар знаходзіцца на арэлях. Сёння курс еўра падае, а заўтра еўра падымецца, а долар упадзе. Калі ж яны будуць падаць разам, то гэта, як ні дзіўна, з'яўляецца адзіным шанцам выратавання той жа сусветнай эканомікі. Гэта значыць, людзі павінны зразумець, што з аднаго боку — яны выбаршчыкі, і палітыкі ім абяцаюць невядома што, але адзінае выйсце з крызіснай сітуацыі, у якую трапіў увесь свет — працаваць у ранейшым аб'ёме, а атрымліваць менш, а яшчэ лепш — працаваць больш, а атрымліваць яшчэ менш.

Ігар ШЧУЧЭНКА.

 
Теги: Курсы валют
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Ажылі" меркаванні, што старыя банкноты могуць неўзабаве ператварыцца ў звычайныя зялёныя паперкі Праблемы еўра неяк адцягнулі ўвагу ад яго "заклятага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика