1945 год: вяртанне на Беларусь... коней
11.06.2010
—
Новости Общества
|
На 1 студзеня 1945 года ў Беларусі іх налічвалася ўсяго 577 138 галоў, або 49,7 % ад даваеннай колькасці. Да канца 1945 года пагалоўе коней павялічылася амаль на 80 тысяч у большай ступені за кошт трафейных коней і коней ад расфарміраваных часцей Чырвонай Арміі. Як жа праходзіў гэты шматмесячны цяжкі конскі марафон з тэрыторыі Германіі і Польшчы ў нашу краіну? Звернемся да дакументаў архіва. Да прыняцця дзяржаўнай праграмы перагону трафейнай жывёлы ўжо адразу пасля вызвалення Беларусі па ініцыятыве Беларускага ўрада былі прыняты меры аднаўлення конскага пагалоўя. Так, 17 ліпеня 1944 года намеснік старшыні СНК БССР К.В. Кісялёў накіроўвае лісты камандуючым Беларускімі франтамі з просьбай перадаць Наркамзему Беларускай ССР "племянных жарабцоў, кабыл і жарабят, а таксама ўсіх лішніх карыстальных коней: трафейных, выбракаваных і іншых". Трэба адзначыць, што камандаванне франтоў з разуменнем ставілася да патрэбаў краіны, і да канца 1944 года коні пачалі паступаць. 19 снежня намеснік старшыні СНК БССР І.А. Крупеня лістом на імя начальніка Каўнаскай чыгункі просіць выдзеліць 47 вагонаў для атрымання коней ад 3-га Беларускага фронту. У гэтым жа месяцы Міністэрствам замежных спраў БССР аформлена 25 пропускаў калгаснікам Смалявіцкага раёна для праезду ў Польшчу па атрыманне 240 коней, выдзеленых вайсковымі часцямі 1-га Беларускага фронту. 14 сакавіка 1945 года выйшла пастанова Дзяржаўнага камітэта абароны СССР "Аб перадачы калгасам Беларусі трафейных коней". Савет Народных Камісараў БССР і ЦК КП(б)Б 20 сакавіка прынялі сваю пастанову, у якой ставілася ў абавязак Наркамзема, аблвыканкамаў і абкамаў КП(б)Б не пазней за 15 мая 1945 года забяспечыць перагон 5,5 тысячы трафейных коней і 2,5 тысячы жарабят з зонаў дзеяння 1, 2 і 3-га Беларускіх франтоў. ![]() Для аховы жывёлы на ўваходных пунктах і пры перагоне па трасах прызначаны каманды войскаў НКУС. Трэба было адправіць у Беларусь не 5,5 тысячы галоў, а 7 тысяч трафейных коней і, самае важнае, калгасам прадпісвалася выкупляць коней праз абласныя нарыхтоўчыя жывёлаканторы за поўны кошт. Праўда, калгасам выдзяляўся крэдыт з яго пагашэннем на працягу трох гадоў. Але ўсё адно гэтая пакупка клалася цяжарам на мізэрны бюджэт калгасаў. Выходзяць адна за другой пастановы СНК БССР і ЦК КП(б)Б па гэтым пытанні. 21 жніўня 1945 года на пасяджэнні бюро ЦК КП(б)Б зноў разглядалася пытанне аб размеркаванні коней, якіх атрымлівалі ад часцей Чырвонай Арміі. На гэты раз неабходна было атрымаць і перагнаць 20 300 коней. Пастановай вызначыўся парадак перагону: "Коні павінны пераганяцца вольным ходам, без прывязі да калёсаў і толькі па мяккім грунце да 30 км у суткі. Праз кожныя тры дні даваць аднадзённы адпачынак на добрых пашах, робячы ў гэты час пагалоўны агляд коней, расчыстку капытоў і каванне". Аднак, як сведчаць дакументы, гэтыя патрабаванні часта не выконваліся. Упаўнаважаны Полацкага аблвыканкама Кузьменка 27 чэрвеня 1945 года тэлеграфуе з Каўнаса старшыні СНК БССР П.К. Панамарэнку: "Нарады на атрыманне коней адсутнічаюць. Калгаснікі прадуктамі харчавання да гэтага часу не забяспечаны. Далей жыць немагчыма. Калгаснікі самавольна ад'язджаюць дамоў без коней. Просім вашага ўмяшання ў атрыманне коней і харчавання". З дакладной запіскі ад 5 верасня 1945 года начальніка ветупраўлення Пінскага абласнога зямельнага аддзела на імя намесніка наркама земляробства Шыёнка: "Большасць коней у табунах рухаюцца ў вупражы, прычым, як правіла, калёсы нагружаныя рознымі рэчамі, не звязанымі з перагонам: веласіпеды, мясарубкі і г.д. Акрамя гэтага, у табунах едуць на гэтых жа калёсах рэпатрыяваныя з Германіі людзі. Усё гэта знясільвае сілы коней і прыводзіць іх да змардавання". А вось што паведамляў у справаздачы аб працы Індурскага ўваходнага пункта яго начальнік Пятровіч: "Загадчык базы ператрымкі і лячэння слабых і хворых коней Чыстап'янаў злоўжывае сваім становішчам. Адбірае коней, якія ачунялі, і перадае іх сялянам за магарыч, прадае коней па сваім вырашэнні, а грошы прапівае... Ёсць і такія выпадкі, калі адказныя работнікі табуноў прадавалі сваіх добрых коней сялянам. а бралі ў іх слабых ці хворых, якіх пасля пакідалі нам на вылечванне". Сярод коней мелі месца значныя страты па прычыне так званага "абязножвання", калі, праходзячы вялікія адлегласці па грунтовых дарогах некаванымі, коні не маглі далей перамяшчацца. У сувязі з гэтым 30 чэрвеня 1945 года намеснік наркама земляробства БССР Шыёнак у лісце на імя каменданта Беларуска-літоўскай ваеннай акругі просіць "адпусціць за наяўны разлік або з абавязацельствам вяртання 1500 кг ковачных цвікоў для кавання коней". Аналагічная тэлеграма была пасланая ў Маскву начальніку тылу Чырвонай Арміі генералу А.В. Хрулёву з просьбай адпусціць для Беларусі тры тоны ковачных цвікоў. 12 кастрычніка 1945 года выйшла спецыяльная пастанова СНК БССР "Аб ходзе перагону коней, якія перадаюцца з часцей Чырвонай Арміі, і перадачы іх калгасам Віцебскай вобласці". Адзначалася, што кіраўніцтвам вобласці і непасрэднымі выканаўцамі па перагоне коней дапушчаныя сур'ёзныя памылкі, у выніку чаго падзеж коней склаў 25 % і крадзяжы 12 %. Старшыні Віцебскага аблвыканкама Ярмошанку была аб'яўлена вымова, супраць канкрэтных вінаватых у падзяжы і крадзяжы коней заведзена крымінальная справа. У адказ на ліст упраўляючага Брэсцкай нарыхтоўчай жывёлаканторы аб бядотным становішчы калгаснікаў-гоншчыкаў, якія прыбылі атрымаць коней, СНК БССР тэлеграмай ад 25 кастрычніка 1945 года абавязаў старшыню Брэсцкага аблвыканкама тэрмінова выдзеліць Пружанскаму пункту па прыёмцы і перадачы коней 15 тон хлеба, 2 тоны мяса, 400 кг тлушчу, 400 кг цукру, 800 кг круп. Нягледзячы на вялікія цяжкасці перагону, многія табуншчыкі даставілі коней да месца прызначэння ў добрым стане і без стратаў. Так, упаўнаважаны Бабруйскай вобласці Чарноў у зоне 3-га Беларускага фронту атрымаў 950 галоў коней, а ў вобласць даставіў 948 галоў — за ўсю дарогу згубіў толькі двух коней. Табуншчык Пятроў з гэтай жа вобласці атрымаў 120 коней і ўсіх без стратаў даставіў у раён. Згодна з даведкай Наркамзема БССР, на 30 кастрычніка 1945 года з франтоў і ваенных акругаў у калгасы Беларускай ССР паступіла 49 509 коней. Аднак перагон на гэтым не скончыўся. У гэты ж дзень праводзіцца экстраннае пасяджэнне бюро ЦК КП(б)Б і выходзіць чарговая пастанова "Аб мерах па перагоне і размеркаванні коней, якіх атрымліваюць з Кёнігсбергскай асобай ваеннай акругі". На гэты раз неабходна было атрымаць 24 тысячы коней і даставіць іх у Мінскую, Віцебскую і Магілёўскую вобласці. У сувязі з надыходам халадоў і адсутнасцю пашы трэба было шукаць фуражныя кармы. Таму пастанова СНК і ЦК КП(б)Б абавязвала Наркамзем БССР арганізаваць на трасах перагону зернефуражныя базы. На гэтыя мэты па разліках неабходна было даставіць на базы 2380 тон сена і 525 тон аўса. Усе коні, якія перадаваліся ад вайсковых часцей, фарміраваліся ў эскадроны па 500 галоў і па вопісе здаваліся для перагону камандзіру эскадрона і прадстаўніку ад абласцей краіны. На кожны эскадрон штаб акругі выдзяляў 170 гоншчыкаў з ліку рэпатрыюемых, 11 чалавек узброенай аховы, 1 ветурача, 1 ветфельчара, 1 медыцынскага фельчара, 2 кавалёў і 35 параконных павозак. Людзі, занятыя перагонам, забяспечваліся прадуктамі харчавання з ваенных базаў па шляху руху. У справаздачы старшага дзяржаўнага інспектара па конегадоўлі пры Наркамземе БССР Бандарэнкі "Аб стане конегадоўлі ў Беларускай ССР у 1945 годзе" падведзены вынікі перагону коней. Згодна са звесткамі справаздачы, у народную гаспадарку краіны ў 1945 годзе паступілі 83 737 трафейных і нявыкарыстаных Чырвонай Арміяй коней. Акрамя таго, страты склалі 10 340 коней. У забеспячэнні перагону ўзялі ўдзел 1089 калгаснікаў-гоншчыкаў, 182 кіруючых работнікі, 156 зааветработнікаў і 177 іншых спецыялістаў. 25 снежня 1945 года ЦК КП(б)Б прыняў пастанову "Аб прадстаўленні да ўрадавай узнагароды калгаснікаў, спецыялістаў жывёлагадоўлі і работнікаў партыйных, савецкіх і зямельных органаў Беларусі, якія асабліва вызначыліся пры выкананні задання ўрада па перагоне жывёлы". Сярод узнагароджаных ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга — член калгаса "Камінтэрн" Віцебскага раёна старшы гуртапраў Васільеў Андрэй Мітрафанавіч, заатэхнік Асвейскага раёна Полацкай вобласці Агурыцкі Пётр Міхайлавіч, ветурач Уздзенскага райза Мінскай вобласці Чакалін Леанід Вісарыёнавіч. Ордэнам Чырвонай Зоркі ўзнагароджаны 12 чалавек. Сярод іх: Бар'яш Ганна Архіпаўна — старшая табуншчыца калгаса "Лесен" Акцябрскага раёна Бабруйскай вобласці. Пад яе кіраўніцтвам быў забяспечаны перагон у свой раён 100 коней без страт у дарозе. Ордэнам Знак Пашаны ўзнагароджаны 13 чалавек. Гэтай узнагароды ўдастоены загадчык аддзела жывёлагадоўлі Бабруйскага абкама КП(б)Б Кандрацьеў Іван Тарасавіч за паспяховы перагон у калгасы вобласці 11 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы і 10 тысяч коней, член калгаса "Другая пяцігодка" Магілёўскага раёна Шагаў Ціхан Нікіфаравіч за забеспячэнне перагону ў раён 113 галоў буйной рагатай жывёлы на адлегласць 800 км. Медалямі "За працоўную доблесць" і "За працоўныя заслугі" ўзнагароджаны яшчэ 25 чалавек. Па выніках перагону коней Наркамзем БССР 26 сакавіка 1946 года выдаў загад, у якім адзначалася, што ў выніку паступлення трафейных і нявыкарыстаных Чырвонай Арміяй коней пагалоўе іх у калгасах павялічылася за 1945 год на 25 %. На прэміяванне ўдзельнікаў перагону, якія вызначыліся, было выдзелена 150 тысяч рублёў. З гэтай сумы абласным зямельным аддзелам выдзялялася 88 тысяч рублёў, якія, згодна з загадам, прызначаліся "для прэміявання і ліквідацыі дэбіторскай запазычанасці". Далей прэміявалася група адказных работнікаў на суму 33 700 рублёў і спецыялісты цэнтральнага апарата Наркамзема БССР у суме 28 300 рублёў. Адным словам, тысячы калгаснікаў, якія непасрэдна ўзялі ўдзел у гэтым марафоне і адчулі на сабе ўсе цяжкасці шматдзённай знясільваючай працы, як відаць, былі абдзеленыя прэміяй, таму што аблземаддзелы, зразумела ж, з выдзеленых сродкаў на прэміі, перш за ўсё пагашалі запазычанасці за атрыманых калгасамі коней. У калгасаў грошай не было, і таму запазычанасць склала вялізныя сумы. Згодна з загадам Наркамата земляробства ад 3 студзеня 1946 года, толькі па Мінскай вобласці запазычанасць дзяржбюджэту склала больш за 15 мільёнаў рублёў. У Бабруйскай вобласці аплата спагнана толькі за 1100 галоў, у той час як паступіла 14 тысяч коней. І толькі ў 1948 годзе Пастановай Савета Міністраў і ЦК КП(б)Б з калгасаў была спісана іх запазычанасць. Перадача коней нашмат палепшыла баланс цяглавай сілы, стварыла магчымасць больш арганізавана правесці ўсе сельскагаспадарчыя работы. Згодна са статыстыкай, у 1945 годзе трактарамі апрацавана 869 тысяч гектараў ворнай зямлі, або 29 %, а коньмі — 1949 тысяч гектараў, або 66,3 %. Коні ў гэты час былі на вагу золата. Генадзь БАРКУН, гісторык. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На 1 студзеня 1945 года ў Беларусі іх налічвалася ўсяго 577 138 галоў, або 49,7 % ад даваеннай колькасці. Да канца 1945 года пагалоўе коней павялічылася амаль на 80 тысяч у...
|
|